Украiна: вакол галадамору...
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Погляд 28 лiстапада прэзiдэнт Украiны Вiктар Юшчанка падпiсаў Закон аб галадаморы на Украiне 1932—1933 гадоў. У гэтым дакуменце Галадамор названы генацыдам украiнскага народа. Публiчнае адмаўленне галадамору прызнаецца процiпраўным. На сустрэчы з гэтай нагоды з журналiстамi саветнiк Пасольства Украiны ў Рэспублiкi Беларусь Алеся Юрчанка падкрэслiла, што Украiна не збiраецца прад’яўляць санкцыi краiне, якая з’яўляецца правапераемнiцай Савецкага Саюза i не абвiнавачвае ў генацыдзе нi адзiн народ i нi адну краiну. «Аўтар злачынства вядомы — сталiнскi рэжым», — сказаў прэзiдэнт Украiны Вiктар Юшчанка ў зваротах да народа.На працягу ХХ стагоддзя Украiна тройчы перажыла галадамор: у 1921—1923, 1932—1933 i 1946—1947 гадах. У 20-х i 40-х гадах сярод прычын, якiя выклiкалi голад, былi наступствы войнаў. У 1921 годзе ў сродках масавай iнфармацыi з’явiўся заклiк да сусветнай грамадскасцi аб дапамозе «галадаючым Паволжа». Праз год былi надрукаваныя i фатаграфii апухлых ад голаду ўкраiнскiх дзяцей. Менавiта гэтыя фотадакументы i вядомыя сёння шырокай грамадскасцi. Дакументальных доказаў голаду 1932—1933 гадоў амаль не засталося. Украiнскiя навукоўцы, прадстаўнiкi дзяржаўнай улады i грамадскiя дзеячы лiчаць гэта заканамерным. — Мэта была — знiшчыць народ, таму старалiся не пакiдаць нiякiх фактаў, — упэўнена Алеся Юрчанка. — Мы зараз маем толькi сведчаннi вiдавочцаў, тых, хто перажыў гэтыя страшныя часы. Падчас галадамору 1932—1933 гадоў украiнская дыяспара дабiлася, каб свет даведаўся пра тое, што адбываецца з сялянствам на яе Бацькаўшчыне. Але з-за таго, што ўлады адмаўлялi наяўнасць голаду на сваёй тэрыторыi, дапамагчы было немагчыма. 29 кастрычнiка 1933 года ўкраiнскiмi палiтычнымi эмiгрантамi быў аб’яўлены «дзень сусветнага смутку i ўсенароднага гневу». Пазней Савецкi Саюз прызнаў наяўнасць голаду ў 1932—1933 гадах, але сапраўдныя прычыны яго i маштаб па-ранейшаму хавалiся. У 1998 годзе прэзiдэнт Украiны Леанiд Кучма падпiсаў Указ аб усталяваннi Дня памяцi ахвяр галадамору i палiтычных рэпрэсiй, якi было вырашана адзначаць у апошнюю суботу лiстапада. У 2003 годзе на 58-й сесii Генеральнай Асамблеi ААН 36 краiн, у тым лiку Беларусь, выступiлi з Сумеснай заявай, якую падтрымалi шэраг iншых краiн, у якой галадамор быў названы нацыянальнай трагедыяй украiнскага народа, прычыненай жорсткiмi дзеяннямi i палiтыкай таталiтарнага рэжыму. «Пры ўсёй важнасцi гэтага дакумента, нельга лiчыць, што тым самым падведзена рыса пад мiжнародным асуджэннем трагедыi галадамору, — сказана ў красавiцкiм лiсце 2006 года мiнiстра замежных спраў Украiны Барыса Тарасюка да мiнiстраў замежных спраў краiн СНД. — Украiна мае намер i далей ставiць гэтае пытанне ў рамках ААН, АБСЕ, Савета Еўропы, а таксама СНД, актыўна iнфармаваць аб гэтых трагiчных падзеях i iх наступствах мiжнародную грамадскасць». У жнiўнi рассакрэчаны архiўныя дакументы, якiя датычацца галадамору 1932—1933 гадоў агульным аб’ёмам каля 5 тысяч старонак. 20 жнiўня ўдзельнiкi IV Сусветнага форуму ўкраiнцаў звярнулiся да мiжнароднай грамадскасцi з заклiкам прызнаць галадамор актам генацыду ўкраiнскага народа. «Дзесяць мiльёнаў украiнцаў змарылi штучным голадам для дасягнення злачыннай палiтычнай мэты: аслаблення i вынiшчэння вольналюбiвага ўкраiнскага сялянства — сацыяльнага падмурканацыi», — сказана ў звароце. Сёння галадамор прызнаны генацыдам парламентамi 10 краiн. Мiнiстэрства замежных спраў Расii адмаўляецца прызнаць масавы голад на Украiне актам генацыду, якi накiраваны супраць украiнскага народа. Беларусь лiчыць даследаваннi па гэтаму пытанню недастатковымi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
28 лiстапада прэзiдэнт Украiны Вiктар Юшчанка падпiсаў Закон аб галадаморы на Украiне 1932—1933 гадоў. У гэтым дакуменце Галадамор названы генацыдам у
|
|