21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Дэпутат — не выканаўца

25.08.2009 22:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iнга МIНДАЛЁВА

КРУГЛЫ СТОЛ

Новаму склiканню трэба будзе звярнуць на гэта асаблiвую ўвагу

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў — сёння адна з самых актуальных тэм палiтычнага жыцця нашай краiны. Асаблiвасцям правядзення выбарчай кампанii ў прысталiчным рэгiёне быў прысвечаны «круглы стол», праведзены па iнiцыятыве «МС» i раённых дэпутатаў на мiнулым тыднi. У абмеркаваннi ўзялi ўдзел: старшыня Мiнскай раённай выбарчай камiсii Уладзiмiр Каралько, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галiна Харытонава, намеснiк старшынi Мiнрайвыканкама Iгар Зiновiч, начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы райвыканкама Любоў Клiмава, старшыня Лашанскага сельскага Савета Галiна Кандраценка, старшыня Бараўлянскага сельскага Савета Эдуард Самуйла, старшыня Ждановiцкага сельскага Савета Валерый Маскалёў, старшыня Сенiцкага сельскага Савета Аляксандр Каробкiн i старшыня Мачулiшчанскага пасялковага Савета Аляксандр Казлоў.

— Цi задавальняе вас тое, як праходзiць гэтая выбарчая кампанiя?

Iгар ЗIНОВIЧ:

— У Мiнскiм раёне ўся арганiзацыйная i палiтычная работа вядзецца згодна з устаноўленым каляндарным планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзенню выбараў. Ужо створаны тэрытарыяльныя (1 раённая, 1 гарадская, 19 сельскiх) i 6 акруговых камiсiй. У iх склад увайшлi дастойныя людзi, якiя ставяцца да гэтай справы адказна, самi праяўляюць iнiцыятыву. Зараз галоўных пытанняў у нас два. Першае — гэта фармiраванне ўчастковых камiсiй — усяго ў раёне iх прадугледжана 84, што на 9 больш, чым было падчас выбараў Прэзiдэнта краiны. Тлумачыцца гэта тым, што для большай зручнасцi насельнiцтва мы сёлета павялiчылi колькасць участкаў у самых буйных i шматлюдных сельсаветах, напрыклад, у Бараўлянскiм i Навадворскiм. На мiнулым тыднi акрэслiлi межы выбарчых участкаў, вызначылi, дзе будзе размяшчацца цэнтр кожнага, усе звесткi пра гэта размясцiлi ў раённай прэсе. Другi важны момант — вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Iнiцыятыўныя групы для вылучэння ў Саветы ўсiх узроўняў ужо ўкамплектаваныя. Зараз вядзецца актыўнае вылучэнне кандыдатаў з боку працоўных калектываў. Гэты працэс будзе доўжыцца да 4 снежня, таму аб нейкiх вынiках пакуль гаварыць рана.

— Як праходзiць вылучэнне кандыдатаў? Цi шмат партыйных прэтэндэнтаў?

Эдуард САМУЙЛА, Бараўлянскi с/с:

— Пакуль што на тэрыторыi нашага Савета на 13-i выбарчых акругах зарэгiстравана 16 кандыдатаў. Асноўная большасць — вылучэнцы ад арганiзацый i працоўных калектываў, шасцёра вылучалiся шляхам збору подпiсаў. Ад партыйных структур пакуль не вылучана нi аднаго кандыдата, аднак час яшчэ ёсць i, думаю, яны з’явяцца. Сама працэдура вылучэння праходзiць спакойна, без лiшняй нервознасцi.

Аляксандр КАЗЛОЎ, Мачулiшчанскi п/с:

— Выбарчая кампанiя ў нас паступова набiрае абароты. Сёння ў нас створана 15 акруг, вылучана 17 кандыдатаў. Толькi адзiн мае партыйную прыналежнасць (член лiберальна-дэмакратычнай партыi), аднак вылучыла яго не ЛДП, а iнiцыятыўная група шляхам збору подпiсаў. На тэрыторыi нашага пасялковага Савета ёсць пярвiчка Камунiстычнай партыi Беларусi. Хутчэй за ўсё, яна яшчэ вылучыць свайго прадстаўнiка на выбары, бо камунiсты ў нас традыцыйна ўваходзяць у склад дэпутацкага корпуса мясцовага ўзроўню.

Аляксандр КАРОБКIН, Сенiцкi с/с:

— У нас на 15 акругах 3 кандыдаты вылучаны шляхам збору падпiсаў i 13 — працоўнымi калектывамi. Сярод iх 7 жанчын i 9 мужчын. Усе яны людзi з вопытам працы, якiя карыстаюцца даверам мясцовага насельнiцтва. Тут i выкладчыкi, i фермеры, дзяржслужачыя, работнiкi сельскай гаспадаркi. Участкаў для галасавання ў нас будзе 5 (4 адкрытыя i 1 закрыты). Падрыхтоўка да выбараў праходзiць у спакойным рэжыме.

Валерый МАСКАЛЁЎ, Ждановiцкi с/с:

— Аналагiчная сiтуацыя i ў нас. На 15 дэпутацкiх вакансiй ўжо зарэгiстравана 17 кандыдатаў (12 вылучаны iнiцыятыўнымi групамi, астатнiя — працоўнымi калектывамi). Мяркуючы па сацыяльнаму партрэту кандыдата, сёлета мы атрымаем працаздольны, баявы Савет. Сярод вылучэнцаў ёсць кiраўнiкi i намеснiкi кiраўнiкоў мясцовых прадпрыемстваў, прадстаўнiкi галiны адукацыi, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркi, праваахоўчых органаў. Iх узрост вагаецца ад 36 да 50 гадоў. Сярод нашых дэпутатаў апошняга склiкання ёсць прадстаўнiк палiтычнай партыi — БНФ. Мы мяркуем, што i ў гэтую выбарчую кампанiя БНФ не застанецца ўбаку.

Галiна ХАРЫТОНАВА:

— У нас не заўсёды атрымлiваецца скласцi аб’ектыўную карцiну актыўнасцi палiтычных партый на выбарах, бо нават члены партый звычайна вылучаюцца шляхам збору подпiсаў iнiцыятыўнымi групамi. Справа ў тым, што такi спосаб значна больш просты i надзейны, чым прадастаўленне пратакола ад партыi на разгляд выбарчай камiсii.

— Цi ёсць пэўныя асаблiвасцi вылучэння кандыдатаў у маланаселеных пунктах?

Галiна КАНДРАЦЕНКА, Лашанскi с/с:

— Наш сельсавет невялiкi, асаблiва ў параўнаннi з Бараўлянскiм цi Ждановiцкiм. На яго тэрыторыi месцiцца 26 населеных пунктаў, раскiданых адзiн ад аднаго на значнай адлегласцi. Колькасць выбаршчыкаў складае ўсяго 1255 чалавек. Сёння ў нас зарэгiстраваны тры iнiцыятыўныя групы, якiя ўжо сабралi подпiсы ў падтрымку сваiх кандыдатаў. Яшчэ да рэгiстрацыi iнiцыятыўных груп планавалася, што яны пойдуць агiтаваць у аддаленыя вёскi. Ёсць у нас населеныя пункты, дзе ўсяго 5 двароў, аднак мы iмкнулiся данесцi iнфармацыю аб кандыдатах да кожнага жыхара. У гэтым нам вельмi дапамаглi паштавiкi, якiя ўвайшлi ў склад iнiцыятыўных груп.

У маленькiх населеных пунктах палiтычная актыўнасць на выбарах напрамую залежыць ад работы старшынi Савета i старэйшын. Мы загадзя папрасiлi нашых жыхароў у пiсьмовай форме накiроўваць у сельскi Савет свае заўвагi i прапановы наконт арганiзацыi выбараў i вылучэння кандыдатаў — у будынку сельвыканкама ёсць спецыяльная скрыня для «зваротнай сувязi». Акрамя таго, старэйшыны правялi па вёсках апытанне — каго б жыхары хацелi бачыць дэпутатам мясцовага Савета. Вынiкi iх працы ўлiчвалiся пры вылучэннi канкрэтных кандыдатур.

— З якiмi цяжкасцямi давялося сутыкнуцца ў працэсе правядзення выбарчай кампанii?

Любоў КЛIМАВА:

— Пакуль што цяжкасцяў няма, спадзяюся, i не будзе. Усе пытаннi, што перыядычна ўзнiкаюць, вырашаюцца ў адпаведнасцi з iснуючым заканадаўствам. Для папярэджання магчымых цяжкасцяў праводзяцца сустрэчы iдэалагiчнага актыву раёна i сельскiх Саветаў з жыхарамi. У райвыканкаме днямi прайшоў адзiны дзень iнфармавання насельнiцтва, на якiм прысутнiчала i старшыня Цэнтрвыбаркама Лiдзiя Ярмошына. Яна дала разгорнутыя тлумачэннi па ўсiх спрэчных i складаных пытаннях, а таксама адзначыла важнасць Мiнскага раёна ў правядзеннi выбарчай кампанii.

Галiна ХАРЫТОНАВА:

— З арганiзацыяй выбараў цяжкасцяў не ўзнiкае. Аднак да iнiцыятыўных груп часта звяртаюцца грамадзяне з пытаннямi бытавога i сацыяльнага плана (напрыклад, рамонту дарог, вулiчнага асвятлення i iнш.). Так было заўсёды: людзi выкарыстоўваюць любую палiтычную кампанiю для вырашэння сваiх праблем. I не заўсёды значных для грамадства. Часам даводзiцца чуць наступныя выказваннi: «Вось, перад выбарамi хоць лямпачкi на вулiцы паўкручвалi!». Прычым тут выбары? Ёсць дагавор з раённай службай электрасеткi, паводле якога раз у квартал яе работнiкi робяць агляд лiнiй электраперадач i там, дзе трэба, замяняюць лямпачкi. Гэта планавыя работы. Шмат скаргаў паступае i на стан дарог, у першую чаргу грунтовых. Пакуль надвор’е сырое i вiльготнае, сельвыканкам не можа нават зрабiць падсыпку i грэйдзiраванне — дарога павiнна прасохнуць. Карыстаючыся магчымасцю, выбаршчыкi задаюць iнiцыятыўным групам i выбарчым камiсiям масу пытанняў. Тыя ў сваю чаргу пераадрасуюць iх у сель- цi райвыканкам, гледзячы па сiтуацыi.

Эдуард САМУЙЛА:

— Нам толькi ва ўчастковыя камiсii трэба задзейнiчаць больш як 250 чалавек. Прычым з тых, хто сам праявiў жаданне. Сёння ўжо трэба думаць, як забяспечыць падвоз выбаршчыкаў на ўчасткi, знайсцi транспарт. У нас ёсць некалькi вёсак, размешчаных далёка ад пунктаў галасавання (Забалацце, Малiнаўка, Капiшча, Дроздава). У вёсках, як правiла, пражываюць у асноўным людзi састарэлыя. Не ў кожнага ёсць свой аўтамабiль i магчымасць даехаць на выбарчы ўчастак. Таму мы абавязаны стварыць камфортныя ўмовы галасавання, каб у чалавека не знiкла жаданне ўзяць удзел у выбарчай кампанii. На тэрыторыi нашага сельсавета будзе арганiзаваны падвоз выбаршчыкаў на ўчасткi.

Галiна КАНДРАЦЕНКА:

— Мы будзем прымаць заяўкi ад людзей, якiя хочуць галасаваць на даму. Асаблiва шмат зваротаў будзе ад жыхароў аддаленых населеных пунктаў. Усе заяўкi рэгiструюцца выбарчай камiсiяй у журнале ўлiку, а ў дзень выбараў два чалавекi з урнай аб’язджаюць усiх па адрасах.

Галiна ХАРЫТОНАВА:

— Гэта адпрацаваная сiстэма ў Мiнскiм раёне. Што датычыцца транспарту для падвозу, то яго прадастаўляюць мясцовыя арганiзацыi i прадпрыемствы. Пытанняў звычайна не ўзнiкае.

Валерый МАСКАЛЁЎ:

— Выбарчая кампанiя — гэта экзамен на працаздольнасць мясцовай улады, таму зараз мы прыкладаем усе намаганнi, каб выключыць магчымасць надзвычайных i непрадбачаных сiтуацый падчас правядзення галасавання.

— Цi былi ўжо выпадкi адмаўлення ў рэгiстрацыi iнiцыятыўных груп i па якiх прычынах?

Уладзiмiр КАРАЛЬКО:

— Пакуль у раённы Савет мелi намер зарэгiстравацца 33 iнiцыятыўныя групы. 32 рэгiстрацыю атрымалi, адной было адмоўлена з той прычыны, што iх мяркуемы кандыдат працуе ў Мiнску ў арганiзацыi, якая не звязана з задавальненнем сацыяльных патрэб насельнiцтва той выбарчай акругi, ад якой ён планаваў вылучацца. Сярод кандыдатаў, вылучаных у раённы Савет, 26 мужчын i 6 жанчын, моладзi ва ўзросце да 31 года — 5 чалавек. Большасць была вылучана шляхам збору подпiсаў, 2 — ад працоўных калектываў. Пакуль нi адна палiтычная партыя не прадаставiла нам нi аднаго пратакола.

— Цi задаволены вы работай старога дэпутацкага корпуса i чаго чакаеце ад новага?

Галiна ХАРЫТОНАВА:

— У пакуль яшчэ дзеючым 24-м склiканнi ў мясцовых Саветах усiх узроўняў працуе 258 дэпутатаў (94 з iх жанчыны). Асаблiвых нараканняў на iх работу не было. Дэпутаты працавалi канструктыўна i зладжана, нягледзячы на тое, што сярод iх былi прадстаўнiкi розных партый, сацыяльных i ўзроставых груп; пры поўным паразуменнi i падтрымцы выканаўчай улады, асаблiва райвыканкама (старшынi Мiхаiла Глiнскага, яго намеснiкаў, загадчыкаў аддзелаў i кiраўнiкоў упраўленняў). У асобных сельскiх Саветах былi выключэннi — калi чалавек адразу пасля свайго выбрання з’язджаў за межы краiны, а паўнамоцтвы з сябе не склаў. Але Саветы заставалiся правамоцнымi i працягвалi працаваць далей.

Хачу адзначыць, што дэпутат — гэта не толькi пачэсная, але i адказная мiсiя. Быць дэпутатам Мiнскага раёна (а таксама сельскага цi пасялковага Савета прысталiчнага рэгiёна) куды цяжэй, чым дэпутатам Мiнска. Справа ў тым, што ў сталiцы шмат розных профiльных спецыялiзаваных службаў i арганiзацый, куды адразу i звяртаюцца грамадзяне са сваiмi пытаннямi. А жыхары раёна ўсе свае праблемы нясуць у сельскi (пасялковы) Савет. Тут дэпутат — i «хуткая дапамога», i «тэлефон даверу», i суддзя, i «гарачая лiнiя», а апошнiм часам — i «адно акно». У межах iснуючага заканадаўства дэпутат раённага, сельскага, пасялковага ўзроўню не мае нiякiх прэферэнцый. Свае дэпутацкiя абавязкi ён выконвае ў вольны час цi па выхадных. А ў яго ж ёсць i асноўнае месца працы, i сям’я. Дэпутат — не выканаўца. Новаму склiканню трэба будзе звярнуць на гэта асаблiвую ўвагу.

Вельмi важна, каб новыя выбраннiкi не пайшлi па шляху таннага аўтарытэту. Трэба сувымяраць жаданнi з магчымасцямi раённага бюджэту. Мы ўсе хацелi б за адзiн год вырашыць усе пытаннi i праблемы, каб нашы грамадзяне жылi добра, але не на ўсё пакуль знаходзяцца сродкi. Гэта трэба разумець i шчыра тлумачыць выбаршчыкам. А таксама павышаць юрыдычную адукаванасць насельнiцтва. Дарэчы, мне прыемна адзначыць, што зараз у дэпутаты iдзе многа жанчын i моладзi.

Iгар ЗIНОВIЧ:

— Прыкладна палова сённяшнiх дэпутатаў выказалi жаданне балацiравацца на выбарах. Гэта захавае традыцыю пераемнасцi.

— Чым гэтая выбарчая кампанiя будзе адрознiвацца ад папярэднiх у плане адносiнаў да яе электарата?

Iгар ЗIНОВIЧ:

— Найперш тым, што ў Мiнскiм раёне сёлета значна павялiчылася колькасць насельнiцтва, а значыць, i выбаршыкаў (115 705 чалавек). У асноўным за кошт дапасавання да раёна горада Заслаўя, натуральнага прыросту i мiграцыi. Мы чакаем, што актыўнасць жыхароў на выбарах будзе большай яшчэ i таму, што палепшылiся сацыяльна-эканамiчныя ўмовы пражывання ў раёне. Мы выканалi ўсе даведзеныя планавыя паказчыкi па ўсiх галiнах народнай гаспадаркi. Акрамя таго, у мясцовай газеце мы ўвялi пастаянную рубрыку, прысвечаную выбарчай кампанii, дзе праводзiм палiтычны лiкбез. Немалаважны i той факт, што сёлетнiя выбары не будуць мець другога тура галасавання. Гэта зэканомiць час i сродкi, прастымулюе кандыдатаў на больш актыўную барацьбу.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў — сёння адна з самых актуальных тэм палiтычнага жыцця нашай краiны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика