Нiводнаму чалавеку замерзнуць не дадуць.
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 Але палiвам найперш будуць забяспечвацца катэгорыi льготнiкаўЖыхарка вёскi Чыжэвiчы Капыльскага раёна Вольга Мiхайлаўна Кляўчэня паскардзiлася ў рэдакцыю, што не можа атрымаць па сваёй палiўнай кнiжцы брыкет. Зазначым, што гаворка iдзе пра 2,5 т гэтага палiва, якое выдзяляецца на адно домаўладанне па датацыйных цэнах. «Стаю ў чарзе з пачатку гэтага года, мой нумар — 69. Нядаўна ў сельскiм Савеце сказалi, што да канца года гэтыя 2,5 т брыкету мы не атрымаем, маўляў, скончылiся датацыi. Яго будуць выдзяляць толькi тым, у каго зусiм няма палiва, дый тое пасля праверкi, калi работнiкi Савета паходзяць па дварах. Але ж у суседнiм Блеўчацкiм сельскiм Савеце, якi таксама адносiцца да нашага раёна, нiчога такога няма. Туды прыязджаюць прадстаўнiкi торфабрыкетнага завода, людзi iдуць са сваiмi палiўнымi кнiжкамi, на месцы аплачваюць палiва i яго iм прывозяць без анiякiх праблем. Чаму так? Канешне, гэтых 2,5 т брыкету па датацыйных цэнах для нас усё роўна мала, мы рэгулярна закупляем яго яшчэ i па свабодных цэнах, але чаму, калi я стаю ў чарзе, не магу атрымаць тое, што мне належыць?», — гаварыла нам жанчына. Паводле слоў дырэктара Мiнскага абласнога ўнiтарнага прадпрыемства «Капыльскi райпалiвазбыт» Аляксандра Корзуна, да якога мы звярнулiся па каментарыi, датацыi сапраўды скончылiся i малаверагодна, што да канца года з абласнога бюджэту пад гэтыя мэты паступяць яшчэ нейкiя сродкi. — Тым не менш катэгорыя льготнiкаў — iнвалiдаў, ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, сем’яў загiнулых, шматдзетных мацi i iнш. — будзе абслугоўвацца, праўда, пры ўмове, што ў гэтых людзей сапраўды няма палiва. Гэта будуць устанаўлiваць работнiкi сельскiх Саветаў, якiя абследуюць домаўладаннi. Датацыйныя 2,5 т брыкету (з разлiку прыкладна 45 тысяч рублёў за тону) будуць выдзяляцца iм у парадку чарговасцi. Для гэтых мэтаў у пачатку снежня мы плануем узяць крэдыт, — сказаў Аляксандр Аляксандравiч. Як расказаў далей дырэктар прадпрыемства, сёлета ў якасцi датацый на палiва на раён было выдзелена 320 мiльёнаў рублёў, а фактычна — толькi 280 мiльёнаў, паколькi 40 мiльёнаў «перайшлi» з папярэдняга года. Гэта мала. Ужо на 2007 год памер датацый плануецца павялiчыць амаль да 600 мiльёнаў. «Таму ўсе катэгорыi грамадзян, якiя не трапляюць у катэгорыю льготнiкаў i якiя былi ў стане самастойна нарыхтаваць палiва, змогуць атрымаць датацыйныя 2,5 т брыкету ў студзенi—лютым наступнага года, калi фiнансаванне будзе павялiчана ўдвая». Адказваючы на прэтэнзiю чытачкi адносна стану спраў з атрыманнем палiва ў Блеўчыцкiм сельскiм Савеце, Аляксандр Корзун заўважыў, што заяўнiца не разабралася ў сiтуацыi. «Калi там былi прадстаўнiкi торфабрыкетнага завода, яны маглi прапаноўваць палiва толькi па свабодных цэнах — па 80—90 тысяч рублёў за тону ў залежнасцi ад завода. Ёсць i яшчэ адзiн нюанс. Па дамоўленасцi нашы суседзi i калегi — Нясвiжскi райпалiвазбыт — вялi абслугоўванне прылеглых тэрыторый Капыльскага раёна. Але квота на брыкет у iх была невялiкая, i неўзабаве жыхароў гэтых тэрыторый зноў пачалi абслугоўваць мы — на агульных для ўсiх умовах». Старшыня Доктаравiцкага сельскага Савета Мiхаiл Гулейка заявiў журналiсту «Звязды»: «Нiводнаму чалавеку мы замерзнуць не дадзiм. Але з-за аб’ектыўных абставiнаў пакуль палiва па датацыйных цэнах можа быць выдзелена толькi тым грамадзянам, якiя па тых цi iншых прычынах не змаглi яго нарыхтаваць». Мiхаiл Вiктаравiч сказаў, што лiтаральна заўтра (пасля размовы з аўтарам. — С.Р.) работнiкi сельскага Савета выедуць у Чыжэвiчы для праверкi домаўладання нашай заяўнiцы, каб пераканацца, цi мае яна патрэбу ў тэрмiновым выдзяленнi брыкету. Аналiзуючы сiтуацыю ўвогуле, i Аляксандр Корзун, i Мiхаiл Гулейка адзначылi, што, на жаль, некаторыя вяскоўцы разважаюць так: раз далi палiўную кнiжку, значыць, абавязкова павiнны забяспечыць па ёй i датацыйным палiвам. Аб’ектыўныя ж фактары, якiя могуць перашкаджаць забеспячэнню iм абсалютна ўсiх i адразу, у разлiк вельмi часта не прымаюцца. Напрыклад, Вольга Мiкалаеўна заўважыла, што ўсё роўна збiраецца набываць пэўную колькасць брыкету па свабодных цэнах. Дык, можа, у такiм выпадку яна з сям’ёй змагла б «пратрымацца» на iм некалькi месяцаў, пакуль ёй не выдзелiлi б тыя самыя датацыйныя 2,5 т?..
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Але палiвам найперш будуць забяспечвацца катэгорыi льготнiкаў |
|