Тэрыторыя спаткання
Мiкiту Мiхалкова на беларускi кiнафестываль «Лiстапад» клiкалi даўно, але толькi цяпер ён падумаў: «А чаму б не прыехаць?» Падумаў — i прыехаў. Сказаў, што вельмi хацеў праведаць даўняга сябра Уладзiмiра Гасцюхiна, якога здымаў у карцiне «Урга: тэрыторыя кахання». Цi будзе Гасцюхiн яшчэ здымацца ў будучых фiльмах Мiхалкова, пакуль невядома. Затое вядома, якiя ўражаннi пакiнуў у госця сённяшнi Мiнск:
— Я вельмi любiў прыязджаць у Мiнск, тут мы здымалi карцiну «Пераклiчка». У мяне былi выпадкi, калi я дрэнна памятаў Мiнск, пасля паездак. Такая колькасць цудоўных сяброў, i ўсё вылiвалася ў гасцiнныя сустрэчы, i ў вынiку я забыўваўся пра тое, што чым лепей адчуваеш сябе ўвечары, тым горш будзе ранiцай... Але я хацеў больш поўна адчуць цудоўную Беларусь, яе сталiцу. Сёння Мiнск стаў абсалютна гiстарычным горадам. Даўно не бачыў такой колькасцi шырокiх праспектаў, дамоў, якiя стаяць далёка адзiн ад аднаго, нiбыта ты пагружаешся ў нядаўняе, але тым не менш далёкае мiнулае. Думаю, што Мiнск на сёння — гэта музей архiтэктуры ХХ стагоддзя перыяду сацыялiзму, не трэба тут шукаць iронii. Я з цiкавасцю i трапяткiм настальгiчным пачуццём глядзеў на гэты горад, якi толькi таму такiм стаў, што ўсё iншае было змецена з зямлi. Я стаўлюся з вялiкай павагай да беларускага народа. Зараз я здымаю «Стомленыя сонцам-2» i мне давялося пры падрыхтоўцы да фiльма прагледзець гадзiн пяцьдзесят хронiкi. Павiнен сказаць, што ўтрымаць нацыянальнае зерне, пранесцi яго праз такiя выпрабаваннi — дарагога каштуе. Наша справа — разумець, адкуль выйшаў гэты магутны, бясстрашны, працавiты народ. — Пра што з той вайны вам хацелася б расказаць? — Калi я глядзеў «Выратаваць радавога Райана», то разумеў, што ў Расii такое кiно немагчымае. Цi можна тут уявiць сабе фiльм, дзе Маршал Жукаў, напрыклад, заварочвае аперацыю, каб уратаваць салдата Iванова, адзiнага сына ў мацi, каб тым самым род Iвановых не прыпынiўся? Мяне ж паднялi б на смех. Наша вайна была не такая. Памятаеце, карцiна Кармэна была названая «Невядомая вайна». Яна яшчэ ў многiм невядомая. Асабiста мяне цiкавiць адно пытанне: дзе Бог на вайне? I як можна патлумачыць дзiўныя выпадкi, якiя часам здаралiся? Напрыклад, iдуць пяць чалавек, адзiн адышоў па малой неабходнасцi. Праз хвiлiну чатырох накрыла бомба, а той застаўся жывы. Чаму хлопчык, у якога было 52 раненнi, якога восем месяцаў выцягвалi з таго свету, гiне на вачах медперсаналу, якi яго ратаваў, калi пакiдае шпiталь? I чаму палкоўнiк, якi вядзе людзей у атаку, застаецца жывы, калi адным асколкам у яго зразае зорку на фуражцы, другiм — спражку, а трэцiм — абцас на боце. А ў яго — нiводнай драпiны. Што гэта за дзiўныя людзi? Калi глядзеў хронiкi, я не разумеў i не разумею зараз, як гэтая вайна была выйграна. Ёсць адзiн цудоўны гiсторык, якi пiша, што савецкая прапаганда адняла перамогу ў рускага салдата. Тут ёсць пра што паразважаць. — Сёння многiя расiйскiя рэжысёры прыглядаюцца да беларускай студыi, некаторыя тут здымаюць свае фiльмы. У вас такiх намераў няма, калi ўлiчыць, што вы здымаеце зараз пра вайну? — Пакуль не. У нас пад Масквой ёсць два палiгоны, дзе па канцэнтрацыi здымкаў мне будзе зручна працаваць. Мы пралiчылi ўсе «за» i «супраць» i пакуль што спынiлiся на здымках там. Хаця — хто ведае? Зараз мая студыя «Тры Т» супрацоўнiчае з «Беларусьфiльмам». Здымаў тут Валодзя Хацiненка карцiну «1612», аб смутным часе. Вельмi задаволены застаўся. Я ведаю, што тут зараз магутны цэнтр магчымасцяў прадастаўлення кiнематаграфiчных паслуг. I што самае галоўнае — у вас не страчана сярэдняе звяно, ёсць прадстаўнiкi прафесiй, якiя былi незаўважныя, але без якiх нельга здымаць кiно. Я зараз сутыкнуўся з сiтуацыяй, калi ў мяне шэсць разоў не здолелi правесцi нармальную панараму. I здзiўлялiся, калi я кожны раз патрабаваў i тлумачыў, таму што не прывыклi працаваць з людзьмi, якiя гэтага патрабуюць. На жаль, узровень рэжысуры таксама нiзка ўпаў, i ёсць рэжысёры, якiя не разумеюць, што значыць правільная панарама. Ведаю, што ў вас, на шчасце, захавалiся спецыялiсты. — У фiльме «Мне не балюча» вы сыгралi ролю багатага чалавека, якi дапамагае хворай дзяўчыне проста так. Як вы думаеце: добра, калi чалавеку нешта даецца дарма, цi не можа гэта яго сапсаваць? Цi даводзiлася вам займацца дабрачыннасцю? — Дабрачыннасць — рэч важная. I вельмi часта чалавек, сам таго не разумеючы, робiць дабрачынны акт дзеля сябе. Ёсць i такiя, якiя робяць гэта для таго, каб атрымаць нешта большае. А многiя, думаючы, што дапамагаюць iншым, насамрэч ачышчаюць сваю душу. Галоўнае, каб дабрачыннасць не вымушала чалавека, на якога яна накiраваная, станавiцца рабом свайго дабрадзея. Часам я прыходжу ў царкву, нешта ахвярую. Больш за ўсё баюся прынесцi ў храм цi манастыр ахвяраваннi, а мне скажуць: «А ад вас мы не возьмем...» Страх не аказацца вартым ахвяраваць — значна большы, чым сама ахвяра. Канешне, у кожным выпадку ёсць i нейкiя асабiстыя матывы. Калi гаварыць пра майго героя з фiльма... У мяне бывалi такiя сiтуацыi ў жыццi, калi ты разглядаеш жывую iстоту, як цудоўнай прыгажосцi боскае стварэнне. Бачыш, як яно, напрыклад, спiваецца. Калi цвярозы гэты чалавек — разумны, добры, абаяльны, вясёлы, таленавiты. А калi п’е, то час ад часу трапляе некуды i ты яго выцягваеш... У дадзеным выпадку я паступаў так, таму што мне было шкада, што боскае стварэнне ператвараецца ў мярзотнасць. Я разумеў, што цяжкiя перыяды будуць усё большымi i большымi, а здароўя будзе ўсё менш i менш i чалавек проста згiне. Любiць чалавецтва намнога прасцей, чым аднаго чалавека. Але я думаю, што мой персанаж вырашыў проста ўзяць гераiню пад апеку, накрыць яе каўпаком, каб яна жыла, развiвалася, нiчога не патрабуючы ад яе пры гэтым. Ён прасiў толькi: калi ласка, у гэты дом, дзе створаны такi цудоўны свет, не вадзi чужых людзей, не разбурай яго. I тут яму здрадзiлi. Я яе магу таксама зразумець — яна хоча жыць, яна не хоча быць лялькай, якую апранаюць. Яна хоча нармальнага жыцця, як усе. Тут i ўзнiкае гэты канфлiкт: цi ты прымаеш мае ўмовы, цi не прымаеш. Я абсалютна разумею гэтага чалавека. Але як кажуць, нiколi не патрабуй справядлiвасцi ў Бога, таму што калi б ён быў справядлiвы, то даўно б цябе пакараў... — На вашым неафiцыйным сайце ёсць iнфармацыя пра вашы розныя праекты, адзiн з iх — сумесны запiс з «Любэ». Гэта праўда? — Даю вам шчырае слова: я нiколi не быў на гэтым сайце. Я нiколi яго не бачыў на свае вочы. Ёсць людзi, якiя гэтым займаюцца. Там усё праўда пра апошнiя працы, якiя я ажыццявiў. Магчыма, нехта з вас бачыў, па тэлебачанню была мая перадача «Музыка рускага жывапiсу». Я зараз выпусцiў тры дыскi гэтай перадачы. Мы будзем дарыць iх школам, iнстытутам. Цiкавая была праца. Я браў мой любiмы мастацкi твор, расказваў пра яе аўтара тое, што мала хто ведае. Плюс мае асабiстыя ўражаннi ад карцiны. Напрыклад, знакамiтыя «Касалапыя мiшкi», якiх мы ведаем па цукерках. Хто аўтар? Шышкiн пiсаў пейзаж. Але мiшак пiсаў Савiцкi, таму што Шышкiн iх пiсаць не ўмеў. Такiм чынам атрымалiся цiкавыя перадачы. Што датычыцца «Любэ» — так, мы запiсалi, песню з Мiколам Растаргуевым на словы казацкага паэта. — Вы здымалi сваiх дачок у фiльмах. А цяпер яны з вамi раяцца, у якiм фiльме i як здымацца? — У iх было нешта накшталт сапернiцтва. Ганна старэйшая за Надзю на дзесяць гадоў. Але Надзя, скончыўшы здымацца ў «Стомленых сонцам» i атрымаўшы «Оскара», сказала: «Ну што, Анечка, ты знайшла рэжысёра? Вось я дык свайго знайшла...» Я лiчу, што цяпер Ганна як актрыса заняла вельмi спецыфiчную нiшу. Гэта рэдкая рэч, таму што яна не баiцца быць смешнай i непрыгожай, гэта важны акцёрскi iмунiтэт. Яна вырасла ў сур’ёзную актрысу i ўвогуле ў сур’ёзнага чалавека. Яна такая — нiбыта пiянерважатая. Куды б нi ехала, тут жа пра ўсю групу клапоцiцца, пачынае ўсiх уладкоўваць, ратуе з палiцыi п’яных сяброў, пакiдае сумачку ў залог. Абсалютна руская цётка. За гэта Ганну любяць — яна ўмее быць сапраўдным сябрам. Баiцца паказваць мне свае работы, вельмi нервуецца. Сёння яна мае права выбiраць: тут буду здымацца, а тут не буду. Я шчаслiвы за яе. А Надзея займаейцца ў МДIМА, праклiнаючы ўсё на свеце, скардзiцца: куды яе адправiлi, усе дзецi як дзецi, вучылiся, чаму хацелi, а яна сядзiць гадзiнамi, рыхтуецца да залiкаў... Але яна чалавек азартны, не любiць рабiць штосьцi дрэнна. Ганна i Надзея па ўнутраных акцёрскiх лакатарах — вельмi розныя. Ганне ўвесь час патрэбна, каб яе размiналi, рыхтавалi, а Надзя адыдзе ўбок, збярэцца, а потым зробiць, што трэба. Так Меншыкаў, дарэчы, працуе... Мне здаецца, што галоўнае для дачок — каб займалiся сваёй справай, тады i жыццёвая гармонiя будзе. Гармонiя — гэта калi тое, што хочацца, супадае з тым, што можаш. — Якую параду вы можаце даць тым, хто таксама хоча, але не мае магчымасцi працаваць актыўна ў кiно? — Параду, якую я звычайна даю жонцы i дзецям: нiколi не глядзi на тых, хто жыве лепш за цябе, таму што iх нашмат менш за тых, хто жыве горш. Падрыхтавала Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiкiту Мiхалкова на беларускi кiнафестываль «Лiстапад» клiкалi даўно, але толькi цяпер ён падумаў: «А чаму б не прыехаць?» Падумаў — i прыехаў. Сказаў |
|