Аляксандр ЦЫБIН: «Дзяржаўны пакет медыцынскай дапамогi застаецца нязменным»
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Развiццё сiстэмы аховы здароўя — адзiн з нацыянальных прыярытэтаў. Апошнiм часам у медыцынскай галiне адбываюцца значныя змяненнi. Як адзначаюць спецыялiсты, усе такiя пераўтварэннi павiнны ў вынiку прывесцi да адчувальнага паляпшэння якасцi, павышэння даступнасцi паслуг. Наколькi ўжо сёння ўдалося наблiзiцца да гэтых арыенцiраў, што прынясе рэфармаванне медыцынскай галiны пацыентам? На пытаннi карэспандэнта «Звязды» адказвае начальнiк упраўлення арганiзацыi медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Аляксандр ЦЫБIН.
«РЭАНIМАМАБIЛЬ — У КОЖНЫМ РАЁНЕ» — Даволi паспяхова рэалiзуюцца новыя арганiзацыйныя падыходы аказання медыцынскай дапамогi ў вёсцы. Раней у гэтым плане ў нас не было такой сур’ёзнай падтрымкi, якая ёсць зараз. Я маю на ўвазе дзяржаўную праграму адраджэння вёскi. Дагэтуль медыкi праводзiлi пэўныя змяненнi як быццам не сiнхронна з iншымi сферамi, не было шчыльнага ўзаемадзеяння, таму i вынiк не задавальняў. Цяпер усе праблемы вырашаюцца комплексна. Шмат зроблена па перааснашчэнню сучасным абсталяваннем урачэбных амбулаторый, якiя па сутнасцi з’яўляюцца асновай сiстэмы аховы здароўя ў вёсцы. Можна з упэўненасцю гаварыць аб тым, што адпаведныя медыцынскiя стандарты ўдаецца ўвасабляць у поўнай меры. Сёлета ў аграгарадках былi перааснашчаны 82 амбулаторыi (планавалася 79), а ўсяго iх пераабсталявана 132. Адначасова трэба мець на ўвазе, што ў Вiцебскай i Магiлёўскай абласцях увасабляўся спецыяльны мiжнародны праект. Падчас яго рэалiзацыi былi перааснашчаны каля 60 урачэбных амбулаторый. Такiм чынам, неабходныя работы ўжо праведзены амаль у палове гэтых медыцынскiх устаноў, таму налета, як плануецца, iх пераабсталяванне будзе поўнасцю завершана. Дарэчы, у наступным годзе будзе выканана i пераабсталяванне аперацыйных i рэанiмацыйных залаў цэнтральных раённых бальнiц. — Якiм абсталяваннем забяспечваюцца ўрачэбныя амбулаторыi? — Амбулаторыi забяспечваюцца сучаснай апаратурай, якая дазваляе своечасова i без асаблiвых затрат на падставе аналiзаў вызначаць дыягназ. Такая тэхнiка адпавядае еўрапейскiм нарматывам, гэта своеасаблiвы стандартны «набор» для ўрачоў агульнай практыкi, якi павiнен быць у спецыялiстаў першаснага ўзроўню медыцынскай дапамогi. Паступова ў вёсцы праводзiцца камп’ютарызацыя. У шэрагу месцаў урачы маюць адпаведную электронную базу сваiх пацыентаў — своеасаблiвы калектыўны «пашпарт здароўя». Ставiцца задача перайсцi на iндывiдуальны «пашпарт». У такiм разе ўдасца лiтаральна ў рэжыме «рэальнага часу» адсочваць сiтуацыю, тэрмiнова вызначаць неабходнае лячэнне i аздараўленне ў залежнасцi ад канкрэтнага дыягназу i своечасова праводзiць прафiлактыку. — Аляксандр Кiрылавiч, наколькi мне вядома, апошнiм часам адбылiся сур’ёзныя змяненнi ў плане абнаўлення санiтарнага аўтатранспарту? — Вы маеце рацыю: такiмi тэмпамi, як сёлета, гэтая тэхнiка не закуплялася ўжо вельмi даўно. На працягу гэтага года мы набылi 158 адзiнак санiтарнага аўтатранспарту, а планавалася — 138. Зараз сродкi дазваляюць праводзiць мадэрнiзацыю парка даволi хуткiмi тэмпамi. Таксама мы iмкнёмся да таго, каб сiстэма была забяспечана спецыяльнымi рэанiмамабiлямi. Зараз яны ёсць ва ўсiх абласцях, прычым там маюцца асобныя машыны як для дарослых, так i для дзяцей. Мы iмкнёмся да таго, каб як мiнiмум адзiн такi рэанiмамабiль быў у кожным раёне. Гэта дорага, але справа вельмi важная. «У ПАЦЫЕНТА ЗАЎСЁДЫ ЁСЦЬ МАГЧЫМАСЦЬ ВЫБАРУ» — А як самi пацыенты ацэньваюць змяненнi? — Наша мэта — прыйсцi да стандартызацыi сiстэмы аховы здароўя, як па тэхналогiях, так i па «знешнiх параметрах». Зараз у вёсцы паўсюль працуем па адной тэхналогii — агульнаўрачэбнай практыцы. I гэта знаходзiць станоўчы водгук сярод пацыентаў. Аб чым, дарэчы, сведчаць даныя спецыяльнага сацыялагiчнага апытання, якое было праведзена сярод вяскоўцаў. 2/3 жыхароў адзначылi, што яны задаволены якасцю медыцынскага абслугоўвання. Адзначу, што ў гарадах такога няма, там зараз цэлы комплекс нявырашаных праблем. У вёсцы — iншая сiтуацыя. Нездарма тут мы ўвасаблялi iдэю канцэнтрацыi медыцынскай дапамогi, каб павялiчыць яе ўзровень. Знайшлi прымяненне i ўчастковым бальнiцам — зараз яны пераўтвараюцца ў бальнiцы сястрынскага догляду, якiх ужо працуе каля 90. Удалося своечасова спрагназаваць сiтуацыю i вызначыць прыярытэты. У Беларусi адбываецца старэнне насельнiцтва — гэта аб’ектыўны факт, з такой сiтуацыяй сутыкалiся i iншыя краiны. У такiм разе актуальным становiцца аказанне менавiта медыка-сацыяльнай дапамогi. Наконт аплаты за такога роду дапамогу iснуе шэраг меркаванняў. Напэўна, гэтае пытанне трэба вырашаць на месцы ў iндывiдуальным парадку, у залежнасцi ад сiтуацыi. Нядаўна па iнiцыятыве ўрада i мiнiстэрства пачала распаўсюджвацца вельмi добрая справа — работа навукоўцаў «з выездам на месца», аказанне практычнай дапамогi медыцынскiм работнiкам, жыхарам вёскi i райцэнтраў. На тэрыторыi Мiнскай вобласцi гэтай справай займаюцца спецыялiсты медыцынскай акадэмii, Вiцебскай i Магiлёўскай — Вiцебскага медунiверсiтэта, Брэсцкай i Гродзенскай — Гродзенскага медунiверсiтэта, Гомельскай — Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны i Гомельскага медунiверсiтэта, а ў сталiцы — Беларускага медунiверсiтэта. Гэта першы такi вопыт i пра вынiкi пакуль цяжка весцi гаворку, аднак водгукi абнадзейваюць. Такiм чынам удасца навуку наблiзiць да практыкi i атрымаць максiмальную аддачу. У пацыента заўсёды павiнен быць выбар: калi ўзнiкае патрэба, то без перашкод можна пракансультавацца ў спецыялiстаў, у тым лiку i ў адпаведных рэспублiканскiх цэнтрах. Мы не кажам пра тое, што ўсiм неабходна ехаць у сталiцу, аднак такой магчымасцю можна скарыстацца. I рэспублiканскiя цэнтры, вядучыя медыцынскiя ўстановы, такую ўстаноўку заўсёды выконваюць. Тым больш, што магчымасцi ў iх даволi высокiя. Адно з апошнiх пацвярджэнняў — аперацыя, якая была зроблена ў дзiцячым кардыяхiрургiчным цэнтры. Нашымi ўрачамi паспяхова прааперыравана двухмесячнае дзiця з сур’ёзным прыроджаным парокам сэрца. Для параўнання: у Расii такiя аперацыi робяць пачынаючы з шасцi месяцаў. «МЫ ПЕРАКУЛIЛI «ПIРАМIДУ» — Аляксандр Кiрылавiч, цi ўдалося на вёсцы стварыць медыцынскiя акругi? — Па сутнасцi, удалося рэалiзаваць нават больш аптымальны варыянт, чым мы планавалi спачатку. Атрымаўся ўрачэбны ўчастак — амбулаторыя i яе фiлiялы ў выглядзе ФАПаў. Фельчарска-акушэрскiя пункты працавалi i будуць працаваць. Тая структура, якая iснуе зараз, аптымальная, яна стабiлiзавалася. Зараз закрываць ФАПы даводзiцца толькi ў надзвычайных выпадках — калi яны, напрыклад, не вытрымлiваюць элементарных санiтарных нормаў альбо не адпавядаюць пажарнай бяспецы. Падчас аптымiзацыi структуры аховы здароўя трэба быць вельмi асцярожнымi i дакладна пралiчваць кожны крок. Нядаўна мне давялося размаўляць з экспертам са Швейцарыi, ён расказаў, як у iх спачатку вырашылi маленькiя ўчастковыя бальнiцы закрыць. А пасля, калi ўзважылi ўсе «за» i «супраць», то зразумелi, што гэтага не варта рабiць i адмовiлiся ад такой iдэi. — Увогуле, першасны ўзровень — прыярытэт падчас пераўтварэнняў у сiстэме? — Канешне, тут i сумненняў нiякiх не павiнна ўзнiкаць. Развiццю першаснага ўзроўню медыцынскай дапамогi мы будзем удзяляць вялiкую ўвагу. Калi тут нешта ўпусцiць, то на больш высокiх узроўнях нельга будзе атрымаць эфектыўнай аддачы. Разумееце, у чым праблема? Вось чаму мы ўвесь час гаворым аб дзейснасцi прафiлактыкi. Фактычна, зараз мы перакулiлi «пiрамiду», якую фармiравала савецкая мадэль медыцыны. Калi мiнiстрам аховы здароўя СССР быў Чазаў, то сiстэму пачалi будаваць на дыягнастычных цэнтрах. Гэта таксама мадэль, але не для ўсiх, не масавая медыцына. Сiстэма будзе значна больш эфектыўнай, калi абапiраецца менавiта на першасны ўзровень, на прафiлактыку. Павiнна быць i адпаведнае размеркаванне сродкаў: палова — на лячэнне, а палова — на прафiлактыку. Праўда, пакуль усё па-iншаму — 2/3 сродкаў iдзе на лячэнне. «ПРЫЧЫНА ЧЭРГАЎ — ДРЭННАЯ АРГАНIЗАЦЫЯ» — Наколькi сур’ёзныя праблемы з арганiзацыяй медыцынскай дапамогi ў гарадах, на абласным узроўнi? — Нас вельмi непакоiць якасць аказання медыцынскай дапамогi на абласным узроўнi. Гэты ўзровень вышэйшы для лячэння многiх захворванняў, шкада, што ён не заўсёды спрацоўвае. Якасць работы адпаведных устаноў апошнiм часам была без асаблiвага прагрэсу i для належнага развiцця патрэбен быў штуршок. I ён адбыўся — было праведзена маштабнае тэхнiчнае перааснашчэнне абласных бальнiц, бальнiц «хуткай дапамогi» i цяпер мы можам больш жорстка патрабаваць паляпшэння сiтуацыi. — Якiя, на ваш погляд, прычыны вялiкiх чэргаў у палiклiнiках? — Асноўная прычына — праблемы з арганiзацыяй аказання медыцынскай дапамогi. Трэба, каб рэгiстратар выступаў у ролi дыспетчара, а кабiнеты адмiнiстрацыi знаходзiлiся побач з рэгiстратурай, а не на верхнiх паверхах, як зараз. Тады любую сiтуацыю можна будзе аператыўна вырашыць, без лiшняй мiтуснi i нязручнасцяў для пацыента. Больш эфектыўна павiнны працаваць даўрачэбныя кабiнеты, каб чалавек меў магчымасць узяць патрэбную даведку, не заходзячы ў агульную чаргу. I ўвогуле, настаў час электронных медыцынскiх картак пацыентаў, ёсць жа магчымасць адысцi ад «папяровага» варыянту. Канешне, гэта выдаткi, але выдаткi апраўданыя. Трэба максiмальна скарацiць шлях пацыентаў па кабiнетах урачоў. — Аляксандр Кiрылавiч, выдаткi на медыцыну павялiчваюцца? — Так, доля расходаў на ахову здароўя павялiчваецца. Налета такiя расходы значна ўзрастуць — амаль да паўмiльёна рублёў у разлiку на кожнага жыхара. Аднак гэтыя сродкi трэба эфектыўна выкарыстоўваць, мець рэальную аддачу ад iнвестыцый. Таму неабходна фармiраваць дзяржаўную сiстэму з вялiкiм акцэнтам на грамадскае меркаванне. Зараз трэба ў тым лiку i больш адкрыта абмяркоўваць пытаннi смяротнасцi, мы не павiнны быць проста назiральнiкамi сiтуацыi. Смяротнасць змяншаецца (сёлета на 3 працэнты), аднак застаецца даволi высокай. Неабходна мяняць сiтуацыю. Дзяржаўны пакет медыцынскай дапамогi застаецца нязменным. Сiстэма сацыяльных стандартаў поўнасцю сябе апраўдала, гэтыя гарантыi захоўваюцца i надалей. Аднак i кожнаму з нас варта ўсур’ёз задумацца аб сваiм здароўi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Развiццё сiстэмы аховы здароўя — адзiн з нацыянальных прыярытэтаў. Апошнiм часам у медыцынскай галiне адбываюцца значныя змяненнi |
|