Цеплыня правакуе дрэвы «выкiдваць» пупышкi
Сяргей РАСОЛЬКА.
Анамальна цёплае надвор’е, што назiраецца фактычна з пачатку лiстапада i па сёння, не можа пакiнуць абыякавымi садаводаў-аматараў, не кажучы ўжо пра прафесiяналаў па вырошчванню пладовых культур. Што будзе з дрэвамi, якiя з-за «збояў» у нябеснай канцылярыi, зноў пачалi «выкiдваць» пупышкi? Цi можна нешта прадпрыняць для абароны дрэў зараз? Па каментарыi мы звярнулiся да загадчыка аддзела тэхналогii пладаводства РУП «Iнстытут пладаводства Нацыянальнай акадэмii навук» Надзеi Капiчнiкавай, якая пагадзiлася паразважаць на гэту тэму.
— Такой працяглай анамальнай плюсавай тэмпературы мы сапраўды не можам прыгадаць. Калi браць нейкiя ранейшыя гады, дык i тады часам удзень назiралiся даволi высокiя тэмпературы паветра, аднак уначы яны панiжалiся да мiнусавай адзнакi, што давала магчымасць пладовым культурам пераходзiць у стан вымушанага спакою. Натуральны спакой звычайна не вельмi працяглы, а вымушаны надыходзiць якраз з пачаткам халадоў, марознага надвор’я. Цяпер жа i ўдзень, i ўначы назiраюцца плюсавыя тэмпературы. Што гэта азначае? Натуральны спакой ужо скончыўся, а пайсцi ў вымушаны культуры не могуць. Адсюль i набуханне на дрэвах пупышак. Асаблiва iх зараз шмат, напрыклад, на бружмелю (жимолости) — самай ранняй культуры, — сказала Надзея Рыгораўна. Паводле далейшых слоў спецыялiста, прагназаваць зараз нейкi магчымы ўрон i страты ў садах рана — усё будзе залежаць ад далейшых паводзiнаў прыроды. Зразумела, небяспеку ўяўляюць найперш маразы, калi яны раптоўна абрынуцца на дрэвы. У гэтым выпадку могуць пацярпець у першую чаргу ўсе костачкавыя — вiшня, алыча, чарэшня, iнш., паколькi па сваёй бiялогii вегетацыя ў iх пачынаецца нашмат раней, чым у iншых дрэў — калi яшчэ зямля прамерзлая. Але i тут не ўсё так проста. Маразы пры наяўнасцi снегу, якi прыкрывае каранёвую зону, пладовыя культуры могуць перанесцi значна лепш, чым без снегавога покрыва. Цi можна нейкiм чынам дапамагчы зараз дрэвам? — Калi выпадзе снег, пажадана прыкрыць iм каранёвую зону. Садаводы робяць гэта заўсёды. Але цi будзе карысць... Такi крок не нашкодзiць адназначна, паколькi снег — гэта вiльгаць, якая можа спатрэбiцца дрэву ў далейшым, — зазначыла Надзея Капiчнiкава. — Але праблема зараз у тым, што глеба не замерзла... Таму зрабiць нейкiя прамежкавыя высновы наконт уплыву цяперашнiх умоў надвор’я на пладовыя дрэвы мы зможам крыху пазней, у залежнасцi ад таго, як будзе развiвацца сiтуацыя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анамальна цёплае надвор’е, што назiраецца фактычна з пачатку лiстапада i па сёння, не можа пакiнуць абыякавымi садаводаў-аматараў, не кажучы ўжо пра п
|
|