Калi ступня плоская...
Усё жыццё цела чалавека падтрымлiваюць дзве невялiкiя па плошчы «апоры» — яго ступнi. Яны ж забяспечваюць рух i амартызацыю. Добра, калi гэты механiзм «працуе» бездакорна. Аднак адна з самых распаўсюджаных дэфармацый ступняў — плоскаступнёвасць. Пра асаблiвасцi гэтай паталогii мы гутарым з кандыдатам медыцынскiх навук, дацэнтам кафедры траўматалогii i артапедыi Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта Яўгенам МIХНОВIЧАМ.
— Трэба сказаць, што выдзяляюцца тры вiды плоскаступнёвасцi: падоўжаная, папярочная i камбiнаваная. Кожны з iх характарызуецца пэўнымi прыкметамi. Пры падоўжанай плоскаступнёвасцi назiраецца выражанае знiжэнне вышынi падоўжанага зводу, i ступня крыху падаўжаецца. Пры цяжкай ступенi ступня абапiраецца на плоскасць усёй сваёй паверхняй, i назiраецца яе адхiленне наверх. Такая дэфармацыя выклiкае няправiльныя нагрузкi i потым прыводзiць да артрозаў дробных суставаў, можа ўзнiкнуць балявы сiндром i г.д. Пры папярочнай плоскаступнёвасцi адбываецца дэфармацыя пярэдняга аддзела ступнi. Ён пашыраецца, пры гэтым нярэдка ўзнiкае i дэфармацыя пальцаў ступнi. А гэта перашкаджае чалавеку насiць нармальны абутак, магчымы боль i, безумоўна, навiдавоку касметычны дэфект. Самы цяжкi варыянт — камбiнаваны, якi ўключае прыкметы ўсiх дзвюх папярэднiх паталогiй. Плоскаступнёвасць — гэта не толькi праблема ступняў, але i ўсяго арганiзма. Калi ступня плоская, то не працуе механiзм амартызацыi i нагрузкi, якiя ўзнiкаюць пры бегу, хадзьбе, не гасяцца, а з дня ў дзень перадаюцца на вышэйляжачыя аддзелы чалавечага шкiлета. Таму ў людзей з гэтай паталогiяй даволi высокi працэнт артрозаў галёнаступневых, каленных, тазасцёгнавых суставаў, у хворых парушаецца постаць, часцей сустракаецца скалiёз, узнiкае галаўны боль. Гэта немач шырока распаўсюджаная. Паводле статыстыкi, падоўжаную плоскаступнёвасць маюць 17—30 працэнтаў людзей. А папярочная пасля 20—25 гадоў сустракаецца больш чым у 50 працэнтаў жанчын. — Якiя прычыны спрыяюць развiццю плоскаступнёвасцi? — Па-першае, яна можа быць прыроджанай. Прычым сама па сабе паталогiя ў спадчыну не перадаецца, а перадаецца такая яе асаблiвасць, як слабасць звязачна-мышачнага апарата. Па-другое, плоскаступнёвасць можа быць i набытай. На гэта ўплываюць тыя нагрузкi, якiя адчувае ступня на працягу жыцця. У групе рызыкi тыя людзi, якiя пераносяць вялiкiя цяжкасцi цi з-за прафесiйных абавязкаў вымушаны доўгi час, не рухаючыся, стаяць на нагах. Павышаныя нагрузкi садзейнiчаюць развiццю падоўжанай плоскаступнёвасцi ў спартсменаў, напрыклад, канькабежцаў, цяжкаатлетаў. Знешнiм фактарам для развiцця папярочнай плоскаступнёвасцi з дэфармацыяй пальцаў з’яўляецца мадэльны жаночы абутак на высокiм абцасе з вузкiм носам. Пры гэтым 80 працэнтаў нагрузкi iдзе на пярэднi аддзел ступнi. Дарэчы, амаль у 100 працэнтаў балерын, якiя з-за сваёй прафесiйнай дзейнасцi вымушаны доўгi час хадзiць на дыбачках, да 40 гадоў развiваецца папярочная плоскаступнёвасць з дэфармацыяй пальцаў. — Якiя раннiя прыкметы паталогii? — Яны таксама розныя для падоўжанай i папярочнай плоскаступнёвасцi. Бывае так, што яўнай дэфармацыi ступнi яшчэ няма, а пачынае ўжо турбаваць боль у сярэднiм аддзеле ступнi, у мышцах галёнкi. Зусiм верагодна, што пачынаецца развiццё падоўжанай плоскаступнёвасцi. Яшчэ адной прыкметай з’яўляецца няправiльны знос абутку ў вобласцi абцаса. Пры плоскаступнёвасцi ён зношваецца па ўнутранай паверхнi. Што да папярочнай плоскаступнёвасцi, то тут можа развiцца тэндэнцыя вельмi важная для жанчын, асаблiва для тых, хто любiць насiць абутак на высокiм абцасе з вузкiм носам. Як правiла, у iх пачынаецца ўтварэнне мазоляў (натоптышаў) на падэшвеннай паверхнi пярэдняга аддзела ступнi. Калi ў жанчыны абсалютна роўныя пальцы, ступня пакуль яшчэ не шырокая, але ўжо ўтварыўся натоптыш, то гэта прыкмета таго, што ў наяўнасцi папярочная плоскаступнёвасць. — Як папярэдзiць развiццё плоскаступнёвасцi, якiя метады лячэння гэтай паталогii iснуюць сёння? — На сёння падыходы да лячэння падоўжанай i папярочнай плоскаступнёвасцi розныя. Для папярочнай асноўны метад — хiрургiчны. Як паказвае практыка, ён даволi эфектыўны. Хiрургiчным шляхам паспяхова можна выправiць дэфармацыi пальцаў ступнi. Для падоўжанай плоскаступнёвасцi асноўным метадам лячэння i прафiлактыкi з’яўляецца выключна кансерватыўны. Ён складаецца з некалькiх момантаў. Па-першае, па магчымасцi трэба зменшыць нагрузку на ступнi. Напрыклад, калi работа звязана з васьмiгадзiнным стаяннем на нагах, лепш змянiць яе на сядзячую. Па-другое, рэкамендуюцца штодзённыя заняткi лячэбнай фiзкультурай. Ёсць спецыяльны комплекс практыкаванняў, накiраваных на ўмацаванне мышцаў галёнкi. I па-трэцяе, варта насiць артапедычныя сцелькi, якiя бываюць лячэбныя i прафiлактычныя. Прафiлактычныя сцелькi паказаны пры цяжарнасцi, тым людзям, у якiх iдуць гарманальныя працэсы старэння, жанчынам падчас менапаўзы. У плане прафiлактыкi таму, у каго ёсць схiльнасць да развiцця плоскаступнёвасцi, нядрэнна мець дома дыванок з «шыпамi». На iм трэба пастаяць 10—15 хвiлiн у дзень. Сэнс у тым, што, калi чалавек становiцца на гэты дыванок, рэфлекторна раздражняецца падэшвенная паверхня ступнi i, мiма вашай волi, гэтае раздражненне прыводзiць да таго, што мышцы галёнкi прыходзяць у тонус i пачынаюць падтрымлiваць ступнi. А летам, напрыклад, добра пахадзiць з паўгадзiны басанож па няроўнай паверхнi: пяску, траве, гальцы. Аднак у той жа час хвораму з плоскаступнёвасцю не рэкамендуецца доўгi час хадзiць басанож па роўнай паверхнi. Гутарыла Вольга ШАЎКО.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усё жыццё цела чалавека падтрымлiваюць дзве невялiкiя па плошчы «апоры» — яго ступнi. Яны ж забяспечваюць рух i амартызацыю. Добра, калi гэты механiзм
|
|