Расiя—Беларусь: курс — у адзiную еўрапейскую прастору
Надзея НIКАЛАЕВА
«Балонскi працэс — гэта гiбкая сiстэма мерапрыемстваў, скiраваная на фармiраванне адзiнай еўрапейскай адукацыйнай прасторы, з якой мы маем намер браць толькi тое, што можа быць выгадна для нашай сiстэмы адукацыi i для нашай краiны», — аб гэтым заявiў на сустрэчы з беларускiмi журналiстамi мiнiстр адукацыi Расiйскай Федэрацыi Андрэй Фурсенка, якi прыехаў у Мiнск, каб узяць удзел у сумеснай калегii галоўных адукацыйных ведамстваў Расii i Беларусi.
— У першую чаргу для нас карысная двухузроўневая сiстэма падрыхтоўкi спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй, якая дапамагае лягчэй падстройвацца пад зменлiвыя патрэбы эканомiкi, — патлумачыў сваю пазiцыю Андрэй Фурсенка. — Па-другое, нас не можа не прыцягваць мабiльнасць, на якую скiраваны Балонскi працэс. Любы малады чалавек можа распачынаць навучанне ў адной ВНУ, а завяршаць яго ў iншай, прычым за межамi сваёй краiны. Гэта стане магчымым дзякуючы даверу да якасцi падрыхтоўкi студэнтаў у той цi iншай ВНУ i ўнiфiкацыi вучэбных праграм. Мы разам з нашымi беларускiмi калегамi сёння зацiкаўленыя ў тым, каб якасць унiверсiтэцкай адукацыi была аднолькава высокай як у Расii, так i ў Беларусi. На жаль, але масавасць вышэйшай адукацыi прывяла да страты яе якасцi. У нас часта пытаюцца, цi збiраемся мы адмаўляцца ад вучонай ступенi доктара навук, паколькi нiдзе ў Еўропе такой ступенi не iснуе. Адказваю, што нi ў якiм разе. На наш погляд, ступень доктара навук з’яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню навуковых ведаў у яе ўладальнiка. Хачу падкрэслiць, што пытаннi канкурэнтаздольнасцi вышэйшай адукацыi хвалююць сёння лiтаральна ўсе краiны Еўропы. Мы па праву ганарылiся савецкай сiстэмай адукацыi, але сёння — i сiтуацыя ўжо iншая, i краiна — iншая i ўмовы — iншыя. Таму нельга проста вярнуцца назад. Наша задача — узяць усё самае лепшае з савецкай школы. Для таго, каб выпрацаваць новыя крытэрыi да якасцi прадастаўляемых адукацыйных паслуг, а таксама каб зверыць курс, на якi арыентуюцца нацыянальныя сiстэмы адукацыi, i сабралiся ў Мiнску спецыялiсты абодвух адукацыйных ведамстваў. Трэба прызнаць, што ўжо на ўзроўнi агульнаадукацыйнай школы у нас прасочваецца дастаткова адрозненняў. Для прыкладу, Беларусь перайшла ўжо на 12-гадовую школу, а ў Расii гэта пытанне знаходзiцца яшчэ толькi на ўзроўнi дыскусiй. Беларускiя школьнiкi вывучаюць iнфарматыку з 6-га класа, а ў Расii лiчаць, што прыступаць да гэтай дысцыплiны трэба ўжо з трэцяга года навучання. У Беларусi не першы год паспяхова выкарыстоўваецца ў вучэбным працэсе 10-бальная сiстэма ацэнкi ведаў i навыкаў навучэнцаў, а расiянам па-ранейшаму не цесна ў рамках пяцiбальнай сiстэмы ацэнкi ведаў. Хоць, застаецца не зусiм зразумелым, як можна перавесцi ў пяцiбальную сiстэму ацэнкi балы, набраныя па 100-бальнай шкале на адзiным дзяржаўным экзамене або на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi? Нават пры пераводзе стобальнай сiстэмы ў дзесяцiбальную сiстэму ацэнкi заўсёды знаходзiцца шмат пакрыўджаных. Таму беларускiя ВНУ, якiя цалкам перайшлi на правядзенне ўступных iспытаў у форме цэнтралiзаванага тэсцiравання, сталi практыкаваць залiчэнне па стобальнай сiстэме... Дарэчы, з 2009 года Расiйская Федэрацыя збiраецца перайсцi на адзiны дзяржаўны экзамен, без якога немагчыма будзе паступiць у расiйскiя ВНУ. А Беларусь ужо з гэтага года перайшла фактычна на залiчэнне абiтурыентаў па вынiках цэнтралiзаванага тэсцiравання, але тэрмiны яго правядзення не змаглi задаволiць расiйскiх школьнiкаў, якiя ў гэты час здавалi свае выпускныя экзамены. Мiнiстр адукацыi Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Радзькоў запэўнiў, што расiйскi бок у абавязковым парадку будзе праiнфармаваны аб тэрмiнах прыёмнай кампанii ў беларускiх ВНУ i графiку правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання ў 2007 годзе. Паводле iнфармацыi Мiнадукацыi Рэспублiкi Беларусь, у 2005/2006 навучальным годзе ў расiйскiх ВНУ навучалася больш за 4300 грамадзян Рэспублiкi Беларусь, з iх 2700 — за ўласныя сродкi, а ў беларускiх ВНУ — 1950 расiян. Апошнiя гады ў Саюзнай дзяржаве ў галiне адукацыi рэалiзуецца шэраг сумесных праектаў. Асаблiвая роля ў пашырэннi супрацоўнiцтва ў сферы вышэйшай адукацыi адводзiцца Беларуска-Расiйскаму ўнiверсiтэту, навучальны працэс у якiм адбываецца па дзвюх праграмах (расiйскай i беларускай) i фiнансуецца з двух бюджэтаў — расiйскага i беларускага. Маскоўскi iнстытут электронiкi i матэматыкi, Санкт-Пецярбургскi дзяржаўны ўнiверсiтэт, Беларускi нацыянальны тэхнiчны ўнiверсiтэт, Гомельскi дзяржаўны ўнiверсітэт iмя Ф. Скарыны ўдзельнiчаюць у рэалiзацыi праекта «Саюзны навукова-адукацыйны цэнтр — Унiверсiтэт iнтэграцыi». Больш за 60 беларускiх устаноў агульнай сярэдняй i сярэдняй спецыяльнай адукацыi рэалiзуюць розныя доўгатэрмiновыя адукацыйныя праекты з навучальнымi ўстановамi Масквы, Санкт-Пецярбурга, Пскова, Смаленска, Нiжняга Ноўгарада, Валгаграда, Петразаводска, Белгарада i г.д. Асаблiва шырокi грамадскi рэзананс атрымала алiмпiяда школьнiкаў «Расiя i Беларусь: гiстарычная i духоўная еднасць», якая завяршылася нядаўна ў Беларусi. Адзiн з новых перспектыўных накiрункаў супрацоўнiцтва, аб якiх вялi гаворку Андрэй Фурсенка i Аляксандр Радзькоў, — гэта стварэнне на тэрыторыi абедзвюх краiн сеткi малых прадпрыемстваў па вытворчасцi вучэбнага абсталявання. Скажам, везцi прабiркi для хiмiчных доследаў з Уладзiвастока ў Маскву i Мiнск нiхто не можа сабе дазволiць. Увогуле, буйныя прадпрыемствы такiмi заказамi цяжка зацiкавiць, а недзяржаўныя прадпрыемствы проста не жадаюць рызыкаваць. Сiтуацыю з напаўненнем беларускiх i расiйскiх школ сучасным вучэбным i лабараторным абсталяваннем можна вырашыць, скаапераваўшы намаганнi ў гэтай сферы...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Балонскi працэс — гэта гiбкая сiстэма мерапрыемстваў, скiраваная на фармiраванне адзiнай еўрапейскай адукацыйнай прасторы, з якой мы маем намер браць |
|