Аляксандр СУРЫКАЎ: «Тавараабарот Беларусі і Расіі ў 2006 годзе дасягне 20 мільярдаў долараў»
Сяргей ПРОТАС
Тавараабарот памiж Рэспублiкай Беларусь i Расiйскай Федэрацыяй за 9 месяцаў гэтага года склаў 14,7 млрд долараў, а да канца года дасягне, а, магчыма, i перавысiць 20 мiльярдаў. Такую статыстыку прывёў падчас прэс-канферэнцыi Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол РФ у Беларусi Аляксандр Сурыкаў.
Паводле слоў дыпламата, гэта самы высокi паказчык за ўвесь час двухбаковых адносiнаў. Дасягнуўшы аб’ёму тавараабароту ў 20 млрд долараў, Беларусь стане другiм гандлёвым партнёрам Расii сярод краiн СНД пасля Украiны (адставанне зусiм нязначнае) i ўвойдзе ў пяцёрку найбольш сур’ёзных партнёраў РФ у свеце. Аляксандр Сурыкаў выказаў меркаванне, што па вынiках 2006 года Расiя стане лiдарам па аб’ёму iнвестыцый у беларускую эканомiку. Толькi iнвестыцыi Масквы ў эканомiку Беларусi сёння ацэньваюцца ў мiльярд долараў. Расiйская сталiца плануе ўзвесцi ў нашай краiне каля 1 мiльёна квадратных метраў жылля, пабудаваць некалькi гандлёвых дамоў, рэалiзаваць iншыя праекты. Спадар Сурыкаў прызнаў, што нягледзячы на ўсе дасягненнi ва ўзаемаадносiнах памiж Расiйскай Федэрацыяй i Беларуссю, сёння iснуе цэлы шэраг праблемных пытанняў у сферах мытнага саюза i ўзаемнага гандлю. Паводле яго слоў, гэтыя пытаннi стратэгiчнымi праблемамi не з’яўляюцца. «Часта — гэта парушэннi правiлаў гандлю, памылкi ў дзеяннях асобных чыноўнiкаў», — адзначыў пасол. Усе ўзаемныя абмежаваннi, якiя Расiя i Беларусь уводзяць на тыя цi iншыя тавары на сваiх тэрыторыях, звязаны ў першую чаргу з жаданнем падтрымаць айчыннага вытворцу. I гэтыя абмежаваннi, паводле слоў Сурыкава, мала ўплываюць на аб’ёмы ўзаемных эканамiчных дзеянняў. Паводле iнфармацыi дыпламата, аб’ём абмежаванняў ва ўзаемным гандлi не складае нават 300 мiльёнаў долараў пры гадавым тавараабароце памiж нашымi дзяржавамi ў 20 мiльярдаў. Аляксандр Сурыкаў выказаў задаволенасць тым, што i беларускi, i расiйскi бакi нарэшце вызначылiся з пазiцыямi тавараў, па якiх iснуюць адмiнiстрацыйныя бар’еры. Створана сумесная камiсiя, якая разабралася ва ўсёй гаме прэтэнзiй i знайшла шляхi вырашэння праблемных пытанняў. Пасол адзначыў, што беларускi бок тут працуе больш актыўна, чым расiйскi. Работа ў гэтым накiрунку знаходзiцца пад асабiстым кантролем прэм’ер-мiнiстра Беларусi Сяргея Сiдорскага. Аляксандр Сурыкаў падкрэслiў, што засяроджваць увагу на гэтых рабочых момантах i падаваць сiтуацыю, быццам бы Расiя i Беларусь «цягаюць адна адну за валасы» камусьцi выгадна. На самай справе гэта не так. Зусiм нядаўна расiйскiя СМI сцвярджалi, што Мiнэканомразвiцця РФ прадпiсала рэгiянальным уладам адмовiцца ад закупкi беларускiх тавараў за кошт федэральнага i мунiцыпальных бюджэтаў. Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Расiйскай Федэрацыi ў Рэспублiцы Беларусь тады адмаўляў саму магчымасць з’яўлення падобнага дакумента. Такую ж думку выказваў i мiнiстр замежных спраў РФ спадар Лаўроў. Пазней прадстаўнiкi Мiн- эканомразвiцця афiцыйна пацвердзiлi iснаванне пiсьма... Паводле слоў Аляксандра Сурыкава, дакумент аб парадку дзяржаўных закупак, якiм аддаюцца прэферэнцыi таварам айчыннай вытворчасцi, сапраўды падрыхтаваны. Гэтак жа як i ў Беларусi. Аднак гэтыя акты ў нашых дзяржавах пакуль не ўступiлi ў сiлу. Сiтуацыя вывучаецца i абмяркоўваецца. Не абмiнулi журналiсты ўвагай i тэму паставак энерганосьбiтаў. Як адзначыў Аляксандр Сурыкаў, Беларусь запрасiла на 2007 год 21,7 млрд кубаметраў газу, 21,5 мiльёна тон нафты i 3,3 млрд кВт/г. электраэнергii. Паводле слоў дыпламата, Расiя дакладна не зможа экспартаваць у Беларусь электраэнергiю. Гэта тлумачыцца ўзросшым попытам на яе ў самой РФ. У той жа час магутнасцi па выпрацоўцы электраэнергii Расiя не развiла. На думку Сурыкава, для нашай рэспублiкi гэта не з’яўляецца праблемай, бо Беларусь мае магутнасцi для выпрацоўкi неабходнага аб’ёму электраэнергii. Палiўна-энергетычны баланс Беларусi i Расii на 2007 год будзе ўзгоднены пасля вырашэння пытання аб падзеле экспартных пошлiн на светлыя нафтапрадукты. За 9 месяцаў 2006 года з нашай краiны вывезена каля 13,6—13,8 млн т такiх нафтапрадуктаў. Пры гэтым беларуская мытная пошлiна складае 57 долараў за тону, расiйская — без малога 180 долараў. Мiн-прамэнерга Расii прапануе ўнiфiкаваць пошлiну i падзялiць яе ў адносiнах 85 працэнтаў Расii i 15 Беларусi. Паводле слоў пасла, Беларусь у такiм выпадку будзе атрымлiваць прыбытак крыху меншы за цяперашнi. Калi ж дамовiцца не ўдасца, магчыма разгляданне варыянта, згодна з якiм усе атрыманыя нафтапрадукты, акрамя патрэб самой Беларусi, будуць перадавацца назад расiйскаму боку. Баланс паставак нафты ў Беларусь у гэтым годзе выконваецца ў поўным аб’ёме, заявiў пасол. Да канца года будзе пастаўлена 19,75 мiльёна тон нафты. Гаворачы пра магчымасць для беларускiх нафтавiкоў распрацоўваць расiйскiя радовiшчы, дыпламат нагадаў пра нядаўнi вiзiт беларускай дэлегацыi ў Томскую вобласць. Аднак расiйскi бок пакуль не гатовы прапанаваць беларускай кампанii нейкiя эксклюзiўныя ўмовы. Ёй, як i ўсiм жадаючым, давядзецца ўдзельнiчаць у конкурсе на атрыманне лiцэнзii. У расiйскiх СМI апошнiм часам стала з’яўляцца iнфармацыя са спасылкай на ананiмнага высокапастаўленага чыноўнiка аб пераносе самiта кiраўнiкоў краiн — удзельнiц СНД з Мiнска ў Астану. Расiйскi дыпламат назваў яе не заслугоўваючай даверу. Паводле яго звестак, рабочы самiт, як i запланавана, адбудзецца 28 лiстапада ў Мiнску. А юбiлейная сустрэча кiраўнiкоў краiн СНД пройдзе ў снежнi гэтага года ў Казахстане, якi ў цяперашнi час старшынствуе ў Садружнасцi. Адказваючы на пытанне аб ратыфiкацыi двухбаковых пагадненняў аб роўных правах для грамадзян Беларусi i Расii, Аляксандр Сурыкаў паведамiў, што яны будуць прыняты Дзярждумай на восеньскай сесii. Прадстаўнiка аднаго з апазiцыйных СМI цiкавiла, чаму Расiя не аказвае цiск на Беларусь з мэтай паўплываць на тыя цi iншыя палiтычныя працэсы ў нашай краiне. У адказ спадар пасол нагадаў, што Саюзную дзяржаву будуюць дзве незалежныя суверэнныя дзяржавы. Калi Расiя будзе ўмешвацца ва ўнутрыпалiтычныя справы i заканадаўства Беларусi, то гэта не будзе суверэнная рэспублiка. Незадаволенасць, якую выказваюць у адносiнах да курсу нашай краiны пэўныя сiлы на Захадзе, расiйскi дыпламат назваў палiтыкай двайных стандартаў. «Чаму ж яны не выказваюцца ў адрас уладаў Iрака, дзе кожны дзень гiнуць дзесяткi людзей?», — адрэагаваў Аляксандр Сурыкаў. Такi двайны падыход недапушчальны. «Мы не збiраемся ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэннай Беларусi, — заявiў пасол. — Нам гэта не трэба».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тавараабарот памiж Рэспублiкай Беларусь i Расiйскай Федэрацыяй за 9 месяцаў гэтага года склаў 14,7 млрд долараў, а да канца года дасягне, а, магчыма, |
|