Надзейнасць «нафтана» як партнёра хлебаробаў расцеНовыя яго iнвестыцыi сталi асновай росту аграрнай галiны цэлага раёна ЗАПРАЦУЕ ФАБРЫКА МАЛАКА У Мiёрскiм раёне вiцебскiя нафтавiкi выводзяць з прарыву мясцовую гаспадарку — ПУПКС«Мiёрскi», якi ў савецкi час быў перадавым саўгасам вобласцi. Але асноўныя фонды выпрацавалi свой рэсурс i iх аднаўленне хлебаробы самастойна так i не распачалi. Таму вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыi рэзка ўпала, людзi сталi атрымлiваць мiзэрныя заробкi i шукаць працу ў iншых месцах. Памяняць становiшча шэфы вырашылi са стварэння магутнай вытворчай базы. Таму сёння гаспадарка нагадвае вялiкую будаўнiчую пляцоўку. Узяць ферму «Мiлашова», дзе знаходзiцца добрая палова буйной рагатай жывёлы сельгаспрадпрыемства. Тут вядзецца карэнная рэканструкцыя ранейшых памяшканняў i будаўнiцтва новых. У наступным годзе сучасны жывёлагадоўчы комплекс прыме 730 кароў i каля 400 галоў маладняку. Прараб будоўлi Аляксандр Тарасевiч, якi паказваў нам ужо адноўленае за восень памяшканне фермы, расказаў аб задачах на перспектыву: — Захаваецца толькi рэканструяваны кароўнiк, яшчэ пяць такiх будуць узведзены з камп’ютарызаванай даiльнай залай, комплексам бытавых памяшканняў, малочнай залай з высокапрадукцыйным халадзiльным абсталяваннем. Праект ужо прайшоў экспертызу, i фундамент першага будынка закладзены. Гэтую ферму поўнасцю аднаўляе ААТ «Нафтан», а цiлеўшчынскую — ААТ «Полацк-Шкловалакно». Пакуль у старых памяшканнях зiмуе жывёла, а вясной будаўнiкi iх знясуць. Прыгожы рэканструяваны будынак прыцягвае ўвагу не толькi гасцей, а i самiх жывёлаводаў. Даглядчык дойнага статку Сяргей Карнiцкi, якi з сянажнай ямы падвозiў кармы рагулям, зазначыў, што ў такiх умовах лепш адчуваюць сябе не толькi iх падапечныя, але i людзi. Таму сюды ўжо iдзе працаваць моладзь. Вакантных месцаў становiцца менш i ў механiзатарскiм корпусе. Галоўны iнжынер гаспадаркi Анатоль Шарковiч расказаў аб кадравым папаўненнi, якое пачалося са з’яўленнем новай тэхнiкi. «Калi, дзякуючы шэфам набылi трактары МТЗ-1221, К-744, камбайны КЗС-7, КЗР-10, пагрузчык, розную iншую тэхнiку амаль на 1,5 мiльярда рублёў, на працу ўладкавалiся хлопцы з Мiёр, суседнiх гаспадарак, вярнулiся тыя, хто пайшоў раней у iншыя арганiзацыi». На чарзе карэнная рэканструкцыя мехмайстэрнi, будаўнiцтва крытых гаражоў для складанай сельскагаспадарчай тэхнiкi. Сёння гаспадарцы яшчэ патрэбны каля дзесятка вадзiцеляў i трактарыстаў, але тут упэўнены, што гэтая праблема хутка будзе знята з парадку дня. Расце вытворчасць прадукцыi палёў i фермаў, павышаецца заработная плата спецыялiстаў, аператараў машыннага даення кароў, даглядчыкаў, механiзатараў. Да старшынi Уладзiмiра Маслякова з заявамi з просьбай прыняць на працу ў гаспадарку ўсё часцей звяртаюцца выпускнiкi сельскагаспадарчых навучальных устаноў, мясцовая моладзь. Не так даўно яго намеснiкам стаў выпускнiк Беларускага агратэхнiчнага ўнiверсiтэта Сяргей Гiльнiч. Ён яшчэ не абзавёўся сям’ёй, але ўжо атрымаў дом, шчыра радуецца, што ў калектыў прыходзяць маладыя механiзатары, жывёлаводы, што ферма, якую ўзвядуць будаўнiкi з ААТ «Нафтан», будзе лепшай у раёне. За год заработная плата спецыялiста вырасла на 100 тысяч рублёў i складае 550—600 тысяч у месяц, што яго задавальняе. Умацаванне вытворчай базы дадатна паўплывала на гаспадарчыя вынiкi гэтага года. Збор збожжа павялiчыўся ў параў- наннi з леташнiм у 1,6 раза, бульбы — у 1,8, рапсу — у 2,4 раза. З кукурузы нарыхтавалi 5 тысяч тон паўнацэннага корму, у той час як летась толькi 300 тон. Гаспадарка стане хутка насенняводчай, бо пачне вырошчваць элiтнае зерне, якое ёсць дзе дапрацаваць, захоўваць. I зноў жа не ўбаку аказалiся нафтавiкi. З iх дапамогай у кароткi тэрмiн пабудаваны i аснашчаны сучасным абсталяваннем збожжаток са складскiмi памяшканнямi. Яго гаспадыня Ванда Ластоўская, якая з’яўляецца i аграномам-насенняводам, расказала, што стан ранейшага збожжатока доўгi час быў аварыйным — вадзiцелi баялiся нават заязджаць у склад, бо хiстаўся дах. Цяпер жа аснашчаны новым абсталяваннем збожжаток адпавядае самым высокiм патрабаванням. Iнвестыцыi адкрытага акцыянернага таварыства «Нафтан» ужо выдатна працуюць у аграпрамысловым комплексе Верхнядзвiнскага раёна. Згадваючы рэспублiканскiя «Дажынкi», якiя сёлета прайшлi ў Бабруйску, генеральны дырэктар ААТ Вячаслаў Якушаў зазначыў, што прыемна было адчуваць гонар за вобласць, якая стала пераможцам жнiва-2006, а многiя калектывы ўборачных экiпажаў Верхнядзвiнскага раёна — пераможцамi i прызёрамi рэспублiканскага спаборнiцтва на ўборцы ўраджаю. «Добра, што iнiцыятыва тых людзей, якiя ўзначальваюць раён, дазваляе не закопваць сродкi, якiя выдзяляюцца, у зямлю, а атрымлiваць ад iх рэальную карысць. Перш за ўсё маю на ўвазе старшыню райвыканкама Iосiфа Мiкалаевiча Палачанiна», — падкрэслiў Вячаслаў Вiктаравiч. У гэтым раёне разумна распараджаюцца тымi вялiкiмi iнвестыцыямi, якiя прадастаўляе вяскоўцам нафтаперапрацоўчы гiгант рэспублiкi. А яны сапраўды ўражваюць. Выконваючы распрацаваны бiзнэс-план, ААТ «Нафтан» сёлета пералiчыла на набыццё новай тэхнiкi, запчастак i iншых матэрыялаў для сельгасвытворцаў 3 мiльярды рублёў. На гэтую суму ААТ «Верхнядзвiнскi райаграсэрвiс» набыў 19 трактароў МТЗ, 25 сеялак новай мадыфiкацыi, агрэгаты АКШ, раскiдвальнiкi мiнеральных угнаенняў, касiлкi i граблi ротарныя, бензавоз, плуг «Лемкен», станочнае абсталяванне i многае iншае. Спецыялiст па сельгасвытворчасцi «Нафтана» Анатоль Вашчанка адзначыў, што ўся гэтая тэхнiка, як i набытыя летась збожжаўборачныя камбайны, грузавыя аўтамабiлi, iстотна ўмацавалi машынную базу земляробаў, якая дапамагла iм, асаблiва ў няпростых умовах уборкi ўраджаю сёлета, пазбегнуць яшчэ большых страт збожжавых, трапiўшых пад працяглыя лiўнi i ўраганы. Валавы намалот збожжа (у першапачаткова апрыходаванай вазе) склаў па Верхнядзвiнскаму раёну 55 581 тону, або 158 працэнтаў да атрыманага караваю летась. Выхад зерня ў разлiку на адзiн бала-гектар ворнай зямлi склаў 128 кiлаграмаў, у 2005 годзе гэты паказчык быў роўны 92 кiлаграмам. 8 гаспадарак атрымалi больш як па 30—40 цэнтнераў збожжа з гектара. Механiзаваны кормаўборачны атрад райаграсэрвiсу, узброены набытай «Нафтанам» тэхнiкай, стаў пераможцам рэспублiканскага спаборнiцтва па нарыхтоўцы кармоў у 2006 годзе, паказаў найвышэйшую выпрацоўку на ўмоўны ўборачны агрэгат, якая склала 5781 тону, у тым лiку на «Ягуар-840» — 9491 тону, на кормаўборачны комплекс «Палессе» — 7338 тон. Атрад нарыхтаваў у гаспадарках раёна 30 тысяч 409 тон сiласаваных кармоў, у тым лiку сенажу — 18 902 тоны. Фiнансавыя ўлiваннi пазбавiлi калектыў райаграсэрвiсу ад хранiчнай запазычанасцi па плацяжах у бюджэт, выплаце заработнай платы. Верхнядзвiнцы iстотна прасунулiся наперад у вытворчасцi прадукцыi жывёлагадоўлi. Сярэднi надой малака ад каровы за 9 месяцаў склаў 3413 кiлаграмаў, цi 107 працэнтаў да адпаведнага перыяду 2005 года. На столькi ж прыраслi сярэднясутачныя прыбаўленнi ў вазе на адкорме буйной рагатай жывёлы i свiней. Адпаведна яны склалi 509 i 523 грамы. Прыбытак ад рэалiзацыi атрыманай прадукцыi павялiчыўся на 129 працэнтаў i склаў за адзначаны перыяд 1 трыльён 655 мiльярдаў рублёў. Рэнтабельнасць галiны ўзрасла на 14 працэнтаў i склала 8,8 адзiнкi. ЭКСКУРС У ДАЎНIНУ — У СВАЁЙ ВЁСЦЫ Аналiзуючы нафта-наўскi ўдзел у рэалiзацыi Дзяржаўнай праграмы па адраджэнню i развiццю вёскi, разлiчанай на 2005—2010 гг., намеснiк генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы i будаўнiцтву Iван Беларусаў лiчыць, што плён такой дапамогi вяскоўцы рэальна адчуваюць ужо цяпер. Многiя механiзатары пераселi на новую тэхнiку, жывёлаводы атрымалi ў карыстанне добрыя памяшканнi для дойнага статку, дзе i ўмовы працы, i ўтрыманне кароў iстотна лепшыя за ранейшыя. Чалавек працы выйграе ўдвайне — павышаецца заработная плата, настрой на работу з вышэйшым канчатковым вынiкам. Эфектыўнасць эканомiкi ў сваю чаргу абавязкова стымулюе сацыяльныя працэсы, якiя сёння iдуць у вёсцы. У Мiёрскiм раёне сутыкнулiся з цiкавым фактам. Праўленне ПУПКС «Мiёрскi» доўгi час знаходзiлася ў былым маёнтку пана Мiлаша, якi пабудаваў свой дом грунтоўна i арыгiнальна. Тут нават студня была ўнутры. Але адсутнасць сродкаў на рамонт будынка прывялi яго ў плачэўны стан, абвалiўся дах. Iнвестары з Наваполацка ўважлiва падышлi да праблемы, якая ўзнiкла для новага кiраўнiцтва гаспадаркi. Улiчылi i пэўную культурную каштоўнасць такой спадчыны. Вырашана поўнасцю аднавiць ранейшы фасад будынка, якi, магчыма, у будучым прыглянецца турыстам, а для работнiкаў канторы стварыць унутры належны офiсны сэрвiс. Работы ўжо вядуцца поўным ходам. Прараб Аляксандр Кастрыцкi таксама загарэўся даручанай справай, да вырашэння пастаўленай задачы аднёсся з энтузiязмам i разуменнем. Яго ўразiла, што дах быў зроблены без аднаго цвiка, на драўляных замках. «Пакiнем нашчадкам узор культуры мiнулага стагоддзя, побач з якiм за незалежнасць беларускага народа змагалiся i нашы бацькi i дзеды», — гаворыць ён. Сапраўды, каля панскай сялiбы iшлi няроўныя баi з ворагам у час Вялiкай Айчыннай вайны. На пастаменце помнiка «Вечная слава паўшым героям», якi пастаўлены перад фасадам канторы, — прозвiшчы загiнулых воiнаў. Сярод iх значацца сяржант I. Iгнатовiч, радавыя Б.Б. Бакевiч, П. Варанько, В. В. Жалняровiч, усяго 12 iмёнаў. Спецыялiсты вызначылi, што панскаму жыллю не менш як 120 гадоў. Яно яшчэ столькi ж будзе служыць чалавеку, бо сцены складзены з добрай цэглы, надзейна. Каб не сыпалася тынкоўка, не абвальвалася страха, вырашана выкарыстаць для рэканструкцыi обальскую цэглу. «Яна вельмi трывалая, — патлумачылi будаўнiкi, — нават для рамонту будынкаў i сцен маскоўскага Крамля яе бралi ў Обалi. Зробiм так, каб i ўнукi паглядзелi!». Яшчэ адзiн майстар будаўнiчых спраў Аляксандр Тарасевiч, якi курыруе рэканструкцыю фермы «Мiлашова», прызнаўся, што ўнутраныя работы будучай канторы зробiць з еўрапейскай якасцю, на сучасным узроўнi. Ён добра ведае, як гэтую справу выканаць. Расказваючы пазней аб убачаным у вёсцы намеснiку генеральнага дырэктара па iдэалогii i кадрах ААТ «Нафтан» Мiкалаю Калбасенку, знайшлi поўнае разуменне ў гэтага простага i шчырага суразмоўцы, выдатнага спецыялiста iдэалагiчнага фронту прадпрыемства. «На зямлi павiнен быць гаспадар, — зазначыў Мiкалай Аляксандравiч. — Важна, каб хлебаробы пастаянна адчувалi нашу падтрымку, як маральную, так i матэрыяльную. Толькi ў такiм выпадку ўзрасце iх зацiкаўленасць у эфектыўным выкарыстаннi ўкладзеных сродкаў». Падыходы да аказання шэфскай дапамогi цяпер мяняюцца: раней круглы год пераважна механiзатараў пасылалi на лiквiдацыю чарговай «запаркi» ў сельскагаспадарчай кампанii. Цяпер гэта выключэнне, хоць спецыялiсты рэдкiх прафесiй бываюць запатрабаванымi. Кiраўнiкi сельгаспрадпрыемстваў ужо самi зацiкаўлены ў большай аддачы атрыманых iнвестыцый. I кантроль за гэтым працэсам наладжваецца канкрэтны, як на месцы, так i з боку дзяржавы. Што да незвычайнай панскай пабудовы, то яна ў будучым аграгарадку (плануецца стварыць сацыяльную базу да 2009 года) не адна. Непадалёк месцяцца будынкi былой панскай канюшнi. I яны зроблены незвычайна, з прымяненнем мазаiчнай цаглянай кладкi, якая перажывае ўжо не першае стагоддзе, i можа быць аднесена да помнiкаў дойлiдства. Гледзячы на гэту прыгажосць, якая цудам захавалася ў гады лiхалецця, цяжка не выказаць занепакоенасцi за лёс цiкавай архiтэктуры. Пакуль жа тут знаходзяцца складскiя памяшканнi гаспадаркi, а пры разумным падыходзе i пошуку iнвестара можа быць культурна-турысцкi цэнтр, з тымi ж конямi цi якiм-небудзь iншым прызначэннем. ЗДАРОВАМУ ЎСЁ ЗДОРАВА Калектыў «Нафтана» можа па праву ганарыцца i яшчэ адным дасягненнем — захаваннем i ўмацаваннем сацыяльнай сферы свайго прадпрыемства. У свой час была створана выдатная iнфраструктура «нафтаграда», якой ганарылiся i яго працаўнiкi, i гарадскiя ўлады. Не горш тут справы i сёння. Генеральны дырэктар ААТ «Нафтан» Вячаслаў Якушаў, прымаючы журналiстаў «Звязды», падкрэслiў, што клопат пра людзей, якiя працуюць на прадпрыемстве, быў i застаецца галоўным напрамкам у рабоце. Маючы вялiкую хiмiю ў горадзе нафтаперапрацоўшчыкаў, ААТ «Нафтан» пастаянна выдзяляе сродкi на рэканструкцыю i мадэрнiзацыю гарадской бальнiцы, набыццё сучаснага медыцынскага абсталявання. Сёлета толькi на гэтыя мэты зрасходвана 2,2 мiльярда рублёў, не менш будзе выдаткавана i ў наступным годзе. Плануецца капiтальна адрамантаваць стары корпус санаторыя-прафiлакторыя «Прамень». «Сацыяльную сферу развiваем так, каб не было сорамна за свой горад», — зазначыў Вячаслаў Вiктаравiч. За ўвесь час вядомай перабудовы ў 80—90-х гадах прадпрыемства не адмовiлася i не перадало на бюджэт горада нiводнага сацыяльнага аб’екта. Выдатна функцыянуюць Палацы культуры, воднага спорту, спартыўны комплекс, дзiцячыя садкi, палiклiнiка, сталовыя i iншыя ўстановы абслугоўвання насельнiцтва. Частка пуцёвак на адпачынак у пiянерскi лагер, якi за змену прымае да 500 дзяцей, абавязкова перадаецца гораду. У сацыяльнай сферы занята 1,5 тысячы чалавек, амаль 20 працэнтаў ад усiх кадраў нафтавiкоў. Прыгажуном выглядае новы будынак санаторыя-прафiлакторыя, дзе працуе 6 урачоў i 20 сярэднiх медыцынскiх работнiкаў. Паправiць здароўе рабочыя i служачыя прадпрыемства могуць нават без адрыву ад працоўнай дзейнасцi па многiх захворваннях. Лячэбная ўстанова паспяхова прайшла дзяржаўную атэстацыю, ёй прысвоена 1-я катэгорыя. На высокiм прафесiйным узроўнi вядзецца лячэнне сардэчна-сасудзiстых захворванняў, парушэнняў органаў стрававання, нырак, верхнiх дыхальных шляхоў, радыкулiту, артрытаў, рэўматызму i дзесяткаў iншых недамаганняў. Сваё здароўе толькi ў гэтым годзе тут паправiлi каля тысячы працаўнiкоў, ветэранаў прадпрыемства. Наш гiд — урач рэфлексатэрапеўт Аляксандр Сарокiн з гордасцю прадэманстраваў абсталяванне для правядзення мiкрахвалевай рэзананснай тэрапii, якiм могуць пахвалiцца толькi рэдкiя медыцынскiя ўстановы сталiцы. Вялiкi клопат пра ўкараненне новых накiрункаў у лячэннi праяўляе галоўны ўрач санаторыя-прафiлакторыя Рудольф Майвандзi. Бездакорная чысцiня пакояў адпачынку, сталовай на 150 месцаў, працэдурных кабiнетаў дапамагае персаналу дабiвацца пастаўленай мэты ў лячэннi, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Пуцёўкi на аздараўленне ў санаторый, якi знаходзiцца за пяцьсот крокаў ад прахадной, атрымлiваюць i навучэнцы тэхнiкумаў i прафтэхвучылiшчаў, якiя ўваходзяць у сiстэму канцэрна «Белнафтахiм». Перспектывы развiцця медыцынскага абслугоўвання на прадпрыемстве звязаны з рэканструкцыяй старога будынка санаторыя-прафiлакторыя, якая пачалася сёлета. Будзе адкрыта стаматалагiчнае аддзяленне, новыя кабiнеты функцыянальнай i ўльтрагукавой дыягностыкi, эндаскапii, дзённы стацыянар на пяць ложкаў. Прадугледжваецца ўстаноўка камп’ютарнага тамографа, якi дасць магчымасць абследаваць хворых не толькi свайго прадпрыемства, але i ўсяго блiжэйшага рэгiёна Вiцебшчыны. Але, як адзначалi многiя суразмоўцы, нафтавiкi больш увагi ўдзяляюць здароваму ладу жыцця, заняткам спортам i турызмам. Эфектыўна выкарыстоўваюцца шматлiкiя спартыўныя збудаваннi, пляцоўкi, цэнтры аздараўлення, Палац воднага спорту, якi з’яўляецца адным з лепшых у рэспублiцы. Тут падрыхтаваны многiя чэмпiёны i прызёры свету, Еўропы, Рэспублiкi Беларусь. Дастаткова назваць iмёны заслужаных майстроў спорту, чэмпiёна свету i Еўропы Алега Дзевятоўскага, Кубка свету Юрыя Рыкцера, чэмпiёна свету Аляксея Жарнасека, прызёркi чэмпiянату Еўропы Святланы Урбан, чэмпiёнкi маладзёжнага чэмпiянату Еўропы Марыi Верамчук. У 37-метровай чашы Палаца трэнiруюцца водныя лыжнiкi нацыянальнай каманды, будучыя чэмпiёны. Трэнеры Таццяна, Аркадзь i Уладзiмiр Генавы падрыхтавалi таксама перспектыўнага 17-гадовага воднiка Германа Белякова, якi стаў 8-разовым пераможцам першынства Еўропы, чэмпiёнам свету сярод юнiёраў, валодае ўнiкальнымi прыёмамi выканання сальта, што ўмеюць рабiць толькi лiчаныя спартсмены ў свеце. Дырэктар Палаца воднага спорту «Садко» Юрый Мялешка расказаў, што iх басейн ахвотна наведваюць як прафесiянальныя спартсмены, так i ўсе тыя, хто хоча навучыцца плаваць, быць заўсёды ў выдатнай спартыўнай форме. Трэнеры працуюць тут штодзённа з 7 да 22 гадзiн, вучаць пяцiгадовых i дзяцей любога iншага ўзросту плаванню ў спецыяльным «лягушатнiку», працуюць з навучэнцамi спецыялiзаванай ДЮСШ. Акрамя гэтага ў Палацы можна займацца аэробiкай, культурызмам, фiтнэсам, усходнiмi адзiнаборствамi. Дарэчы, сам Юрый Альбертавiч — чэмпiён рэспублiкi па культурызму сярод ветэранаў, а падрыхтаваны тут Аляксей Шабуня цяпер дастойна прадстаўляе нашу краiну на мiжнароднай арэне. Нягледзячы на тое, што спартыўны водны комплекс мае добры стан (дарэчы, заслуга калектыву, якi сочыць за станам вады, памяшканняў, даху), у блiжэйшым будучым Палац чакае грунтоўная рэканструкцыя. Яго дырэктар расказаў, што рыхтуецца праект, якiм будзе прадугледжана надаць будынку самы сучасны выгляд, а ў басейне ўстанавiць найноўшае абсталяванне, што дазволiць пашырыць комплекс паслуг для насельнiцтва, а таксама рыхтаваць спартсменаў высокага класа для ўдзелу ў прэстыжных спаборнiцтвах. Прадпрыемства актыўна развiвае турыстычную галiну. База, якая iснуе не першы год i прымае сотнi сваiх турыстаў, сёлета пашырана, умацавана матэрыяльна iнвентаром — палаткамi, матрацамi, рукзакамi i iншым рыштункам, якi можна атрымаць напракат, каб добра адпачыць на ўлоннi прыгажэйшага беларускага краю, дзе нясе свае воды Заходняя Дзвiна, клiчуць да сябе сотнi малых i вялiкiх азёр. Гасцiнная полацкая зямля неаднойчы прымала слынных прадстаўнiкоў з многiх куткоў свету. Зразумела, што хлебасольства для iх перш за ўсё вызначаецца ўзроўнем гасцiнiчнага i рэстараннага сэрвiсу. «I мы гэта добра разумеем, — адзначыла начальнiк грамадска-iнфармацыйнага аддзела ААТ «Нафтан» Людмiла Мацясовiч. — Гэтая сфера павiнна стварыць чалавеку добры настрой, жаданне пабываць у нас яшчэ не раз». Менавiта па такому прынцыпу на прадпрыемстве падыходзяць да ацэнкi работы гасцiнiчнага комплексу, рэстарана, падбору кадраў для iх. Людмiла Казiмiраўна прывяла характэрны прыклад. Калi ў Полацк прыехаў Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi Алексiй II, абслугоўваць яго на абедзе павiнен быў спецыяльны паслушнiк. Аднак штосьцi не заладзiлася i давялося важную справу даверыць афiцыянту рэстарана гасцiнiцы «Нафтан» Сяргею Жыню. Ён ужо дзесяць гадоў працуе ў калектыве i здольны абслужыць гасцей па самаму высокаму класу. Так здарылася i з першай духоўнай асобай Расiйскай праваслаўнай царквы. За бездакорнае выкананне ўсiх канонаў у час цырымонii абеду Алексiй II падзякаваў яму асабiста, выказаў захапленне стравамi, падрыхтаванымi поварамi рэстарана. Зусiм нядаўна нафтавiкi прымалi прадстаўнiчую дэлегацыю ўдзельнiкаў 30-й сесii Парламенцкага Сходу Саюза Беларусi i Расii. Гасцей было вельмi шмат, але высакакласныя спецыялiсты рэстарана гасцiнiцы «Нафтан» зноў аказалiся на вышынi. Прапанаваныя вытанчаныя кулiнарныя стравы былi ацэнены многiмi дэпутатамi. Выдатны сэрвiс стварае добры iмiдж i гасцiнiцы, i рэстарану. Тут заўсёды шмат клiентаў, што выгадна прадпрыемству. Па-ранейшаму будуецца за кошт прадпрыемства i жыллё. Па 100 кватэр штогод. Яшчэ зусiм нядаўна ўсё яно бясплатна перадавалася тым, хто стаяў на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Зараз жа, паведамiў Мiкалай Калбасенка, кватэры прадаюцца ў растэрмiноўку пад невялiкiя, да 5 працэнтаў, крэдыты банкаў на некалькi гадоў. Такая практыка захаваецца i надалей, завод пакiдае за сабой праектаванне дамоў, iх эксплуатацыю, а КIЗы (кааператывы iндывiдуальных забудоўшчыкаў) будуць выконваць свае задачы па ўтрыманню жылля. Адны гаспадарскiя рукi на яго будаўнiцтве значна змяншаюць выдаткi i кошт новых кватэр, на што звяртае ўвагу кiраўнiк нашай дзяржавы. У свой час «Нафтан» пры выкананнi праграмы будаўнiцтва жылля ў вёсцы адмовiўся ад паслуг розных падрадчыкаў, стварыў свае брыгады, якiя здаюць «пад ключ» якаснае жыллё, затрачваючы пры гэтым менш сродкаў. ЗАЎТРА СТВАРАЕЦЦА СЁННЯ Можна зрабiць пэўныя высновы са сказанага: як i ўся наша краiна, самая паўночная вобласць рэспублiкi знаходзiцца ў пастаянным пошуку дынамiчнага шляху развiцця сельскагаспадарчай вытворчасцi. Да гэтага прымушае i геаграфiчнае становiшча — земляробства вядзецца ў рызыкоўнай зоне, жывёлаводы, каб павысiць прывагi i надоi, бяруць у саюзнiкi нават мароз. У Пастаўскiм раёне Герой Сацыялiстычнай Працы Алег Валадзько не першую зiму трымае бычкоў i свiней на адкорме прама ў полi. Але каб прыйсцi да такой тэхналогii i нiчога не страцiць, таксама патрэбен немалы вопыт гаспадарання. Аб гэтым гаварылi ўсе нашы суразмоўцы, з кiм давялося сустрэцца падчас гэтай камандзiроўкi. Нi хлеба не намалоцiш, нi сала не нагадуеш без тэхнiчнай аснашчанасцi вытворчасцi. Мусiць, верхнядзвiнскiя камбайнеры таму i атрымалi падзяку Прэзiдэнта, што за апошнiя два гады падвоiлi машынны патэнцыял для абмалоту збожжа. Гэта магiстральны шлях ва ўмовах рынкавай эканомiкi. Пра гэта нам сказалi генеральны дырэктар Вячаслаў Якушаў падчас сустрэчы з iм, а таксама механiзатар ПУПКС «Мiёрскi» Юрый Марцiлёнак, якi 11 гадоў адпрацаваў на старым «Кiраўцы», а цяпер перасеў на сапраўдны волат — маркi К-744Р1. Такая тэхнiка пакуль адзiная ў раёне. Умелыя рукi механiзатара яшчэ дасканала правераць кожную яе дэталь. Але i сёння ён упэўнены, што любое заданне дырэкцыi на роднай зямлi выканае без затрымкi. А высокая прадукцыйнасць колавага трактара — залог i добрых заробкаў. «Нафтан» зусiм нядаўна правёў першы этап карэннай мадэрнiзацыi сваёй вытворчасцi, каб забяспечыць раўнапраўную канкурэнцыю сваёй прадукцыi на сусветным рынку. I экалагiчныя задачы прымушаюць рабiць гэта. Сёння ўдзельная вага «Нафтана» ў агульным аб’ёме вытворчасцi канцэрна «Белнафтахiм» дасягае 27 працэнтаў. Таму дзейсную дапамогу вёсцы калектыў разглядае як свой ганаровы ўклад у вырашэнне праблем сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасцi, ва ўмацаванне харчовай бяспекi краiны. Рэпутацыю надзейнага партнёра вяскоўцаў ААТ «Нафтан» не губляе. Вiктар ПАЗНЯКОЎ, Сяргей ЛIСОЎСКI. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новыя яго iнвестыцыi сталi асновай росту аграрнай галiны цэлага раёна
|
|