Юр’еў дзень
Iрына ПРЫМАК
Футбол Перамога ў якасцi падарунка на дзень нараджэння галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай крыху прыпазнiлася, але лепш пазней, чым нiколi. У адборачным матчы да Еўра-2008 беларусы выйгралi ў славенцаў з нетыповым для сябе буйным лiкам (4:2), таму зараз каманда знаходзiцца ў групе «G» на чацвёртым радку з чатырма ачкамi. На першым месцы — галандцы, якiя пасля перамогi над албанцамi (2:1) набралi 10, на 2 менш у балгар: яны з мiнiмальным вынiкам засмуцiлi люксембуржцаў — 1:0. Трэцiя ў нашай групе — румыны (7), пятыя — славенцы (3), шостыя — албанцы (1), аўтсайдары дасюль люксембуржцы (0).Некаторыя мае калегi пасля фiнальнага свiстка казалi, што ўдачу нашай камандзе прынесла салiстка «Топлес» Насця Касянкова, якая ўпершыню завiтала на футбол. Аднак настаўнiк беларускай дружыны Юрый Пунтус на прэс-канферэнцыi знайшоў сваё тлумачэнне: «Пасля двух паражэнняў ад галандцаў i румынаў нашым iгракам было цяжка гуляць далей псiхалагiчна, матч са славенцамi стаў сапраўдным выпрабаваннем i нашы футбалiсты справiлiся з iм. Магчыма, дапамагло тое, што перад гульнёй мы схадзiлi ў царкву. Наогул лiчу, што зборная змагалася, як сапраўдная каманда: нездарма ж на табло прозвiшчы тых, хто забiў галы, пачыналiся на лiтару К (Коўба, Карніленка і Карыцька). У гэтым я для сябе ўгледзеў фiласофскi сэнс». Галоўнага трэнера зборнай Славенii Бранка Облака журналiсты папрасiлi параўнаць нашу «нацыяналку» з той, з якой ужо давялося двойчы мерацца сiламi (абедзве сустрэчы завяршылiся з лiкам 1:1). Ён сказаў, што беларусы сталi мацней, а магчыма, яны так выглядаюць на полi з-за нявопытнасцi i маладосцi яго падначаленых. Калi ж тыповае пытанне задалi Юрыю Пунтусу, ён адказаў дыпламатычна: «Раз раней лiк быў 1:1, а зараз 4:2 на нашу карысць, пэўна, каманда стала сапраўды мацней». Многiх цiкавiла, як беларускi настаўнiк растлумачыць iнцыдэнт з Максiмам Рамашчанкам (пасля замены маскоўскi дынамавец адразу адправiўся ў падтрыбуннае памяшканне). Юрый Iосiфавiч пракаментаваў яго так: — Я не прыхiльнiк такiх паводзiнаў, але асуджаць Рамашчанку не стану, бо, на маю думку, стадыён ён пакiнуў пад уплывам эмоцый. Iгрок такога класа заўжды хоча дапамагчы камандзе, а калi яго замяняюць у сярэдзiне матча i не дазваляюць гэта зрабiць, успрымае замену занадта эмацыянальна. Аднак я бачыў радасць Максiма пасля нашай перамогi. Нiякага парушэння дысцыплiны ў нашым калектыве няма. Наконт кругу гонару экс-капiтана зборнай Сяргея Гурэнкі ў канцы свайго 80-га матча, быццам ветэран развiтваўся з балельшчыкамi, Юрый Пунтус выказаў надзею, што футбалiст да нас яшчэ вернецца: «Калi ён вырашыў зноў выступаць за зборную, сказаў, што згуляе толькi ў двух матчах, але я лiчу, што так ён проста перастрахоўваўся, бо яму ж 34 гады, ён яшчэ ў аснове маскоўскага «Лакаматыва». Героем матча i цудоўным форвардам, безумоўна, настаўнiк назваў Сяргея Карнiленку, якi забiваў такiя важныя галы. Наконт варатара Уладзiмiра Гаева было сказана, што за прапушчаныя мячы ў Бухарэсце і ў Мінску яму трэба зрабiць скiдку, бо галкiпер яшчэ не мае вялiкага вопыту гульнi за зборную — «перагарэў». Асноўнай жа праблемай абароны Юрый Iосiфавiч назваў пропуск галоў са стандартаў. Цудоўна яшчэ б было дадаць хуткасцi i падключыць iнсайдаў, але пакуль хочацца толькi радавацца за нашу зборную i яе трэнера, бо Юрыя Пунтуса мы ведаем як аднаго з лепшых футбольных беларускiх спецыялiстаў. Нарэшце, настаў i яго дзень. ВЫНIКI МАТЧАЎ У IНШЫХ ГРУПАХ. «А»: Казахстан — Фiнляндыя — 0:2, Сербiя — Арменiя — 3:0, Польшча — Партугалiя — 2:1, Бельгiя — Азербайджан — 3:0; «В»: Украiна — Шатландыя — 2:0, Грузiя — Iталiя — 1:3, Францыя — Фарэры — 5:0; «С»: Мальта — Венгрыя — 2:1, Турцыя — Малдова — 5:0, Боснiя i Герцагавiна — Грэцыя — 0:4; «D»: Iрландыя — Чэхiя — 1:1, Славакiя — Германiя — 1:4, Уэльс — Кiпр — 3:1; «Е»: Андора — Македонiя — 0:3, Расiя — Эстонiя — 2:0, Харватыя — Англiя — 2:0; «F»: Iсландыя — Швецыя — 1:2, Лiхтэнштэйн — Данiя — 0:4, Паўночная Iрландыя — Латвiя — 1:0.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перамога ў якасцi падарунка на дзень нараджэння галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай крыху прыпазнiлася, але лепш пазней, чым нiколi
|
|