Хто мае рацыю?
Iнга МIНДАЛЁВА
КАМАНДЗIРОЎКА ПА ПIСЬМУ Дэпутат павiнен думаць аб карысцi ў цэлым, а не «цягнуць коўдру на сваю акругу»У рэдакцыю прыйшоў лiст з горада Асiповiчы Магiлёўскай вобласцi, дзе аўтар — пенсiянер Сяргей Мiхайлавiч Сiдараў — выказаў свае нараканнi наконт нездавальняючай, па яго разуменню, работы дэпутатаў раённага Савета. На некалькiх старонках Сяргей Мiхайлавiч падрабязна распiсаў, у чым дакладна заключаюцца яго прэтэнзii да народных выбраннiкаў. У першую чаргу аўтар апеляваў да старшынi Асiповiцкага раённага Савета Аляксандра Пузiка, а таксама да дэпутата ад Паркавай выбарчай акругi № 18 Аляксандра Дубовiка. У лiсце прыведзены цэлы спiс пытанняў, на якiя, паводле сцвярджэння Сяргея Мiхайлавiча, старшыня райсавета адказаў яму «шматзначным маўчаннем». Для таго, каб разабрацца, наколькi прыведзеная ў пiсьме iнфармацыя адпавядае рэчаiснасцi i цi насамрэч мясцовыя дэпутаты не выконваюць свае абавязкi, наш карэспандэнт выехаў у Асiповiчы. Аляксандр Пузiк на пасадзе старшынi Савета дэпутатаў ужо 10 гадоў (спачатку гарадскога, потым пасля аб’яднання гарадскога i раённага — раённага Савета). На сустрэчу згадзiўся адразу i прызнаўся, што ўжо даваў тлумачэннi «па пытаннях Сiдарава» самому Сяргею Мiхайлавiчу. У пачатку свайго пiсьма спадар Сiдараў узгадвае падрыхтоўку да маючых адбыцца ў студзенi наступнага года выбараў у мясцовыя Саветы i адзначае, што «...у нашым Асiповiцкiм раёне... няма нiякай iнфармацыi па рабоце дэпутатаў раённага Савета, а таксама абласнога ўзроўню...», паведамляе, што нiякiх справаздач i сходаў выбаршчыкаў цi iх дэлегатаў у яго акрузе № 18 не было. Нi аднаго артыкула ад дэпутатаў гарадскiх акруг у мясцовай газеце не з’явiлася. Вось i звяртаецца пенсiянер Сiдараў з пытаннем: «Чаму дэпутаты мясцовых Саветаў забываюцца на свае абавязкi i не робяць справаздачы перад сваiмi выбаршчыкамi?.. Чаму дэпутаты ад гарадскiх выбарчых акруг не сустракаюцца напрамую з людзьмi, якiя iх выбралi, i не ведаюць пра хвалюючыя iх праблемы?» Паводле слоў Аляксандра Вiктаравiча Пузiка, усе 40 дэпутатаў раённага Савета рэгулярна (i не радзей за два разы на год) выступаюць са справаздачамi перад сваiмi выбаршчыкамi. За першае паўгоддзе гэтага года iмi ўжо было праведзена 30 справаздачных сустрэч. У прыватнасцi, Аляксандр Дубовiк сустрэўся з выбаршчыкамi 15 чэрвеня ў актавай зале раённай палiклiнiкi. На ёй прысутнiчалi 98 чалавек. «На жаль, частка дэпутатаў да канца склiкання знiзiла сваю актыўнасць. У сувязi з тым, што дэпутаты раённага Савета выконваюць свае абавязкi без адрыву ад асноўнай дзейнасцi, прыём выбаршчыкаў i справаздачы паводле ўстаноўленых графiкаў яны, як правiла, праводзяць на асноўным месцы працы, — патлумачыў Аляксандр Пузiк. — Менавiта таму дэпутат ад Паркавай выбарчай акругi № 18 Аляксандр Дубовiк (намеснiк галоўнага ўрача па палiклiнiчнаму абслугоўванню насельнiцтва Асiповiцкай цэнтральнай раённай бальнiцы) праводзiць прыём па месцы працы — у райпалiклiнiцы, якая месцiцца ў тым жа мiкрараёне, што i памянёная выбарчая акруга». — Калi чалавек прыходзiць да мяне на прыём, я не прашу яго паказаць прапiску — з маёй ён акругi цi не, — пацiскае плячыма Аляксандр Дубовiк. — Людзi звяртаюцца з рознымi пытаннямi, але, натуральна, большасць праблем датычыцца ўсё ж майго прафесiйнага (медыцынскага) профiлю. — Калi гаварыць пра горад, звычайна кандыдатамi ў дэпутаты вылучаюцца прадстаўнiкi тых прадпрыемстваў i арганiзацый, якiя размяшчаюцца ў канкрэтнай выбарчай акрузе, — гаворыць старшыня райсавета. — Напрыклад, мiкрараён чыгуначнiкаў вылучае работнiка вагоннага цi лакаматыўнага дэпо, раён, дзе кампактна пражывае многа ваенных, — афiцэра з лiку найбольш актыўных. Ад склiкання да склiкання гэтая традыцыя захоўваецца. Таму цалкам лагiчна, што дэпутаты право- дзяць прыём на сваiм асноўным месцы працы. Аднак, улiчваючы пажаданнi грамадзян, у далейшым апаратам раённага Савета дэпутатаў плануецца арганiзоўваць месцы прыёму выбаршчыкаў, максiмальна наблiзiўшы iх да выбарчых акруг. Акрамя таго, падкрэслiў Аляксандр Вiктаравiч, нiякiх перадвыбарных праграм кандыдаты ў мясцовыя Саветы дэпутатаў не агучваюць. «Верагодна, гэта i мiнус у нашай дэпутацкай рабоце, — разважае старшыня Савета, — але калi кандыдат выступiў з пэўнымi абяцаннямi перад выбаршчыкамi, ён, стаўшы дэпутатам, павiнен iх выканаць. А цi маюцца ў яго для гэтага неабходныя сродкi? Нельга раскiдвацца непадмацаванымi абяцаннямi, наводзячы цень на сам орган мясцовай заканадаўчай улады. Натуральна, дэпутат — дырэктар завода Iваноў валодае большымi магчымасцямi i рэсурсамi, чым, напрыклад, дэпутат — дырэктар школы Пятроў. Значыць, першы можа больш паабяцаць. Аднак гэта будзе перадвыбарная праграма не столькi дэпутата Iванова, колькi дырэктара завода Iванова. Дэпутацкiя ж паўнамоцтвы i дэпутацкi «голас» i ў Iванова, i ў Пятрова — аднолькавыя, таму нашы дэпутаты вырашаюць бягучыя i перспектыўныя пытаннi, што ставяць перад iмi выбаршчыкi, а не рэалiзуюць перадвыбарныя праграмы. Iншая справа, калi выбаршчыкi дасылаюць наказ, але такiх калектыўных зваротаў у нас за ўсё склiканне было ўсяго 4». Асiповiцкi раённы Савет дэпутатаў — адзiн з заснавальнiкаў мясцовай газеты. Аб’явам аб пачатку дэпутацкай сесii, аб яе завяршэннi i вынiках заўсёды знаходзiцца месца на яе старонках. Журналiст газеты заўсёды прысутнiчае на сесii. «Пасля кожнай сесii мы аддаём у рэдакцыю стос дакументаў, ёсць там i абавязковыя для друкавання матэрыялы, — разгортвае свежы нумар «раёнкi» Аляксандр Пузiк. — Рэдакцыя самастойна вырашае, што i ў якой форме падаць». Каб азнаёмiць жыхароў Асiповiччыны з працай раённых дэпутатаў, гэтым летам «раёнка» распачала цыкл матэрыялаў аб дзейнасцi сельскiх i пасялковых Саветаў. Раённых дэпутатаў у Савеце 40. Разам з сельскiмi i пасялковымi набярэцца чалавек 200. А жыхароў — 53 400. «Неяк нясцiпла будзе бясконца «ўздымаць на шчыт» нашых 200 дэпутатаў, многiя iншыя нашы грамадзяне не менш вартыя таго, каб пра iх напiсалi на старонках «раёнкi», — выказаў меркаванне Аляксандр Пузiк. Быць цi не быць... дэпутату на прыёме? Адным з пытанняў у спiсе Сяргея Мiхайлавiча Сiдарава да мясцовай заканадаўчай улады значыцца наступнае: «Чаму нiхто з дэпутатаў нiколi не прысутнiчае на прыёмах грамадзян, якiя праводзяць чыноўнiкi розных дзяржаўных арганiзацый i вертыкалi?» — Калi грамадзянiн прыйшоў на асабiсты прыём да намеснiка мiнiстра цi дэпутата Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, якое права я маю там знаходзiцца? — гаворыць старшыня райсавета. — Магчыма, чалавек хоча падзялiцца асабiстым i лiшнiя «вушы» яму не патрэбны. А можа, ён захоча паскардзiцца на мяне? Прысутнасць дэпутатаў мясцовага ўзроўню на прыёмах па асабiстых пытаннях, якiя праводзяцца кiраўнiцтвам райвыканкама i вышэйстаячымi органамi, магчыма толькi па просьбе самога грамадзянiна. У дэпутаты — дзеля статуса? Далей аўтар лiста цiкавiцца, чаму ў дэпутаты мясцовых Саветаў iмкнуцца трапiць кiраўнiкi заводаў, арганiзацый, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў i iнш. «Няўжо iм не хапае клопатаў на вытворчасцi?» I сам жа адказвае: «Я думаю, iх не хвалююць сацыяльныя праблемы выбаршчыкаў... Мне здаецца, што ў дэпутаты мясцовых Саветаў гэтыя кiраўнiкi iмкнуцца трапiць толькi дзеля статуса i атрымання дробных прывiлеяў, якiя можа даць дэпутацкi значок». Паводле слоў Аляксандра Пузiка, з 40 раённых дэпутатаў толькi 11 з’яўляюцца кiраўнiкамi вытворчых прадпрыемстваў. У асноўным у лiку дэпутатаў — прадстаўнiкi розных галiн гаспадаркi: дзяржслужачыя (8), работнiкi прамысловасцi (9), сельскай гаспадаркi (6), адукацыi, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, грамадскiх арганiзацый i аб’яднанняў (17). Што датычыцца прывiлеяў, то дэпутаты мясцовага ўзроўню iх не маюць. Свае дэпутацкiя абавязкi яны выконваюць у вольны ад асноўнай працы час. Адзiны, хто атрымлiвае за дэпутацкую працу зарплату — гэта старшыня Савета. — Прывiлея ў нас адна — быць народнымi выбраннiкамi i прадстаўляць iнтарэсы выбаршчыкаў ва ўладзе, — пацвердзiў словы старшынi райсавета дэпутат Асiповiцкага раённага Савета Аляксандр Дубовiк. — Нiякiх паслабленняў цi льгот у нас няма. Сам старшыня, падсумаваўшы шматгадовую практыку, лiчыць, што не кiраўнiкi прадпрыемстваў i арганiзацый звычайна з’яўляюцца лепшымi дэпутатамi, а работнiкi сярэдняга звяна. Той жа дырэктар завода цi СВК — чалавек вельмi заняты, а значыць, не заўсёды знойдзе магчымасць актыўна ўдзельнiчаць у рабоце Савета. Адмоўны адказ — таксама адказ Асобнымi пунктамi ў сваiм лiсце Сяргей Мiхайлавiч Сiдараў вылучыў наступныя пытаннi: чаму дэпутаты Асiповiцкага раённага Савета не ўдзельнiчаюць у камiсiях па прыёмцы жылога фонду да эксплуатацыi ў зiмовы перыяд? I чаму дэпутаты не кантралююць выкарыстанне фiнансавых i матэрыяльных сродкаў, якiя прымяняе ЖКГ пры тэхнiчным абслугоўваннi жылога фонду? — Дэпутат — не кантралёр, — адказаў старшыня. — Для гэтага iснуюць адпаведныя органы. Прыёмкай дома ў эксплуатацыю займаецца камiсiя, у склад якой уваходзяць спецыялiсты розных профiляў (санслужбы, МНС, домакiравання, аддзела ЖКГ райвыканкама i iнш.) Яны падпiсваюць паспарт прыёмкi. Накiраваць у склад камiсii дэпутата, як наглядальнiка, — значыць выказаць недавер усiм вышэйпрыведзеным службам, у тым лiку выканаўчаму камiтэту. Iншая справа, калi да дэпутата звернецца канкрэтны чалавек з канкрэтнай скаргай. Тады ўступае ў дзеянне Закон «Аб зваротах грамадзян». Мы афармляем дэпутацкi запыт у адпаведныя iнстанцыi i даём чалавеку адказ. Прычым, заўважу, адказ можа быць i адмоўным. Як у выпадку з Сяргеем Мiхайлавiчам Сiдаравым. Ён адмаўляецца плацiць адлiчэннi на тэхнiчнае абслугоўванне i капiтальны рамонт, бо ў яго доме капiтальны рамонт не праводзiцца. Яму неаднаразова тлумачылi, куды i на што накiроўваюцца гэтыя сродкi. Дэпутаты павiнны думаць аб карысцi раёна ў цэлым, а не «цягнуць коўдру на сваю акругу». Дубовiк не можа папрасiць зрабiць капрамонт у доме яго выбаршчыка Сiдарава, калi добра ведае, што ў iншых акругах ёсць старыя дамы. Дарэчы, у перыяд правядзення перадвыбарнай агiтацыi ў снежнi 2006—студзенi 2007 года ў раёне будуць праведзены сустрэчы кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў з працоўнымi калектывамi i насельнiцтвам па месцы жыхарства. Дзеючыя дэпутаты таксама выступяць са сваiмi справаздачамi. ...Завяршаецца спiс прэтэнзiй Сяргея Сiдарава высновай: раённы Савет дэпутатаў «лёг» пад райвыканкам i страцiў усякую iнiцыятыву. На што Аляксандр Вiктаравiч адказаў проста: «Нi пад каго нiхто не «клаўся». Мы заўсёды будуем сваю сумесную працу з улiкам iнтарэсаў насельнiцтва i ў межах сваiх паўнамоцтваў». Асiповiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дэпутат павiнен думаць аб карысцi ў цэлым, а не «цягнуць коўдру на сваю акругу» |
|