Крэдыты будуць таннець...
Знiжэнню працэнтных ставак па спажывецкiх крэдытах будзе садзейнiчаць у тым лiку i высокая канкурэнцыя на гэтым рынку
На пытаннi карэспандэнта «Звязды» адказвае першы намеснiк старшынi Праўлення Нацыянальнага банка Беларусi Юрый АЛЫМАЎ. — Юрый Мiхайлавiч, сёлета ў Беларусi захоўваецца тэндэнцыя да стабiлiзацыi абменнага курсу беларускага рубля на фоне замаруджвання iнфляцыйных працэсаў. Як гэта адбiлася на магчымасцях банкаўскай сiстэмы рэспублiкi? Цi змянiлiся ў гэтай сувязi прыярытэты насельнiцтва ў зберажэннi сваiх сродкаў? — Сапраўды, на працягу 2006 года, як i ў апошнiя гады, курсавая палiтыка паслядоўна забяспечвала знешнюю ўстойлiвасць грашовай адзiнкi нашай краiны. Так, афiцыйны курс беларускага рубля да долара ЗША за 11 месяцаў умацаваўся на 0,6 працэнта ў адносiнах да пачатку года. Пры гэтым дынамiка курса, што склалася ў гэтым годзе, забяспечана аб’ектыўнымi фактарамi. Разам з дзейснай рэалiзацыяй мераў грашова-крэдытнай палiтыкi стабiльнасць курса нацыянальнай валюты абумоўлена ўстойлiвым ростам аб’ёмаў вытворчасцi, прытокам валютнай выручкi беларускiх прадпрыемстваў ад рэалiзацыi тавараў i паслуг на замежных рынках. Эфектыўна працаваў унутраны валютны рынак. Таксама мэтазгодна адзначыць, што стабiльнасць курса беларускага рубля з’яўляецца адной з iстотных прадпасылак замаруджвання iнфляцыi, якое працягвалася i ў 2006 годзе. Апошнiя даныя паказваюць, што за 11 месяцаў гэтага года цэны ў краiне выраслi на 5,7 працэнта. Гэта дазваляе ўпэўнена сцвярджаць, што сумесныя дзеяннi органаў урада i Нацыянальнага банка дазволяць забяспечыць абмежаванне iнфляцыi да ўзроўню ў межах 7 працэнтаў. Станоўчы эфект ад знiжэння iнфляцыi i стабiльнасцi абменнага курса беларускага рубля адчуваецца сёння ўсiмi — i прадпрыемствамi, i грамадзянамi, i банкаўскай сiстэмай. Ва ўмовах, калi цэны растуць невысокiмi тэмпамi i, адпаведна, захоўваюцца атрыманыя даходы, прадпрыемствы атрымлiваюць магчымасць пашыраць маштабы працы, iнвесцiраваць сродкi ў абнаўленне вытворчасцi, павялiчваць аплату працы i пералiчэннi ў дзяржаўны бюджэт для выплаты пенсiй, дапамог, стыпендый. Для грамадзян краiны стабiльнасць цэн стварае магчымасць захоўваць i павялiчваць свае зберажэннi, накоплiваць сродкi на куплю тавараў высокай якасцi. Гэта дазваляе банкаўскай сiстэме нарошчваць рэсурсы i павялiчваць аб’ёмы сродкаў, якiя прыцягваюцца на працяглыя тэрмiны. У вынiку павышаецца здольнасць банкаў падтрымлiваць крэдытамi развiццё эканомiкi i ўдзельнiчаць у вырашэннi задач сацыяльнай палiтыкi. Аб тым, якi крок уперад зроблены банкаўскай сiстэмай у 2006 годзе, можна меркаваць па тэмпах росту яе рэсурснай базы i маштабах крэдытавання. Рэсурсы банкаў за студзень—кастрычнiк 2006 года павялiчылiся на 6,4 трлн рублёў, або амаль на трэць, i на 1 лiстапада гэтага года склалi 26,9 трлн рублёў. Паказчык, якi дазваляе ацанiць значэнне банкаўскай сiстэмы ў эканомiцы — адносiны рэсурсаў банкаў да ВУП краiны. За 10 месяцаў гэтага года яны павялiчылiся з 32,2 да 35,7 працэнта, а гэта азначае, што ўклад банкаўскай сiстэмы ў сацыяльна-эканамiчнае развiццё Беларусi становiцца ўсё больш важкiм. Адпаведна растуць i аб’ёмы крэдытавання. Банкаўская сiстэма поўнасцю задавальняе попыт прадпрыемстваў i насельнiцтва на крэдыты. За студзень—кастрычнiк 2006 года банкi выдалi крэдытаў на суму 26 трлн рублёў, што на 36,7 працэнта, або на 7 трлн рублёў больш, чым у такiм жа перыядзе 2005 года. Атрымалi таксама працяг сёлета i станоўчыя тэндэнцыi ў частцы павышэння надзейнасцi банкаў i паляпшэння якасцi iх працы. Умацаванне пазiцый банкаў у эканомiцы краiны спрыяе росту iх аўтарытэту на мiжнароднай арэне. Павялiчваецца колькасць банкаў Беларусi, якiм прысвоены мiжнародныя крэдытныя рэйтынгi, а, значыць, гэтыя банкi атрымалi магчымасць стаць паўнапраўнымi ўдзельнiкамi сусветных фiнансавых рынкаў. Сёння такiх банкаў у нас пяць, i iх колькасць па меры ўмацавання нацыянальнай банкаўскай сiстэмы будзе расцi. Пазiтыўныя працэсы ў развiццi банкаўскай сiстэмы цесна звязаны са змяненнямi, якiя адбываюцца ў падыходах насельнiцтва да ажыццяўлення зберажэнняў. Вылучу асноўныя моманты. Перш за ўсё, для гэтага года, на аснове названых раней станоўчых зрухаў у эканомiцы, стаў характэрным хуткi рост укладаў насельнiцтва. За студзень—лiстапад 2006 года аб’ём прыцягнутых банкамi сродкаў фiзiчных асоб у пераразлiку на нацыянальную валюту павялiчыўся на 2,1 трлн рублёў, або на 38,4 працэнта, i да 1 снежня дасягнуў больш за 7,6 трлн рублёў. Вельмi важна i тое, што ўкладчыкi аддаюць перавагу захоўваць усё больш сродкаў у беларускiх рублях. Тэмпы росту ўкладаў насельнiцтва ў нацыянальнай валюце ў студзенi—лiстападзе 2006 года амаль удвая перавысiлi тэмпы росту ўкладаў у замежнай валюце. У вынiку, калi да 2004 года асноўную частку сродкаў насельнiцтва ў банкаўскай сiстэме складалi ўклады ў замежнай валюце, то на 1 снежня 2006 года доля беларускiх рублёў у агульным аб’ёме ўкладаў насельнiцтва складае ўжо каля 70 працэнтаў. Акрамя таго, насельнiцтва стала давяраць банкам свае зберажэннi на больш працяглыя тэрмiны. Калi раней асноўная частка тэрмiновых дэпазiтаў размяшчалася ў банках на адзiн-тры месяцы, то зараз заўважна павялiчылася доля доўгатэрмiновых дэпазiтаў. Так, дэпазiты на тэрмiн звыш года склалi ў студзенi—лiстападзе 2006 года больш за 45 працэнтаў ад агульнага аб’ёму тэрмiновых дэпазiтаў. Такiя тэндэнцыi абумоўлены ростам даверу насельнiцтва да банкаў, да грашовай адзiнкi нашай краiны — беларускаму рублю, да грашова-крэдытнай палiтыкi, што праводзiцца ў рэспублiцы, i гэты давер банкаўская сiстэма мае намер умацоўваць i ў далейшым. (Заканчэнне будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знiжэнню працэнтных ставак па спажывецкiх крэдытах будзе садзейнiчаць у тым лiку i высокая канкурэнцыя на гэтым рынку |
|