Зямны палёт фермера Балаболава
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Бываючы на справаздачных сходах асацыяцыi фермерскiх гаспадарак Гомельшчыны, прыкмецiў, што старшыня яе Мiхаiл Байда заўсёды ў лiку тых, хто дабiваецца лепшых паказчыкаў у працы, называе прозвiшча Савелiя Балаболава. У гутарцы ж са мной Мiхаiл Лявонцьевiч сказаў, што Савелiй Апанасавiч — прыроджаны земляроб, бо яму, пэўна, самiм лёсам было наканавана стаць iм.
Да гэтай жа думкi прыйшоў i я, калi наведаўся ў яго фермерскую гаспадарку, што ў вёсцы Васiльеўка Добрушскага раёна. Родам Савелiй Апанасавiч з Лепельскага раёна Вiцебшчыны, а вырас у сям’i калгаснiкаў (бацька быў пастухом, мацi — радавой рабочай), дзе было дзесяць дзяцей. Кожны з iх, у тым лiку i Савелiй, змалку спазнаў сялянскую працу, якая, вядома ж, была нялёгкай i слаба аплачвалася. Яшчэ ў школе хлопец марыў аб небе, хацеў стаць лётчыкам, ды з авiяцыйнага вучылiшча яго дакументы вярнулiся назад з паведамленнем, што ён iх прыслаў туды са спазненнем. Таму яму нiчога не заставалася рабiць, як iсцi ў калгас на розныя работы. Так, вiдаць, працягвалася б i далей, калi б не iнвалiд-паштальён. А цi ведаеш ты, хлопча, сказаў ён яму аднойчы, што з цябе ў нашай маленькай вёсачцы за вочы смяюцца? Вучыўся ты добра, а кiм стаў? Ды i без сярэдняй жа адукацыi можна i гной выкiдваць, i кароў калгасных пасвiць. Вазьмi вось газету, тут аб’ява аб наборы ў Друйскае прафтэхвучылiшча, ды i паступай туды на экскаватаршчыка. А што, праўду кажа чалавек, дзякуй яму, падумаў тады юнак ды i паслаў дакументы. У тыя часы з вёсак у горад мог перабрацца чалавек, якi меў пашпарт. Калi яго не было, трэба было мець дазвол на выезд кiраўнiка гаспадаркi, а дырэктар саўгаса, да якога прыйшоў Савелiй, заўпарцiўся. Нам, маўляў, механiзатары не патрэбныя, па-першае, iх хапае, а па-другое, ты ж з усiм класам пiсаў заяву, што застанешся ў гаспадарцы працаваць. Дык i працуй. Але ж у той заяве было напiсана, што хачу быць шафёрам, i вы яе прынялi, запярэчыў яму юнак. Дык пасылайце мяне вучыцца на вадзiцеля. А вадзiцеляў у нас хапае, настойваў на сваiм дырэктар. У рэшце рэшт Савелiй даведку на пашпарт у сельсавеце атрымаў, закончыў вучылiшча i некалькi месяцаў працаваў па накiраванню ў БМУ мелiярацыi ў Бешанковiцкiм раёне, пакуль не забралi ў армiю. Ёй аддаў дзевяць гадоў, праходзячы спачатку тэрмiновую, а потым i звыштэрмiновую службу ў Групе савецкiх войскаў у Германii (трэба было дапамагаць сям’i). Там, у армii, Савелiй уступiў у партыю i адаслаў дакументы ў Горацкую сельгасакадэмiю, якую завочна закончыў па спецыяльнасцi вучоны аграном. Калi ж вярнуўся ў свой родны раён, яму прапанавалi работу... у мiлiцыi, на што ён не згадзiўся, i таму паехаў на Гомельшчыну, папярэдне адправiўшы туды сваё пiсьмо. Так вось i апынуўся Савелiй Апанасавiч у Добрушскiм раёне. Прынялi яго на работу ў калгасе iмя Калiнiна на пасаду агранома-насеннявода з акладам усяго 120 рублёў у месяц, але неўзабаве, убачыўшы яго старанне, зарплату павысiлi. Затым стаў галоўным аграномам калгаса iмя Гагарына, а пасля i старшынёй гаспадаркi. — Адзiнаццаць гадоў узначальваў я калгас, — расказвае Савелiй Апанасавiч. — Поспехi гаспадаркi былi вiдавочныя. Калектыў быў занесены на абласную Дошку гонару, i мы заваявалi нават Пераходны Чырвоны Сцяг ЦК Кампартыi Беларусi. Пасля жыццё павярнулася так, што я стаў галоўным аграномам суседняй гаспадаркi i працаваў на гэтай пасадзе на працягу дзесяцi гадоў. У той час у рэспублiцы пачаў развiвацца фермерскi рух. Цi не паспрабаваць i мне? Такое рашэнне было прынята ў 1997 годзе. Заяву яго разглядалi цэлых паўгода i выдзелiлi яму 50 гектараў зямлi, з якiх ворыва было толькi 12 гектараў, астатняе ж — сельгасугоддзi, былыя торфараспрацоўкi. Але гэта не спужала чалавека, якi ўжо набыў добры вопыт сельгасработ. Да таго ж да яго далучылiся сын Iгар, якi атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю (тэхнiк-механiк), i жонка Кацярына Мiкалаеўна, якая раней працавала загадчыцай склада ў калгасе. Прыйшоў на дапамогу i зяць, але хутка астыў да працы на зямлi: цяжкая яна, маўляў. Так i стварылася фермерская гаспадарка Балаболавых. Першы трактар МТЗ-82 атрымалi з фонду падтрымкi фермерскiх гаспадарак, другi — па лiзiнгу. Не абышлося без пакупкi «жалезнага каня» i за чыста свае, уласныя грошы. Крэдыт браўся таксама. Спiсаныя збожжаўборачныя камбайны набывалi ў сельгаспадарках як Беларусi, так i Расii, i ўжо самi даводзiлi iх да ладу. Дарэчы, на тэрыторыi фермерскай гаспадаркi мне давялося бачыць кучу рознага металалому, i калi я спытаў у Савелiя Апанасавiча, цi рыхтуецца ён здаць яго, скажам, у нарыхтоўчую кантору, то ён моўчкi завёў мяне ў нейкае памяшканне, нацiснуў на рычажок нейкага механiзма, закiнуў туды буракоў, морквы, бульбы i гарбузоў, i праз колькi хвiлiн у ёмiстасцi апынулася паўцэнтнера, а то i болей «салаты». Гэта — кормаздрабняльнiк, патлумачыў ён мне. Гэты механiзм, прызначаны для квашэння капусты, быў выкiнуты на звалку адным агароднiнасховiшчам, а мы падабралi яго, нiкуды ўжо, здаецца, не прыгоднага, i перарабiлi на свой манер. Уявiце, што за гадзiну ён нарыхтоўвае для свiней паўтоны корму. Дык вось, многiя рэчы з той кучы металалому ў нас iдуць у справу, заключыў Савелiй. Ён паказаў мне свiдравальны i наждачны станкi, лентачную пiлараму, майстэрню з наборам рознага iнструменту i запасных частак, бульбаўборачны камбайн, аўтамабiль ГАЗ-53 i г.д. Ва ўмелых руках Балаболавых i iхнiх памочнiкаў (а ў фермерскай гаспадарцы на пастаяннай рабоце сем чалавек) гэтая спiсаная тэхнiка служыць надзейна. А вось i новы гомсельмашаўскi камбайн КЗС-7 «Палессе», атрыманы летась па лiзiнгу. А гэта — пабудаваная нядаўна наша падстанцыя. Навошта яна, пытаеце? Хутка будзем запускаць свой млын i атрымлiваць муку. Прабачце, вунь рабочыя з раёна электрычных сетак прыехалi, дык пакажу, што iм рабiць. Каб развiць, як гаворыцца, свой першапачатковы капiтал, зароблены сям’ёй у калгасе, галава яе вырашыў побач з земляробствам заняцца свiнагадоўляй, якая, палiчыў ён, дасць хуткiя грошы. Так яно i атрымалася. Зараз у Балаболавых цэлы статак у сто галоў. Некалькi з iх (вiдаць, матачнае пагалоўе) па 250 i больш кiлаграмаў. Корм для iх падаецца ў сырым выглядзе, без нiякай тэрмiчнай апрацоўкi, з дабаўленнем мукi i iншага. А зараз вось i свая мука будзе. Праехалi мы з Савелiем Апанасавiчам i па яго землях. У гаспадарцы зараз 105 гектараў, 95 з якiх — сельгасугоддзi. Сёлета працаваць, расказваў па дарозе Балаболаў, было вельмi цяжка, бо работы з-за надвор’я накладвалiся адна на адну. Ды нiчога, справiлiся, але давялося папацець. Добра, што Iгар можа працаваць на любой тэхнiцы, а ён, Савелiй Апанасавiч, не асiлiў толькi збожжаўборачныя камбайны. Вынiкi работы такiя. Збожжавыя далi па 47 цэнтнераў з гектара, бульба — 280, морква — каля 500 i сталовыя буракi — 400 цэнтнераў. Гэтымi паказчыкамi пахвалiцца можа не кожны сельгаскалектыў. Дарэчы, фермерская гаспадарка Балаболавых ужо шэсць гадоў — лепшая ў раёне, i на яе базе праходзiў семiнар фермераў вобласцi. — Мне ўжо 62 гады, — сказаў мне на развiтанне Савелiй Апанасавiч, — i я сваю справу перадаю ў рукi сына Iгара i яго жонкi Алены, а сам, пакуль ёсць яшчэ сiлы, буду дапамагаць iм. — А ўсё ж цi шкадуеце зараз, што не збылася мара стаць лётчыкам? — спытаў я. Савелiй Апанасавiч на хвiлiну задумаўся i, гледзячы на ўнука, якi круцiўся каля яго, адказаў так: — Не шкадую. Бо я ўсё жыццё ўсё роўна быў у палёце. У зямным палёце. У палёце земляроба. А што можа быць важней за гэта? Здорава сказана! Па-сялянску. Па-балаболаўску...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бываючы на справаздачных сходах асацыяцыi фермерскiх гаспадарак Гомельшчыны, прыкмецiў, што старшыня яе Мiхаiл Байда заўсёды ў лiку тых, хто дабiвае |
|