Аляксандр Уласаў: «Усё жыццё я працаваў бясплатна — як мог, дапамагаў простым людзям...»
Таццяна ПАДАЛЯК
100 гадоў таму пачала выходзiць «Наша нiва» — штотыднёвая грамадска-палiтычная, навукова-асветнiцкая i лiтаратурна-мастацкая газета, якая стала знакавай з’явай у гiсторыi i культуры Беларусi. Хоць газета выходзiла менш за дзесяцiгоддзе — да жнiўня 1915-га (яе выданне было спынена ў сувязi з наблiжэннем фронту Першай сусветнай вайны)...
«Наша нiва» на той час была адзiнай легальнай газетай на беларускай мове. Яна арыентавалася на абарону свабод працоўнага народа, адстойвала права беларусаў на самастойнае нацыянальна-гiстарычнае развiццё. Была цэнтрам лiтаратурнага жыцця Беларусi: на яе старонках упершыню пабачылi свет многiя творы Я. Купалы (з 1914 г. ён быў рэдактарам газеты), Я. Коласа, М. Багдановiча, Цёткi, З. Бядулi, Ц. Гартнага, М. Гарэцкага, К. Буйло, А. Гаруна... Газета зрабiла велiзарны ўклад у станаўленне i развiццё беларускай лiтаратурнай мовы, на яе старонках вялiся цiкавыя дыскусii па праблемах развiцця роднай мовы i лiтаратуры. Гiсторыкi сцвярджаюць, што падпiсваўся на газету сам Максiм Горкi: ён лiчыў, што «Наша нiва» дае чытачу «многа цiкавага»... Адным з рэдактараў-выдаўцоў «Нашай нiвы» быў Аляксандр Мiкiтавiч УЛАСАЎ. Ён называў сябе «беларускiм iнтэлiгентам» — i сапраўды быў беларускiм iнтэлiгентам, адметным дзеячам беларускага вызваленчага руху. Хоць сам Аляксандр Уласаў быў... рускiм чалавекам. Мiжволi напрошваецца аналогiя з нашым выдатным музыкантам-песняром, збiральнiкам, прапагандыстам i захавальнiкам беларускага фальклору i нацыянальнай песеннай спадчыны — таксама рускiм чалавекам Уладзiмiрам Мулявiным. Што ж за людзi мы такiя, беларусы, што не ўмеем належным чынам цанiць i ганарыцца сваiм — спрадвечным?.. Нашчадкаў Аляксандра Уласава засталося няшмат (родных дзяцей у яго не было). Ашчадна захоўвае памяць пра свайго стрыечнага дзядулю Рыма Iгараўна ГIРЫЛОВIЧ — яе дзед Павел быў родным братам Аляксандра. — У сям’i заўсёды з гонарам ставiлiся да ўсяго, што рабiў Аляксандр Мiкiтавiч. Бо лiчылася: мiсiя Уласавых — узнiмаць беларускую культуру, — расказвае Рыма Iгараўна. — Аляксандр Мiкiтавiч быў чалавекам надзвычай цiкавым, неардынарным. Ведаў польскую, англiйскую, нямецкую, французскую мовы. Ён нарадзiўся ў 1874 г. у Вiлейцы. У 1905-м скончыў полiтэхнiчны iнстытут у Рызе. У час рэвалюцыi 1905—1907 гг. уключыўся ў грамадска-палiтычную барацьбу: арганiзоўваў забастоўкi ў Радашковiцкiм павеце, у Мiнску, браў удзел у нелегальным настаўнiцкiм з’ездзе, быў адным з арганiзатараў Беларускай сацыялiстычнай грамады (БСГ), iнiцыятарам стварэння i рэдактарам-выдаўцом «Нашай нiвы». За публiкацыi супраць самадзяржаўя ён не раз прыцягваўся да судовай адказнасцi, а ў 1909-м нават быў асуджаны на 4 месяцы зняволення. * * * Ён, як нiхто, умеў сплачваць вакол сябе творчых, таленавiтых людзей. I аб’ядноўвалi iх не нейкiя iлюзорныя прывiды «чыстага мастацтва», а боль і клопат за свой народ, яго будучыню. * * * — Аляксандр Уласаў заахвоцiў да працы ў рэдакцыi многiх лiтаратараў, вёў актыўную перапiску... — У кнiзе Якуба Коласа «У палескай глушы» апiсваецца рэдактар Уласюк — вобраз «спiсаны» з Аляксандра Уласава: «...Неўзабаве ў рэдакцыю прыйшоў i сам рэдактар, высокi, плячысты, з пышнымi чорнымi вусамi. Вiдаць, перад адзяваннем рэдактар чапляў на вусы навуснiкi, а канцы iх, туга нацягнуўшы, завязваў на патылiцы i так хадзiў з гадзiну, каб прыдаць вусам пажаданы для iх уласнiка выгляд. Свайму знешняму выгляду рэдактар надаваў немалое значэнне». Якуб Колас успамiнаў Уласава як свайго «духоўнага бацьку». Менавiта ён прапанаваў пачынаючаму паэту — а тады настаўнiку без пасады (пасля настаўнiцкага з’езда ў Мiкалаеўшчыне ў 1906 г.) — куток у рэдакцыi i капейку на пражыццё. Аднойчы ў вагоне 3-га класа Уласаў пачуў ад сялян з Мiкалаеўшчыны, што ў iх мясцiнах ёсць настаўнiк, якi «смешна пiша i чытае па-нашаму». А праз нейкi час на з’ездзе настаўнiкаў у Мiнску гэты настаўнiк чытаў свае вершы. Аляксандр Мiкiтавiч адзначаў: тады ўсе зразумелi, што «перад намi ўзыходзячая зорка беларускай паэзii». — Рыма Iгараўна, у выданне «Нашай нiвы» Аляксандр Уласаў уклаў нямала ўласных сродкаў? — Дык ён жа, па сутнасцi, на свае стродкi ўтрымлiваў i выпускаў газету. Для яго гэта было справай жыцця. * * * З якой асалодай перачытваю факсiмiльнае выданне «Нашай нiвы»! Шкадую, што маю не ўсе тамы. У канцы 80-х у магазiне «Падпiсныя выданнi» я падпiсалася на гэты «збор твораў». Дзесьцi i зараз захоўваецца квiток-перадаплата — 3 рублi (савецкiя), немалыя на той час грошы... Аднак жа пра мяне забылiся ( мо таму, што змянiўся статус дзяржавы?), за факсiмiльнай «Нашай нiвай» я «палявала» ў кнiгарнях. Тыраж выдання быў усяго 1000 экзэмпляраў. А чаму б не паўтарыць той вопыт?.. * * * — «Нашай нiвай» выдавецка-публiцыстычная праца Уласава не абмежавалася... — У 1912 г. ён наладзiў выданне сельскагаспадарчага часопiса на беларускай мове «Саха», у 1914 г. — краязнаўчага часопiса для дзяцей i моладзi «Лучынка». — Рускi чалавек быў беларускiм патрыётам! Увогуле лёс сям’i Уласавых вельмi цесна пераплёўся з лёсам Беларусi... Рыма Iгараўна паказвае на партрэт, што вiсiць на сцяне: — Гэта мой прапрадзед Аляксей Iванавiч Уласаў, выхадзец з пецярбургскiх дваран. Яго прыслалi сюды ў 1827 г., ён быў святаром праваслаўнай царквы пры вiленскай паштовай канторы. Яго сын Мiкiта спачатку быў начальнiкам пошты ў Табольску, а потым працягнуў паштовую службу ў Вiлейцы, Вiльнi i Пiнску. Мiкiта меў пяць сыноў i пяць дачок. Захаваўся здымак маёй прабабкi Алены Адамаўны — яна трымае дачушку Марусю, якая неўзабаве памерла. Дарэчы, пасля смерцi брата Георгiя Аляксандр апекаваў яго дзяцей. Многае ў жыццi гэтага ўнiкальнага чалавека звязана з фальваркам Мiгаўка пад Радашковiчамi. Яго набыў яшчэ бацька, Мiкiта. Чатыры браты адмовiлiся ад надзелу на карысць Аляксандра (ён iм сплачваў грашыма), а на лета ўсе прыязджалi туды. Спектакль «Паўлiнка» быў упершыню пастаўлены ў Мiгаўцы, у садзе Уласава. — Уласавы параднiлiся з вядомым мовазнаўцам Бранiславам Тарашкевiчам? — Гэта муж бацькавай стрыечнай сястры — пляменнiцы Аляксандра Мiкiтавiча. Тарашкевiч часта заязджаў у Мiгаўку да Уласава, там i пазнаёмiўся з Верай Андрэеўнай... — А чым займаўся ваш дзядуля, Павел Мiкiтавiч? — Ён быў афiцэрам, у 1918 г. перайшоў на бок рэвалюцыi. З 1921-га яго сям’я жыла ў Мiнску, у доме на вулiцы Суражскай — у час вайны хата згарэла, на тым месцы зараз завод медпрэпаратаў. З агню мацi выхапiла толькi некалькi фотаздымкаў i кубак 1896 г. — з каранацыi Мiкалая II (дзядуля курсантам быў на Хадынскiм полi). — У сям’i Уласавых гаварылi па-беларуску? — Безумоўна. Адносiны да мовы былi трапяткiя. Скажу шчыра, мне зараз крыху сорамна: калi размаўляю з кiмсьцi з пiсьменнiкаў, часам бывае цяжка адшукаць патрэбнае беларускае слова. А пасля вайны, калi пайшла ў другi клас, наогул не ведала рускай мовы: у дыктоўцы пiсала не «груши», а «iгрушы». Мой бацька-франтавiк быў iнвалiдам, маленькую пенсiю атрымлiваў, тым не менш наняў мне рэпетытара па рускай мове. — Рыма Iгараўна, а чаму вы не пакiнулi «радавое» прозвiшча? — Муж перад вяселлем прапаноўваў пакiнуць прозвiшча Уласава — ён добра ведаў гiсторыю нашай сям’i. Але мая мацi была катэгарычна супраць: маўляў, праз прозвiшча жанчына прывязана да мужа. Муж Рымы Iгараўны — Мiкалай Пятровiч Гiрыловiч — нядаўна пайшоў з жыцця. Пастаянныя чытачы «Звязды» яго добра ведалi: гэта адзiны выжыўшы жыхар вёскi Дальва, якую фашысты знiшчылi за некалькi дзён да вызвалення. Мемарыял у Дальве — справа жыцця патрыёта-падзвiжнiка Гiрыловiча. А зараз гэта галоўны клопат Рымы Iгараўны... * * * — Вось здымак Аляксандра Уласава 1929 года з аўтографам — якi прыгожы, магутны чалавек!.. — I сапраўды, ён быў высокi, моцны. Шырачэзныя далонi... Бацька расказваў, за раз дзядзька Саша мог з’есцi яешню з 10 яек, выпiць лiтровы збан малака. — Як склалася яго асабiстае жыццё? — Ажанiўся ён позна, у 1926 годзе — было яму за 50. Ён увогуле не збiраўся жанiцца. — Чаму? — Увесь час займаўся грамадска-культурнай дзейнасцю. Яго жонка, Аляксандра, была маладзейшая, ужо мела двух сыноў-блiзнят. Уласаў iх усынавiў, даў сваё прозвiшча. * * * ...У паэме «Сымон-музыка» Якуб Колас напiсаў радкi, якiя, як паказала жыццё, i пра Аляксандра Уласава таксама. Эх, чаго нам нi прыйшлося, Брацце мiлыя, ужыць! Колькi талентаў звялося, Колькi iх i дзе ляжыць Невядомых, непрызнаных, Не аплаканых нiкiм, Толькi ў полi адспяваных, Ветру посвiстам пустым! Дык хiба ж мы праў не маем, Сiлы шлях свой адзначаць I сваiм уласным краем Край свой родны называць? * * * — У 1921 годзе Беларусь была падзелена на дзве часткi. Па-жывому... Уласаў апынуўся на тэрыторыi Заходняй Беларусi. За спробу адкрыцця ў Радашковiчах беларускай гiмназii быў арыштаваны польскiмi ўладамi i змешчаны ў канцлагер у Стшалкове. I ўсё ж гiмназiя iмя Ф. Скарыны была створана, працавала з 1922 па 1929 г. Аляксандра Уласава вучнi памiж сабой называлi «дзядзька Гром» — за гучны бас. Дарэчы, ён быў актыўным членам Таварыства беларускай школы, засядаў у польскiм сойме як пасол ад радашковiцкiх сялян. Ён змагаўся за Беларусь, за мову. Абураўся, што палякi цiснуць, топчуць беларушчыну. Ён дамагаўся, каб дзецi беларусаў мелi магчымасць вучыцца на роднай мове, патрабаваў перакласцi цяжар падаткаў на плечы заможных, не насаджаць на беларускiх землях польскае чыноўнiцтва, падтрымлiваў Бранiслава Тарашкевiча ў тым, каб быў створаны рабоча-сялянскi ўрад i Заходняя Беларусь далучылася да БССР. У канцы 1928 г. польскiя ўлады пачалi лiквiдацыю нацыянальных школ у Заходняй Беларусi. У знак пратэсту супраць гэтых рэпрэсiй успыхвалi школьныя забастоўкi, у тым лiку i ў Радашковiцкай гiмназii. За ўдзел у хваляваннях былi выключаны самыя актыўныя гiмназiсты, у тым лiку i Яўген Скурко — будучы паэт Максiм Танк. У 1929 г. палякi закрылi гiмназiю, якую называлi «камунiстычнай». Сам Аляксандр Уласаў пiсаў пра гэта 25 верасня 1939 года ў лiсце да старшынi Сычэвiцкага сельскага Савета Пятра Шлойды: «З велiзарнымi цяжкасцямi адкрыў-такi гiмназiю ў Радашковiчах. За 8 гадоў прайшло праз гiмназiю 860 чалавек сялянскай моладзi i 120 скончыла. 860 чалавек улiлося ў цёмную вёску. Гэты актыў папоўнiў рады КПЗБ. У гiмназii былi ўвесь час камсамольскiя арганiзацыi па ўзгадненню з камунiстычнай партыяй. Дзякуючы гiмназii i яе былым вучням, Маладзечанскi павет лiчыўся палякамi самым рэвалюцыйным...». — У 1930-я гады Уласаў знаходзiўся пад пiльным наглядам польскiх уладаў — Чырвоную Армiю ў вераснi 1939 г. вiтаў з радасцю. I бабуля, i цётачка расказвалi: выносiў салдатам вялiзныя кошыкi яблыкаў. Ён зноў быў поўны энтузiязму, марыў аднавiць беларускую гiмназiю ў Радашковiчах. Паехаў у Маладзечна з гэтым клопатам. Яму сказалi напiсаць аўтабiяграфiю. I немалады ўжо чалавек напiсаў вельмi падрабязную аўтабiяграфiю — амаль на 20 старонак! Сказалi: трэба зацвердзiць яе ў НКУС... Дадому адтуль ён ужо не вярнуўся. Было гэта 16 кастрычнiка 1939 года, праз месяц пасля такога чаканага iм вызвалення Заходняй Беларусi. — Што ж iнкрымiнавалася Уласаву? — У аўтабiяграфii ён напiсаў, што з’яўляецца беларускiм iнтэлiгентам, а ў яго 60 га зямлi — значыць, памешчык!.. Афiцыйнае абвiнавачанне: «шпiёнска-правакатарская дзейнасць». У лiстападзе 1940 г. асуджаны як «сацыяльна небяспечны элемент», далi яму 5 гадоў лагераў. Памёр на этапе... Мабыць, сэрца не вытрымала крыўднай несправядлiвасцi... А ў 1961 г. яго рэабiлiтавалi. «Учора сяляне даведалiся, што мяне выганяюць з Мiгаўкi, i гэта вестка iх паразiла, як гром... Выйсцi з Мiгаўкi давядзецца — як стаiм... Усё жыццё я працаваў бясплатна, як мог, дапамагаў простым людзям...» (з пiсьма А. Уласава). Не здагадваючыся аб будучынi, ён нiбы прадчуваў яе, бо пiсаў: каб жа не аказацца «каралём Лiрам» з Шэкспiра. ...Справа яго жыцця стала неад’емнай часткай гiсторыi Беларусi — яскравай i... горкай. Хочацца верыць, што гiсторыя дала надта шмат драматычных урокаў, каб цанiць талентаў-падзвiжнiкаў ужо пры жыццi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
100 гадоў таму пачала выходзiць «Наша нiва» — штотыднёвая грамадска-палiтычная, навукова-асветнiцкая i лiтаратурна-мастацкая газета, якая стала знакав |
|