Жываслоўцы
Святлана АДАМОВIЧ
калi душой адчуеш прыгажосць, тады па-беларуску загаворыш...
...Яно — мiлагучнае, наскае — адрадзiлася спачатку ў студэнцкiх сэрцах i душах... Затым заструменiлася з вуснаў маладых самадзейных артыстаў мiлагучным напевам... А пасля запанавала на сцэне i ў душах ды сэрцах гледачоў. Яно, гэтае Слова, дало назву ўнiкальнаму калектыву, якi жыве, абнаўляецца, дзейнiчае вось ужо чатыры дзесяцiгоддзi. Так, менавiта столькi часу радуе сваiх шматлiкiх прыхiльнiкаў у Беларусi, а таксама ў Польшчы, Расii, Лiтве, на Украiне народны лiтаратурны тэатр «Жывое слова». Тэатр са шматгадовымi традыцыямi... Сталы i малады адначасова... Сталы, бо столькi часу прамiнула з дня яго заснавання... Малады, таму што ў яго складзе — студэнты. Пераважная iх большасць вучыцца ў БДПУ iмя М. Танка. Тэатр для яго ўдзельнiкаў, якiя завуцца прыгожа — жываслоўцы, — не проста кароткатэрмiновае захапленне. Для кагосьцi ён — другая сям’я, а для кагосьцi — другое жыццё... У рэпертуары — творы беларускай лiтаратуры, пераклады сусветнай класiкi, аўтарскiя спробы жываслоўцаў, увасобленыя ў спектаклi, шматлiкiя канцэртныя праграмы, лiтаратурна-музычныя кампазiцыi ды iншыя творчыя праекты. I ўсё гэта — на прыгожай, багатай, мiлагучнай i сакавiтай беларускай мове. ...Распачынаецца выступленне з прадстаўлення тэатра i вясёлых самабытных жываслоўцаў. Колькi хвiлiн — i ўжо здаецца, што гэты малады, творчы, шчаслiвы, аптымiстычны i апантаны калектыў ты ведаеш усё жыццё... Ды хiба ж можна застацца абыякавым да артыстычнага дэкламавання вершаў класiкаў i спявання пад гiтару найпрыгажэйшых беларускiх песень?! А якi шчыры смех выклiкае ўласная творчасць жываслоўцаў — жартоўныя сцэнкi-мiнiяцюры... Адкуль жа такi струмень чыстага паветра — крынiца глядацкай асалоды? Пра гэта запытаемся ў сённяшняга мастацкага кiраўнiка тэатра «Жывое слова» Наталлi КУХАРАВАЙ i рэжысёра Уладзiмiра ТРАПЯНКА. — Сёлета тэатру «Жывое слова» споўнiлася 40 гадоў. У чым, па-вашаму, сакрэт такога доўгажыхарства? НАТАЛЛЯ: — Напэўна, у iдэi, якая першапачаткова была закладзена ў праекце. У 1966 годзе тэатр заснаваў былы артыст Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Янкi Купалы, выкладчык выразнага чытання педагагiчнага iнстытута iмя М. Горкага (зараз БДПУ iмя М. Танка), кандыдат педагагiчных навук Андрэй Каляда. На пачатку 70-х гадоў пра «Жывое слова» пiсалi, што гэта — прыступка да педагагiчнага майстэрства, педагагiчнай творчасцi. Ён задумваўся як творчая майстэрня для людзей, якiя будуць пасля працаваць са школьнiкамi, студэнтамi... I яны павiнны валодаць жывым беларускiм словам. Гэтую традыцыю мы i працягваем. Адзiнае, што трошкi яе пашыраем. Бо не толькi настаўнiку неабходна валодаць родным словам. Гэта, напэўна, павiнна быць паўсядзённай з’явай для кожнага чалавека. I яшчэ калi прыгадваць гiсторыю... У 1977 годзе, пасля 11 гадоў творчай працы, тэатр «Жывое слова» атрымаў званне «народны». У 1991-ым яго новымi кiраўнiкамi сталi Алена i Юрась Чарэнкi — вучнi Андрэя Каляды. Я пераняла эстафету ў лютым 2004-га. У нашай творчай камандзе сёння рэжысёры Уладзiмiр Трапянок, Антон Гусцiновiч, Алена Шац i сцэнограф Алена Блiзняцова. Мiж iншым, многiя творы, перш чым трапiць да нас у рэпертуар, праходзяць творчую перапрацоўку. Калi яны на рускай альбо замежнай мове, перакладаем на беларускую. Нават песнi. Напэўна, з самага пачатку iснавання нашага тэатра ў яго рэпертуары была песня, якая мела назву «Занавес». Зараз яна ў нас гучыць па-iншаму i называецца «Заслона». УЛАДЗIМIР: — Галоўная задача, якую мы перад сабой ставiм, — гэта не падрыхтоўка якiхсьцi прафесiйных акцёраў, рэжысёраў, а падрыхтоўка спецыялiстаў... для самiх сябе, уласнага добрага жыцця... — У вандроўкi звычайна едзе ўвесь тэатр цi яго частка? НАТАЛЛЯ: — Ведаеце, на гастролi мы бяром тую мiнiмальную колькасць людзей, якая можа змясцiцца ў маленькiм аўтобусе. Звычайна ў вандроўку выбiраемся колькасцю ў 20 чалавек... УЛАДЗIМIР: — А ўвогуле ў тэатры каля 30 удзельнiкаў. З кожным годам людзi дадаюцца, а склад абнаўляецца, бо студэнты пасля пяцi гадоў навучання ў ВНУ сыходзяць. Але ёсць i прыемныя выключэннi, калi чалавек скончыў навучанне i працягвае быць жываслоўцам. Гэта нам вельмi даспадобы. Вось, дарэчы, Наталля Кухарава падчас вучобы была ўдзельнiцай трупы, а зараз — мастацкi кiраўнiк тэатра... I яшчэ што датычыць нашай дзейнасцi. Сапраўды, нас ведаюць i за межамi Беларусi (у Польшчы, Украiне, Лiтве, Расii), i на Радзiме. Запрашаюць выступаць у навучальных i культурных установах, дзiцячых дамах, прытулках, музеях... Трывалыя творчыя стасункi ўсталявалiся з Лiтаратурным музеем Максiма Багдановiча... I ўсюды нас сустракаюць з вялiкай радасцю. А гэта — стымул, каб натхнёна працаваць далей... Мы нават праводзiм невялiчкi творчы эксперымент. Нiхто наперад не вызначае парадак выступлення жываслоўцаў. Пра тое, якi нумар пойдзе наступным, ведаю толькi я i мастацкi кiраўнiк. Гэта вучыць удзельнiкаў тэатра ў любы час, у любых абставiнах, на любой сцэне i пры любой аўдыторыi паспець сканцэнтравацца i паказаць выдатна свой нумар... — Увогуле, наколькi ў студэнтаў стае часу на рэпетыцыi i выступленнi? НАТАЛЛЯ: — Гэта вельмi складанае пытанне... Я лiчу, што калi чалавек паспяховы, то ён паспяховы ў розных сферах жыцця. Так i нашы студэнты. Яны выдатна вучацца (цьфу-цьфу-цьфу, каб не сурочыць!), а старшакурснiкi яшчэ i працуюць. I пры гэтым знаходзяць час прыходзiць на рэпетыцыi. Афiцыйна яны прыходзяць два разы на тыдзень — у аўторак i чацвер. Але на iндывiдуальныя рэпетыцыi запрашаем i ў iншыя днi. А калi рыхтуемся да спектакля, то сустракаемся i ў выхадныя... Спектаклi, творчыя выступленнi, вандроўкi — гэта традыцыйныя накiрункi, якiя засталiся нам у спадчыну ад папярэднiкаў. А ёсць i сваё. Напрыклад, штогод праводзiм вечарыну ўласнай творчасцi жываслоўцаў пад назвай «Атрасiны». Дзякуючы незразумеламу слову, яна набыла арэол таямнiчасцi. А ўвогуле, як напрыканцы года дрэвы абтрасаюць сваё лiсце, так i мы «абтрасаем» тое, што ў нас ёсць — вершы, мiнiяцюры... Тое, што зрабiлi, прыдумалi, напiсалi альбо знайшлi i паставiлi самi. Нядаўна ў нас нарадзiлася i ўласная ганаровая прэмiя «Жыўчык», якая ўручаецца жываслоўцам у некалькiх намiнацыях... А саракагоддзе тэатра мы адзначылi пастаноўкай спектакля «Споведзь навальнiцы» — паводле твора Я. Баршчэўскага «Шляхцiц Завальня». УЛАДЗIМIР: — Альбо ўзяць яшчэ адну прыдумку. Бачыце, у некаторых удзельнiкаў тэатра ёсць вось такiя самаробныя медалi. З дапамогай iх тыя, хто ўпершыню выязджае на гастролi, прысвячаюцца ў гастралёры. Гэтым разам не толькi некаторым жываслоўцам, а i мне давялося праходзiць творчы iспыт. Спадзяюся, мы яго вытрымалi... НАТАЛЛЯ: — Дарэчы, што яшчэ цiкава... Нашы выпускнiкi раз’язджаюцца на працу па ўсёй Беларусi, а пасля запрашаюць нас да сябе. I гэта вельмi прыемна... — Раскажыце, калi ласка, як кожны з вас прыйшоў да роднага слова... НАТАЛЛЯ: — Лiчу, што не трэба казаць: «Я не ўмею размаўляць па-беларуску... У мяне не атрымаецца...», а трэба аднойчы пачаць рабiць гэта. Бо проста сядзець i так думаць — бессэнсоўна. Мы размаўляем па-беларуску не толькi на сцэне, а i падчас звычайных стасункаў. Чаму я так упэўнена кажу, што калi захацець авалодаць беларускай мовай, то можна гэта зрабiць... Так склалiся абставiны, што 13 гадоў таму я, студэнтка другога курса педагагiчнай установы, прыехала на Беларусь з Расii сярод навучальнага года. У той час у аналагiчнай установе Беларусi ўсе прадметы выкладалiся выключна па-беларуску. У вучылiшчы былi ўпэўнены, што я не спраўлюся з праграмай i буду адлiчаная, нягледзячы на тое, што была выдатнiцай. А я проста ўзяла кнiжкi i пачала вывучаць мову. Закончыла вучылiшча з чырвоным дыпломам. Затым паступiла на факультэт беларускай фiлалогii i культуры, якi таксама скончыла з чырвоным дыпломам. I мне здаецца, што калi чалавек кажа пра немагчымасць вывучыць беларускую мову, нарадзiўшыся на гэтай зямлi, то ён альбо не верыць у сябе, альбо не хоча... Дык тады не трэба казаць, што гэта немагчыма... УЛАДЗIМIР: — Часам да нас у тэатр прыходзяць людзi, якiя амаль што не ведаюць мовы, не могуць вольна размаўляць на ёй, кажуць, што складана. Але праз месяц-другi яны без усялякага прымусу пачынаюць гаварыць па-беларуску, няхай сабе i з невялiкiмi цяжкасцямi... Што да маiх адносiнаў да мовы... Па-першае, я з чацвёртага класа вучыўся ў Бярэзiнскай беларускай педагагiчнай гiмназii. Затым паступiў ва Унiверсiтэт культуры на курс заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусi Валерыя Мазынскага, дзе навучанне таксама iшло па-беларуску. Але гэта ўжо быў лагiчны працяг. Стаўленне ж узнiкла якраз-такi ў школьныя гады. Галоўнае — адчуць прыгажосць, мелодыку мовы. I ў якiсьцi момант (можа, нават сам-насам) паспрабаваць штосьцi сказаць па-беларуску — з цёплымi пачуццямi. Думаю, пасля такога ўсведамлення проста немагчыма не палюбiць жывое роднае слова... ...З апошнiм пагаджаюся душой i сэрцам. Бо таксама люблю нашу мову... Думаю, гэтак жа шчыра i аддана палюбяць яе i тыя, хто хоць аднойчы завiтае на выступленнi жываслоўцаў. Так што запрашайце iх да сябе — i захапляйцеся крынiчнай прахалодай нашай роднай беларускай мовы... Чэрвеньскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
калi душой адчуеш прыгажосць, тады па-беларуску загаворыш...
|
|