За бясплатную адукацыю давядзецца расплачвацца...
Надзея НIКАЛАЕВА
...або сумленнай працай, або рублём
Маладыя спецыялiсты, якiя пасля заканчэння вучобы не прыехалi працаваць па месцы свайго размеркавання без важкiх на тое прычын, будуць цяпер прыцягвацца да фiнансавай адказнасцi ў судовым парадку. Калi, зразумела, адмовяцца кампенсаваць дзяржаве сродкi, выдаткаваныя на iх навучанне, у добраахвотным парадку. Напрыканцы верасня Саветам Мiнiстраў была прынята пастанова «Аб кампенсацыi сродкаў у рэспублiканскi i (цi) мясцовыя бюджэты, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыялiста», дзе падрабязнейшым чынам быў распiсаны сам механiзм разлiку сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку маладога спецыялiста, i пералiчаны ўсе катэгорыi ўчарашнiх выпускнiкоў, якiя могуць быць вызваленыя ад вяртання сродкаў за сваё навучанне. Магчыма для кагосьцi гэта стане нечаканасцю, але па размеркаванню павiнны адпрацаваць належны час не толькi выпускнiкi сярэднiх спецыяльных i вышэйшых навучальных устаноў, але таксама i выпускнiкi ўстаноў прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi. Два гады — спецыялiсты з сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыяй i адзiн год — маладыя спецыялiсты з прафесiйна-тэхнiчнай адукацыяй. Гэты парадак распаўсюджваецца на выпускнiкоў усiх навучальных устаноў, незалежна ад iх ведамаснай прыналежнасцi, а таксама на ўсiх маладых людзей, якiя атрымлiвалi адукацыю на аснове дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы. Маладыя спецыялiсты вызваляюцца ад вяртання сродкаў у бюджэт у тым выпадку, калi яны пацярпелi ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС (артыкулы 18—20 i 23—25), з’яўляюцца iнвалiдамi I i II групы цi дзецьмi-iнвалiдамi ва ўзросце да 18 гадоў, дзецьмi-сiротамi, дзецьмi, якiя засталiся без апекi бацькоў, а таксама ў тым выпадку, калi ў перыяд свайго навучання (ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў) яны страцiлi апошняга са сваiх бацькоў. Уважлiвай лiчыцца прычына, калi мужу або жонцы, якiя скончылi сваё навучанне адначасова, не могуць прадаставiць першае працоўнае месца ў адным населеным пункце, цi калi або муж, або жонка не могуць быць размеркаваны ў той жа населены пункт, куды раней быў размеркаваны муж або жонка. Не будуць прымяняцца караючыя меры таксама да цяжарных жанчын i бацькоў, якiя выхоўваюць дзiця ва ўзросце да трох гадоў, пры немагчымасцi прадастаўлення iм працоўнага месца па месцу пастаяннага жыхарства сям’i. Ад вяртання сродкаў вызваляюцца таксама маладыя спецыялiсты, у якiх адзiн з бацькоў або муж (жонка) з’яўляюцца iнвалiдамi I цi II груп пры немагчымасцi прадастаўлення iм працоўнага месца па месцы жыхарства бацькоў або мужа (жонкi). Скасаванне працоўнага дагавора ў сувязi з лiквiдацыяй арганiзацыi цi неадпаведнасцi работнiка займаемай пасадзе ў сувязi са станам яго здароўя або працяглай хваробай (больш як чатыры месяцы) таксама не можа пацягнуць за сабой фiнансавую адказнасць маладых спецыялiстаў. Як i iх жаданне атрымаць адукацыю больш высокага ўзроўню на дзённай форме навучання. У тым выпадку калi маладыя спецыялiсты не прыязджаюць да месца свайго размеркавання цi звальняюцца раней заканчэння тэрмiну адпрацоўкi па размеркаванню, або пераводзяцца ў iншую арганiзацыю, наймальнiк або сам малады спецыялiст абавязаны ў трохдзённы тэрмiн паведамiць аб гэтым ва ўстанову адукацыi, якая займалася размеркаваннем маладога спецыялiста, з указаннем прычын i прыкладаннем копiй дакументаў, якiя пацвярджаюць права на вызваленне ад вяртання дзяржаве выдаткаваных на навучанне сродкаў. Установа адукацыi, у сваю чаргу, у месячны тэрмiн арганiзуе збор неабходнай iнфармацыi для прыняцця рашэння: вызваляць цi не вызваляць ад фiнансавай адказнасцi свайго былога выпускнiка. Копiя загада кiраўнiка ўстановы адукацыi i разлiк сумы сродкаў, якiя трэба будзе вярнуць у бюджэт, накiроўваюцца маладому спецыялiсту з уведамленнем аб неабходнасцi зрабiць гэта ў добраахвотным парадку ў шасцiмесячны тэрмiн. У адваротным выпадку грошы будуць спаганяцца ўжо ў судовым парадку. Разлiк сродкаў, якiя спаганяюцца ў бюджэт, ажыццяўляецца за ўвесь перыяд падрыхтоўкi маладога спецыялiста. У перыяд падрыхтоўкi ўваходзяць няпоўныя каляндарныя гады навучання (год паступлення i год заканчэння) i поўныя гады навучання ў адпаведнасцi з вучэбным планам, па якому вялася падрыхтоўка спецыялiста (у тым лiку i канiкулярны час). У састаў выдаткаваных на падрыхтоўку маладога спецыялiста сродкаў уключаюцца ўсе фактычныя выдаткi, у тым лiку выдаткi на выплату стыпендыi (за выключэннем матэрыяльнай дапамогi), кампенсацыйныя выдаткi па найму падчас вучобы жылля, выдаткi на забеспячэнне бясплатным харчаваннем i iншыя. У тым выпадку калi малады спецыялiст вырашыць звольнiцца з месца свайго размеркавання да заканчэння належнага тэрмiну, сума сродкаў, якiя яму давядзецца вярнуць у бюджэт, будзе разлiчвацца з улiкам адпрацаванага iм часу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...або сумленнай працай, або рублём |
|