21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Лодка

25.08.2009 22:16 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:




На гербе маiх родных Пастаў на блакiтным фоне рыбацкая сетка i тры залатыя рыбкi. Гэта гiстарычна абгрунтавана. У межах цяперашняга райцэнтра на беразе Задзеўскага возера выяўлена паселiшча, якое датуецца III—II тысячагоддзямi да нашай эры. Чым маглi займацца старажытныя людзi на берагах шматлiкiх азёр i рэк гэтага марэннага краю? Зразумела, i рыбалоўствам у тым лiку. У летапiсную пару паселiшча мела назву Пасаднiк, было своеасаблiвым заходнiм фарпастом Полацкай зямлi. Рыбалоўства не магло тут не развiвацца, набываючы ўсё больш сучасныя формы. Больш за тое, калi мы гаворым пра славуты шлях «з варагаў у грэкi», то маем на ўвазе найперш шлях у нашай краiне цераз Дзвiну i Днепр. Але ж у той час iснавала i шмат iншых шляхоў, менш вядомых, якiя таксама злучалi — праз рэкi i азёры — паасобныя землi нашай Бацькаўшчыны, служылi iншаземным гасцям. Адзiн з такiх забытых шляхоў знаходзiўся ў нашым паўночна-заходнiм краi i праходзiў па рачных сiстэмах Дзвiны, Дзiсны, Мядзелкi, Нарачанкi i Вiлii. Паэт i краязнаўца Iгар Пракаповiч пiша: « У гiстарычных дакументах ён (шлях) ускосна згадваецца пад 1579 годам, калi кароль Рэчы Паспалiтай Стэфан Баторый ладзiў ваенную экспедыцыю супраць маскоўскага цара Iвана Жахлiвага, войскi якога захапiлi тады горад Полацк. Паводле крынiц, па загаду караля ў Паставах гарматы былi пагружаны на плыты i па Мядзелцы i Дзiсне перапраўлены ў Полацк. Можна меркаваць, што ваяводы Кароны i ВКЛ, прымаючы рашэнне аб ваеннай экспедыцыi, толькi скарысталi даўно вядомую i дзейсную водную сiстэму».

Такi крыху велiкаваты гiстарычны экскурс зроблены, каб пачаць размову пра лодкi. У старажытнасцi чалавеку неабходна было апынуцца не ў вадзе, а на вадзе. Каб рыбу лепш здабываць, каб праз глыбокую раку перабрацца, каб на востраве схавацца пасярод возера ад звера цi iншага ворага. А што ёсць пад рукой? Дрэва, так што спачатку адно бярно, а потым i плыт былi яго прасцейшымi лодкамi. А потым дадумаўся чалавек выдзеўбцi вялiкае бярно знутры — атрымлiваецца i лягчэй, а калi яшчэ вясло, то i зручней плаваць. Як толькi не называлiся такiя лодкi на Беларусi: камяга, дуб, дубiца, карыта, даўбянка, калдуб. А найчасцей човен. Вёрткi ён быў, нездарма ж у ткацкай справе снуе таксама чаўнок, але ненадзейны. Зноў жа нездарма некаторыя лодкi так i называлi — душагубкi.

Потым з’явiлiся дашчаныя лодкi, абшыванкi — напачатку iх не збiвалi, а сшывалi спецыяльнымi вiцамi. Самыя большыя судны, якiя плавалi па беларускiх рэках i азёрах — ладдзi, вiцiны, шкунды, байдакi, лайбы, баркi, берлiны, паромы. Ладдзi, якiя якраз i выкарыстоўвалi падарожнiкi з «варагаў у грэкi», умяшчалi i да ста чалавек. А стругi на Заходняй Дзвiне былi пласкадоннымi, без ветразя, але ж да сарака метраў даўжынi, дзесяцi — шырынi, умяшчалi паўтары тоны грузу. Некалi яшчэ падлеткамi, ныраючы ў воды Мядзелкi, раскопваючы яе берагi, мы знаходзiлi кавалкi нейкiх драўляных пабудоў. Як тлумачылi дарослыя, гэта былi рэшткi прыстаняў, якiя стаялi некалi на досыць паўнаводнай рацэ. Сёння Мядзелка зусiм абмялела, толькi турыстычную байдарку i прыме. Але ж некалi была водным шляхам. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя з нашых мясцiн сплаўлялi лес па Дзiсне, а потым па Заходняй Дзвiне аж да Рыгi. Па малых рэчках яго сплаўлялi россыпам, а па вялiкiх — плытамi. У плыту бывала 300—500 калод, 10—20 плытоў складалi гонку цi сотню. I на кожнай гонцы — грамада плытнiкаў на чале з дубавiком або рытманам. На плыце ж i хатка з печкай, дзе гатуюць ежу. Няма цяпер гэтай прафесii i гэткiх майстроў. А вось бёрны, патанулыя ў Дзiсне, сустракаюцца.

I ўсё-такi найбольш пры нашай шматлiкай, але невялiкай воднасцi выкарыстоўвалi беларусы маленькiя лодкi, найчасцей з адным вяслом цi двума вёсламi ва ўключынах. Уладзiмiр Караткевiч любiў ваду i лодку. Ёсць нямала здымкаў, дзе ён за вёсламi. А ўспомнiм яго творы: «Ладдзя роспачы», «Паром на бурнай рацэ»...

Як рыбаку, а ў маладыя гады крыху i браканьеру, мне шмат давялося пабачыць лодак, шмат паплаваць то з шастом, то з вяслом, а то з двума вёсламi. Некалькi разоў закiдваў невад разам з брыгадай прафесiйных рыбакоў, якiя працавалi ў Пастаўскiм раёне ад нарачанскага рыбгаса. Сапраўдны невад — рэч сур’ёзная. Тут патрабуецца нямала рук. Каб не быць проста назiральнiкам, напрошваўся памагатым на ўсю ноч. За ноч гэты вялiкi невад толькi раз i закiдваецца, робiцца адна тоня. Вывозiцца ён на сярэдзiну возера цi туды, дзе ёсць рыбныя ямы, на дзвюх вялiкiх лодках ужо ў глыбокай цемры. Брыгадзiр арыентуецца па толькi яму вядомых арыенцiрах i па колькасцi грабкоў вёсламi. Напрыклад, ён ведае, што каб закiнуць невад у пэўным месцы, трэба ад берага на вядомы арыенцiр зрабiць пяцьсот грабкоў вёсламi. I вось прыплылi на месца, скiнулi ў ваду карму. I лодкi пакрысе пачынаюць разыходзiцца, ахоплiваць сеткаю рыбнае месца. Пакуль дабралiся да берага, пакуль калаўротамi, устаноўленымi на лодках, выцягнулi спачатку трасы, а потым пачалi цягнуць сетку — развiднела. I вось, урэшце, пры сонцы, фiнiш — на прыбрэжны пясок упаўзае карма невада, паўнюсенькая рыбай. Сотнi i сотнi кiлаграмаў. Трэба грузiць на машыну, адпраўляць у краму i на рыбзавод. А рукi ныюць i ад вёслаў, i ад калаўрота.

Рукi ад вёслаў нылi i вярэдзiлiся яшчэ не раз. Перад службай у армii тузiн хлапцоў з Пастаў, сярод iх i я, нечакана трапiлi на паўгода на вучобу ў Вiцебскi марскi клуб. Рыхтавалi там спецыялiстаў для службы на флоце, з нас менавiта дызелiстаў. А якi ж флот без вады? Рэгулярнымi былi заняткi па грэбле на ялах. Гэта такiя шлюпкi, дзе чатыры чалавекi сядзяць на вёслах, а пяты — на рулi. А надвор’е лiстападаўскае, ужо i са сняжком, а па Дзвiне iдзе добрая хваля. Трэнiравалiся да крывавых мазалёў, але разам з пасведчаннямi дызелiстаў атрымалi i коркi спартсменаў-разраднiкаў па гэтай самай грэблi. Праўда, уся наша пастаўская група па невядомых прычынах трапiла не на флот, а ў пяхоту.

Рыхтуючы гэты артыкул, усё ўспамiнаў: а цi напiсаў я калi радкi пра лодку, вёслы i г.д. Успомнiў. I зноў жа пра рыбалку невадам, пра закiд яго ў глыбокай восенi.

Якая тоня ў рэшце дня:

Ледзь прабiваюць лодкi лёд

Да берага. Наскрозь праняў

Спачатку бы гарачы пот.

Якая тоня ў рэшце дня:

Звiнiць нiбы лядак вясло,

Рукаў ватоўкi набрыняў,

I рукi немаччу звяло...

Сёння ў Паставах няма ўжо афiцыйнай рыбалавецкай брыгады, засталася толькi адна, здаецца, i на Нарачы, самым большым нашым возеры-моры. А вось лодкi на Нарачы адметныя. Ужо не пласкадонкi — тут жа i хвалi бываюць — лёгкiя, з пластыку, умясцiць могуць цэлую кампанiю. I веславаць на iх няцяжка, бо вёслы спецыяльныя, доўгiя i лапаты ў iх нiбыта лыжкi. Чарпануў, загроб — пакацiла. Увогуле, Нарач без рыбацкага чаўна, без водных лыжаў, без паруса яхты ўявiць сабе цяжка. Некалi ў рэдакцыю райгазеты прынёс верш ужо немалады чалавек, Яўстафiй Абрамовiч. Прачытаў яго просценькiя нiбыта радкi — i душу заняло. Было ў паэта потым нямала твораў, а гэты ўражвае па-ранейшаму. Ну як iм не парадаваць чытача?

Нiбы агеньчыкi гарачыя

На сiнi жнiвеньскай вады

Цвiтуць на Нарачы гарлачыкi —

Мае юнацкiя гады.

Да гэтых кветак,

што дзiвоснымi

З тых непаўторных дзён заву,

У светлых снах махаю вёсламi

I ўсё нiяк не даплыву.

Раней здавалася

ўсё простым мне.

З табой да iх я веславаў.

I жоўты колер —

колер ростанi —

Мяне зусiм не хваляваў.

Не супакоiць памяць лекамi.

I я, на шчасце цi бяду,

Праз колькi часу зноў, як некалi,

Знаёмым берагам iду.

Хвалюе сэрца песня родная,

Чаўнок ля берага снуе.

Дзяўчына, на цябе падобная,

Хлапцу напiцца падае.

А мне у смелых марах бачыцца:

Iзноў з табой мы у чаўне.

I — нiбы з келiха — з гарлачыка

Ты поiш весела мяне.

Алесь КАСЦЕНЬ.

Вiцебская вобласць.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гербе маiх родных Пастаў на блакiтным фоне рыбацкая сетка i тры залатыя рыбкi. Гэта гiстарычна абгрунтавана. У межах цяперашняга райцэнтра на бераз
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика