Чаму мы выпiсваем «Звязду»?
...Бо гэта газета высокай пробы
На пачатку навучальнага года наша настаўнiца Галiна Уладзiмiраўна Аляхновiч сказала: для таго, каб мы ведалi беларускую мову, каб пазбавiлiся ад прыкрай трасянкi — адных урокаў мала. Трэба, каб у кожнай сям’i было добрае беларускамоўнае выданне. Разам з бацькамi мы вырашылi, што гэта будзе менавiта «Звязда» i, такiм чынам, сталi яе чытачамi. Як i папярэджвала Галiна Уладзiмiраўна, газета сапраўды аказалася выданнем высокай пробы, якое чытаюць усе, хто не абыякавы да лёсу нашай краiны i мовы. Мы не знайшлi тут пустых матэрыялаў (кшталту, хто з кiм ажанiўся цi развёўся), якiя нiчога не даюць нi душы, нi розуму. Усё наадварот!.. А ўжо калi пад рубрыкай «Адраджэнне вёскi» прачыталi пра свае Вялiчкавiчы, радасцi не было межаў! Бо гэта ж пра нас, пра наш аграгарадок. З iншых матэрыялаў газеты мы афармляем кнiжачкi-самаробкi, якiя «дапiсваюцца» ледзь не пасля кожнага новага нумара. Тут i «Дата ў гiсторыi», i «Фотаслова» Яўгена Пясецкага, i «Простыя рэчы»... Хто б мог падумаць, дарэчы, што пра нашы звычайныя рушнiкi, ганак цi ложак можна расказаць так цiкава, так па-беларуску! Асобная тэма — здымкi Анатоля Клешчука, iнтэрв’ю i гутаркi з вядомымi дзеячамi культуры, акцыя «Нашчадкi вогненных вёсак»... Карацей — нам цiкава з табою, «Звязда»! Крысцiна Сямёнава, Ганна Пiлiпчук, вучанiцы 9-га класа Вялiчкавiцкай СШ, Салiгорскi раён. Ад рэдакцыi. Нясцiпла, як быццам пiсаць пра сябе... Хоць i не самiм... Але ж падумалася: калi б вопыт Галiны Уладзiмiраўны Аляхновiч падтрымалi i iншыя настаўнiкi, у Беларусi расло б больш беларусаў... Дзеля гэтага, згадзiцеся, варта працаваць! Усiм...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Бо гэта газета высокай пробы |
|