Час ствараць прыгажосць
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Падчас камандзiроўкi на Валожыншчыну давялося ўбачыць адзiн адметны падворак i нават пагутарыць з гаспадарамi. Аляксандр Аляксандравiч i Таццяна Васiльеўна Пасекi якраз аказалiся дома. Нягледзячы на «рабочы» час. Зараз яны могуць сабе гэта дазволiць, паколькi не так даўно сталi пенсiянерамi. З’явiлася магчымасць, як кажуць Пасекi, пажыць для сябе. Пасекi жывуць у раённым цэнтры. Аднак афармленнем сваёй сядзiбы занялiся не так даўно. Лiтаральна некалькi гадоў таму вялiкая пляцоўка перад катэджам проста засявалася бульбай. Першай пра сучасны дызайн падворка задумалася гаспадыня, яна i была iнiцыятарам справы. Аднак Аляксандр Аляксандравiч чамусьцi супрацiўляўся «цывiлiзацыi». Яно i зразумела — даволi цяжка мяняць што-небудзь у прывычным ладзе жыцця. Тым не менш, i гаспадар у рэшце рэшт пераканаўся ў справядлiвасцi слоў жонкi. Пасля таго як яму давялося трапiць за мяжу, у Францыю. Там i ўбачыў Аляксандр Аляксандравiч той самы сучасны дызайн ва ўсёй яго прыгажосцi. Як вярнуўся, то адразу сказаў: трэба i нам стыль падворка мяняць. Зараз каля iх сядзiбы чаго толькi няма: i фантан з падсветкай, i альпiйская горка, i нават басейн (дарэчы, зусiм не дэкаратыўны, а самы сапраўдны — два метры глыбiнёй, у iм улетку ўнукi любяць плёскацца). Кветак на падворку вельмi многа — ружы, рададэндроны, цынii, бадан i шмат чаго яшчэ. Гэтым у асноўным гаспадыня займаецца. З вясны да восенi сядзiба Пасекаў проста зiхацiць рознымi фарбамi. Так што старажытны Валожын зусiм не губляе сваёй адметнасцi. Зусiм наадварот — райцэнтр актыўна добраўпарадкоўваецца. Навядзенне парадку тут стала адной з галоўных задач. Пра сур’ёзнасць намераў сведчыць, напрыклад, тое, што выдаткi на добраўпарадкаванне вельмi значныя. Летась адпаведны аб’ём фiнансавання склаў 1,9 мiльярда рублёў. Для сельскагаспадарчага раёна, дзе амаль няма «вялiкай прамысловасцi», гэта, пагадзiцеся, значная сума. Грошы ўкладаюцца па-гаспадарску. — За апошнiя тры гады сапраўды зроблена шмат, — адзначае галоўны архiтэктар Валожынскага раёна Таццяна Чупрыс.— Пэўны час таму разгарнулася актыўная рэканструкцыя раённага цэнтра. Гэта комплексныя работы, якiя ўключаюць добраўпарадкаванне вулiц, будынкаў, двароў, азеляненне тэрыторый i г.д. Пачыналi з цэнтра горада i паступова перамяшчаемся на ўскраiны. З дапамогай мясцовых прадпрыемстваў i арганiзацый у раённым цэнтры былi добраўпарадкаваны два вялiкiя мiкрараёны шматпавярховай забудовы. Гэта некалькi дзесяткаў вялiкiх дамоў. Цяпер тэрыторыi набылi сучасны, прыгожы выгляд. Добраўпарадкавалi дзiцячыя пляцоўкi, адрамантавалi дарогi, зрабiлi тратуары з бетоннай плiткi, стаянкi для аўтатранспарту, паставiлi прыгожыя лаўкi каля пад’ездаў. Карацей кажучы, людзям стварылi прыстойныя ўмовы для жыцця. Зразумела, многiя работы выконвалiся з удзелам жыхароў. Праўда, асобным з iх усё ж даводзiлася цярплiва тлумачыць пра неабходнасць правядзення добраўпарадкавання. — Раней гараджане каля шматпавярховых дамоў градкi засявалi, — кажа старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Маляўскi. — Спачатку нехта нават абураўся: маўляў, навошта нам тыя кветнiкi пад вокнамi, якая ад iх карысць? Ва ўсiх жадаючых была i ёсць магчымасць узяць зямлю для апрацоўкi — iснуюць два гарадскiя кааператывы, дзе выдзяляюцца ўчасткi без права забудовы. Там i трэба, калi ёсць неабходнасць, тую ж бульбу вырошчваць. А градкi каля пад’езда — гэта нонсэнс. Усур’ёз i надоўга Уся тэрыторыя ў райцэнтры падзелена на канкрэтныя «кавалкi», якiя замацаваны за той цi iншай установай альбо прадпрыемствам. Яны тут адказныя за правядзенне добраўпарадкавання. Такая адмiнiстрацыйная мера прынесла свой эфект — з’явiўся гаспадар, якi старанна выконвае справу. Калi раней даводзiлася пэўным чынам «змагацца» з тымi, хто неахвотна ўдзельнiчаў у навядзеннi парадку, то цяпер праблем амаль не ўзнiкае. Паступова ўсе зразумелi, што адпаведная палiтыка праводзiцца «ўсур’ёз i надоўга». Кiраўнiкi прадпрыемстваў на ўласным вопыце пераканалiся, што справа гэта патрэбная i карысная. Паколькi навакольная прыгажосць не «з’яўляецца» сама сабой, яе стварае кожны з нас. — На Валожыншчыне высаджваецца вельмi многа кветак, — заўважае Таццяна Чупрыс. — Сёлета мы пайшлi на своеасаблiвы эксперымент: набылi неабходнае насенне i раздалi яго школам. Такiм чынам было вырашчана 36 тысяч кветак. Яны выкарыстоўвалiся для афармлення, а лiшкi школы нават прадавалi. Атрымалася ўзаемная карысць: i прыгажосць стварылi, i далi магчымасць установам адукацыi грошы зарабiць. Таксама i бюджэтныя сродкi зэканомiлi. Падчас афармлення выкарыстоўваюцца самыя сучасныя прыстасаваннi. Напрыклад, нярэдка ў Валожыне можна заўважыць «трохпавярховыя» вазоны для кветак. А таксама прыгожыя дэкаратыўныя дрэвы i адмысловыя кветнiкi. Цiкава аформлены скверык каля будынка райвыканкама: тут устаноўлены свяцiльнi «пад старыну» i арыгiнальныя лаўкi. Вельмi арганiчна гэты дэкор выглядаў падчас нашага наведвання горада — у тумане стваралася сапраўдная рамантычная атмасфера кшталту Пiцера цi iншых знакамiтых месцаў. А чым Валожын горшы? Пра сваю мiнуўшчыну тут таксама не забываюць — гiстарычныя будынкi клапатлiва даглядаюць. Аднак ёсць у гэтым плане i адмоўныя прыклады, якiя толькi псуюць агульны малюнак. Па шматлiкiх просьбах на баланс iудзейскага рэспублiканскага аб’яднання пэўны час таму быў перададзены гiстарычны будынак валожынскай iешывы — талмудысцкай навучальнай установы, якая дзейнiчала ў горадзе з 1803 па 1892 год. Зараз ён, знаходзячыся лiтаральна ў цэнтры Валожына, уяўляе, мякка кажучы, не лепшае вiдовiшча — будынак у аварыйным стане, а тэрыторыя навокал — самая сапраўдная звалка. — Iудзейскае аб’яднанне ў свой час давала шмат абяцанняў наконт рэканструкцыi будынка iешывы i добраўпарадкавання наваколля, аднак пасля яны проста павесiлi на дзвярах замок i забылiся пра свае намеры, — кажа Сяргей Маляўскi. Да добрага прывыкаеш хутка Летась у Валожынскiм раёне быў створаны першы аграгарадок — новы статус набыла вёска Доры. Тут былi праведзены маштабныя работы па будаўнiцтву i рэканструкцыi шэрагу сацыяльных i вытворчых аб’ектаў. Дарэчы, гэтая справа ў Дорах працягваецца. Разгарнулася работа i ў Першаях, дзе сёлета павiнен быць здадзены другi аграгарадок. Тут iдзе рамонт школы, урачэбнай амбулаторыi. Аднаўляецца адмiнiстрацыйны будынак мясцовай гаспадаркi, дзе таксама размешчаны клуб, бiблiятэка i аддзяленне ашчаднага банка. Аб’ём работ вялiкi — паводле папярэднiх падлiкаў, для таго, каб зрабiць усё як мае быць, спатрэбiцца каля 900 мiльёнаў рублёў. Зараз асвоена больш чым 200 млн, асноўная частка гэтых грошай — сродкi сельгаспрадпрыемства. Таксама ў Першаях плануецца пабудаваць новы вялiкi пасёлак. — Стварэнне належных умоў для камфортнага жыцця людзей — надзвычай актуальная задача, — лiчыць Сяргей Маляўскi. — Не менш адказная i складаная справа — падтрыманне гэтых умоў на патрэбным узроўнi. Да добрага прывыкаеш хутка. А з цягам часу камунiкацыi неабходна рамантаваць. Добраўпарадкаванне таксама трэба праводзiць пастаянна, не губляючы тэмпаў. Вельмi важна, што ва ўрадзе ўзнялi пытанне наконт стварэння ў вёсцы сеткi камунальных унiтарных прадпрыемстваў. У нашым раёне плануецца пачаць гэтую работу з Ракаўскага i Пяршайскага сельскiх Саветаў. Ужо адпрацавана структура гэтых прадпрыемстваў, самая галоўная задача — фiнансаванне. I стварэнне добрай матэрыяльна-тэхнiчнай базы. Магчыма, у гэтым КУПам прыйдуць на дапамогу сельгаспрадпрыемствы — па некалькi адзiнак тэхнiкi перададуць гаспадаркi. Зараз у Ракаўскiм сельсавеце вывазам i ўтылiзацыяй смецця займаецца прыватнiк. Ён заключыў дагаворы як з жыхарамi, так i з арганiзацыямi. Для вяскоўцаў расцэнкi прымальныя — каля трох тысяч рублёў у месяц. Людзi ахвотна працуюць з прыватнiкам, паколькi вываз смецця — заўсёды адна з надзённых праблем. Прыватнiк пашырае тэрыторыю абслугоўвання i ў блiжэйшы час плануе пачаць працаваць i ў вёсках, што знаходзяцца на тэрыторыi Яршэвiцкага сельсавета. — Падчас правядзення добраўпарадкавання ў вёсцы вельмi дапамагаюць старасты, iх у раёне працуе 193, — адзначае Сяргей Маляўскi. — Людзi на месцах падабраны дастойныя, як правiла, гэта былыя настаўнiкi, галоўныя спецыялiсты гаспадарак. Яны карыстаюцца аўтарытэтам сярод вяскоўцаў. З дапамогай стараст трымаем прамую сувязь з людзьмi i ўсе iх надзённыя праблемы вырашаюцца аператыўна. Валожынскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падчас камандзiроўкi на Валожыншчыну давялося ўбачыць адзiн адметны падворак i нават пагутарыць з гаспадарамi
|
|