«Кожны зможа пабыць у ролi журналiста партызанскай «Звязды»...
Таццяна ПАДАЛЯК
сумесны праект Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны i рэдакцыi газеты «Звязда»
У жнiўнi 2007 года найстарэйшая беларуская газета «Звязда» адзначыць 90-гадовы юбiлей. Увесь гэты час газета была сапраўдным летапiсцам i люстэркам гiсторыi Беларусi, жыцця народа. Адна з адметных старонак гiсторыi самой газеты звязана з Вялiкай Айчыннай вайной. «Звязда» выходзiла ў Мiнскiм падполлi, друкавалася ў партызанскай зоне, натхняла i яднала на барацьбу з нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi сотнi тысяч суайчыннiкаў. Вораг баяўся праўдзiвага друкаванага слова. Таму што слова — зброя магутная... Невыпадкова «Звязду» называюць газетай-патрыёткай. «Звязда» ўзнагароджана ордэнамi Айчыннай вайны i Чырвонага Сцяга. Дзве вулiцы беларускай сталiцы названы ў гонар «звяздоўцаў» — рэдактара падпольнай «Звязды» Героя Савецкага Саюза Уладзiмiра Амельянюка i супрацоўнiка даваеннай «Звязды» «беларускага Марэсьева» Аляксандра Русановiча. Помнiк Уладзiмiру Амельянюку i iншым звяздоўцам-падпольшчыкам стаiць на галоўнай плошчы Мiнска — плошчы Незалежнасцi. Паўтара года таму ў Мiнску з’явiўся праспект газеты «Звязда» — Мiнгарвыканкам падтрымаў прапанову народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Шамякiна, якую ён выказаў ад iмя чытачоў газеты розных пакаленняў. ...Днямi патэлефанавала дырэктару Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны Сяргею Азаронку з просьбай дапамагчы расшукаць у вялiкiх фондах музея матэрыялы, звязаныя з выданнем газеты «Звязда» ў трагiчны для нашай гiсторыi час. Меркавала падрыхтаваць некалькi публiкацый... Сяргей Iванавiч не проста адгукнуўся на гэту просьбу рэдакцыi, а прапанаваў, пачынаючы з 2007 года, ажыццяўляць сумесны праект рэдакцыi i музея — праз своеасаблiвую пераклiчку герояў «звяздоўскiх» публiкацый ваеннага часу... I вось мы ўжо абмяркоўваем абрысы сумеснага праекта. — «Звязда», наша родная беларускамоўная газета, пакінула значны след у гiсторыі Вялiкай Айчыннай вайны, — гаворыць Сяргей Азаронак. — Мы можам прааналiзаваць публiкацыi газеты часоў вайны, выбраць найбольш цiкавыя, адметныя эпiзоды i звязаць iх з рэальнымi людзьмi — жывымi вiдавочцамi тых падзей. На жаль, многiя ўжо пайшлi з жыцця, але ўдзельнiкi i сведкi ваенных падзей усё яшчэ застаюцца сярод нас. Гэта жывая гiсторыя вайны, i мы павiнны яшчэ раз паслухаць iх — ужо з вышынi ХХI стагоддзя. Праз ваенкаматы, праз ветэранскiя арганiзацыi паспрабуем адшукаць вiдавочцаў. Гэта вялiкi праект — спадзяюся, падключацца да яго рэалiзацыi Саюз афiцэраў, мiнiстэрствы абароны i адукацыi, БРСМ. Падрыхтуем i конкурс-вiктарыну, прысвечаную 90-годдзю «Звязды». — Сяргей Iванавiч, раскажыце, калi ласка, пра сённяшнi дзень музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны. — Навукова-метадычным саветам музея прынята рашэнне аб удасканаленнi канцэпцыi экспазiцыi. Наш музей — адзiн з нямногiх, якi мае завершаную экспазiцыю па гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны: ад пралога да Парада Перамогi. Тэма вайны прадстаўлена, як гаворыцца, ад «а» да «я» — а не выбарачна, выставачна, як у некаторых iншых музеях. Мы бачым пэўныя экспазiцыйныя прабелы, па некаторых пытаннях з’явiлася больш iнфармацыi. У кожнай экспазiцыйнай зале мы паказваем абсалютна дакладныя гiстарычныя падзеi (у гэтым i сэнс музея) — але пастараемся больш паглыблена сканцэнтраваць гэты паказ праз лёс беларусаў, праз сваiх землякоў. I не толькi праз герояў — знакавых i вядомых усiм людзей, а i праз звычайнага, простага чалавека. Кожны народ стараецца паказаць сябе ў гiсторыi. Многае залежыць ад нацыянальнага менталiтэту. Мы, беларусы, ведаем «сваю» Вялiкую Айчынную вайну, але пра гэта мала гаворым на «сусветным узроўнi»... Этнiчная сцiпласць, сарамлiвасць не дае нам гучна сказаць пра велiзарныя страты Беларусi ў вайне i ўклад у Перамогу над фашызмам. А некаторыя, наадварот, гавораць пра гэта вельмi актыўна — i iлюзii часам замяняюць дакладнасць. У нашым музеi ўсё будуецца на канкрэтных фактах i дакладных дакументах. — Як будзе змяняцца музей? — Адбудзецца iстотная перапрацоўка экспазiцыi на 3-м паверсе, дзе адлюстроўваецца тэма вызвалення Усходняй Еўропы. Гэта ўсё пададзена ва ўрачыстых танах: парадныя мундзiры, узнагароды, шашкi... А людзей за ўсiм гэтым зусiм не вiдаць. Дзесьцi ў 70—80-я гады менавiта такая тэндэнцыя пераважала. Магчыма, у той час гэта было i правiльна. А зараз нам трэба гаварыць пра людзей, якiя сапраўды паў-Еўропы «прошагали-проползли». Зробiм асцярожную спробу пашырыць тэму гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны. Я перакананы: наш музей — самы мiрны музей з усiх, што iснуюць у краiне. Бо мы паказваем, сведчым, што вайны не павiнна быць — нiдзе i нiколi. Пасля наведвання музея людзi выходзяць засмучана-задуменныя. Мы стараемся ўвесцi iмунную абарону чалавеку: нельга дапусцiць вайну. Усё роўна яе завадатары пацерпяць паражэнне, зло будзе пакарана — толькi цаной якiх страт?.. I ў тым лiку страт для тых, хто распачынае войны. Што i атрымалася ў гiсторыi: на Нюрнбергскiм працэсе судзiлi не толькi канкрэтных нацысцкiх злачынцаў, але фактычна i цэлую дзяржаву. Магчыма, крыху заглыбiмся ў гiсторыю — каб паказаць, хоць бы тэзiсна, вытокi патрыятызму нашага народа. Ад Грунвальдскай бiтвы... Колькi пракацiлася войнаў праз нашу зямлю, у Вялiкай Айчыннай загiнуў кожны трэцi жыхар рэспублiкi — i тым не менш беларусы здолелi захаваць i сваю мову, i сваю культуру, самасвядомасць, усе нацыянальныя ўласцiвасцi. Беларусь — адзiная рэспублiка, дзе ў час Другой сусветнай вайны разгарнуўся такi шырокi народны партызанскi рух. Так, былi атрады НКУС, былi чырвонаармейцы-акружэнцы. Але каб, па сутнасцi, увесь народ узняўся на барацьбу з акупантам... Нi ў адной краiне свету такога не было. Значыць, гэта нацыянальная рыса беларусаў — патрыятызм. Некаторыя гавораць: памяркоўнасць... Не люблю гэта слова! Зусiм не, беларусы не памяркоўныя, а настолькi самадастатковыя... Мы хвасталi фашыстаў, знiшчалi, мы iх гналi, а пасля вызвалення частка тых жа партызанаў засталася зямлю араць, гарады адбудоўваць, дзяцей вучыць, а частка пайшла далей — да Берлiна... Гэту тэму будзем развiваць (гiсторыя патрыятызму нашага народа) тэзiсна — але вельмi ёмiста. Неабходна сказаць аб каранях беларуса-воiна, якi нiколi не быў пераможаным. Нават назва нашай зямлi Белая Русь — значыць няскораная. Знойдзе адлюстраванне i ўдзел беларусаў у ваенных дзеяннях у Афганiстане, у лакальных ваенных канфлiктах. I стан сучасных Узброеных Сiл краiны — таксама. — Ёсць вельмi добры музей ваеннай гiсторыi Беларусi — паўтору не будзе? — Гэту тэму паўтарыць немагчыма. Мы будзем распрацоўваць яе сваiмi формамi i сродкамi, прапускаць праз прызму Вялiкай Айчыннай вайны — як працяг памяцi. Пастараемся зрабiць своеасаблiвую пераклiчку пакаленняў: магчыма, у салдата, якi па-геройску праявiў сябе ў наш час, дзядуля — ветэран: чаму б не паказаць пераемнасць пакаленняў? Нядаўна правялi выстаўку «100 гадоў айчыннага падводнага флоту». Як высветлiлася, вельмi многiя камандзiры царскiх падводных лодак былi беларусы — выхадцы з сухапутнага краю. Гэтыя факты, цiкавыя i павучальныя, мала хто ведае. Сярод беларусаў сапраўды вельмi шмат знакавых людзей, мы проста мала пра гэта гаворым. Не трэба баяцца ганарыцца землякамi! Мы падрыхтавалi i выдатную перасоўную выстаўку «Пачатак», прысвечаную 65-годдзю пачатку вайны i Маскоўскай бiтве. Губернатар Тульскай вобласцi асабiста выйшаў да нас з прапановай прывезцi выстаўку туды. Мiнiстэрства абароны Беларусi бясплатна выдзелiла транспарт, Мiнiстэрства культуры фiнансавала выстаўку. Мы прыехалi ў Тулу ў пачатку кастрычнiка, якраз 65 гадоў таму Тульскае народнае апалчэнне стала на абарону горада, адбiвалi ваенныя атакi нямецка-фашысцкiх войскаў. Тула не была захоплена, людзi стаялi на смерць. А кiраўнiком тульскай абароны быў беларус Iван Дзмiтрыевiч Ветраў. «Гэта ўнiкальны чалавек. У яго была «бронь» — але ён пайшоў на фронт добраахвотна. Не пусцiў немцаў у Тулу!.. Пазней ён быў накiраваны на акупаваную тэрыторыю Беларусi. Ёсць рэдкi дакумент — яго пасведчанне на тканiне (на шоўку), якое ён падшываў у вопратку: ён быў сакратаром Палескага абласнога камiтэта партыi... Менавiта тады, у 1943 г., на бок партызан сталi актыўна пераходзiць многiя падраздзяленнi працiўнiка: славакi, палякі, чэхi, сербы. Найбольш вядомы пераход славакаў да партызан, якi адлюстраваў народны мастак СССР i Беларусi Мiхаiл Савiцкi (яго карцiна таксама ў экспазiцыi музея). Сведкам гэтага пераходу быў Леанiд Iванавiч Арцюшэўскi, якi пражывае ў Мiнску, — былы партызан атрада iмя Катоўскага Палескага злучэння. Пра Ветрава легенды хадзiлi. Ён атрымаў 7 раненняў, 2 кантузii»... — удакладняе вучоны сакратар музея Галiна БАБУСЕНКА. — Экспазiцыя музея нiколi не страцiць актуальнасць: гэта ж наша гiсторыя! У экспазiцыi — 14 тыс. экспанатаў, а ўсяго захоўваецца больш як 140 тысяч. Больш актыўна будзем выкарыстоўваць мультымедыйныя, электронныя сродкi, — гаворыць Сяргей Азаронак. — Экспазiцыю музея хочам зрабiць «iнтэрактыўнай». — Якiм чынам? — У нас ёсць партызанская зямлянка-друкарня — зробiм так, каб кожны наведвальнiк не проста аглядаў яе, а праходзiў праз яе. Паспрабуем ажыццявiць гэта да юбiлею газеты «Звязда». Паставiм рэальны друкаваны станок з ужо набраным тэкстам, будзе клiшэ «Звязды». Уявiце: наведвальнiк надзявае касу з лiтарамi i набiрае сваё прозвiшча — лiтары сам бярэ з касы i ставiць у радок. А потым пракатвае паперу i атрымлiвае свой — сувенiрны — экзэмпляр газеты, якi забiрае на памяць. Гэта будзе i цiкава, i павучальна: iдэалогiя — у дзеяннi. Сёння адбудзецца канферэнцыя Беларускага саюза афiцэраў — спадзяюся, гэта паважаная арганiзацыя падтрымае патрыятычны праект музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны i рэдакцыi газеты «Звязда».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
сумесны праект Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны i рэдакцыi газеты «Звязда» |
|