Алейнiкаў дапаможа Беларусi пераўзысцi расiйскае «Метро»
Iрына ПРЫМАК
За кулісамі Народны артыст Расii Iлья Алейнiкаў разам з санкт пецярбургскiм «АртЦэнтрам» ставiць у нашай краiне мюзiкл. Цiкавасць да гэтага праекта выклiкана не толькi тым, што вядучы гумарыстычнай перадачы «Гарадок» раскрые сябе ў новай якасцi (Iлья Львовiч — аўтар музыкi i выканаўца галоўнай ролi Прарока). Вагу пастаноўцы надае такая вядомая ў свеце фiгура, як Януш Юзэфовiч (ён нават адклаў пастаноўку на Брадвеi, каб працаваць у Беларусi). Нагадаю, што адна з яго работ — «Метро», мюзiкл, што не выязджаў за межы музычнага тэатра Масквы i сабраў у адных сценах за тры гады паўмiльёна гледачоў (зала ўмяшчае толькi тысячу чалавек) i зарабiў не менш за 12 мiльёнаў долараў (у пастаноўку ўклалi 1 200 000 долараў). I гэта пры тым, што ў мюзiкле не ўдзельнiчалi «зоркi».Усё пачынаецца ў канцы Беларускi праект плануецца прэзентаваць на «Славянскiм базары ў Вiцебску». Яго жадаюць бачыць i ў ЗША (праектам зацiкавiўся амерыканскi бiзнэсмен). I не дзiва: паводле слоў Iльi Алейнiкава, шоу стане ўнiкальным. Маштабы задум сапраўды ўражваюць: на пастаноўку i запуск мюзiкла плануецца затрацiць 1 600 000 долараў; месца, дзе будзе адбывацца iмпрэза, павiнна мець 5 тысяч пасадачных месцаў (гэта, у прыватнасцi, сталiчны Палац спорту). «Абкатвацца» вiдовiшчная дзея будзе ва ўсiх буйных гарадах нашай рэспублiкi, а потым адправiцца на мiжнародную арэну. Як жа наогул называецца шоу? Рабочая назва — «Прарок», бо гэта — цэнтральны персанаж, вакол яго вядуцца дыскусii. Праўда, аўтар лiбрэта, народны артыст Расii Мiкалай Дуксiн заўважыў, што хутчэй за ўсё шоу будзе называцца «Усё пачынаецца ў канцы», бо эпiграфам да музычнага спектакля стануць наступныя словы — «Все кончено, уже закрыта ниша, застыла маска скорби на лице, но чей-то голос тихо шепчет: «Все начинается в конце». Змест раскрываць не стану, каб не знiкла iнтрыга. Адзначу толькi, што закранаюцца маральныя якасцi чалавека, а гаворка iдзе аб людзях, якiя не знайшлi сябе ў сённяшнiм свеце. I, нарэшце, самае галоўнае — аўтар мюзiкла вырашыў паспрачацца з класiкам: свет выратуе зусiм не прыгажосць, а ...каханне. Прэм’ера мюзiкла прызначана на красавiк наступнага года. Зараз праходзяць кастынгi, каб адабраць прэтэндэнтаў на 18 дзеючых асоб i ў масоўку. Саставаў будзе некалькi, каб не залежаць ад усялякiх надзвычайных абставiнаў (хвароб артыстаў i г.д.). «Калi нiчога не зменiцца, ролю сямейнай пары будуць выконваць Ядвiга Паплаўская i Аляксандр Цiхановiч. Яны вельмi спадабалiся Янушу», — сказаў па сакрэту карэспандэнту «Звязды» адзiн з рэжысёраў мюзiкла Генадзь Давыдзька. Сярод расiйскiх «зорак», у прыватнасцi, будуць Мiхаiл Баярскi i Алег Басiлашвiлi. Генiяльнаму Стаянаву месца не знайшлося — Беларусь мы выбралi нездарма, бо яна некранутая, незапешчаная ўсялякiмi мюзiкламi, як Расiя. У нас ставiлiся аналагi замежных шоу. Сцэна перанасычаная рознымi калькамi, а тут усё можна пiсаць з чыстага лiста, — растлумачыў Iлья Львовiч. — У нашай краiне вас ведаюць як камiчнага персанажа (на адным з каналаў зараз якраз дэманструецца камедыйны серыял «Трое зверху», дзе задзейнiчаны Iлья Алейнiкаў. — Аўт.). Выкананнем ролi Прарока вы вырашылi разбурыць гэты стэрэатып? — Я проста хачу даказаць, што я ў першую чаргу не камедыйны акцёр, а артыст. Праўда, першапачаткова я не планаваў быць Прарокам. Проста паспрабаваў, калi мы працавалi над запiсам музыкi, i выявiлася: я ўмею спяваць. — Асабiста для мяне стала адкрыццём, што вы пiшаце музыку. Раскажыце, калi ласка, як вы працавалi над ёй. — Пачыналася ўсё даўно, чатыры гады таму. Я напiсаў невялiкi кавалачак на трыццаць хвiлiн i паказаў яго сябрам, а яны i прапанавалi стварыць мюзiкл, бо матэрыял атрымаўся цiкавы, — каб гэта даказаць, Алейнiкаў прапанаваў паслухаць некалькi ўрыўкаў. — А навошта вы разбурылi тандэм з тэлепраграмы «Гарадок» Алейнiкаў — Стаянаў? — Юру проста не знайшлося тут месца. Акцёр ён генiяльны. Можа выканаць усё, але ў наш праект ён не ўпiсаўся б. — Як бы вы ахарактарызавалi асноўную iдэю пастаноўкi? — Усё верцiцца вакол розных эпiзодаў жыцця чалавека — ад юнацтва да сталасцi. Ёсць смерць, каханне... — Дык гэта ж тэма фiласофская. Нават не ўяўляю вас у такiм праекце... — Я змагу. Паверце, — вельмi сур’ёзна запэўнiў артыст. На развiтанне я пажадала Iльi Алейнiкаву ўдачы ў працы, якая яшчэ наперадзе, i папрасiла ў «зоркi» аўтограф для нашых чытачоў. «Будзе толькi адна «зорка» Шчыра кажучы, заставацца на кастынг я не планавала, але сустрэла ля ўваходу некалькi беларускiх знакамiтасцяў (Вiкторыю Алешка, Вiктара Пшанiчнага, Насцю Цiхановiч, Аляксандру Гайдук, Аляксея Хлястова, Дзмiтрыя Качароўскага i iнш.) i вырашыла, што на гэта варта паглядзець. Рэжысёр-пастаноўшчык Януш Юзэфовiч — сапраўдны прафесiянал, i нiякiя iмёны, тытулы для яго значэння не мелi. Фiналiстаў тэлепраекта «Зорны дылiжанс» (Вiталя Сычова, Святлану Мосiну i г.д.) ён прасiў спяваць гучней i больш высока, але нямногiя беларускiя «паўфабрыкаты» змаглi выканаць гэтую просьбу. Палiну Смолаву, якая, заўважу, выглядала вельмi прыгожа ў карычневай сукенцы, Януш спытаў: «Чым займаецеся, колькi гадоў, танцаваць умееце? — застаўся вельмi задаволены спевам уладальнiцы Гран-пры на «Славянскiм базары ў Вiцебску», але са шкадаваннем дадаў: «На жаль, вы не маеце акцёрскага вопыту». Аднак наша Палiна не разгубiлася: «Калi я спяваю, мне столькi вобразаў трэба стварыць. Чаму ж я не актрыса?» Дарэчы, у час выканання яе песнi адбыўся невялiкi казус: Януш падпяваў — «Стоп, стоп», а яго не так зразумелi i музыку сапраўды спынiлi. Палiна нават падумала, што не прайшла ў наступны тур. Сапраўдным бальзамам на душу былi спевы Пятра Елфiмава. Яму не зрабiлi нiводнай заўвагi. Пеця адчуваў сябе вельмi ўпэўнена, нават папрасiў у журы вады перад выступленнем. Усiх развесялiла актрыса Святлана Зелянкоўская, якая прапанавала нестандартнае выкананне пад гiтару «Под небом голубым есть город золотой...» У час адбору артыстаў вызначылася нямала герояў: адна з удзельнiц спявала, нягледзячы на цяжкi ларынгiт, Iскуi Абалян падвяла тэхнiка (спачатку ўключылi не той трэк, потым музыка нечакана спынiлася), але яна папрасiла прабачэння i працягнула спяваць, Дзмiтрый Смольскi спрабаваў зачапiць журы iгрой на фартэпiяна i не збянтэжыўся, калi ў яго раптам зазвiнеў мабiльнiк. Выканаўца ролi Паўлiнкi, якая сцiпла сядзела ў зале, выйшла на сцэну, каб дапамагчы Алегу Гарбузу стварыць вобраз пана Быкоўскага. Асабiста мне запомнiўся адзiн беспрацоўны акцёр з каларытнай знешнасцю злодзея (спяваў на французскай i партугальскай мовах), якому нават згадзiўся акампанаваць Алейнiкаў, а таксама 15-гадовая дзяўчына з моцным вакалам. У перапынку я пацiкавiлася ў Януша Юзэфовiча, як яму беларускiя таленты: «Нават не думаў, што будуць прыходзiць сапраўдныя прафесiяналы, са сваiмi фанаграмамi. У Расii звычайна спявалi акапэльна, у асноўным народныя песнi, а ў вас столькi рознага давялося пачуць. Выбар будзе цяжкiм, бо прыйшло вельмi шмат чалавек». На маё пытанне, як Янушу ўдаецца не звяртаць увагу на дасягненнi i тытулы, ён адзначыў: «Нам не патрэбны асобныя «зоркi», у нас будзе адна «зорка» — наша шоу». Дарэчы, наступны кастынг адбудзецца ў студзенi. Плануюцца i адборачныя туры па буйных гарадах Беларусi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народны артыст Расii Iлья Алейнiкаў разам з санкт пецярбургскiм «АртЦэнтрам» ставiць у нашай краiне мюзiкл
|
|