Хваробы суставаў: як з iмi змагацца?
На пытаннi чытачоў нашай газеты адказвае доктар медыцынскiх навук, прафесар, загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта Мiкалай Фёдаравiч САРОКА
(Працяг. Пачатак у нумарах за 21, 25, 28, 31 кастрычнiка і 1 лістапада.) «Пiша вам Надзея Васiльеўна ЛАЎРЭНАВА са Светлагорска. Мне 54 гады. Хварэю на дэфармiруючы артрыт з 1989 года. У мяне рахiт з дзяцiнства. У 20 гадоў трапiла ў аварыю. Былi паламаныя косцi, разарваны менiск, шматлiкiя выцятыя месцы... Цяпер пачало балець так, нiбы ўсё гэта здарылася ўчора. Лячылася i лячуся, прымала iндапамiд, потым — метынуол-рытард, зараз — аэртам, п’ю сабельнiк, раблю кампрэсы, аднак мне становiцца ўсё горш i горш. Высокi артэрыяльны цiск, маю вельмi вялiкую вагу... Што б вы параiлi мне, паважаны Мiкалай Фёдаравiч!? Цi варта прымаць бiядабаўкi? Якiя выкарыстоўваць сарбенты? Дзе можна набыць фiльтр з трайной мембранай? Дзе можна атрымаць бiярэзанансную тэрапiю? Цi праўда, што ў Новасiбiрску распрацавалi лячэнне артрыту ўласнай крывёй, цi выкарыстоўваецца гэты метад у Беларусi?». — Мяркуючы па вашаму пiсьму, шаноўная Надзея Васiльеўна, у вас остэаартроз, вiдавочна, остэахандроз пазваночнiка. Прабачце, але iстотнае значэнне тут мае тая залiшняя вага, што ёсць у вас. Прабачце яшчэ раз, аднак лiшнiх кiлаграмаў у вас ну вельмi шмат! Залiшняя вага для любога чалавека — гэта дадатковы цiск на суставы пазваночнiка, на суставы нiжнiх канечнасцяў. Таму кожны кiлаграм змяншэння вагi — гэта змяншэнне боляў у суставах. Безумоўна, гэта хвароба i сама па сабе можа выклiкаць сур’ёзныя болi, якiя не заўсёды лiквiдуюцца лякарствамi, але ж вага, вага... Найперш трэба абмяжоўваць сябе колькасцю прымаемай ежы. Чалавек з хворымi суставамi не можа павялiчыць для сябе фiзiчную нагрузку, таму можа дапамагчы сабе толькi за кошт змяншэння прыёму каларыйнай ежы. Iншых варыянтаў, паверце мне, няма! Вы пытаецеся таксама пра бiядабаўкi, нейкiя сарбенты, фiльтры, бiярэзанансную тэрапiю i г.д... Усё гэта — метады нетрадыцыйнай медыцыны, яны прынцыпова на ўплываюць на сутнасць хваробы. Яны iншы раз могуць выкарыстоўвацца падчас лячэння чалавека, аднак гэта ўсяго толькi дапаможныя метады лячэння. Для остэаартрозу прынцыпова патрэбныя два вiды лякаў. Адна — група нестэроiдных процiзапаленчых прэпаратаў, што валодаюць абязбольваючым дзеяннем; другая — так званыя хондрапратэктары, гэта значыць тыя лякарствы, якiя дапамагаюць, наколькi тое магчыма, аднаўляць храсток у суставах рук цi ног i ў суставах пазваночнiка. Пра метад, распрацаваны ў Новасiбiрску, пра якi вы, Надзея Васiльеўна, пiшаце... Гэта метад не для лячэння остэаартрозу, а метад для лячэння рэўматоiднага артрыту. «Паважаны доктар! Вас турбуе Лiдзiя Андрэеўна ПЯТРОВIЧ з Брэста. У мяне остэаартроз з дэфармацыяй дыстальных мiжфалангавых суставаў, вузельчыкi Гiбердэна. У вераснi 2005 года была шпiталiзавана, прайшла курс лячэння: прымала дыклафенак, iбупрафен, фанарэз, УВЧ на кiсцi... Народная медыцына раiць спiртавыя выцяжкi i масла на аснове залатога вуса, а адна з газет паведамiла аб новых прэпаратах, што садзейнiчаюць аднаўленню пашкоджанага храстка. Што вы, Мiкалай Фёдаравiч, можаце параiць? Дарэчы, у мяне хранiчныя гастрыт з панiжанай кiслотнасцю, халецыстыт, панкрэатыт, пiланефрыт...» — Сапраўды, для лячэння остэаартрозу выкарыстоўваюцца прэпараты, якiя вы, Лiдзiя Андрэеўна, пералiчваеце. Ёсць i iншыя, апошнiя па часу выпуску i яшчэ больш эфектыўныя: тыя ж структум, дона... Яны патрэбныя! Аднак, прабачце, скажу «па сакрэту»: для лячэння остэаартрозу з дэфармацыяй дыстальных мiжфалангавых суставаў гэтымi лякарствамi справiцца нельга! Калi адбылася дэфармацыя, гэта застанецца з вамi на ўсё астатняе жыццё. Лячэнне? Патрэбнае, вы яго ў стацыянары праходзiлi: гэта абязбольваючыя лякарствы, хондрапратэктары, фiзiятэрапеўтычныя працэдуры, якiя i накiраваны на тое, каб зменшыць боль i прыпухласць суставаў. Безумоўна, калi ў вас ёсць шэраг «спадарожных» хвароб у выглядзе гастрыту, халецыстыту, панкрэатыту, доктар павiнен думаць, прызначаючы лякарствы, якiя з iх вам падыходзяць, а якiя проста непажаданыя... Скажам, прэпараты тыпу iндаметацыну вам процiпаказаныя, таму што яны выклiкаюць шмат пабочных дзеянняў. Прэпараты тыпу мовалiс, нiмесулiд, тэлебрэкс у дадзеным выпадку падыходзяць больш. Якi з iх змяншае боль найбольш, на той вам i трэба арыентавацца... «Паважаны Мiкалай Фёдаравiч! Дайце, калi ласка, рэкамендацыi: як лячыць артрыт, полiартрыт, калi дрэнная шчытавiдка — вузлавы зоб? Была аперацыя, вузлы растуць... Што можна, чаго — нельга, цi ёсць у нас спецыялiзаваныя санаторыi? Настасся Iгнатаўна IВАНОВА, г. Баранавiчы». — Гэта насамрэч праблема, таму што на фоне любых эндакрынных парушэнняў у арганiзме, гэта значыць парушэнняў гарманальнага балансу, заўсёды хваробы паддаюцца лячэнню складаней i цяжэй, чым звычайна. Датычыцца гэта i спалучэння парушэнняў шчытападобнай залозы i суставаў. Менш эфектыўныя лякарствы, большы балявы сiндром... Найперш патрэбны кантроль за шчытападобнай залозай для таго, каб вузлы не трансфармавалiся ў пухлiнныя працэсы. У вынiку абмежавана магчымасць прыёму фiзiятэрапеўтычных працэдур, асаблiва на суставы плячэй, шыйны аддзел пазваночнiка; звычайна не выкарыстоўваюць масаж шыйнага аддзела... Патрэбен рэгулярны кантроль у спецыялiста-эндакрынолага. Для лячэння хвароб, што спадарожнiчаюць артрыту i полiартрыту, нейкiх адрозненняў няма: выкарыстоўваюцца тыя ж лякарствы, што i для пацыентаў без хваробы шчытападобнай залозы. Паўтараю: яны проста менш эфектыўныя, чым без спадарожнай паталогii. З санаторыяў, што ёсць у Беларусi для лячэння хвароб суставаў, найбольш вядомыя — гэта санаторыi «Радон» у Гродзенскай вобласцi, «Прыдняпроўскi» ў Рагачоўскiм раёне Гомельскай вобласцi i санаторый iмя Ленiна ў Бабруйску. Гэта — тры профiльныя спецыялiзаваныя ўстановы. I яшчэ. Калi ў шчытападобнай залозе ў вас ёсць толькi вузлавыя ўтварэннi, то санаторна-курортнае лячэнне не процiпаказана. Яно выкарыстоўваецца з асцярогай, вам не павiнны назначаць цеплавыя працэдуры на вобласць шчытападобнай залозы. «Да вас звяртаецца жыхарка горада Лагойска Ганна Вiкенцьеўна ЗАЛIВАКА, узрост — 67 гадоў. Прашу вашай парады ў маёй хваробе. Хварэю я з 2004 года. Дыягназ: рэўматычная полiмiалгiя, гонартроз каленных суставаў, коксартроз бедраных суставаў. Два з паловай гады прымаю гарманальныя таблеткi (праднiзалон або медрол), а таксама тэрафлекс, мовалiс, кальцымiн. Я думаю, што гэта лячэнне суставаў, а чым лячыць полiмiалгiю? Не ведаю, цi правiльна я раблю, але боль у суставах здымаю народнымi сродкамi: сабельнiкам, залатым вусам, нацiраннямi мазяў, а вось чым лячыць мышцы — не ведаю? Буду вельмi ўдзячная вам за парады». — Рэўматычная полiмiалгiя — гэта хвароба, што ўзнiкае толькi ў людзей сталага ўзросту. Яна праяўляецца болямi ў вобласцi плечавога пояса i тазасцегнавых суставаў. Асаблiвасцю гэтай хваробы з’яўляецца тое, што яна вельмi добра паддаецца лячэнню глюкакорцiкастэроiднымi гармонамi, прадстаўнiкамi якiх з’яўляюцца праднiзалон i медрол. Менавiта гэтымi гарманальнымi прэпаратамi вы i лечыце рэўматычную полiмiалгiю, а не захворванне суставаў, якое ёсць на самай справе. Дыягназ «рэўматычная полiмiалгiя» — вельмi рэдкi, яго часта няпроста ўстанавiць. Таму для полiмiалгii патрэбныя гарманальныя прэпараты; для остэаартрозу — абязбольваючыя процiзапаленчыя сродкi i хондрапратэктары, пра якiя мы казалi ўжо вышэй. Народныя сродкi, пра якiя гаворыць Ганна Вiкенцьеўна, могуць выкарыстоўвацца ў комплекснай тэрапii, аднак iх выкарыстанне адыгрывае ўсяго толькi другарадную ролю. «Вельмi хацелася б атрымаць ад вас карысную i неабходную для мяне кансультацыю. Два гады назад мяне стаў турбаваць каленны сустаў. За мiнулы час двойчы ляжаў у бальнiцы з дыягназам артроз, лячылi праграваннем, аднак колючы боль не знiкае. Балiць ужо i каленны сустаў другой нагi, магу толькi ляжаць цi сядзець, а вось хадзiць практычна немагчыма. Правяраў кроў, усё ў норме... Прымяняю мазi — тэрафлекс, капсiкам i многiя iншыя — аблягчэння нiякага! Мiкалай Фёдаравiч, калi ласка, парайце, як мне стаць на ногi? Я думаю, што для мяне гэта яшчэ не вечар... А, можа, у мяне не артроз, а рэўматызм, полiартрыт? Загадзя ўдзячны. Вiктар Васiльевiч ВЯЗЬМIН, пенсiянер, 69 гадоў, жыхар вёскi Крэменец Лагойскага раёна». — Мяркуючы па ўсiм, з улiкам узросту i скрагаў, у вас — остэаартроз. Гэта хвароба паражае многiя суставы. Яна ўзнiкае на фоне зношанасцi суставаў: iх пашкоджання, перагрузак на працягу жыцця i г.д. Карацей кажучы, сцiраецца храсток у каленным суставе, могуць быць пашкоджаны i iншыя суставы. Так што спадзявацца на тое, што можна «зрабiць» сустаў маладым, вярнуць яму ранейшы стан, вядома ж, нельга. Таму пацыенту з остэаартрозам трэба навучыцца кiраваць гэтай хваробай. Што маецца на ўвазе? Першае: выкарыстоўваць абязбольваючыя прэпараты. Iх шмат, таму трэба выбраць тыя з iх, якiя найбольш падыходзяць для вас канкрэтна. Другое: выкарыстоўваць прэпараты, так званыя хондрапратэктары, якiя ў пэўнай меры дапамагаюць аднаўляць пашкоджаны храсток. На жаль, вельмi часта пацыент звяртаецца да ўрача тады, калi ў суставе храстка па сутнасцi ўжо няма i аднавiць нiчога нельга... Запускаць хваробу, такiм чынам, нi ў якiм разе нельга. Прымаючы лякарствы, боль можа быць зменшаны, а каб аслабiць нагрузку на суставы, трэба выкарыстоўваць i палачку падчас хадзьбы... «Прамую лiнiю» падрыхтаваў i правёў Анатоль МЯСНIКОЎ. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў нашай газеты адказвае доктар медыцынскiх навук, прафесар, загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта Мiкалай Фёдаравiч
|
|