Хвалi зiму па Мiколе
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Памяць свяцiцеля Мiкалая Праваслаўная царква шануе два разы на год — 22 мая (Мiкола вясновы, святкаванне ў памяць пра перанясенне мошчаў свяцiцеля) i 19 снежня — Мiкола зiмовы. У народным календары абодва гэтыя святы як бы адкрываюць кожны свой сезон: «Мiкола — сапраўдная зiма, Мiкола — сапраўднае лета».
Нашы дзяды шчыра шанавалi Мiколу Цудатворцу, лiчылi яго моцным заступнiкам падарожнiкаў, воiнаў, апекуном земляробаў i жывёлагадоўлi. Напэўна, не было сялянскай хаты, дзе на покуцi не знаходзiўся б абраз святога Мiкалая. «Мо нiхто так не ратуе на вадзе, у дарозе цi на вайне, як святы Мiкола,»— казалi на Случчыне. Народная памяць пра свяцiцеля перадалася сучаснаму пакаленню, прытым яна настолькi трансфармавалася, што многiя з нас лiчаць яго рускiм святым, ды яшчэ — селянiнам. У той час як свяцiцель Мiкалай, архiепiскап Мiр Лiкiйскiх, нiколi пры жыццi сваiм на тэрыторыi сучаснай Расii не быў. Ён жыў у другой палове III стагоддзя ў Малой Азii i праславiўся сваiмi цудамi i жыццёвымi подзвiгамi не толькi ў хрысцiянскiм свеце. Туркi-мусульмане маюць глыбокую павагу да свяцiцеля: у Нiкейскай вежы яны дагэтуль клапатлiва ахоўваюць той турэмны пакой, у якi быў заключаны вялiкi епiскап. Iснуе паданне, што падчас аднаго з пасяджэнняў Першага Сусветнага сабора 325 года ў Нiкеi свяцiцель Мiкалай не сцярпеў багахульства аднаго ерэтыка i ўдарыў яго па шчацэ. Айцы Сабора палiчылi такi ўчынак празмернасцю рэўнасцi, пазбавiлi свяцiцеля Мiкалая архiрэйскага сана i заключылi ў турэмную вежу. Але ў хуткасцi ўпэўнiлiся ў яго праўдзе, вызвалiлi, вярнулi сан i праславiлi як Угоднiка Божага. Атрымаўшы ад Госпада дар цудадзейства, святы Мiкалай многiя вялiкiя цуды тварыў на зямлi i на моры, дапамог у бедствах: i ад патаплення ратаваў, i з глыбiняў марскiх на сушу выносiў, i ад палону i цямнiц пазбаўляў, i ад сячэння мячом абараняў, ад смерцi ратуючы. Многiм дарыў вылячэннi: невiдушчым — зрок, кульгавым — хаду, глухiм — слых, нямым — маўленне. Многiх у жабрацтве пакутнiкаў узбагацiў, галодным даў насычэнне, усякаму ва ўсялякай патрэбе быў памочнiкам. Звярталiся да яго не толькi вернiкi, але i язычнiкi, i свяцiцель адклiкаўся сваёй нязменнай цудоўнай дапамогай усiм, хто яе шукаў. Пражыў Угоднiк Божы да глыбокай старасцi i пасля нядоўгай хваробы мiрна адышоў 6 снежня па старому стылю (19-га — па новаму) 342 года. Ён быў пахаваны ў саборнай царкве горада Мiры. Пазней мошчы святога былi перанесеныя ў iтальянскi горад Бары. Яго цела застаецца дагэтуль нятленным i выдзяляе духмянае мiра, якое валодае дарам цудатварэння. Праваслаўная царква шануе памяць свяцiцеля Мiкалая не толькi 19 снежня i 22 мая, але i штотыднёва, кожны чацвер, асаблiвымi песнапеннямi. Сёння вернiкi звяртаюцца да святога са шчырымi малiтвамi i просяць яго дапамогi ва ўсякай журбе i скрусе: «Прасвяты Мiкалай, перасцеражы i збаў нас ад злой бяды, уратуй тваiмi малiтвамi!»
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памяць свяцiцеля Мiкалая Праваслаўная царква шануе два разы на год — 22 мая (Мiкола вясновы, святкаванне ў памяць пра перанясенне мошчаў свяцiцеля) i
|
|