Добрае здароўе — выдатны падмурак для якаснай адукацыi...
Надзея НIКАЛАЕВА
...або Чаму выхаванцы школы з фiзкультурным ухiлам выбiраюць беларускую мову
Той, хто лiчыць, што ў школе з фiзкультурным ухiлам педагогаў могуць цiкавiць толькi спартыўныя дасягненнi iх выхаванцаў, сур’ёзна памыляецца. Лепшы доказ таму — прыклад сталiчнай сярэдняй школы № 215, якую нядаўна наведалi супрацоўнiкi Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў. Трэба заўважыць, што падстава для гэтай сустрэчы была больш чым цiкавая, асаблiва для журналiста беларускамоўнай газеты. — Прааналiзаваўшы ўсе звесткi аб удзельнiках сёлетняга цэнтралiзаванага тэсцiравання па беларускай мове, мы заўважылi, што ў Мiнску па колькасцi жадаючых здаваць на ўступных iспытах беларускую мову ў лiдарах аказалася 215-я школа (другое месца па гораду ўслед за 206-й сярэдняй школай), — расказаў дырэктар iнстытута Мiкалай Фяськоў. — Зразумела, што мы не маглi абысцi ўвагай гэты факт, бо, як правiла, калi абiтурыенты вызначаюцца з выбарам мовы, то перавага аддаецца на карысць той, якую яны ведаюць больш i на якой штодня размаўляюць. 215-я школа — гэта школа з рускай мовай навучання. Там няма нават класаў, дзе б навучанне ажыццяўлялася на беларускай мове. Да таго ж крыху здзiвiў i яе фiзкультурны ўхiл. Таму нам вельмi цiкава было сустрэцца з педагагiчным калектывам навучальнай установы, дзе так паважлiва ставяцца да роднай мовы... Дырэктар школы Iрына Анатольеўна ЯРОМЕНКА ў адказ толькi сцiпла ўсмiхаецца: — Мы не падзяляем у нашай школе вучэбныя дысцыплiны на першасортныя i другасортныя. Усiм удзяляецца аднолькавая ўвага. З 1-га па 10-ы клас прадугледжаны чатыры ўрокi фiзкультуры на тыдзень, а ў 11-м — пяць. Асноўны ўпор робiцца менавiта на здароўе дзяцей, хоць сярод нашых навучэнцаў шмат прызёраў i пераможцаў рэспублiканскiх i мiжнародных спаборнiцтваў, спартыўнымi дасягненнямi якiх мы вельмi ганарымся. На нашу думку, добрае здароўе дзяцей з’яўляецца падмуркам для атрымання якаснай адукацыi, дазваляе развiвацца iм не толькi фiзiчна, але i iнтэлектуальна. Гэту аксiёму пацвярджаюць перамогi нашых вучняў на раённых i гарадскiх алiмпiядах па вучэбных дысцыплiнах. Акрамя таго нашы дзецi займаюць прызавыя месцы на навукова-практычных канферэнцыях. Такiм чынам, нельга сказаць, што вучэбныя дасягненнi сваiх выхаванцаў мы прыносiм у ахвяру спорту... Больш за тое, у нас узяты курс на пашырэнне накiрункаў навучання. У школе ўжо адкрыты фiзiка-матэматычны клас, клас з паглыбленым вывучэннем бiялогii, пажарна-выратавальны клас, i мы вельмi спадзяёмся, што атрымаем згоду раённага аддзела адукацыi на адкрыццё ў наступным навучальным годзе класа з вывучэннем беларускай мовы на павышаным узроўнi. Паважлiвае стаўленне да роднай мовы фармiруецца ў выхаванцаў 215-й школы лiтаральна штодня. Магчыма, школе, якая адчынiла свае дзверы перад першымi вучнямi ўсяго 13 гадоў таму, вельмi пашанцавала з педагагiчным калектывам. З васьмi настаўнiкаў беларускай мовы пяць чалавек маюць вышэйшую i тры — першую катэгорыю. Усе, хто прыходзiў у школу i жадаў творча працаваць, заставалiся ў калектыве. Больш вопытныя настаўнiкi дапамагалi маладым. Без перабольшання можна сказаць, што ў школе сабраўся калектыў аднадумцаў. Магутнай матывацыяй для вывучэння дзецьмi роднай культуры стаў этнаграфiчны музей «Родныя вытокi», створаны ў школе некалькi гадоў таму. Сёння яго калекцыя налiчвае ўжо 375 экспанатаў, прычым ёсць сярод iх i ўнiкальныя, аналагаў якiх нельга знайсцi ў мiнскiх музеях. На базе музея пастаянна ладзяцца сустрэчы вучняў з пiсьменнiкамi, конкурсы, вiктарыны, лiтаратурныя майстэрнi, фальклорныя выступленнi. Па праўдзе кажучы, цяжка ўявiць, як у наш час удалося сабраць для музея старажытныя рэчы, бо i вёсачак, дзе б яшчэ маглi захавацца такiя скарбы, у Беларусi амаль не засталося. Але на заклiк, кiнуты ў народ, адгукнулiся вельмi многiя. I ўсё ж такi цэнтралiзаванае тэсцiраванне — справа надзвычай адказная, i мала хто захоча рызыкаваць адзнакай, ад якой можа залежыць паступленне ў ВНУ. Нават у Рэспублiканскiм iнстытуце кантролю ведаў прызнаюць, што ёсць у школьным курсе па беларускай мове асаблiва складаныя раздзелы i пытаннi. Складаныя перш за ўсё па той прычыне, што для свабоднага валодання беларускай мовай трэба быць яе носьбiтам. Напрыклад, з фанетычнымi i арфаэпiчнымi асаблiвасцямi беларускай мовы спраўляецца на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi традыцыйна толькi чацвёртая частка абiтурыентаў. Яшчэ менш правiльных адказаў — у заданнях, дзе абiтурыентам прапануецца вызначыць месца нацiску ў словах. Хоць у беларускай мове няшмат слоў, месца нацiску ў якiх iншае, чым у рускай мове, i яны з года ў год паўтараюцца ў тэставых заданнях. Ва ўсе гады традыцыйна цяжкiм застаецца для абiтурыентаў таксама правапiс прыслоўяў i слоў, блiзкiх да iх. Яшчэ адно слабае месца — гэта правапiс парадкавых i дробавых лiчэбнiкаў. А калi ўлiчыць, што ў 11-м класе на паўтарэнне школьнага курса па беларускай мове адводзiцца ўсяго адна гадзiна ў тыдзень, увогуле становiцца незразумелым, як дзецi вырашаюцца на такi «подзвiг». — Я асабiста яшчэ ў вераснi пачала высвятляць у сваiх адзiнаццацiкласнiкаў, хто з iх плануе здаваць на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi беларускую мову, i ўзрадавалася, калi даведалася, што большасць выхаванцаў абралi менавiта маю дысцыплiну, — дзелiцца сваiмi прафесiйнымi сакрэтамi настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры Наталля Леанiдаўна ПАЦЕЕНКА. — Узрадавалася, але i азадачылася. Як жа мне iх падрыхтаваць, каб яны выглядалi на адказных iспытах сама меней годна. Асноўная падрыхтоўка вялася, зразумела, на школьных уроках. Мець багаты багаж ведаў — гэта толькi палова справы, таму мая задача заключалася ў тым, каб навучыць дзяцей карыстацца сваiмi ведамi. Я старанна падбiрала такiя заданнi, каб вучнi маглi зразумець логiку пабудовы тэставых заданняў. Вельмi важна на тэсцiраваннi ўважлiва прачытаць фармулёўку тэставага задання, бо ад гэтага будзе залежыць правiльны адказ. Таму мы пастаянна змянялi на ўроках фармулёўкi. Таксама працавалi i з чарнавiкамi бланкаў адказаў, што дапамагло папярэдзiць у будучым вялiкую колькасць памылак пры запаўненнi бланка. Пасля цэнтралiзаванага тэсцiравання я цiкавiлася меркаваннямi вучняў наконт складанасцi тэстаў. Дзецi прызнавалiся, што ў iх узнiкалi праблемныя моманты, было над чым падумаць, але заданняў, якiя б увогуле не разглядалiся на ўроках цi на курсах па выбару, у тэстах не было. Я ўвогуле лiчу, што тэсты не павiнны спрашчацца i надалей, iнакш самых дастойных абiтурыентаў адабраць будзе проста немагчыма. Хоць адной гадзiны беларускай мовы ў тыдзень усё ж такi недастаткова для таго, каб атрымаць на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi высокую адзнаку. Абавязкова патрэбна дадатковая работа: гэта могуць быць курсы па выбару, факультатывы, стымулюючыя заняткi, самастойная праца, заняткi на падрыхтоўчых курсах, з рэпетытарам i гэтак далей. — Наша школа на працягу трох апошнiх гадоў дэманструе на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па беларускай мове нядрэнныя вынiкi, — падтрымала сваю калегу настаўнiца Таццяна Мiхайлаўна Падгайская. — Маiм выпускнiкам першым давялося здаваць у 2004 годзе абавязковы экзамен за курс сярэдняй школы ў форме цэнтралiзаванага тэсцiравання, якi быў аб’яднаны з уступным экзаменам у ВНУ i сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы. З 50 выпускнiкоў 37 чалавек абралi беларускую мову. Калi сталi вядомыя вынiкi цэнтралiзванага тэсцiравання, высветлiлася, што адзнакi, атрыманыя нашымi вучнямi на ЦТ, i iх гадавыя адзнакi па беларускай мове супадаюць на 95 працэнтаў. Ужо з першай спробы у нашых дзяцей былi на тэсцiраваннi «дзевяткi». Дарэчы, нашы медалiсты таксама пацвердзiлi свае школьныя адзнакi. Такiм чынам быў закладзены добры падмурак, i вось ужо трэцi год запар выпускнiкi 215-й школы па традыцыi выбiраюць на экзаменах беларускую мову. Хоць задача настаўнiкаў iстотна ўскладнiлася. З аднаго боку, трэба рыхтаваць адзiнаццацiкласнiкаў да школьнага выпускнога экзамену, якi праводзiцца ў форме пераказу, а з iншага — да цэнтралiзаванага тэсцiравання. Гэта зусiм розныя вiды работы. Аналiзуючы свой вопыт, мушу прызнаць, што да тэсцiравання падрыхтаваць вучня цяжэй, бо гэта форма праверкi ведаў патрабуе i ад вучня, i ад настаўнiка больш грунтоўных ведаў i больш сiстэмнай падрыхтоўкi. Тэст прымусiў нас, настаўнiкаў, зусiм па-iншаму паглядзець на школьную праграму. Мы шукаем прабелы ў ведах дзяцей i спрабуем iх лiквiдаваць. Узяць хоць бы тыя ж нацiскi. Дзякуй стваральнiкам тэстаў, што яны не iмкнуцца знайсцi ў слоўнiку такiя словы, з якiмi дзецi не сустракалiся на ўроках цi ў лiтаратуры. Дарэчы, нашы вучнi з задавальненнем шукаюць памылкi ў дыктараў радыё i тэлебачання. Каб выпрацаваць у дзяцей своеасаблiвы iнстынкт, мы спрабуем навучыць iх бачыць «небяспечныя» месцы ў словах. Канцэнтруем увагу на канчатках назоўнiкаў i дзеясловаў, ужываннi i правапiсе дзеепрыслоўяў i дзепрыметнiкаў, ужываннi часцiц «не» i «нi», правапiсу лiчэбнiкаў. А на апошнiм этапе прапануем вучням самастойна скласцi тэст, павярнуць тое цi iншае правiла так, як мы яго яшчэ не разглядалi. Любое правiла можа быць пададзена па-iншаму, але гэта не значыць, што яно не разглядалася на нашых уроках. Увогуле мы з калегамi пераканалiся, што ў вялiкай ступенi поспех вучня грунтуецца на ўпэўненасцi настаўнiкаў: калi сам настаўнiк нацэлены на высокi вынiк, то яго ўпэўненасць перадаецца i вучню. Мы даём сваiм дзецям наступную ўстаноўку — вы вывучалi i ведаеце ўсё. Магчыма, гэта таксама iм дапамагае. Выпускнiкi 215-й школы, якiя былi запрошаны на сустрэчу, таксама выказалi свае меркаваннi. Так, Кацярына Рабава набрала на тэсцiраваннi па беларускай мове 90 балаў i паступiла на факультэт беларускай фiлалогii i культуры Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта. Паводле слоў дзяўчыны, для выканання тэста ёй спатрэбiлася ўсяго 40 хвiлiн. Чаму не дацягнула да 100 балаў? Кажа, што крышачку разгубiлася... Iрына Сянкевiч, студэнтка факультэта менеджменту БДЭУ, атрымала 94 балы. На думку дзяўчынак, для высокай адзнакi трэба шмат самастойна працаваць. Цудоўна, калi ёсць магчымасць забяспечыць персанальны падыход да кожнага вучня, але на ўроках i курсах па выбару гэта зрабiць праблематычна. Кацярыне вельмi пашанцавала — у яе сям’i гучыць беларуская мова, а гэта таксама добрая падмога. Застаецца толькi дадаць, што нiякага «рэшата» пры паступленнi ў 215-ю школу дзецi не праходзяць, пры гэтым штогод студэнтамi ВНУ становяцца прыкладна 70 працэнтаў яе выпускнiкоў.
Па 10-бальнай сiстэме адзнак атрымалi: 10 балаў — 47 чалавек 9 балаў — 591 чалавек 8 балаў — 1979 чалавек 7 балаў — 4644 чалавекі 6 балаў — 8908 чалавек 5 балаў — 15.005 чалавек 4 балы — 21.339 чалавек 3 балы — 16.391 чалавек 2 балы — 5762 чалавекі 1 бал — 367 чалавек Сярэднi бал удзельнiкаў ЦТ па беларускай мове — 36,49 бала. 98 — максiмальны бал па 100-бальнай шкале, якi здолелі набраць ўдзельнiкi тэсцiравання
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...або Чаму выхаванцы школы з фiзкультурным ухiлам выбiраюць беларускую мову
|
|