Гэта ўсё — каханне
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Запрашальнiк Нарэшце «беларускi грузiн», тэмпераментны спявак Тарыел Майсурадзе растлумачыў народу, як правiльна разумець ягоны хiт «Это всё любовь моя глупая». Трэба ўсяго толькi паставiць коску перад апошнiм словам!А хто мне не верыць, можа сам усё пачуць 17 лiстапада на сольным канцэрце Майсурадзе, якi так i называецца — «Гэта ўсё каханне маё». Спявак «замахнуўся» на КЗ «Мiнск» i паабяцаў прыхiльнiкам, па-першае, стопрацэнтна жывую музыку, па-другое, адказы на ўсе пытаннi, якiя прагучаць з залы. А яшчэ чакаецца барабаннае шоу, у якiм змогуць узяць удзел самi гледачы. Упершыню Тарыел Майсурадзе прадставiць уласную студыю — калектыў прафесiйных музыкантаў, якiя доўга «абкатвалiся» на жывых канцэртах. У прыватнасцi, са спявачкай Маргарытай Лурдж запiсаны некалькi дуэтаў, якiя i прагучаць на канцэрце. Яшчэ адна вядомая спявачка не заяўлена ў афiшах, яе артысты прыберагаюць у якасцi сюрпрызу. Праз нейкi час пасля прэзентацыi канцэртнай праграмы, прыкладна напрыканцы студзеня 2007 года, стартуе вялiкi гастрольны тур студыi Тарыела Майсурадзе па Беларусi, Украiне i Лiтве. Прычым у кожнай краiне абавязкова прагучаць песнi на нацыянальных мовах. А яшчэ мы з вамi мусiм хутка ўбачыць спевака ў новым амплуа: за мiнулы год Тарыел паспеў зняцца ў некалькiх расiйскiх фiльмах. Двухсерыйны трылер «Сцiкс», дзе артысту дасталася роля следчага пракуратуры, запланаваны для паказу на канале РТР у лютым—сакавiку наступнага года. Прыкладна на сакавiк намечана i прэм’ера серыяла «Супермаркет». Дэтэктыўны серыял «Пантэра», дзе беларускi спявак «пераквалiфiкаваўся» ў наркабарона, яшчэ знаходзiцца ў стадыi вытворчасцi. А Тарыел тым часам ужо атрымаў прапановы налета зняцца ў 4—5 карцiнах. Сонца скрозь музыку Iмя кампазiтара Уладзiмiра Кандрусевiча знаёмае беларускiм меламанам ужо не год i не два, а... трыццаць. На яго рахунку — напiсанне музыкi да 3 балетаў, 45 кiнафiльмаў i больш як 100 спектакляў, якiя паспяхова iдуць у тэатрах Расii, Беларусi, Лiтве, Польшчы, Германii. Тым не менш аўтарскi вечар «Сонца скрозь лiстоту», якi адбудзецца 17 лiстапада ў Беларускiм дзяржаўным музычным тэатры, у творчай бiяграфii маэстра першы. — Мая музыка запатрабаваная ў тэатрах, i раней проста не было часу задумацца, цi патрэбны мне аўтарскi вечар, а тым больш арганiзаваць яго, — тлумачыць кампазiтар. Назву канцэрта дала песня, якая гучала ў 1969—70 гг i передавала тое адчуванне свабоды i любовi, якое Уладзiмiр Пятровiч i зараз стараецца захаваць. Павiншаваць маэстра з 30-годдзем творчай дзейнасцi збярэцца сапраўды зорны склад артыстаў з вядучых беларускiх тэатраў — Тэатра юнага гледача, Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii, «коласаўцы», «купалаўцы» i г.д. Гэтаксама чакаюцца салiсты аперэты Наталля Гайда, Арнольд Ранцанц, Валянцiна Пятлiцкая, вядучыя балетныя танцоры Юрый Дзятко, Канстанцiн Кузняцоў i многiя iншыя знакавыя асобы. У праграме — сцэны з балета «Мефiста», мюзiклаў «Шклянка вады», «Джулiя», «Небяспечныя сувязi». Акрамя таго, песнi Уладзiмiра Кандрусевiча выканаюць зусiм маладыя артысты — выхаванцы прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», у якiм Уладзiмiр Пятровiч з’яўляецца мастацкiм кiраўнiком. Плануецца, што тэлеканал АНТ падрыхтуе тэлеверсiю аўтарскага вечара, якая i будзе прапанавана шырокаму колу гледачоў у хуткiм часе. P.S. Дарэчы, ёсць ва Уладзiмiра Кандрусевiча мара — напiсаць сучасны мюзiкл. Таму аўтары, якiя, на iх думку, могуць прапанаваць вартыя сцэнарыi, запрашаюцца да супрацоўнiцтва. Можна дасылаць прапановы на адрас нашай рэдакцыi, а мы абавязкова перададзім iх кампазiтару.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нарэшце «беларускi грузiн», тэмпераментны спявак Тарыел Майсурадзе растлумачыў народу, як правiльна разумець ягоны хiт «Это всё любовь моя глупая». Тр |
|