Звяры цiснуцца да людзей
Алесь КАСЦЕНЬ
Звярам мяжа — не перашкода. Асаблiва калi яна толькi ўмоўная, пазначаная на карце. I вандруюць звяры, шукаючы смачнейшага корму ды зацiшнай долi, самi па сабе. I ўсё-такi пэўныя заканамернасцi ў гэтых вандроўках ёсць.
Пастаўскi раён тут мае свае адметнасцi. З поўдня ён мяжуе з ляснымi масiвамi i азёрамi Нацыянальнага парку «Нарачанскi». На поўнач ад раёна — Нацыянальны парк «Браслаўскiя азёры». А ўвесь захад раёна — мяжа з Лiтвой. Зразумела, што блiзкае знаходжанне такiх двух строга ахоўваемых прыродных масiваў аказвае сваё ўздзеянне i на фаўну Пастаўшчыны. Стала больш касуль, iншых жывёлiн, а галоўнае — драпежнiкаў — ваўкоў, лiсiц, янотаў. У Нацыянальным парку «Нарачанскi» заўважаюцца ўжо вялiкiя вывадкi ваўкоў, якiя наведваюць i тэрыторыю Пастаўскага раёна. Ды i мяжа з Лiтвой толькi дзе-нiдзе ачэпленая сеткай. Побач з ёй самая вялiкая на Пастаўшчыне лясная дача — Лынтупская, плошчай 3,5 тысячы гектараў. Ёсць яшчэ такая акалiчнасць, што на лiтоўскiм баку сельскагаспадарчыя работы вядуцца ў значна меншых памерах, менш палёў, якiя б маглi вабiць звера. Вось i iдзе ён кармiцца на Лынтупшчыну, а адлёжваецца ў Лiтве. Самi лiтоўцы не без горычы жартуюць, што хутка на Беларусь i вароны ад iх паляцяць. Знаёмы фермер з-пад Лынтуп расказваў, што сёлета капаць бульбу не было як: пастаралiся лясныя памочнiкi. Дзiк станавiўся ў баразну i рыў зямлю, не пакiдаючы нi бульбiны, нiбы самая ўвiшная вясковая кабета. Ды ядуць жывёлы ўсё, што вырашчана. Не звяртаюць увагi на тое, каму належыць поле: калектыўнай гаспадарцы цi прыватнiку. Ёсць пэўныя праблемы i ля самiх Пастаў. Справа ў тым, што ў трохкiламетровай зоне вакол райцэнтра адстрэл дзiчыны забаронены. I яна сцягваецца сюды, цiснецца блiжэй да людзей i iх жылля. Толькi ля прыгарадных вёсак Соўкi, Перавознiкi мясцовыя жыхары заўважаюць да пяцi вывадкаў дзiкоў. Ладны ўчастак кукурузы тут яны здратавалi. Мясцовыя паляўнiчыя вядуць адстрэл жывёлы. На гэты паляўнiчы сезон толькi дзiкоў iм трэба адстраляць 66. Палова з iх здабыта. Да заканчэння сезона, 15 студзеня, план будзе выкананы. Але i ў паляўнiчых свае праблемы. Па ранейшых правiлах можна было паляваць пяць дзён на тыдзень, цяпер толькi тры. А гэта малавата, калi ўлiчыць сiтуацыю ў раёне, ды i ў iншых мясцовасцях Беларусi. Ды яшчэ ў дзень, калi забаронена афiцыйнае паляванне, смялей адчуваюць сябе ў лесе браканьеры. Цi яшчэ такая недарэчнасць. Iдзе пэўная дыскрымiнацыя рускiх гончых сабак, з якiмi палявалi многiя i многiя пакаленнi беларусаў. Дык вось з ганчаком паляваць можна толькi два месяцы ў сезоне, а, напрыклад, з англiйскiм сетэрам — круглы год. А мiж тым ганчак цудоўна бярэ i лiсу, i янота. А што ён далёка гонiць звера — не такая ўжо i праблема, лайка таксама ганяе доўга. А пакуль што паляўнiчыя чакаюць снегу, каб бачнымi сталi сляды. Зверу ён, вiдаць, малапатрэбны. Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звярам мяжа — не перашкода. Асаблiва калi яна толькi ўмоўная, пазначаная на карце. I вандруюць звяры, шукаючы смачнейшага корму ды зацiшнай долi,
|
|