Мо, панядзелкi ўзяць ды адмянiць?
Iна АРЭХАВА
Заходняя статыстыка сцвярджае, што ракавога дня «пятнiцы, 13» баiцца кожны пяты еўрапеец. У нас аналагiчных сацыялагiчных даследаванняў пакуль не праводзiлася, але многiя беларусы таксама пачынаюць нервавацца ў такую пятнiцу з самага ранку.
Давайце паглядзiм на гэта практычна. У прынцыпе, у гэты дзень усе непрыемнасцi, страты, няўдачы (i выпадковыя, i запланаваныя) можна смела спiсваць на «чорную» пятнiцу, а на пытанне ў вачах шэфа наконт нявыкананага аб’ёму работ толькi разводзiць рукамi i горка ўздыхаць: «Пятнiца, 13-е, аднак...» Галоўнае, каб начальства падзяляла вашы погляды i пранiкалася трагiзмам i напружанасцю моманту. Iнакш не да ночы згаданая пятнiца можа ўскладнiцца вымовай з занясеннем (у асабiстую справу, працоўную кнiжку, у твар...) Прыкрыўшыся «чортавым днём», паспрабуйце «адкасiць» ад усiх ускладзеных на вас i ўзятых добраахвотна (хутчэй за ўсё вы былi ў стане памутнення свядомасцi) абавязкаў. Хай жонка (муж), дзецi, цешча (свякроў), сябры (спiс па жаданню пашыраецца) — пачакаюць. Сёння ж ПЯТНIЦА, 13-Е! Аматарам у асалоду папалохаць сябе i акаляючых прапаную не абмяжоўвацца толькi пятнiцамi, на якiя прыпадае 13-е чысло (iх на год прыходзiцца небагата), а хандрыць кожны панядзелак. Паводле даследаванняў Клiфа Арналса з унiверсiтэта Кардзiфа, абнародаваных у пачатку 2005 года, самым страшным i небяспечным у той год быў дзень 24 студзеня (панядзелак). Для вылiчэння Арналс прыдумаў спецыяльную формулу: [W+(D-d)]xTQMxNA, дзе W — гэта надвор’е, D — вашы даўгi, d — грошы, T — час, якi прайшоў пасля Раства, Q — час, на працягу якога вы сябе дрэнна адчуваеце, M — узровень матывацыi, NA — жаданне дзейнiчаць i хоць нешта змяняць. Застаецца ўсё перамножыць: дрэннае надвор’е, доўгiя ночы, кароткiя днi, цяжкiя буднi, якiя кантрастуюць з перадсвяточнай мiтуснёй i сустрэчамi з сябрамi. Здрыгануцца ад памеру даўгоў i сцiпласцi аклада, прамачыць слязой крытычна нiзкi ўзровень асабiстай матывацыi i атрафiю жадання што-небудзь мяняць, паспрабаваць узгадаць, калi вы ў апошнi час добра сябе адчувалi. Ну? Не вельмi аптымiстычна? Гэта формула для душэўных мазахiстаў. Паводле самых апошнiх даных, нагоду для хандры можа даць любы панядзелак. Менавiта ў гэты дзень тыдня з-за парушэнняў працы сэрца людзi памiраюць часцей, чым у астатнiя 6 дзён. Шатландскiя вучоныя вызначылi, што колькасць лятальных выпадкаў сярод мужчын па панядзелках узрастае ў 20 разоў, у жанчын — у 15. Асноўныя прычыны: стрэс з-за непазбежнага вяртання на працоўнае месца, плюс значныя алкагольныя «ўлiваннi» на працягу ўiк-энда («суботняе п’янства»). У вынiку сэрца не вытрымлiвае. Некаторым дастаткова разбуральнага ўздзеяння натуральнага гармона стрэсу — карцiзола, якi можа парушыць сардэчны рытм цi раптоўна спынiць сэрца. Узрост ахвяры стрэсу асобага значэння не мае. Асаблiва характэрна намаляваная карцiнка для жыхароў Аўстралii, Еўропы i ЗША. У Японii «правiла панядзелка» працуе толькi ў дачыненнi да мужчын. Японскiя жанчыны часцей памiраюць па суботах. У кiтайцаў найбольш небяспечнымi для жыцця лiчацца выхадныя. Каб дажыць да аўторка, медыкi раяць не злоўжываць алкаголем на ўiк-энд i — узгадваць пра непазбежны чарговы працоўны тыдзень з радасцю. Безумоўна, даць параду куды прасцей, чым яе прытрымлiвацца. У наступны панядзелак праверым.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заходняя статыстыка сцвярджае, што ракавога дня «пятнiцы, 13» баiцца кожны пяты еўрапеец
|
|