21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Будзе пра што на нябёсах успомніць!»

25.08.2009 22:16 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Барыс ПРАКОПЧЫК

Аўтобусная паездка не надта камфортная, але душой адпачываеш ад iншага

Штогод у Чэхiю прыязджае каля 40 мiльёнаў турыстаў з усiх канцоў свету, каб пазнаёмiцца з яе багатай гiстарычнай спадчынай, палюбавацца архiтэктурнымі помнiкамі, пазнаць традыцыi чэшскага народа, адпачыць i палячыцца на знакамiтых курортах. Гэта — для кожнага канкрэтнага падарожнiка. А для любой краiны ў цэлым, у тым лiку для Беларусi, якая iмкнецца выкарыстаць свой турыстычны патэнцыял, Чэхiя — гэта, без перабольшання, сапраўдная школа арганiзацыi турыстычнага бiзнэсу. Вось толькi некаторыя ўражаннi карэспандэнта «Звязды».

Пяцiдзённая паездка ў Чэхiю складаецца з дзвюх частак. Першая — аўтобуснае падарожжа да Прагi i дамоў, што займае прыкладна двое сутак. I другая, тры днi — непасрэдна на знаёмства з Чэхiяй. У нашым выпадку — са сталiцай, знакамiтым курортам Карлавы Вары i пабудаваным у ХIII стагоддзi замкам Штэрнберга — адзiным у краiне, дзе i сёння жывуць нашчадкi гэтага знакамiтага роду.

...Пагранпераход у Брузгах, прыкладна двухгадзiнныя памежныя працэдуры i — Польшча. Першы прыпынак на польскай тэрыторыi адбываецца ў Кузнiцы, дзе мяняем долары альбо еўра на злотыя. А ў сярэдзiне дня спыняемся на абед у прыдарожным кафэ з выдатным выбарам розных страў i даём някепскую выручку гэтай установе, якая ў асноўным i разлiчана на турыстаў. Пасля гэтага накiроўваемся ў бок Варшавы. Праўда, польскую сталiцу той, хто не задрамаў, бачыць толькi ў святле начных лiхтароў i iлюмiнацыi. Прыгожа, канешне, аднак варшавяне чакаюць ад гасцей не толькi чыста знешнiх, транзiтных уражанняў. Паводле каментарыя нашага гiда, iм вельмi крыўдна, што Варшава не можа скласцi канкурэнцыю Празе па маштабу турыстычных наведванняў. I не таму, што ў палякаў горшая iнфраструктура для прыёму гасцей, а з-за таго, што падчас Другой сусветнай вайны iх сталiца была разбураная фашыстамi i страцiла вялiзную частку гiстарычных будынкаў.

Пераначаваўшы ў адным з гатэляў Вроцлава, накiроўваемся да польска-чэшскай мяжы. Наш вопытны гiд iнфармуе, што працэс яе пераадолення не такi просты, як можа паказацца нявопытнаму турысту. Добра, калi «прытармозiш» на гадзiну, але, здараецца, i на пяць. Атрымалася — на чатыры. Перад намi былi ўсяго чатыры турыстычныя аўтобусы з краiн СНД, аднак афармленне кожнага з iх займала прыкладна гадзiну. Паклажу не глядзелi, а толькi дакументы, хоць, як мы думалi, пры выдачы вiзы было дастаткова часу, каб усё дасканала праверыць. Iнакш — з «еўрасаюзаўцамi», iм на мяжы «турыстычны» час марнаваць не трэба.

З разуменнем усiх рэалiй, але i з пачуццём чыста чалавечай крыўды лаўлю сябе на думцы, што мяжа сёння, на жаль, з’яўляецца не толькi перашкодай для злачыннасцi. Некамфортна адчуваюць тут сябе i людзi, у якiх няма нiякага iншага iнтарэсу, акрамя турыстычнага. Але каму паскардзiшся? Ды i на што, калi, падабаецца табе альбо не падабаецца, аднак такiя тут нормы? Таму — прэч дарожныя праблемы, настройваемся на знаёмства з Чэхiяй.

З гiдам у чэшскай сталiцы нам пашанцавала. Панi Марыя расказвае не толькi пра гiстарычныя славутасцi, але i пра надзённыя клопаты чэхаў. Праблем, як i ўсюды, хапае. I, бадай, самая вялiкая з iх — жыллё. Харчаванне не надта дарагое, а вось заплацiць за кватэру многiм не па кiшэнi i таму даводзiцца пагаршаць свае жыллёвыя ўмовы. Здараецца гэта i па прычыне вяртання будынкаў нашчадкам iх былых уладальнiкаў. Па закону яны павiнны забяспечыць жыллём людзей, якiя тут пражываюць на момант прыватызацыi, але не агаворана — якiм. А рознiца можа быць вельмi значнай.

У Празе ўзровень беспрацоўя на сёння складае тры працэнты, а ў цэлым у Чэхii — дзесяць. Асаблiва цяжка знайсцi працу на поўначы краiны, дзе зачынiлi амаль усе шахты па здабычы бурага вугалю i тэкстыльную прамысловасць. А чэшскiя аграрнiкi працуюць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыi ў рамках Еўрасаюза i маюць вялiзныя праблемы са збытам сваёй прадукцыi.

Панi Марыя цудоўна гаворыць па-руску i нават ведае шмат беларускiх слоў. Некаторыя з iх i па гучанню, i па сэнсу практычна iдэнтычныя чэшскiм, аднак не заўсёды гэтым падабенствам можна скарыстацца турысту. Справа ў тым, што некаторыя словы ў нашым i чэшскiм разуменнi азначаюць зусiм рознае. Не ведаючы гэтага, можна не толькi сустрэцца са здзiўленымi поглядамi, але i моцна чэхаў пакрыўдзiць. Таму трэба ўжываць толькi тыя словы, у значэннi якiх не сумняваешся.

Зрэшты, у цэнтры Прагi i асаблiва ў Карлавых Варах (дзе не толькi традыцыйна пераважаюць турысты i адпачываючыя з краiн былога СССР, але i моцна ўкаранiўся расiйскi капiтал) на ваша не ў зусiм дакладным вымаўленнi пытанне на чэшскай мове без усялякiх праблем адкажуць па-руску. Калi, канешне, госць — чалавек добразычлiвы да гаспадароў, а не хам накшталт аднаго «новага рускага», якi пачаў «строiць» прадаўшчыцу парфумернай крамы ў Карлавых Варах на прадмет кепскага ведання вялiкага i магутнага.

Увогуле ўвесь час знаходжання ў Чэхii душа турыста, мяркуючы, прынамсi, па настрою членаў нашай групы, адпачывае, а калi нешта i перажывае, дык толькi станоўчыя эмоцыi. I ў гатэлi, i ў магазiнах, кафэ, нарэшце, проста на вулiцах вы не адчуеце абразы нi словам, нi нават скосым позіркам. А калi турыст бачыць павагу да сябе, то гэтым жа, зразумела, стараецца i аддзячыць прымаючы бок — i чыста па-чалавечы, i, па магчымасцi, пакупкамi.

Турыстычная iнфраструктура ў Чэхii фармiравалася дзесяцiгоддзямi, i на сёння яе ўладкаванне прадумана да дробязяў. Гэта датычыцца i рэкламы (самая падрабязная iнфармацыя на розных мовах сустракае турыста лiтаральна на ўсiм ягоным шляху, пачынаючы з гатэля), i спосабаў перамяшчэння (тут i падарожжа на водным судне, i велатуры, i экскурсii па гiстарычным цэнтры Прагi на старадаўнiм аўтамабiлi альбо конным кабрыялеце), i каласальнага выбару сувенiраў. Пры гэтым стаўка робiцца на тое, чаго не ўбачыш больш нiдзе ў свеце. Скажам, Карлавы Вары праславiлiся не толькi лячэбным эфектам сваiх мiнеральных крынiц (дванаццаць гарачых i адна халодная), але i цудоўнымi вырабамi са шкла i фарфору, настоеным на дваццацi вiдах лекавых траў лiкёрам «Бехераўка», вафлямi, сувенiрамi з арганiту i ўнiкальнай кухоннай соллю. А сярод страў нацыянальнай кухнi пачэснае месца належыць кнедлiкам — спецыфiчнай ежы, якую можна сустрэць толькi ў Чэхii. Кнедлiкi са шпiкам, з кавалкамi мяса, кнедлiкi салодкiя... Вельмi папулярнай стравай з’яўляецца i смажаны сыр. Лустачкi цвёрдага сыру абвальваюць у муцэ, змочваюць ва ўзбiтым яйку, затым абвальваюць у панiровачных сухарах i смажаць з абодвух бакоў, пасля чаго падаюць з адваранай бульбай i соусам з маянэзу.

I, канешне, Чэхiю немагчыма ўявiць без пiва, паколькi гэта для чэхаў не проста алкагольны напой, а сапраўдная фiласофiя. Цяпер у краiне налiчваецца больш за сто гатункаў пiва, а яго якасць з даўнiх часоў i па сёння з’яўляецца, без перабольшання, пытаннем нацыянальнага гонару. У кожнага пiвавара тут, канешне, свае сакрэты, але аб адной «тэхналогii» мы ўсё ж даведалiся. Калiсьцi прымяняўся наступны спосаб праверкi якасцi пiва. Мясцовы стараста, пiсар i яшчэ некалькi чыноўнiкаў апраналi скураныя штаны i сядалi на дубовую лаўку, якая была палiта пiвам. Каля гадзiны яны пiлi пiва, вывучаючы яго i на колер, i на смак, i на мацунак, а затым надыходзiў рашаючы момант: па камандзе старасты ўся кампанiя ўставала. Калi разам з iмi падымалася i лаўка, што прыклеiлася да штаноў, то пiва атрымлiвала дабро на продаж. Калi не — пiвавар не толькi не мог яго прадаваць, але i плацiў штраф.

Чэшскiм пiцейным каралём усiх часоў быў прызнаны ўладальнiк гасцiнiцы з Цярэзiна па мянушцы Леў, якi менш чым за суткi выпiў сто лiтраў пiва. Спаборнiцтвы «пiўных гiгантаў» турыстам можна ўбачыць i сёння, прычым не толькi па колькасцi выпiтага напою, але i па катанню на хуткасць пiўных бочак. Альбо конкурсы на лепшага разлiваючага пiва па куфлях. Перамагае той, хто разлiвае хутчэй за ўсiх i пры гэтым вытрымлiвае зададзены аб’ём пiва i неабходную колькасць пены.

...Пры вяртаннi дамоў беларускаму турысту трэба памятаць пра нормы ўвозу таго ж пiва альбо «Бехераўкi». На зваротным шляху начоўка ў гатэлi не прадугледжаная, а ў аўтобусе не надта камфортна. У кожнага члена нашай групы — свае ўражаннi i ацэнкi ўбачанага, але засмучаных твараў не бачна. Як сказала адна пажылая жанчына, якая эканомiць на ўсiм, каб толькi паездзiць па свеце, «будзе пра што на нябёсах успомнiць!».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аўтобусная паездка не надта камфортная, але душой адпачываеш ад iншага
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика