Тут вучаць высакародству i гераiзму
Iрына ПРЫМАК
50 гадоў таму адбыўся першы выпуск мiнскiх сувораўцаў
Упершыню ў Мiнскае сувораўскае ваеннае вучылiшча я трапiла ў час канiкулаў, таму не здзiвiлася, што тут панавала цiшыня. Аднак калi прыйшла сюды праз некалькi дзён — зноў не было вiдна бегатнi на перапынках, не чуваць грукату, хоць канiкулы скончылiся: у адрозненне ад большасцi вучняў сувораўцы — вельмi дысцыплiнаваныя i выхаваныя юнакi. Атмасфера ў вучылiшчы сапраўды не падобная на школьную. Нават падалося, што акрамя заведзенага тут распарадку дня i асобых правiлаў паводзiнаў, асаблiвы тон хлопцам задаюць партрэты вядомых военачальнiкаў, якiя вiсяць у калiдоры. Асаблiва мне запомнiлася строгая дакладнасць на кантрольна-прапускным пункце. Наогул завiтала я ў Мiнскае СВВ па некалькiх прычынах: 6 лiстапада 1953 года вучылiшча якраз было створана, сёлета споўнiлася 50 гадоў з таго часу, як адбыўся першы выпуск (80 чалавек). Акрамя таго, у гэтым годзе шмат чаго адбылося ўпершыню: мiнскiя сувораўцы выйгралi Кубак на мiжнародным конкурсе сярод прадстаўнiкоў сувораўскiх вучылiшчаў i кадэцкiх карпусоў краiн СНД па законах i звычаях вайны «Палкаводзец Сувораў-2», першы раз трапiлi на рэканструкцыю Барадзiнскай бiтвы, з гэтага года ў МСВВ з’явiўся спартыўны клас (у гэтым годзе — футбольнага накiрунку, але плануецца развiваць i гандбол, бiятлон, стральбу, плаванне, барацьбу). Была i яшчэ адна вельмi цiкавая падстава для размовы з начальнiкам вучылiшча, палкоўнiкам Мiкалаем Скобелевым. Гранатай не спужаеш У Мiкалая Вiтальевiча Скобелева я пацiкавiлася, колькi часу праходзiць, пакуль падарвецца граната. «З якой нагоды?» — здзiвiцца хтосьцi. Хутка зразумееце. Выявiлася, што ў сярэднiм праходзiць 4 секунды. «Вось значыць, якi спрытны аказаўся выхаванец Мiнскага сувораўскага вучылiшча, гвардыi капiтан Сяргей Сухавiла, калi сёлета выратаваў ад смерцi радавога Андрэя Коўгара», — падумалася. Калi нехта не ў курсе, нагадаю: салдат выпусцiў з рук гранату, а Сухавiла зрэагаваў з хуткасцю маланкi — выкiнуў таварыша з акопа, выратаваўшы ад смяротных асколкаў. «У нас не адзiн такi герой, як Сухавiла, якi, дарэчы, ужо маёр, — з гонарам заўважыў палкоўнiк Скобелеў. — Нездарма наша вучылiшча знаходзiцца сярод перадавых устаноў адукацыi i 12 разоў заваёўвала бронзавы бюст Аляксандра Суворава, зацверджаны Мiнiстэрствам абароны СССР. Гэты ганаровы прыз звычайна перадаецца, але ў нас застаўся назаўжды». Дарэчы, за 53-гадовую гiсторыю вучылiшча падрыхтавала каля 12 тысяч выпускнiкоў (за час суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь — 2035), прычым 34 з iх сталi генераламi. Звыш 250 выхаванцаў узнагароджаны баявымi ордэнамi i медалямi за ўдзел у баявых дзеяннях у Афганiстане, Беслане і iншых гарачых кропках. Нядаўна размаўлялi з Напалеонам. Па-руску Сёлета мiнскiя сувораўцы ўпершыню трапiлi на рэканструкцыю Барадзiнскай бiтвы, дзе давялося пабачыць i Кутузава, i Напалеона. Зразумела, не сапраўдных, але ўсё, калi верыць сведку, маёру Сяргеенку, выглядала вельмi натуральна: «Стаялi лагеры французскай i рускай армiй. Усё было так, як i ў 1812 годзе — вопратка i нават палаткi былi ўзору таго часу. У рэканструкцыi бралі ўдзел прыкладна паўтары тысячы чалавек i, зразумела, гiсторыю не перапiсвалi — перамаглi нашы». Артур Аляксандравiч таксама растлумачыў, чаму наогул арганiзатары вырашылi запрасiць беларусаў: у Барадзiнскай бiтве змагалiся мiнскi, вiцебскi, полацкi, нясвiжскi палкi. Дарэчы, на рэканструкцыi вялiкай бiтвы з беларускага боку пабываў i патрыятычны клас сярэдняй школы № 9 горада Слонiма. Цiкава было пачуць уражаннi віцэ-сяржанта Плашчынскага Валянціна: «Ведаю, што замежныя госцi плацiлi вялiкiя грошы, каб паглядзець на вайну 1812 года, а нам прадаставiлi такую магчымасць задарма. Мне спадабалася, што там мы больш з’ядналiся, асаблiва, калi раптам ноччу пайшоў дождж i трэба было хутка знайсцi дровы i сушыцца. На жаль, не давялося пагутарыць з Кутузавым, а вось з Напалеонам атрымалася, прычым ён размаўляў на рускай мове». Вартыя Кубка У кастрычнiку каманда Мiнс-кага СВВ (сувораўцы Маркевiч Дзмiтрый, Тарасевiч Павел, старшы вiцэ-сяржант Быкаў Павел i настаўнiк маёр Русак М.М.) адправiлася ў Санкт-Пецярбург на мiжнародны конкурс «Сувораў-2» — на лепшае веданне i выкарыстанне нормаў мiжнароднага гуманiтарнага права. Таксама спаборнiчалi прадстаўнiкi Екацерынбурга, Казанi, Масквы, Омска, Адэсы, Ульянаўска i Цверы. Цiкава, што пры роўнай колькасцi балаў у цвярчан i мiнчан беларусы самi падаравалi перамогу сапернiкам: узнялi таблiчкi з адзнакай 5,5. Журы не разгубiлася i паставiла на першае месца, каго прасiлi нашы юнакi, але Кубак паехаў у Мiнск за высакародства беларусаў. Акрамя таго ўсiх прысутных уразiла, якiмi словамi нашы сувораўцы адрэагавалi на заваяванне трафея: «Служу Рэспублiцы Беларусь!» «Мы проста не маглi не сказаць журы, што цвярская каманда мацнейшая за нас, — растлумачыў капiтан беларускай каманды Павел Быкаў. — Калi яны прыехалi да нас у госцi ў Мiнск перад конкурсам, мы папрасiлi нам дапамагчы рыхтавацца, i яны маглi адмовiцца, бо мы ж iх канкурэнты, але падказалi патрэбную лiтаратуру i не кiнулi нас. Гэта таксама высакародства». Аднак беларусы сапраўды заслужылi Кубак: яны адзiныя, хто рашыўся агледзець аўтамабiль Мiжнароднага камiтэта Чырвонага Крыжа (санiтарныя машыны звычайна не аглядваюцца, але ў вадзiцеля не аказалася тэхпашпарта, таму хлопцы палiчылi агляд аўто дазволеным) i знайшлi... нож, аб якiм не ведалi нават арганiзатары (яго выпадкова пакiнуў у машыне яе гаспадар). Акрамя таго, мiнчане атрымалi максiмальныя 10 балаў за свае правiльныя дзеяннi: здагадалiся праверыць параненага ворага i знайшлi ў яго гранату, а iншыя каманды адразу кiдалiся аказваць яму дапамогу, а той радасна казаў, што яны знiшчаны. Калi я пацiкавiлася ў Паўла Быкава, чаму ён наогул выбраў сувораўскае вучылiшча, юнак узгадаў, як бачыў у дзяцiнстве ў парку сувораўцаў i таму вельмi хацеў стаць адным з iх, ды i прыклад бацькi паўплываў на выбар (ён ваяваў у Афганiстане, мае Ордэн баявога Чырвонага Сцяга).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
50 гадоў таму адбыўся першы выпуск мiнскiх сувораўцаў |
|