Птушкi Баляслава Тумашчыка
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Адышлi ў нябыт агромнiстыя манументальныя пано ды цяжкiя скульптуры. Афiцыйнае мастацтва часта было бяздушным i выконвала тагачасныя iдэалагiчныя ўстаноўкi. Сёння сiтуацыя змянiлася. Напрыклад, у скульптуры ўзнiкла тэндэнцыя да большай духоўнасцi i iнтымнасцi. Дастаткова паглядзець на фантан перад Камароўскiм рынкам. У вадзе купаюцца гусi — гэта так зразумела. А каля кiнатэатра «Кастрычнiк» стаiць паштальён з веласiпедам i не манументальны, а ў натуральную велiчыню. Можаш падысцi як да добрага знаёмага.
Скульптура — рэч даволi дарагая, i для нашых райцэнтраў, у большасцi, мара. У Баранавiчах жа знайшлi выйсце, i ў горадзе ўстанаўлiваюцца дэкаратыўныя кампазiцыi, якiя выкананы ў метале на мясцовых прадпрыемствах. Iх аўтар — архiтэктар Баляслаў Тумашчык. Праўда, ён не можа ўвесь час аддаць творчасцi, бо яшчэ выконвае абавязкi галоўнага архiтэктара, а гэта стосы папер, якiя неабходна прагледзець, зацвердзiць, даць адказ... Расказваць пра ўсё зробленае ў горадзе не выходзiць, а затрымаем увагу на дэкаратыўных матывах, якiя ўстаноўлены на праспекце Савецкiм, на ўездзе ў Баранавiчы. Матывы ўзятыя з народнага мастацтва i нечакана набылi больш шырокае гучанне. Усiм добра вядомыя птушкi i павукi з саломкi, якiя некалi можна было ўбачыць у сялянскiх хатах. Сёння яны становяцца ўжо экзотыкай. Вось якраз гэтыя птушкi i павук, але ўжо ў метале, былi ўстаноўленыя ў горадзе. А што падштурхнула аўтара да такога рашэння? — Найперш хацелася, каб на ўездзе ў горад стаялi не абстрактныя рэчы, а ўласцiвыя беларускiм традыцыям, мелi сiмвалiчнае значэнне. Павук, паводле народнага падання, нясе ў хату спакой i станоўчыя эмоцыi, разбурае адмоўную энергiю. А паву беларусы лiчылi райскай птушкай i з ёй звязвалi свой дабрабыт i шчасце, — растлумачыў Баляслаў Iосiфавiч, — А яшчэ саламяныя павук i птушка вельмi дэкаратыўныя рэчы, i не выкарыстаць iх было б памылкай. Мне здаецца, што ў народным мастацтве схаваны вялiкi творчы патэнцыял. Неабходна толькi глыбей яго аналiзаваць. А выконвалi распрацаваныя творы на заводзе «Гандальмаш», i гэта было ўжо справай тэхнiкi. Тут выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогii. Такая пазiцыя аўтара сёння — самая аптымальная. Думаць пра каляровыя металы можна, але без вялiкiх фiнансавых затрат рэалiзаваць твор у жыццё немагчыма. Вось i даводзiцца ўсё часцей прымяняць у творах чыгун цi сплавы з чорных металаў. У мiкрараёне «Паўночны» стаяла ракета С-4, якая на Захадзе атрымала назву «Сатана», дык вось гэтую «Сатану» перадалi на «лiнiю Сталiна», а на яе месца неабходна паставiць новы манумент — мiрны i чалавечны. — На месцы ракеты будзе вясёлка , над якой уздымуцца галубы... у метале, вядома, — паведамiў пра свае планы Б. Тумашчык. — Але, гэта пакуль толькi эскiзы, думкi. I зноў жа тут фантазiя абмежавана матэрыялам i выкананнем — твор павiнен быць зроблены на сваiм заводзе. А яшчэ ў самым цэнтры Баранавiч знаходзiцца фантан, якi ўжо даўно састарэў маральна. Фантан неабходна рэканструяваць, надаць сучасны выгляд (маецца на ўвазе не еўрарамонт), якi цешыў бы вока чалавека. Калi ў фантане перад «Камароўкай» плешчуцца гусi, то тут могуць плаваць бабры цi выдры. Але гэта ўжо маё асабiстае меркаванне. Галоўнае, каб не забылi пра пластыку вады. Распрацаваны i план захавання ў горадзе культурнай спадчыны. Хоць трэба прызнаць, што ў Баранавiчах даўнiны, як у Нясвiжы цi Навагрудку, няма — горад малады, але тым не менш шэраг будынкаў маюць культурную каштоўнасць. Найперш гэта Крыжаўзвiжанскi касцёл — помнiк драўлянага дойлiдства, i Пакроўскi сабор, якiм патрэбна рэканструкцыя. Творчай работы ў горадзе шмат, i птушку шчасця Баляслаў Тумашчык яшчэ не злавiў. Ды i ён сам так думае.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адышлi ў нябыт агромнiстыя манументальныя пано ды цяжкiя скульптуры. Афiцыйнае мастацтва часта было бяздушным i выконвала тагачасныя iдэалагiчныя ўста |
|