Гэта супярэчлiвая новая Расiя
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
«Газавае» пытанне Днямi з Масквы вярнулася група беларускiх журналiстаў, якiя па запрашэнню Расiйскага iнфармацыйнага агенцтва «РИА Новости» знаёмiлiся з дзейнасцю мiжнародных арганiзацый, у якiя ўваходзяць Беларусь i Расiя, мела шэраг сустрэч з вядомымi палiтычнымi дзеячамi, дэпутатамi Дзярждумы, дыпламатамi, экспертамi.Гаворка ў асноўным iшла аб праблемах i перспектывах двухбаковай iнтэграцыi ў розных сферах. Яе ў Маскве, здалося, даволi вядомыя палiтыкi i аналiтыкi ўспрымаюць неяк аднабакова: за размовамi аб’яднаннi двух брацкiх народаў — як цiхае вяртанне на добраахвотнай аснове ў Расiю. Напрыклад, аб гэтым нам напрамую казаў першы намеснiк Дзярждумы РФ, лiдар ЛДПР Уладзiмiр Жырыноўскi. Ён абяцаў беларусам пасля гэтага кроку радаснае i заможнае жыццё. (Справаздачу аб сустрэчы з Ул. Жырыноўскiм чытайце ў адным з наступных нумароў). На жаль, не адбылася — невядома па якой прычыне — заяўленая ў праграме нашага знаходжання сустрэча ў Крамлi з прадстаўнiком Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Расiйскай Федэрацыi. Я i мае калегi збiралiся спытаць у яго аб розным, але найперш — аб адносна нядаўнiх i нечакана (ва ўсякiм разе для большасцi насельнiцтва нашай краiны) узнiкшых спрэчках двух гаспадарчых суб’ектаў — «Газпрама» i «Белтрансгаза» — аб тарыфах на пастаўку ў нашу краiну газу ў 2007 годзе. Бо калi Расiя была слабая, увогуле стаяла на парозе распаду, эканамiчна абяскроўленая дэфолтам i моцна раскрадзеная ў ходзе дзiкунскай прыватызацыi (дзяржбюджэт велiзарнай Расii складаў усяго 20 млрд долараў ЗША, як i горада Нью-Йорка), то ў той час чамусьцi «Газпрамам» не ўздымалася пытанне аб пастаўках газу для Беларусi па сусветных цэнах. Яна, паводле слоў усiх вядучых расiйскiх палiтыкаў i вышэйшых адмiнiстратараў — як урадавых, так i гаспадарчых (у тым лiку i «Газпрама») была «братняй», «самым надзейным саюзнiкам на постсавецкай прасторы» i г.д. i да т.п. Тады нават намёк на павышэнне цэн на газ палiчылi б, мякка кажучы, палiтычнай недальнабачнасцю. Ды i напрыканцы мiнулага года, калi ўзнiкла «газавая вайна» з Украiнай, кошт «блакiтнага палiва» для нас не ўзнiмаўся. Масква гэта растлумачыла проста, даходлiва i адназначна: Беларусь i Расiя звязаныя асаблiвымi адносiнамi, якiя вынiкаюць з дамоўленасцяў саюзнага будаўнiцтва. Сёння, калi золатавалютныя запасы Расii, як нiколi, велiзарныя, а ў так званым стабiлiзацыйным фондзе на ўсякi выпадак утрымлiваюцца многiя дзесяткi мiльярдаў амерыканскiх долараў, не вiсяць цяжкiмi гiрамi мiжнародныя даўгi па бяздарна выкарыстаных i нярэдка раскрадзеных шматмiльярдных крэдытах, чамусьцi галоўнага саюзнiка i братнi народ вырашылi паставiць на адну, так бы мовiць, газавую дошку з нядобразычлiвымi i варожымi да Расii рэжымамi некаторых суседнiх краiн, якiя толькi i робяць, што, як могуць, шкодзяць па-дробнаму Расii. Па-вялiкаму — не хапае нi сiл, нi смеласцi. Замест Крамля нас запрасiлi на прэс-канферэнцыю ў «РИА Новости» да намеснiка старшынi праўлення «Газпрама» Аляксандра Мядзведзева. Тэма — пастаўкi газу ў Грузiю. Натуральна, беларускiя журналiсты запыталi яго аб цэнах на газ для нашай краiны. А. Мядзведзеў, генеральны дырэктар «Газпрамэкспарту», ад канкрэтнага адказу ўхiлiўся, маўляў, зараз iдуць iнтэнсiўныя перамовы, разглядаюцца розныя варыянты i ён не хацеў бы заўчасна называць нейкiя лiчбы. Але як бы мiж iншым нагадаў, што Саветам «Газпрама» было прынята рашэнне аб пастаўках усiм без выключэння спажыўцам газу па сусветных цэнах. I дадаў, што гэтага ж патрабуюць i многiя замежныя партнёры. Пра тое самае гаварыў нам два днi таму i адзiн з кiраўнiкоў прэс-службы Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Расii Дзмiтрый Пяскоў на прэс-канферэнцыi ў «РИА Новости». Ён таксама паскардзiўся на мiжнародны цiск з боку замежных спажыўцоў: чаму яны плацяць адны грошы, а Беларусь — iншыя. Вiдаць, моцна сядзiць у нас савецкая звычка пры адсутнасцi iншых важкiх аргументаў усё валiць на каварны, хiтры i бясконца варожы славянскаму люду Захад. Тым часам, як вядома, «iнтэнсiўныя» перамовы пакуль не прынеслi плёну. Расiя настойвае на сваiм, Беларусь — на сваiм. I не дай Бог, каб памiж саюзнымi дзяржавамi разгарэлася «газавая» вайна. Бо, нягледзячы на яе станоўчы вынiк для «Газпрама», геапалiтычныя страты Расii значна перабольшаць выгаду ад высокiх цэн на газ для беларусаў. Гэта, дарэчы, разумеюць многiя расiйскiя палiтыкi. На жаль, да iх не прыслухоўваюцца ў Крамлi i ў «Газпраме».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi з Масквы вярнулася група беларускiх журналiстаў, якiя па запрашэнню Расiйскага iнфармацыйнага агенцтва «РИА Новости» знаёмiлiся з дзейнасцю мiжн |
|