Каварства раку — у яго скрытасцi
Вольга ШАЎКО
16 снежня ў Мiнску пройдзе акцыя «Мiнчане супраць раку»
У ёй возьмуць удзел калектывы медыцынскiх работнiкаў Мiнскага гарадскога клiнiчнага анкалагiчнага дыспансэра, гарадскiх эндаскапiчнага i дыягнастычнага цэнтраў, цэнтра здароўя. Мэта акцыi — засяродзiць увагу людзей на своечасовай прафiлактыцы анказахворванняў, ранняй дыягностыцы хваробы. Праблемы раку сёння стаяць вельмi востра. Пасля сардэчна-сасудзiстых захворванняў смяротнасць ад злаякасных новаўтварэнняў займае другое месца. I сталiчныя медыкi невыпадкова б’юць трывогу. Як адзначыў галоўны ўрач Мiнскага гарадскога клiнiчнага анкалагiчнага дыспансэра Зiгмунд Гедрэвiч, на працягу многiх гадоў у Мiнску назiраецца рост анкалагiчнай захворваемасцi. Яе штогадовы прырост складае 3,7 працэнта, што ў паўтара раза вышэй, чым у самай забруджанай радыенуклiдамi Гомельскай вобласцi. Вядучае месца займае рак скуры, лёгкага, страўнiка. Пяцiгадовая выжывальнасць пры злаякаснай пухлiне не перавышае 50 працэнтаў, а гэта значыць, што кожны другi пацыент з такiм дыягназам гiне. Небяспека раку — у яго каварстве, заўважае З. Гедрэвiч, хвароба працякае скрыта. Практычна 3/4 пухлiннай масы да праяўлення клiнiчных сiмптомаў расце непрыкметна. Гэта можа цягнуцца 10—15 гадоў. Таму асноўная маса пацыентаў прыходзiць да спецыялiстаў дастаткова позна. Цi можна выявiць злаякаснае новаўтварэнне раней? Можна, але для гэтага трэба ведаць клiнiчныя сiмптомы пухлiны i тыя сiмптомы, якiя ёй спадарожнiчаюць. Бо часцей за ўсё рак узнiкае не на пустым месцы, а на фоне перадпухлiнных захворванняў. Самi пацыенты рэдка звяртаюць увагу на гэта або няправiльна iнтэрпрэтуюць змяненнi, якiя адбываюцца ў арганiзме. Толькi спецыялiсты могуць вызначыць, наколькi высокая рызыка стаць ахвярай хваробы. — Мы хочам у ходзе акцыi, — гаворыць З. Гедрэвiч, — у першую чаргу выявiць перадпухлiнныя захворваннi i своечасова iх санiраваць, а таксама дыягнаставаць злаякасныя пухлiны ў людзей, якiя яшчэ не звярталiся да нас. Для гэтага будуць працаваць спецыялiсты дыягнастычнага цэнтра, цэнтральных раённых палiклiнiк, гарадскога анкадыспансэра. Калi яны пацвердзяць наяўнасць у арганiзме пацыента нейкiх падазроных працэсаў, то чалавеку будзе праведзена больш паглыбленае даследаванне. Чым раней выяўлена захворванне, тым вышэйшая выжывальнасць. Пры першай i другой стадыi раку гэтыя шанцы ўзрастаюць прыкладна ў 2—2,5 раза.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
16 снежня ў Мiнску пройдзе акцыя «Мiнчане супраць раку» |
|