Сам сабе рэжысёр, акцёр, спявак, акампанiятар, дыск-жакей, гаспадарнiк бывае работнiк культуры ў вёс
Святлана ЯСКЕВIЧ
На адным з пасяджэнняў калегii ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама многа гаварылася пра кадры сваёй галiны. Сапраўды, кадры вырашаюць усё, асаблiва калi не хапае грошай. А грошай культуры бракавала заўсёды. Таму без энтузiязму працаўнiкоў паспяхова арганiзаваць работу асобна ўзятага дома культуры, асаблiва ў сельскай мясцовасцi, нiяк нельга.
Скажам, прыязджае ў вёску на працу малады спецыялiст з унiверсiтэцкай падрыхтоўкай, з салiднай тэарэтычнай базай. I тое, з чым ён сустракаецца, нярэдка прыводзiць хлопца цi дзяўчыну ў шок. Па адукацыi той умоўны спецыялiст, напрыклад, харэограф. Ён бачыць сябе, як мiнiмум, кiраўнiком узорнага дзiцячага танцавальнага калектыву або таго гуртка, якi пад яго кiраўнiцтвам зробiцца неўзабаве ўзорным. А яму, таленавiтаму i здольнаму, прапанавалi сельскi клуб з дзiравым дахам, праблемамi ацяплення, павуцiннем трохгадовай даўнасцi i невялiкiм гуртком самадзейнасцi, удзельнiкi якога ходзяць на рэпетыцыi ў залежнасцi ад сельскагаспадарчага сезона. Гэту сiтуацыю мы абмяркоўваем з дырэктарам раённага метадычнага цэнтра Камянецкага аддзела культуры Таццянай Кiтаевай. Таццяна Уладзiмiраўна гаворыць, што падобная карцiна — не такая вялiкая рэдкасць. Тыя, хто здолее перамагчы цяжкасцi i застацца, сапраўды валодаюць прызваннем. — А што рабiць, каб даказаць сабе i астатнiм, што ты выбраў сваю прафесiю асэнсавана, i недарма бацькi i дзяржава трацiлi грошы на тваю вучобу? — Трэба ўсё ствараць. Iсцi ў мясцовую школу, дзiцячы садок, прыцягваць найперш дзяцей. Трэба ўмець зацiкавiць i дарослых. Словам, зрабiць так, каб людзям хацелася прыходзiць у свой культурны ачаг. Для пачатку, вядома, няблага прыбраць смецце i пасадзiць перад уваходам нейкiя кветачкi, каб зрабiць прымальным знешнi выгляд установы. Вельмi важна маладому спецыялiсту адразу ўсвядомiць, што ён працуе ў вёсцы. I не крыўдзiцца, калi ўдзельнiкi харавога або танцавальнага гуртка не прыходзяць на рэпетыцыi, бо перш за ўсё трэба ўбраць з палёў бульбу або буракi. Наадварот, загадчыку клуба або Дома культуры i самому варта выйсцi ў самую гарачую пару на поле разам з вяскоўцамi, каб потым з чыстай душой пайсцi да кiраўнiка сельгаспрадпрыемства i папрасiць матэрыялы, рабочую сiлу, сродкi на рамонт даху або сiстэмы ацяплення. А прасiць давядзецца часта. Патрэбна з самага пачатку пастарацца ўстанавiць кантакт з кiраўнiкамi тых мясцовых структур, якiя маюць грошы. Яшчэ я параiла б пачаткоўцам не ўпадаць у роспач, калi арганiзаваная вамi дыскатэка раптам перамесцiцца з памяшкання на вулiцу. Бываюць i такiя выпадкi, калi на танцы прыязджаюць маладыя людзi на асабiстых аўтамабiлях з суперсучаснымi магнiтоламi i на вулiцы наладжваюць больш гучную i якасную дыскатэку, чым тая, якая прапануецца ў клубе. I не трэба прыводзiць аргументы накшталт таго, што клубнiк стараецца для работнiкаў сельскай гаспадаркi, для iх дзяцей i ўнукаў. Гэта агульнавядома... Калi ўсё вышэйсказанае не пахiсне жаданне маладога харэографа, вакалiста, арганiзатара масавых мерапрыемстваў несцi культуру народу, тады можна iсцi працаваць у вёску. Дарэчы, вузкая спецыялiзацыя часам бывае iстотным недахопам у рабоце клубнiка. Тут жа ён i рэжысёр, i акцёр, i спявак, i акампанiятар, дыск-жакей, арганiзатар i гаспадарнiк. Апошняе варта было б улiчваць навучальным установам пры падрыхтоўцы спецыялiстаў. — Вас, я маю на ўвазе кiраўнiкоў раённага звяна, крытыкавалi на калегii за тое, што часта вакансii работнiкаў культуры займаюць людзi без адпаведнай адукацыi. Бiблiятэкарамi працуюць аграномы, клубамi загадваюць заатэхнiкi i гэтак далей... — Нiхто i не спрачаецца з тым, што лепей было б мець у кожным Доме культуры, у кожнай бiблiятэцы дыпланаванага работнiка з вышэйшай адукацыяй. Але ж жыццё часам прымушае па-iншаму глядзець на праблему. У Дзмiтровiцкiм доме культуры нашага раёна працаваў спецыялiст з дыпломам. Але груз клопатаў, якiя акрэсленыя вышэй, аказаўся для яго занадта цяжкiм. Ну i рассталiся мы з тым чалавекам, можна сказаць, без асаблiвага шкадавання. А на яго месца прыйшла... фармацэўт. Так, Iрына Кунц раней працавала ў аптэцы. Але за два гады на новай пасадзе змест работы Дзмiтровiцкай культурнай установы памяняўся да непазнавальнасцi. У памяшканнi зроблены рамонт. Двор прыбраны, да позняй восенi цвiтуць кветкi. I галоўнае, клуб ажыў. Сюды ходзяць i моладзь, i старэйшыя. Грошы на рамонт, дарэчы, нi ў кога не прасiлi, зарабiлi на платных дыскатэках. А гурткi, студыi працуюць бясплатна. I мерапрыемствы, розныя святы, вечарыны праводзяцца цiкава, збiраецца шмат людзей, — вось вам i непрафесiйны работнiк культуры. Бывае, тое, якi дыплом у кiшэнi, не так важна, як арганiзатарскiя здольнасцi i творчая натура асобы, што загадвае сельскай установай культуры.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сам сабе рэжысёр, акцёр, спявак, акампанiятар, дыск-жакей, гаспадарнiк бывае работнiк культуры ў вёс На адным з пасяджэнняў калегii ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама многа гаварылася пра кадры сваёй галiны. Сапраўды, кадры вырашаюць усё, асаб |
|