Настаўнiкаў вучаць выкладаць здароўе
Святлана БАРЫСЕНКА
СМI дарэмна папракаюць школу ў тым, што вучнi мала ведаюць пра захворваннi i iх прафiлактыку, лiчаць у Мiнiстэрстве адукацыi.
Паводле слоў намеснiка мiнiстра адукацыi Рэспублiкi Беларусь Таццяны КАВАЛЁВАЙ, праграма выхавання ў галiне здароўя дзейнiчае ва ўсiх навучальных установах — ад дашкольных да вышэйшых. Так, у вучэбную праграму сярэднiх навучальных устаноў уведзены розныя курсы здароўя па выбару для вучняў фактычна з 1-га па 12-ы клас, ёсць спецкурс «Здаровы лад жыцця» для 5—9-х класаў i iншыя. Дзецi i падлеткi маюць рэальную магчымасць атрымлiваць самую важную iнфармацыю па гiгiене, правiльнаму харчаванню, аб адмоўным уздзеяннi на арганiзм курэння i злоўжываннi алкагольнымi напоямi... Больш за тое, да практычных крокаў аховы здароўя пакалення NEXT можна аднесцi свежую iнiцыятыву Мiнадукацыi па правядзенню з новага каляндарнага года акцыi «Здаровы я — здаровая краiна», а з лiстапада стаў рэалiзоўвацца больш «вузкi» праект «Спорт, вучоба, прыгажосць: пiву — не, здароўю — так!» з мэтай прафiлактыкi ранняга захаплення даступным слабаалкагольным напоем. Бацькi, якiм такая прафiлактыка падаецца не надта сур`ёзнай, павiнны ведаць, што з гэтага навучальнага года медыцынскае абследаванне школьнiкаў, навучэнцаў, студэнтаў будзе праводзiцца двойчы на год — у вераснi i лютым. Актуальнымi ж задачамi, якiя ставiць перад сабой Мiнадукацыi з’яўляюцца некалькi момантаў. Па-першае, пытанне падрыхтоўкi педагогаў па выкладанню «здаровай» тэматыкi. Навучанне настаўнiкаў ужо адбываецца, i тут можна спадзявацца на досыць хуткi станоўчы вынiк. Чаго не скажаш пра момант другi. Гаворка iдзе пра фармiраванне грамадскага меркавання ў галiне здаровага ладу жыцця. «Кожны год мы прапануем бацькам абмежавацца на выпускным вечары келiхам шампанскага, i кожны год сутыкаемся са шквалам абурэння...», — кажа Таццяна Кавалёва. Нарэшце, трэцiм важным i, напэўна, доўгатэрмiновым момантам застаецца арганiзацыя вольнага часу падлеткаў, у тым лiку цяжкiх, — у якасцi прафiлактыкi захаплення шкоднымi «звычкамi». Першы крок зроблены — каля 80 працэнтаў школ адкрыты зараз i ў выхадныя. Аднак, паколькi сярод тых жа цяжкiх падлеткаў пераважаюць хлопчыкi, мяркуецца надзвычай складаным вырашыць праблему iх паводзiнаў i прыцягнення ў школу ў пазавучэбны час без удзелу прадстаўнiкоў мужчынскага полу. А школа наша сёння — з жаночым тварам. З-за чаго Мiнадукацыi пайшло на супрацоўнiцтва з Мiнiстэрствам унутраных спраў. Гэта дазволiла арганiзаваць адпачынак некаторых цяжкiх падлеткаў у час канiкулаў. Праўда, вопыт гэты нельга пакуль назваць маштабным.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
СМI дарэмна папракаюць школу ў тым, што вучнi мала ведаюць пра захворваннi i iх прафiлактыку, лiчаць у Мiнiстэрстве адукацыi |
|