«У госцi да Цюбiка»
Марына БЕГУНКОВА
Мастацка-адукацыйнай студыi для дзяцей i бацькоў «У госцi да Цюбiка» Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублiкi Беларусь споўнiлася 15 гадоў.
У нядзелю вечарам у Нацыянальным мастацкiм музеi лiтаральна не хапала месцаў: амаль усе студыйцы (а iх каля 100 чалавек), iх бацькi, выпускнiкi i проста госцi прыйшлi павiншаваць любiмую студыю i яе нязменнага кiраўнiка Вольгу Брыгадную. I прыйшлi не проста так — амаль усе дзеткi чыталi вершы, ставiлi невялiчкiя спектаклi, танцавалi, гралi на музычных iнструментах. У сваю чаргу Вольга Яўгенаўна ўзнагароджвала граматамi i каштоўнымi падарункамi самых актыўных: i дзяцей, i дарослых. На сценах музея яшчэ некалькi дзён будзе вiсець вялiкая выстава карцiн, што намалявалi студыйцы. Дарэчы, шмат гэтых творчых работ пабачылi не толькi беларусы, але i замежнiкi — у кастрычнiку мiнулага года карцiны дзетак са студыi вiселi ў Трэццякоўскай галерэi! У штодзённым жыццi дзецi заўсёды наведваюць музеi, знаёмяцца з мовай выяўленчага мастацтва, наладжваюць касцюмаваныя святы i спектаклi, а таксама вандруюць па Беларусi. Некалькi дзён таму яны наведалi здымачную пляцоўку ў Смалявiчах, дзе зараз праходзяць здымкi расiйскага фiльма рэжысёра Уладзiмiра Хацiненкi «1612 год». Для ўсiх гасцей на ўрачыстым вечары быў падрыхтаваны вялiкi салодкi падарунак — торт. Падчас раздачы ласункаў мне давялося паразмаўляць з кiраўнiком студыi Вольгай Брыгаднай. — Вольга Яўгенаўна, як усё пачыналася? — Спачатку, 15 гадоў таму, я працавала толькi са старэйшымi хлопцамi i дзяўчатамi, але потым з’явiлiся i самыя маленькiя — з iмi заўсёды цiкава! Зараз у нас дзеткi ад 3 да 14 гадоў. Безумоўна, забягаюць i больш старэйшыя, але, як вы разумееце, не так часта — у iх ужо крыху iншыя iнтарэсы. Дарэчы, у нас праводзiцца вялiкая праца не толькi з дзецьмi, але i з iх бацькамi. I вельмi прыемна, што ўжо i мамы, якiя ў нас вучылiся, прыводзяць сюды сваiх дзетак. — У вас самае галоўнае — умець маляваць? — Безумоўна, не! Уменне паступова прыходзiць, калi дзецям гэта пачынае вельмi падабацца. Мы не рыхтуем мастакоў — паўтары гадзiны заняткаў у тыдзень зусiм мала для прафесiйнай працы. I мы нiколi не ставiм перад сабою мэту зрабiць з некага знакамiтага мастака. У мастацкiя школы пайшло шмат нашых дзетак, але многiя зараз вучацца ў гуманiтарных i тэхнiчных ВНУ. Я спадзяюся, што растуць добрыя музейныя гледачы, у якiх развiтае пачуццё прыгожага i для якiх будуць заўсёды iснаваць духоўныя каштоўнасцi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мастацка-адукацыйнай студыi для дзяцей i бацькоў «У госцi да Цюбiка» Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублiкi Беларусь споўнiлася 15 гадоў
|
|