Беларускае вяселле
Янка КРУК, Аксана КАТОВІЧ
Народная энцыклапедыя Прастора дарогi i вясельны рытуалНарэшце скончылiся ўсе шматдзённыя i шматлiкiя этапы падрыхтоўкi да вяселля, надышоў першы дзень яго доўгачаканага святкавання. Аднак неабходна адразу ж заўважыць: для адных удзельнiкаў вяселля (перш за ўсё гасцей) яно будзе часам знаёмстваў, успамiнаў, кароткатэрмiновага адпачынку. Для другiх — а гэта самыя галоўныя ўдзельнiкi ўрачыстасцi — жанiха i нявесты, iх бацькоў, сватоў i дружак, — гэта будзе дзень, мабыць, як нiякi iншы, поўны вялiкай колькасцi ўсемагчымых прадпiсанняў, рэгламентацый, пажаданняў i катэгарычных забарон. Можна без перабольшання сказаць, што рэгламентацыi рознай ступенi жорсткасцi будуць суправаджаць практычна кожны крок маладых i iх блiжэйшых паплечнiкаў. У структурным плане першы дзень вяселля складаўся з цэлага шэрагу самастойных, але ўзаемазвязаных i дапаўняючых адзiн аднаго рытуалаў. У хаце жанiха гэта было апрананне маладога, бласлаўленне яго бацькамi, развiтанне з роднай хатай, збор дружыны, прыгатаваннi да выкупу нявесты, рытуальны дыялог з продкамi, адпраўленне за нявестай. У хаце нявесты — апрананне маладой, падрыхтоўка «падстаўной» нявесты, вызначэнне шэрагу заданняў для дружыны маладога пры выкупе нявесты, яе выкуп, рытуал развiтання з бацькоўскай хатай, бласлаўленне ў дарогу, афармленне вясельнага поезда, адпраўленне маладых у храм i г.д. Давайце правядзём адну добра знаёмую ўсiм нам паралель. Перад тым як накiравацца ў далёкi шлях, мы спынiм мiтусню нашых збораў i абавязкова прысядзем на некалькi iмгненняў: «На дарожку». Цiшыню сакральнага моманту перарве чыёсьцi бласлаўленне: «Дай Бог, у добры час!» цi «Дай Бог, у добры шлях!». За парогам роднай хаты нас — вандроўнiкаў цi вясельны картэж — чакае дарога, якая шмат у чым прадвызначае наш жыццёвы шлях i яго поспехi, нарэшце, лёс чалавека. А дарога — гэта заўсёды нешта нязведанае, непрадказальнае, загадкавае, таму кожны раз, рыхтуючыся пакiнуць парог роднай хаты, беларусы, як i прадстаўнiкi iншых народаў свету, прадпрымалi цэлы шэраг рытуальных крокаў, якiя накiраваны былi не толькi на паспяховае пераадоленне шляху, але i на жадаемы, праграмуемы вынiк. Нашы продкi казалi, што ў кожнага з нас «свая» дарога, хоць, уласна кажучы, кожнаму з нас наканавана прайсцi адну дарогу — ад роднай калыскi цi роднага парога i да могiлак, або ад покуцi роднай хаты i да храма (зямнога цi нябеснага). Дарога была сувязным шляхам памiж светам жывых i «светам» продкаў. Аб памiраючым чалавеку казалi, што ён стаiць на «смяротнай» дарозе i забаранялi спачуваць яму слязьмi i енкамi, каб ён не «сышоў з дарогi». Сталыя людзi, якiя рыхтавалi адзенне на смерць, заўважалi, што яны «збiраюцца ў далёкую дарогу». У рытуалах, звязаных з сiмвалiчным пераходам (пахаванне, вяселле, хрэсьбiны), для адных была дарога назад, для другiх — не. Раней на абочыне дарогi хавалi «закладных» нябожчыкаў — самазабойцаў, нехрышчоных, людзей iншага веравызнання. Згодна са старажытным паданнем, дарогi з’явiлiся па загаду Бога пасля стварэння свету. У пракладваннi дарог удзельнiчалi ўсе звяры, спазнiўся толькi крот. З таго часу ён робiць свае хады, як пажадае, але, паводле народных уяўленняў, як толькi ён перапаўзе дарогу, адразу ж памрэ. Калi мы кагосьцi праводзiм у далёкi шлях, жадаем яму «добрай дарогi». Што стаiць за гэтым пажаданнем? Чаму дарога павiнна быць «добрай» да таго, хто збiраецца яе пераадолець? Дарога стала тым месцам, у якiм найбольш выразна праяўляецца лёс чалавека, яго доля, поспех, шчасце. Гэта выяўлялася ў агромнiстай масе прыкмет, павер’яў, звязаных з самымi неверагоднымi абставiнамi, напрыклад, з варожбамi-прадказаннямi па стану надвор’я, паводзiнах каня, па тых сустрэчах, якiя былi на яго шляху (з простым чалавекам, са святаром, жывёламi i г.д.). * Поспех у дарозе прадказвала сустрэча з каровай, сабакам, ваўком, чалавекам, якi нясе поўныя вёдры вады, бяздольным чалавекам. Няўдалай будзе дарога пры сустрэчы са святаром, з цяжарнай цi не так даўно нарадзiўшай жанчынай, з чалавекам, якi iдзе з пустымi вёдрамi, пахавальнай працэсiяй, а таксама кошкай, зайцам, змяёй. * Сустрэча вясельнага поезда i пахавальнай працэсii была вельмi непажаданай — яна прадказвала магчымую смерць або недаўгавечнасць першынца ў маладой сям’i. * Дарога — гэта месца, дзе «жывуць» мiфалагiчныя персанажы, якiя цi палохаюць вандроўнiка, цi наадварот, дапамагаюць яму не збочыць з дарогi або адшукаць шлях дадому: лешыя, сустрэчныя, дарожныя цар i царыца, блукаючыя агеньчыкi, «дарожны страх», чэрцi. У выглядзе вандроўнiка цi згубленай жывёлiны (пеўня, кабана, барана) яны сядаюць на калёсы, i тады чалавек знiкае ў царстве смерцi назаўсёды. * У такiх выпадках сачылi за паводзiнамi каня. Калi пры сустрэчы з чалавекам цi жывёлай конь вёў сябе спакойна, значыць, можна не хвалявацца, калi ж конь станавiўся, быццам укапаны — чакай бяды. Лiчылася вельмi дрэннай прыкметай, калi перад адпраўленнем у дарогу конь пачынаў бiць зямлю капытом. * Асаблiвым аб’ектам увагi ў народнай культуры стала скрыжаванне дарог, усемагчымыя месцы iх разгалiнавання, перасячэння дарог i варотаў, мяжы вёскi, маста i iншых перашкод. * Народная традыцыя па-рознаму ставiлася да кожнага дня тыдня. Лiчылася, што найбольш спрыяльнымi для адпраўлення ў далёкую дарогу з’яўляюцца аўторак i чацвер; асаблiва няўдалым — панядзелак. * Надзвычай стрыманым, асцярожным i абачлiвым было стаўленне да дарогi таму, што яна даволi часта станавiлася месцам правядзення спецыфiчных магiчных дзеянняў: на дарогу выкiдвалi шкодныя рэчы, «адсылалi» хваробы, няўдачы i г.д. Таму з цягам часу дарога стала «нячыстым» месцам: лiчылася, што яна «разнясе» шкоду i небяспеку, хваробы i няшчасцi на шмат кiламетраў. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прастора дарогi i вясельны рытуал |
|