Медыцынская дапамога. Пытаннi i адказы
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк упраўлення арганiзацыi медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Аляксандр Кiрылавiч Цыбiн
Надзея Аркадзьеўна Галавей, вёска Валосавiчы Акцябрскага раёна: — Маёй дачцэ два гады. Дзяўчынка не размаўляе i не ходзiць. Урачы яе абследавалi (мы ляжалi ў Гомельскай абласной бальнiцы), аднак пазiтыўных змен не адбываецца. Што рабiць? — Калi на абласным узроўнi не справiлiся з вашай праблемай, то трэба звяртацца ў Мiнск. Мы звяжамся з кiраўнiцтвам Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра «Мацi i дзiця», спецыялiсты гэтай медыцынскай установы вывучаць сiтуацыю i дапамогуць яе выправiць. Невядомскi Уладзiмiр Васiльевiч, г. Драгiчын: — Маёй мацi, Надзеi Мiкалаеўне 93 гады. Аднак яе прымушаюць праходзiць флюараграфiю, для гэтага трэба самой дабiрацца да бальнiцы. Жыве яна ў гарадскiм пасёлку Антопаль. Няўжо апраўдана так паступаць са старой жанчынай? I яшчэ адно пытанне. Мацi пастаянна выпiсваюць розныя лекi — адны на льготных умовах, а другiя (напрыклад, эленiум) — за поўны кошт. Кажуць, што пэўныя прэпараты ўваходзяць у спецыяльны пералiк. Цi магчыма гэтае пытанне вырашыць на карысць пацыента ў кожным канкрэтным выпадку? — Канешне, можна абысцiся без флюарографа. Вашай мацi мясцовыя медыкi проста абавязаны пайсцi насустрач. Навошта ганяць старога чалавека на абследаванне? Вы справядлiва заўважаеце наконт таго, што кожнае пытанне неабходна вырашаць iндывiдуальна, у прывязцы да канкрэтнай сiтуацыi пацыента. Iнакш якi тады сэнс у лячэннi? I наконт лекаў. Неабходна неадкладна заняцца афармленнем вашай мацi групы iнвалiднасцi. Спецыяльная камiсiя наведае яе ў блiжэйшы час. Калi ж у Надзеi Мiкалаеўны будуць устаноўлены прыкметы iнвалiднасцi, то яна ў тым лiку атрымае i сацыяльную льготу па набыццю лекаў. Вiктар Iванавiч Нездзераў, Аршанскi раён: — Нядаўна быў на прыёме ў стаматолага ў гарадской палiклiнiцы № 2 у Оршы. Гэта за 35 кiламетраў ад Копысi, дзе я жыву. Дарога, як бачыце, няблiзкая. Дык якое ж медыцынскае абслугоўванне мы атрымлiваем у вынiку? Першае, што кiдаецца ў вочы, — дрэнны стан самога будынка (столi чорныя, вокны аблупленыя). Абсталяванне таксама вельмi дрэннае. Мне асабiста было непрыемна знаходзiцца ў кабiнеце стаматолага. У такой палiклiнiцы, здаецца, не вылечышся, а, наадварот, хваробу атрымаеш. Кажуць, што палiклiнiку збiраюцца закрываць. Аднак гэта таксама не вырашэнне праблемы — у такiм выпадку 25 тысяч чалавек, якiя тут абслугоўваюцца, будуць пераразмеркаваны памiж iншымi медыцынскiмi ўстановамi Оршы. А гэта зноў-такi дадатковыя нагрузкi i павелiчэнне чэргаў... — Мы ведаем пра тую сiтуацыю, пра якую вы, Вiктар Iванавiч, узгадалi. У Оршы з цяжкасцямi праходзiць аб’яднанне гарадскiх i раённых структур аховы здароўя. У гэтым плане пэўныя дзеяннi прадпрымаюцца, аднак яны, як бачым, не маюць поспеху. Палiклiнiку № 2 нiхто не збiраецца закрываць — трэба заспакоiць людзей. Разам з тым, як вы правiльна заўважылi, з такiм станам абслугоўвання нельга мiрыцца. Таму ў Оршу, напэўна, выедзе кампетэнтная група спецыялiстаў Мiнiстэрства аховы здароўя, каб на месцы разабрацца з сiтуацыяй. У любым выпадку, як я лiчу, заўсёды можна знайсцi магчымасць для належнай арганiзацыi медыцынскага сэрвiсу. Еўдакiя Iванаўна Бушук, г. Пiнск: — Муж хварэе на хранiчны лiмфалейкоз. Падтрымлiвае сябе спецыяльнымi лекамi. Аднак у Пiнску вось ужо амаль пяць месяцаў няма патрэбнага медыцынскага прэпарата. Пры захворваннi мужа такiя перапынкi проста небяспечныя. У яго за гэты час вельмi змянiўся састаў крывi... — Дзякуй вам за званок, Еўдакiя Iванаўна. Ён яскрава адлюстроўвае сiтуацыю, якой увогуле не павiнна быць. Нельга, каб такiя пытаннi ў пацыентаў узнiкалi. Дзяржава ў дастатковай колькасцi выдзяляе грошай на закупку патрэбных лекаў i забеспячэнне iмi насельнiцтва. Адпаведна, сiстэма павiнна працаваць без збоеў. Будзем разбiрацца, чаму ў Пiнску ўзнiклi праблемы. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк упраўлення арганiзацыi медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Аляксандр Кiрылавiч Цыбiн
|
|