БОБI
Генадзь АЎЛАСЕНКА
На конкурс апавяданняў Што такое адчай, пэўна, ведае кожны. Але ў кожнага ён свой. Адчай чалавека i звера, дзiцяцi i бацькi. У кожнага з нашых адчаяў свой твар, свая гiсторыя i прырода паходжання. I таму, на маю думку, гэта з’ява цалкам матэрыяльная, тым больш калi ты здольны, як робiць гэта Генадзь Аўласенка з г. Чэрвеня, выказаць, перадаць сваё адчуванне словам — так, каб прымусiць верыць табе iншых.Вiктар КАЗЬКО. Ён увайшоў у пярэднюю i адразу ж ноздры ягоныя казытнуў такi знаёмы пах тушанай капусты з грудзiнкай. Калiсьцi ён любiў гэтую страву, але за некалькi апошнiх месяцаў амаль зненавiдзеў яе. Праўда, сказаць аб гэтым жонцы ў яго не хапала духу. — Гэта ты? — данёсся з боку кухнi знаёмы высокi голас. — Ты ўжо прыйшоў? Раней недарэчнае гэтае пытанне выклiкала ў яго нязменную ўсмешку, але гэта было раней. Тады, калi ён яшчэ ўмеў усмiхацца... — Добры вечар, любая! — сказаў ён, заходзячы на кухню i цалуючы жонку ў выбеленую заўчаснай сiвiзной скронь... Потым ён кiнуў хуткi погляд на другi бок стала i дадаў: — Прывiтанне, Бобi! Бобi нiяк не адрэагаваў на гэта. Ускудлачаная галава ягоная ледзь выглядала з-пад края стала, прама перад iм на талерцы павольна астывала цэлая гара маннай кашы. — Бобi — малайчына! — перахапiўшы погляд мужа, хутка прагаварыла жонка. — Ён амаль не сваволiў, калi мы гулялi па вулiцы, а потым я чытала яму казкi. I ведаеш, ён ужо амаль усё разумее! Жанчына глядзела на мужа, i ў яе вялiкiх блакiтных вачах была надзея, трывога i яшчэ штосьцi незразумелае. Яна быццам бы чагосьцi чакала ад мужа, кожны вечар чакала... i кожны вечар дарэмна... — Я пераапрануся, — прамармытаў ён, таропка пакiдаючы кухню. — I ведаеш, не кладзi мне шмат капусты, нешта не хочацца. Лепш завары кавы. Калi ён вярнуўся, Бобi за сталом не было, талерка з-пад маннай кашы стаяла парожняя, а другая талерка, поўная капусты з грудзiнкай, ужо чакала яго. Так было заўсёды, але ён нiколi не задаваўся пытаннем, куды ж кожны раз падзяецца каша. Яшчэ ён нiколi не перапытваў наконт кавы. Уздыхнуўшы, ён проста сеў за стол i ўзяў вiдэлец. Жанчына села насупраць, трывожны погляд яе дзiўных вачэй лiтаральна застыў на твары мужа... Гэта было не вельмi прыемна, але ён ужо звыкся i з гэтым. Ён шмат з чым паспеў звыкнуцца за апошнi час... — Я паклала Бобi спаць, — прагаварыла жанчына цiхiм стомленым голасам. — Ён, праўда, хацеў яшчэ пагуляць, але я не дазволiла. У яго ўзросце галоўнае — сон... Трэба было хоць неяк прарэагаваць на гэта, i ён толькi моўчкi кiўнуў галавой, згаджаючыся з тым, што, сапраўды: галоўнае — гэта сон. — Ты дрэнна выглядаеш, — змянiўшы тэму, прагаварыла жанчына, i вочы яе зноў трывожна заблiшчэлi. — Кепска спiш, крычыш па начах... У цябе што, непрыемнасцi на рабоце? Адзiным станоўчым ва ўсiх гэтых размовах было тое, што на пытаннi жонкi можна было не адказваць. Вось i зараз ён толькi пацiснуў плячамi i гэтага аказалася дастаткова, каб жонка палiчыла дадзеную тэму поўнасцю вычарпанай. На сённяшнi вечар, зразумела... Да таго ж ён ведаў, якой будзе наступная тэма. Яны нiбыта штовечар чыталi адны i тыя ж ролi ў нейкай немаведама кiм напiсанай п’есе, i ён паспеў добра вывучыць сваю ролю... — Любы! — голас жонкi быў трывожным i ўмольным адначасова. — Бобi заснуў, але не мог бы ты ўсё ж схадзiць, паглядзець, як ён там? — Вядома ж, любая! Зараз пагляджу. Што ж, яны i сапраўды добра ведалi свае ролi... Уздымаючыся па рыпучых прыступках на другi паверх, ён раптам злавiў сябе на думцы, што зноў, як i ўчора, як i пазаўчора, як i кожны вечар, iдучы сюды, ён спадзяецца на цуд. Раптам, адчынiўшы дзверы дзiцячага пакоя, ён убачыць у ложку... Бобi! Сапраўднага Бобi! Але цуд не адбыўся. I зразумеўшы гэта, ён моўчкi падышоў да дзiцячага ложачка i, спынiўшыся непадалёку ад яго, пачаў гэтак жа моўчкi глядзець на ляльку, якая ў iм ляжала. Вялiкая зашмальцаваная лялька з цэлулоiду (такiх зараз i не робяць ужо) ляжала з заплюшчанымi вачыма, i здалёк яе сапраўды можна было прыняць за жывое дзiця. Але гэта толькi здалёк... Яму раптам успомнiўся той жудасны вечар двухгадовай даўнасцi, калi, пачуўшы адчайны крык жонкi, ён убег сюды i ўпершыню ўбачыў гэтую ляльку. Яна ляжала ў ложку iх сына, сам жа хлопчык знiк, прычым, абставiны яго знiкнення былi самыя загадкавыя, бо вокны засталiся зачыненымi i нават заклеенымi, а праз фрамужку змог бы пралезцi хiба толькi сам Бобi, калi б гадавалае немаўлятка магло гэта зрабiць... А потым трывожныя чаканнi каля тэлефона... дарэмныя чаканнi, бо нiхто так i не патэлефанаваў iм. I праваахоўныя органы таксама нiчым не змаглi дапамагчы... да гэтага часу лёс iх маленькага сына так i застаўся нявысветленым... Нявысветленым для яго. А вось жонка ад гора i безвыходнасцi раптам паверыла ў тое, што гэтая старая цэлулоiдная лялька, якую выкрадальнiк (цi выкрадальнiкi) пакiнулi чамусьцi на месцы злачынства, i ёсць iх Бобi, iх маленькi хлопчык, якога проста хтосьцi зачараваў, ператварыўшы ў ляльку... Гэта было адзiным праяўленнем яе вар’яцтва, ва ўсiм жа астатнiм жанчына заставалася ранейшай, дакладней, амаль ранейшай. Праўда, гэтае «амаль» дорага яму каштавала... Адарваўшыся нарэшце ад невясёлых сваiх думак, ён раптам уздрыгнуў i нават зрабiў крок назад. Нечакана яму здалося, што лялька спадцiшка назiрае за iм праз паўзаплюшчаныя павекi. Зразумела, гэта была iлюзiя, аптычны падман... хапала i аднаго звар’яцелага ў гэтым доме, хапала i таго, што ён добра вывучыў сваю ролю, што ён заўсёды выконвае яе на выдатна... хапала i тых кашмарных сноў, якiя ён бачыць кожную ноч... I ўсё ж... Хвiлiну таму ён гатоў быў паклясцiся, што лялька спадцiшка назiрала за iм... — Хто ты? — спытаў ён тужлiва i безнадзейна. — Адкуль ты ўзялася тут i дзе зараз мой маленькi Бобi? А можа мая жонка i сапраўды мае рацыю, i ты — гэта ён? Калi ты i сапраўды — Бобi, ведай, што я люблю цябе! I нiколi не пераставаў любiць! I нiколi не пераставаў... спадзявацца... Не дагаварыўшы, ён павярнуўся i пайшоў прэч. Прычым, увесь той час, пакуль iшоў да дзвярэй, яго не пакiдала адчуванне, што лялька, крыху павярнуўшы галаву, глядзiць яму ўслед. Са спагадай, а можа з пагрозай, хто ведае... Гэта было вельмi непрыемнае адчуванне, але ён так i не асмелiўся азiрнуцца, каб упэўнiцца ў тым, што ўсё гэта яму толькi падалося. Убiўшы галаву ў плечы, ён мiжволi паскорыў крок i, толькi выбраўшыся з пакоя i зачынiўшы за сабой дзверы, уздыхнуў нарэшце з палёгкай... г. Чэрвень.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што такое адчай, пэўна, ведае кожны. Але ў кожнага ён свой. Адчай чалавека i звера, дзiцяцi i бацькi. У кожнага з нашых адчаяў свой твар, свая гiсторы |
|