Страус — птушка мясцовая
Iлона IВАНОВА
Вёску Сабалёўку, што ў Клiмавiцкiм раёне, вiдаць, самы час перайменаваць у Страусёўку. На ўездзе ў вёску ўсталявана драўляная постаць чорнага афрыканскага страуса ў натуральную велiчыню. У Сабалёўцы запрацавала першая ў краiне дзяржаўная племянная страусiная ферма.
Раней гэтае прадпрыемства называлася Клiмавiцкай птушкафабрыкай. На ўсходняй ускраiне, у глыбiнцы яна не атрымлiвала iнвестыцый i паступова развальвалася. Абсталяванне фiзiчна i маральна састарэла, а тут яшчэ ўзнiкла i новая пагроза для курэй-нясушак — птушыны грып. Фабрыка месцiцца на беразе возера, але гэта маляўнiчае месца аказалася небяспечным для курэй: пералётныя птушкi, якiя садзяцца на возеры, могуць занесцi хваробу. Таму на пачатку гэтага года курэй на фабрыцы лiквiдавалi. Узнiкла пытанне: што рабiць з вытворчымi памяшканнямi i з людзьмi, якiя засталiся без працы? Дырэктар птушкафабрыкi Мiкалай Таўпека падаў iдэю — арганiзаваць страусiную ферму. Ён пабываў на прыватных фермах на Браншчыне i ў Кобрыне i распавёў начальству, якая гэта выгадная справа. Чорнага афрыканскага страуса з поспехам разводзяць у Еўропе. Мяса страусаў набыло асаблiвую папулярнасць пасля эпiдэмiй каровiнага шаленства, а потым i птушынага грыпу. Страусы хоць i птушкi, але на птушыны грып не хварэюць. Кiлаграм страусiнага мяса каштуе прыкладна 20 долараў. Увогуле, ад страуса прадаецца практычна ўсё. Кiпцi выкарыстоўваюцца для апрацоўкi алмазаў, кiлаграм каштуе 70 тысяч долараў. Са скуры страуса, амаль непрамакальнай, робяць вельмi дарагiя рэчы. Пяро — для ўпрыгажэнняў. Крышталiкi вока i шкарлупiны яек — для лекаў. Таму кiраўнiцтва Клiмавiцкага райвыканкама лiчыць страусiную ферму, якая цяпер з’яўляецца фiлiялам Прыдняпроўскай птушкафабрыкi, перспектыўнай справай. Старшыня райвыканкама Вiталь Грышанаў дэманструе прама ў сваiм кабiнеце страусiнае яйка. З яго зроблены незвычайны велiкодны сувенiр: на падстаўцы распiсаная фарбамi шкарлупiна ад вялiкага яйка. Нармальнае яйка страуса важыць звычайна больш за кiлаграм. Гавораць, што страусiнай яечняй цяпер можна пачаставацца, набыўшы яйка ў сталiцы за 70 тысяч рублёў. А ў Сабалёўцы яйкi павiнны з’явiцца масава толькi наступнай вясной. Лiтаральна два месяцы таму на ферму ў Сабалёўку прывезлi з Кобрына 60 страусаў. Дырэктар Мiкалай Таўпека любiць перамены i з лёгкасцю змянiў курэй на страусаў. Ён гаворыць, што страусы яму падабаюцца, яны сiмпатычныя, а корму i ўвогуле клопатаў патрабуюць нават менш, чым куры. На зялёным полi расстаўлены ў лiнii стоўбiкi, памiж iмi нацягнуць сетку: страусiны статак неўзабаве будуць дзялiць на сем’i i сялiць у асобныя вальеры. Страусiная сям’я — гэта мiнi-гарэм: адзiн самец i дзве самкi. Пакуль жа ўвесь статак ходзiць разам за агароджай. Чорныя — самцы, шэрыя — самкi. Страусiны маладняк гуляе асобна: нетаропкi гурт збоку нагадвае сход. — Канешне, я iх адрознiваю, страусы ўсе розныя на знешнасць, але iмёны птушкам пакуль не даём, — тлумачыць дырэктар. — Калi будзем падпiсваць «сямейныя пакоi», страусы атрымаюць i iмёны, i лiчбы. Мы яшчэ толькi ў пачатку шляху. Дарослыя страусы — вельмi цiкаўныя жывёлiны, дапытлiвая. Убачыўшы людзей, яны адразу збiраюцца каля агароджы, паварочваюць галовы з доўгiмi шыямi i торкаюцца ў аб’ектыў. Вельмi прыгожыя вочкi з вейкамi. Але дакрануцца да птушкi — страшна. Мiкалай супакойвае: маўляў, страусы — жывёлы не агрэсiўныя, могуць толькi шчыпацца, але небалюча. У апошняе цяжка верыцца, бо ад страусiных шчыпкоў ад агароджы адлятаюць трэскi. Сам дырэктар прафесiйна ўхiляецца — за два месяцы знаходжання побач са страусамi натрэнiраваўся. Самка пачынае танец — шлюбны, якiм яна прыцягвае самца. Прыгiнаецца, распраўляе крылы i нешта заклiкальна курлыча. Праўда, самцы засталiся раўнадушнымi: шлюбны перыяд у страусаў падышоў да завяршэння. Яны тоўпяцца ля агароджы, трубяць i шыпяць па-свойму. Нечакана страусы ўсiм статкам «ламанулiся» ў iншы бок загона. Гавораць, што гэта ў iх звычайны мацыён: яны арганiзавана перабягаюць з месца на месца, могуць i кругамi, i хуткасць такая, што толькi вецер свiшча ў вушах. Такi страусiны здаровы лад жыцця. Вось толькi галаву ў пясок страусы нiколi не зарываюць, гэта ўсё выдумкi — смяецца Мiкалай Таўпека. А танцуюць прыгожа, трэба толькi падлавiць момант. Але для фермы галоўнае, што страус — эканамiчна выгадная птушка. Каштуе дарослая жывёлiна нятанна: 1800 долараў, як палова нармальнага аўтамабiля. Але дае высокакаштоўную прадукцыю, i жыве страус да 70 гадоў, а самка пладаносiць гадоў 40. — Афрыканскiя чорныя страусы добра прыстасаваныя да нашых умоў, у тым лiку i ўмоў надвор’я, — расказвае Мiкалай Таўпека. — Толькi для маладняку патрэбен падагрэў, а ў халодны час галоўнае, каб не замярзала вада i быў корм, 5 кiлаграмаў на кожнага штодзень. У нас ёсць цеплагенератар, якi працуе на дровах, так што i вялiкiя маразы нашым сабалёўскiм птушкам не страшныя. Цяпер у Сабалёўцы iдзе рэканструкцыя другога птушнiка — таксама пад страусятнiк. Трэба набываць i iнкубаратар, каб самастойна разводзiць страусаў. Усё гэта патрабуе новых немалых фiнансавых выдаткаў, але ў перспектыве гарантуе i немалыя прыбыткi. Рынкi збыту ёсць: з Масквы ўжо прыязджалi дамаўляцца аб пастаўках, можна адпраўляць харчы i ў Мiнск — там у людзей ёсць грошы плацiць за нятанную страусiную яечню. Дырэктар фермы — пакуль адзiны чалавек у Сабалёўцы, якому давялося пачаставацца страусiным мясам. Мяса страуса, расказаў Мiкалай, на выгляд падобнае на мармуровую ялавiчыну, i тлушчу там практычна няма, а смакам нагадвае маладую цяляцiну, толькi яшчэ больш мяккую. Вельмi смачна — паведамiў ён. Аднак у Сабалёўцы прадукцыi пакуль няма. Трэба чакаць наступнага года. Пакуль жа людзi прыязджаюць сюды i проста цiкавяцца: усiм ахвота паглядзець на дзiва, як афрыканскi страус становiцца мясцовай птушкай. У будучым на беразе возера плануюць зрабiць кафэ, дзе можна пакаштаваць страусiнага мяса i яек. I ўвогуле зону адпачынку для ўсiх, хто прыедзе на экскурсii. Мяркуецца, што ў першую чаргу гэта будзе цiкава дзецям. Аднак для жыхароў Сабалёўкi цяпер самае галоўнае — працоўныя месцы. На страусiнай ферме цяпер працуюць 45 чалавек, таксама прыцягнуты будаўнiкi для рэканструкцыi вытворчых памяшканняў. Будзе праца — будзе заробак — будзе развiвацца i Сабалёўка. Але, шчыра сказаць, пераймяноўваць вёску яшчэ рана: Мiкалай Таўпека задумаў побач са страусамi разводзiць яшчэ i галандскiх бараноў, вага якiх дасягае 150 кiлаграмаў. Так што ў Сабалёўцы настроiлiся на экзотыку, якая ў будучым, спадзяюцца, дасць неблагi прыбытак.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёску Сабалёўку, што ў Клiмавiцкiм раёне, вiдаць, самы час перайменаваць у Страусёўку. На ўездзе ў вёску ўсталявана драўляная постаць чорнага афрыканс |
|