Дрыбiнскi клад
Iлона IВАНОВА
У Дрыбiнскiм раёне на Магiлёўшчыне знайшлi клад. Усё, як у казках i паданнях: аратыя выкапалi на полi чыгун. Праўда, унутры аказалiся не золата i каштоўныя камянi, а фарфоравы i шкляны посуд, якi адносiцца да 20-х гадоў мiнулага стагоддзя. Спецыялiсты гавораць, што гэты клад мае не столькi грашовую, колькi гiстарычную каштоўнасць.
У кабiнеце галоўнага захавальнiка фондаў Дрыбiнскага гiсторыка-этнаграфiчнага музея Нiны Радзевiч талеркi i шклянкi выстаўлены на пiсьмовым стале. Iх не прыбiраюць, бо шмат людзей цiкавiцца кладам. Некалькi невялiкiх талерак: з сiнiм кантам, упрыгожаныя бела-бэзавымi кветкамi. Фарбы на фарфоры нiбыта крыху размытыя: гэта i зразумела, бо даволi хутка гэтаму посуду споўнiцца аж сто гадоў. Мяркуецца, што гэта частка вялiкага сервiза. На адваротным баку — пячатка вытворцы: «РСФСР, фарфоравы завод Дулева, трэцi гатунак», а цана — неразборлiва, нiбыта 14 капеек. Яшчэ адна глыбокая талерка з сiне-залатым узорам, але ад яе адколаты кавалак. Шкляны посуд, мяркуюць у музеi паводле знакаў, выраблены ў Беларускай ССР, На Барысаўскiм шкляным заводзе. Тут цукарнiца i шклянка для мёду. I яшчэ — чарка для гарэлкi: маленькая, на высокай ножцы, як мiнiяцюрны келiх. Цяпер чарак у такiм стылi, напэўна, i не вырабляюць, гэта мода пачатку савецкай эры. Усё гэта было знойдзена нядаўна ў вёсцы Расна. Гiсторыя такая: муж i жонка Бушлаковы аралi зямельны ўчастак сваёй добрай знаёмай. Дарэчы, i той участак, i дом галоўных дзеючых асоб Алены Трафiмаўны i Iвана Васiльевiча месцяцца на вулiцы Лясной, дзе стаяць велiчныя руiны старажытнага каталiцкага касцёла. Так што атмасфера там адпаведная — якраз шукаць клады. — Мы ў Расну пераехалi з Украiны, бо муж — мясцовы ўраджэнец, тут жылi яго бацькi, — здалёк пачынае Алена Трафiмаўна. — Я пасябравала з добрай жанчынай, якая жыве ў райцэнтры, але тут мае зямлю. У нас свой конь, i мы гадоў дзесяць дапамагалi маёй сяброўцы Святлане араць яе ўчастак. I цяпер падчапiлi нешта плугам i аказалася, што стары чыгунок... Дапамагаў Бушлаковым мясцовы малады чалавек Саша, якi i выцягнуў той вялiкi, лiтраў на 10, чыгун на свет. Ён быў увесь у спрасаванай зямлi, гарлавiна забiта i нiчога не бачна. Але калi трэслi яго, то зразумелi, што нешта ўнутры ёсць. — У мяне было такое пачуцце! Немагчыма апiсаць, — узгадвае Алена Трафiмаўна. — Забылася нават, што ў сына ёсць вiдэакамера i ўсё можна засняць. Было цiкава: а што ж там такое людзi закапалi? Саша жалязякай стаў зямлю хутчэй ачышчаць. Прыбег муж: «Што там?» — «Знаходка!» — «А што ўнутры?». А там посуд — чорны, у зямлi. Канешне, калi даставалi талеркi i шклянкi, пабiлi нешта. Шчыра кажучы, у той момант думалi, што пад посудам ёсць нешта больш каштоўнае. А аказалася — толькi посуд. Мы тады смяялiся: ад радасцi, што нешта знайшлi, а таксама са сваiх надзеяў на каштоўны клад. Але ў расчараваннi аратыя ўсё ж не кiнулi посуд. Яны прынеслi яго ў двор i залiлi вадой, а пазней адчысцiлi ад чарнаты i ржы, якая ўелася ў фарфор i шкло за дзесяткi гадоў знаходжання ў зямлi. Алена Трафiмаўна кажа, што клад ад аднавяскоўцаў хаваць не стала: маўляў, хоць i не вялiкая каштоўнасць, але ўсё ж цiкавая знаходка! Гавораць, што на тым месцы, дзе знайшлi клад, калiсьцi жыла яўрэйская сям’я. У Другую сусветную вайну нямецкiя фашысты пры акупацыi зганялi яўрэяў у гета, знiшчалi. У Расне ў вайну было расстраляна паўтысячы яўрэяў. Iх прозвiшчы часткова ёсць у раённай кнiзе «Памяць», але дакладна ўстанавiць, хто закапаў посуд, у музеi цяпер не здолелi. — Хутчэй за ўсё, гэтыя людзi закопвалi свае рэчы перад тым, як пакiнуць Расна, — мяркуе Нiна Радзевiч. — Можа, спадзявалiся, што аднойчы вернуцца за iмi. I таму, што было ў iх — добры посуд, закапалi на агародзе. Але не вярнулiся за сваiмi рэчамi. Верагодна, гаспадароў расстралялi... Пазней жыхары Расны ўзгадалi, што даўно прыязджалi нейкiя людзi на той участак i капалi. Тутэйшыя вырашылi, што дзецi тых яўрэяў спрабавалi знайсцi бацькоўскiя рэчы (перакапалi ўсё на свеце), але, вiдаць, так i не здолелi. Калi, канешне, чыгун з посудам быў адзiнай схованкай. Дарэчы, у вайну перад акупацыяй шмат людзей закопвалi ў зямлю свае няхiтрыя пажыткi. Нiхто тады не ведаў, што будзе далей з людзьмi i маёмасцю, i таму хавалi ў зямлю рэчы, патрэбныя для жыцця. Адзiн знаёмы расказваў, што яго бабуля ў Крычаве пры наступленнi немцаў закапала на сваiм агародзе не толькi чыгун з посудам i iншымi карыснымi ў гаспадарцы рэчамi, але i разабраны на часткi металiчны ложак. А пасля, дзiўная рэч, так нiчога i не знайшлi. Канешне, ёсць мiстычная версiя: людзi вераць, што клады — гэта цудадзейная рэч, яны пад зямлёй перасоўваюцца, зямля альбо хавае iх глыбока, альбо наадварот, выпiхвае з сябе (як палiчылi i ў Расне). Але ёсць i iншая, больш рэальная: што нехта бачыў, як рабiла схованкi крычаўская жанчына, i дабраўся да iх хутчэй за гаспадыню. А гаспадыня зямельнага ўчастка ў Расне, дзе знайшлi клад, паказала талерку i асколкi ў Дрыбiнскiм музеi. Яго супрацоўнiкi прыехалi ў Расну да Бушлаковых, i тыя аддалi ўсё знойдзенае. Акрамя чыгуна: ён застаўся на памяць шукальнiкам клада. А ў памяцi яшчэ застанецца вячэра, калi на знойдзеныя i вымытыя талеркi выклалi агуркi i мёд, i любавалiся нацюрмортам. Калi казаць ужо зусiм шчыра, вялiкай радасцi Бушлаковым знаходжанне клада ўрэшце не прынесла. Вакол яго, у стылi добрага мексiканскага серыяла, з’явiлася шмат чутак. Народны погалас падазрае, а цi не было нечага больш каштоўнага ў тым чыгуне?.. «Няўжо б я знайшла i нешта схавала ад сяброўкi i людзей?» — рытарычна пытаецца Алена Трафiмаўна. Яна нават у царкву хадзiла са сваiмi перажываннямi i прасiла парады ў бацюшкi, як чалавеку з чыстай душой пераадолець недавер. Напэўна, верыць i чакаць, што ўсё ўрэшце ўлагодзiцца. «А можа, там яшчэ i iншае закапана?» — мяркуюць далей тутэйшыя. I, гавораць, ужо з’явiлiся ахвотнiкi скрупулёзна пераараць той участак. Цiкава, што чыгунок быў знойдзены непадалёк ад яблынi, але дрэва разам з iншымi саджалi недзе ўжо ў 1960-я гады, i нават тады нiчога не знайшлi. Людзi спадзяюцца, што зямля выпiхне з сябе яшчэ што-небудзь... Бушлаковы таксама аддалi ў падарунак музею i свае сямейныя рэлiквii: стары шахцёрскi лiхтар (гаспадар 20 гадоў адпрацаваў на Данбасе) i фiгурку калгаснiцы-малочнiцы, якая перайшла сям’i ў спадчыну ад бацькоў. Мацi Iвана Васiльевiча атрымала яе за добрую працу на ферме. Датуецца яна прыкладна 1930 годам, калi такiя статуэткi былi модныя. Iх выраблялi з гiпсавага матэрыялу, якi называўся «бiсквiтам». Фiгуры савецкiх рабочых i калгаснiц традыцыйна ўпрыгожвалi палiцы шафаў у сельскiх i гарадскiх дамах у савецкi час, а цяпер таксама сталi гiстарычнай каштоўнасцю. Праз пэўны час шклянкi i фарфор, знойдзеныя ў Расне, зоймуць сваё месца ў экспазiцыi Дрыбiнскага музея. Якраз у частцы даваеннага жыцця раёна, дзе не хапала цiкавых экспанатаў. Музейныя работнiкi ў райцэнтры не бяруцца вызначыць, колькi сёння могуць каштаваць фарфоравыя талеркi i шкляны посуд 1920-х гадоў, але ўпэўнены, што дзякуючы ўсяму гэтаму наведвальнiкi музея будуць мець уяўленне пра даваенны быт жыхароў Дрыбiншчыны. — Прыемна, калi нешта людзi аддаюць у музей, — сказала Нiна Радзевiч. — Мы iм вельмi ўдзячныя. I гэта здараецца, дарэчы, нярэдка. Жыхар Дрыбiна падарыў нам патэфон у рабочым стане — яго на грашовую прэмiю набыла ўдарнiца працы, i цяпер на экскурсiях у нас гучыць музыка. А яшчэ адна жанчына падарыла матчыну праснiцу. Людзi прыносяць. А што датычыцца кладаў, дык гэта першы выпадак у Дрыбiнскiм раёне за многiя гады. Дагэтуль толькi мiны, боепрыпасы часоў Другой сусветнай вайны адкопвалi. А ў вёсцы Чэрнеўка, калi прыбiралi брацкую магiлу, нядаўна знайшлi салдацкую бiклагу, на якой выбiта «Несцяровiч I.А. 17.12.1901». У тым месцы былi цяжкiя баi. Але хто i адкуль быў той савецкi салдат — пакуль невядома, адказ з архiва не прыйшоў. — Я ўпэўнена, што не ўсе клады яшчэ знойдзены, — падводзiць вынiк Нiна Радзевiч. — Можа, у будчым, яшчэ адкапаюць нешта такое, што ўся гiсторыя перавернецца. Хто ведае! Дрыбiнскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Дрыбiнскiм раёне на Магiлёўшчыне знайшлi клад. Усё, як у казках i паданнях: аратыя выкапалi на полi чыгун. Праўда, унутры аказалiся не золата i кашт |
|