«Галоўнае, не наколькi вышэй галава, а што ў ёй»Пакаленне NEXT Пазнаёмiцца блiжэй з баскетбалiсткай Кацярынай Сныцiнай захацелася не толькi таму, што яна перайшла з маскоўскага «Дынама» ў новасiбiрскую «Дынама-Энергiю»: наша жаночая зборная ўпершыню прабiлася ў фiнальную частку чэмпiянату Еўропы, а ў адказнай апошняй гульнi Каця набрала самую вялiкую колькасць ачкоў у камандзе (22).Яна — даволi арыгiнальная дзяўчына: захапляецца фатаграфаваннем, хiп-хопам i R’n’B, нават выглядае вельмi смела. Каця — двойчы займала трэцяе месца на Кубку Расii i аднойчы — на Кубку ФIБА. Спецыялiсты называюць яе ўнiверсальным iграком, у якога добра атрымлiваюцца сярэднiя i далёкiя кiдкi. Чаго толькi варты той факт, што ўсе ў сям’i Сныцiных трымалi аранжавы мяч у руках. Як жа яна магла выбраць iншы вiд спорту? — Зразумела, я нават не думала займацца валейболам цi шахматамi, калi мае бацькi i сястра — баскетбалiсты, — дзелiцца дзяўчына. — Аб баскетболе я наогул магу забыць толькi на нейкi час летам, але ўсё роўна дастаю касеты з запiсамi сваiх матчаў i, шчыра кажучы, з боку на сябе глядзець цяжка. — Бацькi, напэўна, пазнаёмiлiся на пляцоўцы? — Нават дзiўна, як яны сустрэлiся, бо тата з Расii, а мацi з Казахстана. Пазнаёмiлiся яны на гульнях у Кiшынёве. Дарэчы, я, як i бацька, нарадзiлася ў Казахстане, а ў Беларусь мы пераехалi дзесьцi ў 1986-м, так што можна сказаць, што баскетбалiсткай я стала ўжо тут, у мiнскiм «Гарызонце». — Наколькi лёгка табе быць дачкой баскетбалiстаў? — Мне сапраўды пашанцавала, бо бацькi мяне разумеюць i падтрымлiваюць на ўсiх хатнiх матчах, а дома даюць парады i хваляць, канешне ж. Ведаю, што яны не могуць глядзець спакойна на гульню i вельмi хвалююцца. — Значыць, нiхто з родных не быў супраць, што i малодшая дачка, i старэйшая сталi баскетбалiсткамi? Напэўна, гэта самы бяспечны вiд спорту? — Нiхто быццам не забараняў. А наконт бяспекi... Ведаю, што ў многiх iгракоў ёсць праблемы са спiнай, бо пастаянна скачам, вялiкая нагрузка. Аднак вялiкiх праблем у занятках баскетболам асабiста я не бачу. — А цi не ўзнiк у цябе з-за росту 188 сантыметраў комплекс не хадзiць на абцасах? — Усё залежыць ад чалавека. Па-мойму, галоўнае не наколькi вышэй галава, а што ў ёй ёсць. Я, пэўна, няправiльная дзяўчына, бо абцасы мне наогул нiколi не падабалiся, таму нават i не ўспомню, цi былi ў мяне туфлi на абцасах. У паўсядзённым жыццi, як i на пляцоўцы, аддаю перавагу красоўкам i спартыўнай адзежы. — Сёлета наша зборная ўпершыню выйшла ў фiнальную стадыю кантынентальнага першынства. Што было самым цяжкiм на шляху да пуцёўкi на Еўра-2007? — Даводзiлася шмат ездзiць: некаторыя зборныя гулялi па два матчы дома, а ў нас хатнiя i гасцявыя сустрэчы ўвесь час чаргавалiся. Акрамя таго, у большасцi з нас у гасцях (у Балгарыi, Грэцыi) павышалася тэмпература. — Калi зразумелi, што не проста ўдзельнiчаеце ў адборачным турнiры, а сапраўды можаце пераадолець квалiфiкацыйны бар’ер? — Нам пашанвацала, што першымi сапернiцамi аказалiся балгаркi. Тады мы, канешне, яшчэ не разумелi, на што здатныя. Першая перамога ж дазволiла паверыць у сябе. Стала лягчэй дыхаць i з’явiлася думка: мы можам трапiць на чэмпiянат Еўропы. — Каманда ўступiла толькi ў дзвюх гульнях — у гасцях у Грэцыi i Венгрыi. Там была занадта моцная падтрымка ў сапернiц? — Наадварот. Проста дома за нас «хварэла» так шмат людзей, якiх нельга было засмуцiць, што мы проста не маглi сабе дазволiць дрэнна гуляць на вачах роднай публiкi, а ў гасцях такой падтрымкi ў нас не iснавала, ды i судзейства паўплывала. Аднак самы напружаны матч быў, канешне ж, апошнi, у Мiнску, з грачанкамi, бо навалiлася столькi ўсялякiх эмоцый, мы разумелi: зараз цi нiколi. Калi б мы не выйгралi, то дэбют на чэмпiянаце Еўропы адклаўся б яшчэ на нейкi тэрмiн, а значыць, невядома, што было б з нашай зборнай далей i развiццём самога баскетбола ў Беларусi. Спадзяюся, дзякуючы таму, што мы зараз «засвяцiлiся», на нашу федэрацыю звернуць увагу, у беларускi баскетбол будуць укладвацца грошы. Трэба ж, каб дзецям выдзялялiся сродкi на мячы, форму i г.д., а мы ўжо неяк праб’ёмся. Трэба ж памятаць не толькi аб футболе i хакеi. — Ты гуляеш у расiйскiм першынстве. Высокi ўзровень, канешне, у параўнаннi з нашым адчуваецца... — У Расii круцяцца большыя грошы i гуляюць людзi, якiя зрабiлi баскетбол сваёй прафесiяй. Расiйскае першынство наогул лiчу мацнейшым у Еўропе, а можа, i ў свеце, бо нядаўна расiянкi перамаглi амерыканак. — Пакуль яшчэ не вызначаны сапернiцы ў групе. Разважаеш, з кiм добра было б памерацца сiламi? — У нас не любяць загадваць наперад. Асабiста я хацела б згуляць з расiянкамi, хоць ведаю, што цягацца з iмi нам пакуль рана i цяжка. Зразумела, заўжды жадаеш моцнага сапернiка, каб набрацца вопыту. — Зборная збярэцца зноў не хутка. Здолееце захаваць баявы настрой? — Мы не губляемся i не забываем нiкога. З атмасферай у калектыве поўны парадак. Усе звычайна прыязджаюць на Новы год на некалькi дзён i мы сустракаемся, тэлефануем адна другой. Шмат з нас гуляе ў расiйскiм чэмпiянаце, таму мы бачымся i там. Са мной у клубе гуляе Наталля Марчанка i, канешне ж, трэнiруе новасiбiрскую «Дынама-Энергiю» трэнер нашай зборнай Анатоль Буяльскi. — Гэта для цябе хутчэй станоўчы момант? — Напэўна, так, бо буду заўжды пад прыглядам свайго трэнера. — Дарэчы, а ён строгi настаўнiк? Цi забараняе перад матчам хадзiць, скажам, на дыскатэку? — У нас разумны трэнер: ён ведае, калi ў нечым абмяжоўваць, то гэта наадварот будзе правакаваць на дрэнныя ўчынкi. Iгракi — вольныя людзi i прафесiяналы, таму Буяльскi нам давярае, ды i кожны чалавек настройваецца на матч па-свойму. Можам схадзiць разам у рэстаран цi пiцэрыю. У нас ёсць любiмае месца ў мiкрараёне «Вяснянка». Таксама неяк адправiлiся камандай на «Шайбу». Перад гульнёй з балгаркамi паглядзелi фiльм «Парфумер», а на наступны дзень «парвалi» iх. — У камандзе iснуе традыцыя неяк узнагароджваць самага вынiковага iграка? У цябе ж самая вялiкая колькасць ачкоў... — У нас ёсць такi ўнутрыкамандны конкурс, дзе першае месца аддаецца за прыгожую гульню. Нiякага прыза не ўручаем, а проста акцэнтуем увагу, што са зборнай выдзяляем пэўнага iграка. Гэта своеасаблiвая павага ўсёй каманды. Вырашылi, што на гэты раз перамагла Насця Верамеенка. — Вы падтрымлiваеце зносiны з iгракамi мужчынскай зборнай па баскетболу? — Канешне. Мы разам былi на зборах. Яны нас вiншуюць з перамогамi, калi прысутнiчаюць на матчах. — Як ставiшся да таго, што як i мацi можаш звязаць жыццё з баскетбалiстам? — Канешне, ён будзе мяне разумець лепш за iншых, але таксама, як i я, пастаянна будзе ў раз’ездах. Аднак гэта, як лёс вырашыць. — Дзякуй за гутарку i ўдачы на пляцоўцы! Размаўляла Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пазнаёмiцца блiжэй з баскетбалiсткай Кацярынай Сныцiнай захацелася не толькi таму, што яна перайшла з маскоўскага «Дынама» ў новасiбiрскую «Дынама-Эне
|
|