21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Зоркi, усмешкi i свінкі на сцэне i за кулiсамi

25.08.2009 22:16 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тусоўка

З першай дэкады снежня сталiчная тусоўка робiцца падобнай на адзiн бясконцы зборны канцэрт, дзе мяняюцца толькi некаторыя героi i дэкарацыi. У прынцыпе, так яно i ёсць — важней за карпаратыўныя навагоднiя выступленнi для артыстаў могуць быць толькi пераднавагоднiя здымкi. I калi, напрыклад, СТБ правёў iх цiха i «па-хатняму», то АНТ вырашыў зрабiць цi не самы музычны з усiх музычна-забаўляльных праектаў i запрасiў на двухдзённыя здымкi фiнальнай «Песнi года Беларусi» не толькi добрыя чатыры дзесяткi артыстаў, але таксама мноства гледачоў. Так што i зала, i закулiссе Палаца спорту былi перапоўненыя — тым больш, у адзiн дзень з «Песняй года» здымаўся навагоднi спецвыпуск «Камедзi Клаб» з удзелам маскоўскiх гасцей-рэзiдэнтаў...

«У гэтай «Песнi года» няма першых i апошнiх, усе яе ўдзельнiкi — пераможцы, i я вас з гэтым вiншую!» — уручаючы пад прыцэлам фота- i тэлекамер чарговаму артысту дыплом, скорагаворкай тлумачыў вядучы Яўген Лашкоўскi. Артысты не паказвалi, расчараваныя цi ўзрадаваныя яны такiм зыходам, i з аднолькавым задавальненнем давалi мiнi-iнтэрв’ю, завочна вiншавалi прыхiльнiкаў з надыходзячым Новым годам i здымалiся з усюдыiснымi фанатамi. А фатаграфаваць сапраўды было што — здавалася, трапiў не на падвядзенне вынiкаў хiт-парада, а на паказ моднай калекцыi вячэрнiх строяў. Артысткi-дзяўчаты спаборнiчалi ў адкрытасцi i правакацыйнасцi сукенак — у гэтым сэнсе перамагла спявачка Венера (раней мы ведалi яе як Наталлю Кудрыну, але цяпер у чалавека новае сцэнiчнае iмя i новы iмiдж). Толькi яна са сваiмi дзяўчатамi з падтанцоўкi вырашылася спалучыць адначасова i дэкальтэ, i кароткую, вельмi кароткую.... Нават цяжка даць правiльную назву гэтаму сiнтэзу гарсэта i пояса для панчох. Дзяўчаты так актыўна дэманстравалi фатографам свае касцюмы з розных ракурсаў, што ледзьве не вылузвалiся з гэтых касцюмаў. «Я так люблю нашых гледачоў, так люблю, што гатовая паказаць iм усё — вось, шлейкi губляю», — пажартавала знаходлiвая Венера. Зрэшты, «паказаць усё» магла не яна адна. Палiна Смолава падкрэслiла фiгуру i загар рызыкоўна адкрытым белым камбiнезончыкам, Аня Шаркунова зачаравала прысутных паўпразрыстай шэрай сукенкай, дэкальтэ Веры Карэтнiкавай таксама выклiкала ў мужчын лёгкае галавакружэнне. Незвычайна апранутай у параўнаннi са сваiм балетам была хiба што Iна Афанасьева (хто прыдумаў, быццам бландзiнкам не пасуе чырвонае?). Насуперак тэндэнцыi агульнага распранання, Соrriаnа захуталася ў стылiзаваны кiтайскi касцюмчык i пацвердзiла, што сапраўдная жаноцкасць не залежыць ад ступенi аголенасцi цела... Жанэт i Iрына Дарафеева нiчога новага выдумляць не сталi, паказаўшыся гледачам i журналiстам у тых жа касцюмах, у якiх выступалi на леташнiм адборы на «Еўрабачанне». З мужчын парадаваў гурт «Тяни-Толкай» у новых «форменных» скураных камiзэльках, а таксама Уладзiмiр Ухцiнскi ў пiнжаку... у зорачкi — ведайце, маўляў, хто тут сапраўдная зорка!

Пётр Елфiмаў недзе затрымлiваўся, i частка артыстаў пайшла выступаць «без чаргi», каб не ствараць дзiрку ў праграме. Затое Вольга Плотнiкава з мужам i пра- дзюсарам Генадзем Маркевiчам прыбыла роўна ў прызначаны час, адспявалася i, ззяючы ўсмешкай, дэманстравала акруглены жывоцiк. «Гэта яна так паправiлася або ўсё ж чакае дзiця?» — шапталiся ў тусоўцы.

— А што, хiба нехта яшчэ сумняваецца? — шчаслiва перапытала Вольга. — Так, я стану мамай. А яшчэ, калi ўсё будзе ўдала, мы з Генам пад Новы год зробiм самi сабе падарунак — нарэшце атрымаем вадзiцельскiя правы.

Да слова, яшчэ некалькi маладых мамачак, якiя прысутнiчалi на запiсе — тэлевядучая Марына Грыцук i бэк-вакалiстка гурта «Аtlаntiса» Алена — таксама выглядалi самымi шчаслiвымi i выклiкалi зай- здрасць тым, як хутка прыйшлi ў форму.

А вось рэзiдэнты мiнскага «Камедзi Клаб», якiх лёгка было пазнаць у святочным натоўпе па амаль аднолькавых джэмперах, наадварот, вылучалiся засяроджанасцю людзей, якiх чакае складаны экзамен. Яно i зразумела — зусiм яшчэ «зялёныя» беларускiя «камедыянты» ўпершыню выступалi на адной сцэне з мацёрымi масквiчамi, чыiмi iмёнамi прадзюсары палохаюць непаслухмяных артыстаў — «гламурны падонак» Павел «Сняжок» Воля, Гарык «Бульдог» Харламаў, дуэт «сёстры Зайцавы», Цiмур «Каштан» Батрудзiнаў. Калi большасць спевакоў, выканаўшы фiнальную кампазiцыю «Песнi года» (яе спецыяльна напiсаў Алег Елiсеенкаў), раз’ехалася, нервовасць беларускiх рэзiдэнтаў «Камедзi Клаб» стала яшчэ больш заўважнай. Маскоўскiя госцi тым часам адседжвалiся ў грымёрцы. Толькi Вадзiм Галыгiн на правах амаль што гаспадара бесклапотна гуляў па калiдорчыку i вiтаўся з артыстамi.

— Калi вы хочаце ўзяць у маскоўскiх рэзiдэнтаў нейкае iнтэрв’ю цi каментарый, трэба будзе дасылаць тэкст на ўзгадненне з Масквой, — строга папярэдзiлi нас прэс-аташэ.

— Нават калi трэба спытацца адну фразу, скажам, пра ўражаннi? — не паверылi мы. — А чаму так?

— Былi прэцэдэнты, — таямнiча, але цвёрда развеялi нашы шанцы на «адну фразу» адказныя адмiнiстратары клуба.

Зрэшты, мы абышлiся i без эксклюзiўных каментарыяў. Так, Павел Воля проста са сцэны прызнаўся, што раней бываў у Беларусi па прыватных запрашэннях i яму ў нас вельмi спадабалася: «Быў пяць дзён... Нiчога не памятаю! Цёпла, значыць, прымалi».

А беларускiя «камедыянты» падрыхтавалi i гледачам, i масквiчам сюрпрыз: вывелi на сцэну... жывое парася, на баку ў якога было напiсана «Камедзi Клаб».

— Ой, якое хараство! А як яго завуць? — прычапiлiся мы за кулiсамi да вядучага «Камедзi Клаб Мinsk Stуlе» Жэнi Булкi.

— Гэта Анатоль Яўгенавiч, — беручы на рукi парася, якое адчайна вішчала i вырывалася, прадставiў «калегу» Яўген. Праўда, са сцэны парася было названа ўжо Анатолем Iванавiчам, што нямала парадавала прысутнага за кулiсамi кiраўнiка «Сяброў» Анатоля Ярмоленку. Як высветлiлася, жывёлiнку мiнскiя рэзiдэнты спецыяльна набылi на ферме i надалi з дапамогай аўтамабiльнай фарбы колер 2007 года. I толькi на пытанне «А што далей з iм рабiць будзеце?» загадкава пацiскалi плячыма.

Дарэчы, жарты мiнскiх i маскоўскiх рэзiдэнтаў «Камедзi Клаб» перамяжоўвалiся выступленнямi беларускiх артыстаў, якiм пасля даставалася... не на арэхi, а кожнаму па падарунку. Напрыклад, Пётр Елфiмаў атрымаў «касету з запiсам апладысментаў», дуэт «Аtlаntiса» — руска-беларускi слоўнiк (каб не забывалiся на родную мову), Палiна Смолава — талерку «Грэмi» (яе ролю выканаў звычайны сподак), Ларыса Грыбалёва — кавалак ялавiчыны, а дакладней, язык. «Ён свежы? — заклапочана перапытала спявачка за сцэнай. — Ну i добра, будзе з чаго вячэру прыгатаваць». Праўда, адразу дадому спявачка не паехала, а разам з iншымi артыстамi i рэзiдэнтамi цiхенька глядзела выступленнi з танцпляцоўкi. Пад канец прайшоў яшчэ вiдовiшчны паказ калекцыi адзення «Соmеdу Fаshiоn», якую прыдумалi сумесна Вадзiм Галыгiн i мадэльер Iван Айплатаў. Прычым акрамя рэзiдэнтаў з дзвюх сталiц, удзел у паказе ўзялi фiналiсткi конкурсу «Супермадэль Беларусi» — усе 30 дзяўчат. Ну а на заканчэнне быў феерверк, натуральна — усё ж шоу будзе паказана акурат перад Новым годам.

Сумняваецеся, цi варта будзе глядзець? Тады вось вам для затраўкi некалькi жартаў ад «Камедзi Клаб»:

«У 2007 годзе дзе свiння ляжа, там i кухня!»

«31 снежня збудзецца мая мара, я прайду скрозь прастору i час: буду адначасова i ў тэлевiзары, i дзесьцi ў салаце».

«Чым адрознiваюцца нашы дзецi-артысты ад дарослых: дзецi перамагаюць на «Еўрабачаннi», а дарослыя пралятаюць мiма. Я прапаную беларускiм спевакам скарацiць пенсiйны ўзрост да 12 гадоў. Не выйграў да гэтага часу — усё, на пенсiю».

«Адкажыце мне, у якiм годзе памёр Пушкiн? — Што, Пушкiн памёр?! — Я сам у шоку!»

«Давайце адкрыем гiперначнiкi — у адным аддзеле, памерам са стадыён, прадаецца ўсё «палёнае», у другiм — каньяк, i «Брэсцкае» на касах». — «I яшчэ зробiм спецыяльную касу ў гiпермаркетах — для тых, у каго толькi адна пакупка, але трэба паспець да 23.00!»

«Пад лозунгам «Прагуляй алгебру, прыйдзi на кастынг!» прайшоў конкурс «Супермадэль Беларусi». Калi справа дайшла да купальнiкаў, у мяне зламаўся мозг — я яшчэ нiколi не бачыў купальнiкi ўнутр...».

«Дзяўчаты, паапладзiруйце. (Паўза.) Вось... Тыя рэдкiя моманты, калi я адчуваю сябе Дзiмам Бiланам».

«Мы сёння елi, елi, i першае, i другое, i дзесятае... Я нiколi не думаў, што з дзесяцi долараў можа быць здача! Малайцы, беларусы!».

«У Маскве кожная другая брунетка — бландзiнка».

«Тры мiльярды сняжынак пайшлi пад Новы год на закусь».

«Месцам, якое ў Новы год наведваюць часцей за ўсё, дагэтуль застаецца... сугроб».

«У навагоднiм картэжы Пуцiна замест мiгалак на даху сядзяць два маёры з запаленымi бенгальскiмi агнямi».

«60 працэнтаў беларусаў 1 студзеня 2007 года ўзгадаюць, як правiльна пiшуцца аскафен, цытрамон i анальгiн».

Слухала i глядзела Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З першай дэкады снежня сталiчная тусоўка робiцца падобнай на адзiн бясконцы зборны канцэрт, дзе мяняюцца толькi некаторыя героi i дэкарацыi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика