Чаму я выпiсваю «Звязду»?
Наталля БАДЗЯК
«Дзякуй, што не адмаўляецеся ад роднай мовы, ад сваiх каранёў»
Вашу газету пачала выпiсваць, калi была студэнткай, напрыканцы 80-х гадоў, i толькi таму, што яна была афiцыйным выданнем, друкавалiся тэксты законаў. Быў час, калi хацелася нешта змянiць у сваiм жыццi, таксама i памяняць газету. Але ж, прагледзеўшы iншыя выданнi, усiм сямейным саветам вырашылi: не, няхай застаецца «Звязда». Цяпер мы жывём асобна ад бацькоў, але яны, Нiна Валяр’янаўна i Яўген Сцяпанавiч Вяселiкi, таксама не адмовiлiся ад роднай газеты. Абодва яны iнвалiды другой групы, з цяжкасцю рухаюцца, але газету сустракаюць з радасцю. Спадзяёмся, што наша газета таксама не зменiцца, будзе радаваць нас роднай мовай, любiмымi рубрыкамi. Ведаем, што ад рэкламы не збавiцца, але трэба размяркоўваць iнфармацыю такiм чынам, каб у адным нумары яна была разнастайнай. Паведамлю пра адзiн выпадак. Працую я ва ўнiверсiтэце, на правазнаўчай кафедры. На жаль, на беларускай мове ў нас нiчога не выкладаецца i амаль нiхто нiчога навуковага не пiша. Але аднойчы падчас дзяржэкзаменаў выкладчыкi сабралiся на кафедры i на вочы нам трапiла «Звязда», якую прынеслi студэнты, каб нечым заняць дзяржкамiсiю. Каб вы ведалi, якое пачуццё гонару ахапiла мяне, калi яны, гартаючы газету ўзад-уперад, толькi i змаглi вымавiць: «Это же надо! Вся полностью на белорусском языке! Наверное, единственный номер». Я адказала, што ўжо больш за 15 гадоў выпiсваю яе, i яна ўся на беларускай мове». У адказ пачула: «Гэта ж трэба! Абавязкова трэба пачытаць». «Такую газету можна было б i выпiсаць» — было адказам на маю рэкламу рубрык «Звязды». Так што, думаю, падпiсчыкаў у вас пабольшыцца. I яшчэ. Вы шмат матэрыялу друкуеце пра вяскоўцаў, пра iх клопаты, але ж i мы, гараджане, любiм i чытаем нашага сябра. Таму не забывайцеся i пра нас. I, калi ласка, не змяншайце колькасць гiстарычнага матэрыялу. г. Гродна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Дзякуй, што не адмаўляецеся ад роднай мовы, ад сваiх каранёў»
|
|