«Пачуццё Радзiмы павiнна асвятляць кожны радок...»
Лiтаратурная анкета «Звязды»
1. Якой вам бачыцца будучыня беларускай лiтаратуры? 2. Хто, на ваш погляд, вызначае сёння аблiчча беларускай лiтаратуры: у прозе, у паэзii, у драматургii, у лiтаратурнай крытыцы? 3. Хто ён, герой нашага часу — з пункту гледжання пiсьменнiка? «Будуць i ў нас свае лаўрэаты Нобелеўскай прэмii ў галiне лiтаратуры» Вiктар Шнiп, паэт, намеснiк галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая лiтаратура»: 1. Як бы каму нi хацелася, але ўжо таго савецкага росквiту лiтаратуры нiколi не будзе, бо прайшоў век, прайшла эпоха, калi кожны новы аўтар i новы твор успрымаўся так, як успрымаюцца першыя крокi дзiцяцi, якое любяць бацькi, бабулi i дзядулi. Дзiця даўно вырасла i ўжо тое, што яно ходзiць, гаворыць, нiкога не здзiўляе. А тое, што яно часам лаецца, курыць i можа напiцца, нiкога не радуе, а нават абурае. Наша лiтаратура вырасла, i ўсе сённяшнiя яе постмадэрнiсцкiя выбрыкi — хвароба сталення. Галоўнае — у нашай лiтаратуры здаровыя сэрца i душа, а значыць, ёсць у лiтаратуры будучыня, i яна аптымiстычная настолькi, наколькi мы самi аптымiсты. 2. Сённяшняе аблiчча беларускай лiтаратуры ў паэзii, прозе i лiтаратурнай крытыцы ў асноўным стварае маё пакаленне. Праўда, на жаль, лiтаратуразнаўцы, якiя працуюць у Iнстытуце лiтаратуры, на нас асаблiвай увагi не звяртаюць, а па-ранейшаму даследуюць даўно ўсiм вядомую класiку i тых пiсьменнiкаў, якiя апошнiя 15—20 гадоў жывуць творамi, якiя яны напiсалi, калi iм было па 40—50 гадоў. Таму, вiдаць, i даводзiцца ў некаторых дапаможнiках па сучаснай лiтаратуры для школ i ВНУ чытаць, што сёння ў беларускай лiтаратуры вельмi плённа працуюць i Мiхась Стральцоў, i Барыс Сачанка, i Сяргей Грахоўскi, i яшчэ каля дзесятка лiтаратараў, якiх, на жаль, па 5, 10, а то i больш гадоў няма сярод нас. Памерлыя плённа ствараюць новыя творы, маё пакаленне яшчэ толькi пачынае, а лiтаратары, якiм даўно за 50, — маладыя. Словам, лiтаратуразнаўства недаравальна адстае ад лiтаратурнага жыцця. А пiсаць жа ў нас ёсць пра каго i пра што... 3. Героi нашага часу жывуць сярод нас, як i мы, лiтаратары, жывём сярод нашых герояў. У сваёй большасцi мы яшчэ разгубленыя ад нечаканага вызвалення з рамак сацрэалiзму, i ўсё ж наша лiтаратура — еўрапейская лiтаратура, якую праз гадоў 10—20 адкрые для сябе зноўку ўвесь свет, бо ёсць што адкрываць. I будуць у нас свае лаўрэаты Нобелеўскай прэмii ў галiне лiтаратуры. Падрыхтавала Таццяна ПАДАЛЯК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лiтаратурная анкета «Звязды» |
|