Аляксей БУЛКО: «Асвоiм электракаляску. Праз год»
Надзея ДРЫЛА
Пiсьмо...
«Добры дзень, паважаная рэдакцыя! На Беларусi некалькi тысяч iнвалiдаў-калясачнiкаў. Многiя з iх маюць магчымасць набыць аўтамабiль з дапамогай дзяржавы — нядрэнны варыянт перамяшчэння ў прасторы, калi ты маеш моцныя рукi. Але ёсць катэгорыя калясачнiкаў, якiя не могуць скарыстацца такiм шанцам. Маю на ўвазе складаныя формы ДЦП, траўмы спiннога мозгу i пералом шыйных пазванкоў, мышачныя захворваннi. У такой сiтуацыi чалавек не можа карыстацца аўтамабiлем, а жыццёва неабходнай рэччу становiцца каляска з аўтаматычным кiраваннем. Ва Украiне i ў Расii ёсць прадпрыемствы, якiя займаюцца вытворчасцю калясак з электрапрывадам, а iнвалiды-калясачнiкi маюць рэальны шанц атрымаць iх праз органы сацыяльнага забеспячэння. Нямецкая фiрма «Майра» даўно займаецца вытворчасцю тэхнiкi для людзей з абмежаванымi магчымасцямi, у тым лiку — суперсучасных калясак з аўтаматычным кiраваннем. Для таго каб карыстацца такой каляскай, дастаткова лiтаральна паварушыць пальцам. Толькi ёсць адна «фiшка» — iх кошт. Ён вагаецца ў межах 3 000—7 000 еўра. Напэўна, для Германii гэта прымальна, але не для Беларусi, дзе сярэдняя пенсiя па iнвалiднасцi не перавышае 100 долараў. Узнiкае такая прапанова. Чаму б нашай дзяржаве не дапамагчы сваiм грамадзянам набыць такую каляску? Калi не знойдзецца фiнансавых сродкаў на нямецкую тэхнiку, можна паспрабаваць набываць яе ў суседзяў.» Дар’я Лiс, г. Смаргонь. ... i каментарый Па каментарый да чытацкага лiста «Звязда» звярнулася да галоўнага iнжынера РУП «Беларускi пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр» Аляксея БУЛКО. — Аляксей Аляксеевiч, цi займаюцца ў нашай краiне вытворчасцю калясак з электрапрывадам? — У Беларусi наогул доўгi час зусiм не вялася вытворчасць iнвалiдных калясак. Зараз жа асартымент вялiкi. Толькi за 11 гадоў дзейнасцi на базе нашага прадпрыемства асвоены 13 вiдаў калясак для iнвалiдаў. Няма толькi спартыўнай i электракаляскi. Так як каляска з электрапрывадам самая складаная па канструкцыi i самая дарагая, мы пакiнулi яе на «дэсерт». У гэтым годзе дамовiлiся з маскоўскiм прадпрыемствам «IНКАР-М» аб распрацоўцы для нас электрасiстэмы. Яны зрабiлi вопытны ўзор, якi зараз знаходзiцца ў нас. Плануем выпускаць каляскi з электрапрывадам, узяўшы за аснову пакаёвую каляску. Зараз дапрацоўваем дакументацыю.Трэба яшчэ правесцi яе выпрабаваннi, вызначыць кошт, зарэгiстраваць. Думаем да канца 2007 года пачаць выпуск электракаляскi, праўда, яна будзе ў некалькi разоў даражэйшай за такую ж каляску з ручным прывадам. — На якiх умовах можна атрымаць iнвалiдную каляску? — Для таго каб атрымаць каляску за кошт бюджэту, iнвалiду трэба мець заключэнне медыцынскай рэгiянальнай экспертнай камiсii. Згодна з медыцынскiм заключэннем, ён становiцца на ўлiк у Камiтэце па працы i сацыяльнай абароне па месцы жыхарства. Пасля гэтага ўсе даныя акумулююцца ў Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны, дзе i складаецца план вытворчасцi калясак па рэспублiцы. Нам даводзяць гэты план. Менавiта ў адпаведнасцi з iм мы выпускаем вызначаную колькасць калясак i пастаўляем камiтэтам. — Што робiцца, каб iнвалiдныя каляскi былi зручнымi для карыстання? — Мы распрацоўваем шмат вiдаў калясак: пакаёвыя, велакаляскi, каляскi з адкiдной спiнкай для дзяцей i падлеткаў, прагулачныя i iншыя. Але ёсць людзi, якiм стандартная каляска не падыходзiць. У такiм выпадку па лiсту мiнiстэрства складаецца iндывiдуальны праект каляскi, змяняецца канструкцыйная дакументацыя, адным словам, улiчваюцца ўсе пажаданнi iнвалiда. Працаёмкасць павялiчваецца, таму тэрмiн вытворчасцi iндывiдуальнай каляскi таксама ўзрастае. План на 4-ы квартал — 15 iндывiдуальных крэсла-калясак. Хутчэй атрымаюць заказ тыя iнвалiды, якiя стаяць першымi ў чарзе. З кожным годам патрэба ў калясках расце. План на гэты год складае 3457 калясак. Iх кошт — 500—700 тысяч беларускiх рублёў. Iндывiдуальная ж каляска можа каштаваць i больш мiльёна. А яшчэ нядаўна мы перайшлi на палiмернае пакрыццё, дзякуючы гэтаму каляскi палепшылi свой знешнi выгляд.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Добры дзень, паважаная рэдакцыя! На Беларусi некалькi тысяч iнвалiдаў-калясачнiкаў. Многiя з iх маюць магчымасць набыць аўтамабiль з дапамогай дзярж
|
|