Крэдыты будуць таннець...
Iгар ШЧУЧЭНКА
Знiжэнню працэнтных ставак па спажывецкiх крэдытах будзе садзейнiчаць у тым лiку i высокая канкурэнцыя на гэтым рынку
(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 19 і 20 снежня.) На пытаннi карэспандэнта «Звязды» адказвае першы намеснiк старшынi Праўлення Нацыянальнага банка Беларусi Юрый АЛЫМАЎ. — Як мяркуецца, у наступным годзе стаўка рэфiнансавання складзе 7—9 працэнтаў. Значыць, беларускiя банкi будуць змяншаць i даходнасць па ўкладах насельнiцтва... — Сапраўды, зыходзячы з прагнозных агульнаэканамiчных параметраў i тэмпаў iнфляцыi, да канца 2007 года плануецца давесцi ўзровень стаўкi рэфiнансавання да 7—9 працэнтаў гадавых. Асноўныя напрамкi грашова-крэдытнай палiтыкi на 2007 год утрымлiваюць таксама i прагноз узроўню працэнтных ставак па тэрмiновых дэпазiтах, якiя ў сярэднiм павiнны скласцi да канца года не менш за 7—9 працэнтаў гадавых. Знiжэнне працэнтных ставак па меры замаруджвання iнфляцыi — гэта нармальны працэс, i ўспрымаць яго трэба як станоўчую з’яву. Нiзкiя працэнтныя стаўкi — прымета здаровай эканомiкi з нiзкiм узроўнем iнфляцыi. Высокi ўзровень працэнтных ставак замаруджвае эканамiчны рост, замiнаючы доступ да крэдытаў, якiя патрэбны прадпрыемствам для забеспячэння бягучай дзейнасцi i пашырэння вытворчасцi, а грамадзянам — для паляпшэння жыллёвых умоў, набыцця спажывецкiх тавараў, аплаты навучання ў ВНУ. Таму задача знiжэння працэнтных ставак па меры замаруджвання iнфляцыйных працэсаў адпавядае стратэгiчнаму курсу на павышэнне ўзроўню i якасцi жыцця людзей i нязменна з’яўляецца складовай Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палiтыкi Беларусi. У той жа час натуральная i зацiкаўленасць укладчыкаў у тым, каб банкаўскiя ўклады прыносiлi iм найбольшы магчымы даход, i зацiкаўленасць банкаў ва ўстойлiвым прытоку зберажэнняў насельнiцтва. Таму, рэалiзуючы сваю працэнтную палiтыку, у працэсе знiжэння працэнтных ставак Нацыянальны банк заўсёды iмкнецца падтрымлiваць працэнтныя стаўкi на ўзроўнi, якi стымулюе рост зберажэнняў, з аднаго боку, i забяспечвае даступнасць крэдытаў — з другога. Сёння гэта нам удаецца, што пацвярджаецца ўстойлiвым ростам як укладаў насельнiцтва, так i аб’ёмаў банкаўскага крэдытавання. Вопыт рэалiзацыi працэнтнай палiтыкi, накоплены Нацыянальным банкам, дазваляе сцвярджаць, што знiжэнне працэнтнай стаўкi ў 2007 годзе будзе ўзважаным. Пры гэтым нязменна павiнна забяспечвацца рэальнае станоўчае значэнне стаўкi — стаўкi будуць вышэй узроўню iнфляцыi. Акрамя таго, рублёвыя iнструменты зберажэння i ў наступным годзе застануцца больш выгаднымi ў параўнаннi са зберажэннямi ў замежных валютах. — Банкi сёння актыўна працуюць па крэдытаванню беларусаў. У агульным аб’ёме крэдытаў насельнiцтву, якiя крэдыты больш за ўсё бяруць людзi? Цi будуць скарачацца ў наступным годзе стаўкi па крэдытах для фiзiчных асоб? — Трэба адзначыць, што ў параўнаннi з iншымi напрамкамi крэдытнай дзейнасцi банкаў крэдытаванне фiзiчных асоб пашыраецца больш высокiмi тэмпамi. Так, са студзеня 2001 года па лiстапад 2006 года агульны аб’ём крэдытаў эканомiцы, прадастаўленых банкамi, вырас у 12,7 раза, а крэдытаванне фiзiчных асоб — у 36,8 раза. Следствам гэтага стала няўхiльнае павышэнне долi крэдытаў насельнiцтву ў крэдытным партфелi банкаў. На 1 лiстапада 2006 года ўдзельная вага крэдытаў насельнiцтву ў крэдытах беларускiх банкаў вырасла да 28 працэнтаў. Толькi за студзень—кастрычнiк 2006 года агульная запазычанасць па крэдытах фiзiчным асобам павялiчылася на 1,8 трлн рублёў, або больш чым у паўтара раза, i дасягнула на 1 лiстапада 2006 года 5 трлн рублёў. Асноўнымi напрамкамi крэдытавання насельнiцтва сёння з’яўляюцца крэдытаванне жыллёвага будаўнiцтва i набыццё жылля на льготных умовах, жыллёвае крэдытаванне на агульных падставах, а таксама спажывецкае крэдытаванне — выдача крэдытаў на набыццё спажывецкiх тавараў. Пры гэтым, калi раней крэдыты насельнiцтву выдавалiся ў асноўным на мэты жыллёвага будаўнiцтва, то ў апошнiя гады сiтуацыю iстотна змянiла паскоранае развiццё спажывецкага крэдытавання. Каб даць уяўленне аб тэмпах гэтага працэсу, скажу, што запазычанасць насельнiцтва па спажывецкiх крэдытах на 1 лiстапада 2006 года павялiчылася ў 179,5 раза ў адносiнах да 1 студзеня 2001 года. На 1 лiстапада 2006 года запазычанасць па спажывецкiх крэдытах дасягнула 42,9 працэнта ад усёй запазычанасцi па крэдытах насельнiцтву, у той час як на пачатак 2001 года яна складала толькi 9 працэнтаў. Вялiкiм попытам карыстаюцца крэдыты на набыццё аўтамабiляў, пральных машын, халадзiльнiкаў, бытавой электратэхнiкi i камп’ютараў, многiх iншых тавараў працяглага карыстання. Банкi прапаноўваюць крэдыты на атрыманне адукацыi, аплату медыцынскай дапамогi, адпачынак i турызм, на iншыя мэты. Развiццё спажывецкага крэдытавання мае пад сабой трывалую аснову. У першую чаргу, гэта звязанае з устойлiвым эканамiчным ростам павышэнне грашовых даходаў грамадзян, iх упэўненасць у будучым стабiльным матэрыяльным становiшчы. Акрамя таго, насельнiцтва па-iншаму пачало ставiцца да крэдытавання. Сёння людзi разумеюць, што банкаўскi крэдыт становiцца даступнай кожнаму магчымасцю набываць дарагiя тавары працяглага карыстання, не чакаючы, пакуль накопiцца неабходная сума. Банкаўская сiстэма актыўна задавальняе ўсё большы i большы попыт на такiя крэдыты i працягвае развiваць гэты напрамак працы. Разам з тым не знiжаюцца i тэмпы развiцця iншых напрамкаў крэдытавання грамадзян. Так, за студзень—кастрычнiк 2006 года банкi выдалi насельнiцтву на фiнансаванне жыллёвага будаўнiцтва i набыццё жылля крэдытаў на суму 1 трлн рублёў. З iх iльготныя крэдыты склалi 673,6 млрд рублёў. Гэта ў паўтара раза больш у параўнаннi з такiм жа перыядам мiнулага года. Далейшаму павышэнню даступнасцi крэдытаў для насельнiцтва будзе спрыяць знiжэнне працэнтных ставак, якое адпавядае агульнай накiраванасцi працэнтнай палiтыкi. Сярэднi ўзровень працэнтных ставак па зноў выдаваемых крэдытах у беларускiх рублях, у адпаведнасцi з Асноўнымi напрамкамi грашова-крэдытнай палiтыкi, да канца 2007 года знiзiцца да 10—12 працэнтаў. Пры гэтым дадам, што знiжэнню працэнтных ставак па спажывецкiх крэдытах i росту якасцi паслуг будзе спрыяць таксама высокая канкурэнцыя на гэтым рынку. Зараз з крэдытамi насельнiцтву працуюць 20 банкаў — дзве трэцi ўсёй банкаўскай сiстэмы краiны, i найбольшага поспеху даб’юцца тыя банкi, якiя змогуць прапанаваць клiенту больш якаснае абслугоўванне i больш нiзкi ўзровень працэнтных ставак. — Амаль штогод беларусам прапаноўваюць усё новыя i новыя iнструменты для зберажэння сваiх накапленняў: напрыклад, у свой час быў арганiзаваны продаж насельнiцтву мерных злiткаў, брыльянтаў. Якiя апошнiя новаўвядзеннi? Як будзе развiвацца рынак банкаўскiх паслуг насельнiцтву? — Рынак каштоўных металаў, не так даўно зрабiўшы першыя крокi, упэўнена нарошчвае абароты. Сёння ўжо шэсць банкаў маюць лiцэнзii на аперацыi з каштоўнымi металамi, а значыць, гэты iнструмент зберажэнняў становiцца ўсё больш даступным насельнiцтву. Гэта адлюстроўваюць i аб’ёмы аперацый. За першыя 10 месяцаў 2006 года Нацыянальны банк рэалiзаваў насельнiцтву i юрыдычным асобам больш за 29 тысяч залатых мерных злiткаў агульнай масай 906,2 кiлаграма. Гэта ў 4,1 раза перавышае аб’ём продажу золата ў злiтках за такi ж перыяд мiнулага года. Расце i попыт на злiткi серабра i плацiны. Перспектывы гэтага рынку звязаны з пашырэннем выкарыстання каштоўных металаў як выгаднага iнструмента зберажэнняў. Сёлета грамадзяне i юрыдычныя асобы атрымалi магчымасць адкрыцця абязлiчаных металiчных рахункаў. Банкаўскiя рахункi становяцца не толькi зручнай формай захоўвання каштоўных металаў, але i прадастаўляюць магчымасць дадаткова атрымлiваць працэнтны даход. Нацыянальны банк мае намер i далей удасканальваць гэты напрамак работы банкаўскай сiстэмы ў iнтарэсах насельнiцтва. Асноўнае месца ў банкаўскiх паслугах насельнiцтву па-ранейшаму займаюць традыцыйныя аперацыi — уклады, крэдыты, купля i продаж валюты, разлiкi i плацяжы, з якiмi ў той цi iншай ступенi сутыкаецца кожны жыхар нашай краiны. I банкаўская сiстэма працягвае iх удасканальванне. Так, пашырылася кола банкаў, якiя выпускаюць аблiгацыi для фiзiчных асоб, ААТ «Белаграпрамбанк» прапанаваў насельнiцтву новую лiнейку дэпазiтаў. Многiя банкi развiваюць тэхналогii экспрэс-крэдытавання, якiя дазваляюць аформiць крэдыты на куплю тавараў у сцiслыя тэрмiны, у тым лiку непасрэдна ў магазiнах. ААБ «Беларусбанк», буйнейшы банк краiны, прапанаваў грамадзянам новы спосаб паляпшэння жыллёвых умоў — сiстэму будаўнiчых зберажэнняў, удзельнiкамi якой на 1 снежня 2006 года сталi ўжо больш за 3,8 тысячы чалавек. Далейшае развiццё банкаўскiх паслуг насельнiцтву мы звязваем, у першую чаргу, з прымяненнем новых тэхналогiй. Сёння у Беларусi створаны ўмовы для развiцця сучасных плацежных iнструментаў, такiх, як банкаўскiя пластыкавыя карткi, электронныя грошы, а таксама для тэхналогiй, якiя дазваляюць ажыццяўляць банкаўскiя аперацыi па мабiльных тэлефонах i праз Iнтэрнэт. Прывычныя пластыкавыя карткi з магнiтнай паласой пачнуць паступова замяняцца больш дасканалымi i абароненымi чыпавымi карткамi. Мяркую, чытачы заўважаюць, што аплачваць камунальныя паслугi паступова становiцца хутчэй, прасцей i зручней. Удасканальванне гэтай банкаўскай аперацыi стала магчымым, дзякуючы пашырэнню адзiнай разлiковай i iнфармацыйнай прасторы. Яна забяспечвае доступ банкаў, арганiзацый паштовай i электрычнай сувязi да iнфармацыi прадпрыемстваў, якiя прадастаўляюць паслугi насельнiцтву. Гэта дазволiць у перспектыве яшчэ больш спрасцiць i паскорыць працэдуру плацяжу i зрабiць яе больш зручнай для клiента. Яшчэ адзiн вельмi важны напрамак работы банкаўскай сiстэмы з насельнiцтвам — забеспячэнне даступнасцi банкаўскiх паслуг для кожнага жыхара рэспублiкi. Неабходна, каб самы шырокi спектр аперацый i высокая якасць абслугоўвання станавiлiся ўсё больш даступнымi не толькi жыхарам сталiцы i абласных цэнтраў, але i тым, хто пражывае ў малых i сярэднiх гарадах, у вёсцы. — Якiя на будучае прагнозы банкаўскiх спецыялiстаў па курсу беларускага рубля? — Найбольш верагодным дыяпазонам, у якiм будзе знаходзiцца афiцыйны курс беларускага рубля на 1 студзеня 2007 года, Нацыянальны банк лiчыць межы ад 2130 да 2150 рублёў за 1 долар ЗША. Што датычыцца курсавой палiтыкi на наступны год, неабходна сказаць, што ў сваёй працы Нацыянальны банк кiруецца яе задачамi, пастаўленымi ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палiтыкi на 2007 год. Пры ўстанаўленнi калiдора магчымых змяненняў афiцыйнага абменнага курса намечана зыходзiць, перш за ўсё, з неабходнасцi дасягнення мэты па знiжэнню iнфляцыi i iншых эканамiчных задач. Пры гэтым улiчвалiся ацэнкi хiстання сусветных валют. У гэтых умовах афiцыйны курс беларускага рубля да долара ЗША прагназуецца ў калiдоры значэння плюс-мiнус 2,5 працэнта ад узроўню на пачатак 2007 года. З улiкам магчымых хiстанняў курса расiйскага рубля да долара ЗША афiцыйны курс беларускага рубля да расiйскага складзецца ў больш шырокiм дыяпазоне — плюс-мiнус 4 працэнты. Забеспячэнне стабiльнасцi беларускага рубля акажа станоўчае ўздзеянне на эканамiчныя працэсы ў Беларусi, у тым лiку i на рост дабрабыту грамадзян краiны.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знiжэнню працэнтных ставак па спажывецкiх крэдытах будзе садзейнiчаць у тым лiку i высокая канкурэнцыя на гэтым рынку
|
|