Галоўнае ў год Свiннi — не ўпасцi ў гразь
Алена АЎЧЫННIКАВА
Днямi Нацыянальны алiмпiйскi камiтэт ушаноўваў лепшых спартсменаў мiнулага года. Узнагароды i падарункi ад НАКа знайшлi герояў мiжнародных спартыўных стартаў 2006-га. А мы пацiкавiлiся, чым жылi летась лепшыя атлеты краiны, якiя падзеi сталi для iх самымi адметнымi.
Дзмiтрый ДАШЧЫНСКI, сярэбраны прызёр Алiмпiяды-2006 (фрыстайл), лепшы спартсмен года: — Падзей было шмат. Але на першым месцы Алiмпiяда — адназначна. Хоць спачатку станоўчых эмоцый было няшмат. Зараз ужо i не хочацца ўзгадваць пра суб’ектыўнае судзейства. У асабiстым жыццi таксама была адна падзея... (Нагадаем, што ў мiнулым годзе Дзмiтрый Дашчынскi афiцыйна аформiў адносiны са сваёй абраннiцай Вольгай. — Аўт.) Прыемна, што прызналi лепшым спартсменам года. У сваiм вiдзе спорту я шмат дасягнуў, а калi цябе вылучаюць з усiх спартсменаў краiны — гэта новыя, своеасаблiвыя адчуваннi, мне было вельмi прыемна. Каго б сам назваў лепшым спартсменам года? Усе, хто ўвайшоў у дзесятку, — чэмпiёны свету, рэкардсмены, кожны дастойны. Проста мне пашанцавала — у мяне быў алiмпiйскi сезон. Чаго чакаю ад 2007 года? У новым годзе мяне, як i ўсю каманду, чакае чэмпiянат свету. Хочацца выступiць добра, хоць, наколькi я ведаю, у посталiмпiйскi сезон многiя спартсмены моцна не напружваюцца, ёсць нават такiя, хто ўсё лета не трэнiраваўся — не мог сябе прымусiць. Наша каманда, я думаю, падрыхтуецца i выступiць добра. Андрэй РЫБАКОЎ (цяжкая атлетыка), пераможца чэмпiянату свету-2006, уладальнiк двух сусветных рэкордаў: — У лiпенi ў мяне адбылася самая яркая падзея мiнулага года — вяселле. Мая жонка скончыла будаўнiчы каледж, два гады мы сустракалiся, пасля чэмпiянату Еўропы вырашылi ажанiцца... Чаго чакаю ў новым годзе? Паглядзiм, якiя сюрпрызы прынясе год Свiннi. Галоўнае, не ўпасцi тварам у гразь. Iван ЦIХАН (кiданне молата), пераможца чэмпiянату Еўропы-2006, пераможца Кубка свету-2006: — Самая яркая падзея года? Навагоднi алiмпiйскi баль, якi трансліраваў Першы нацыянальны канал 31 снежня... — ...дзе вы выйгралi ў намiнацыi «Самы элегантны спартсмен года»... — Важнае iншае — тое, што баль прысвечаны алiмпiйцам, спартсменам. Прыемна, што тваю працу заўважаюць. А так жыццё спартсмена заўсёды поўнае нечаканасцяў i эмоцый. На спаборнiцтвах ты рэалiзуешся, на трэнiроўках — пераадольваеш сябе, гэта таксама моцныя адчуваннi. Чаму не ўзгадваю пра чэмпiянат Еўропы? Гэта звычайная работа... Сяргей МАРТЫНАЎ (стральба кулявая), пераможца чэмпiянату свету-2006, паўтарыў сусветны рэкорд: — Я ў адрозненне ад сваiх калег — не ажанiўся, дзецi таксама больш не нарадзiлiся, таму застаецца ўзгадваць толькi спартыўныя вынiкi, чэмпiянат свету, дзе я ўпершыню стаў першым. Ад новага года нiчога своеасаблiвага не чакаю, сезон неалiмпiйскi — што будзе, тое i будзе. — Наталля ХАРАНЕКА (штурханне ядра), пераможца чэмпiянату свету ў залах-2006, пераможца чэмпiянату Еўропы-2006: — Увесь 2006 год уражанняў, як добрых, так i не вельмi, хапала. Пачаўся ён для мяне дрэнна — у сям’i здарылася трагедыя, я страцiла бацьку. А ў спартыўным плане гэта мой самы ўдалы сезон. I чэмпiянат свету, i чэмпiянат Еўропы для мяне важныя, не магу выдзелiць, якiя ўзнагароды мне даражэй. У новым годзе спадзяюся толькi на ўсё самае лепшае. Алеся i Рыта ТУРАВЫ (лёгкая атлетыка), пераможцы чэмпiянату Еўропы, пераможцы Кубка свету. А.Т. — Самым важным у адыходзячым годзе для мяне была перамога на «Еўропе». Ну i прыемна, што народ за нас галасуе, што мы ўвайшлi ў «дзесятку» лепшых спартсменаў года. — Цi прыемна тое, што Мiжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкi прызнала вас i вашу сястру лепшымi ў сваiх вiдах спартсменкамi? А.Т. — Напэўна ж, так... Р.Т. — Ёй гэта важна, мне — не важна. Ну хiба толькi ў псiхалагiчным плане. А для Алесi важна з матэрыяльнага боку. Цяпер, калi яе будуць запрашаць арганiзатары камерцыйных спаборнiцтваў, яна можа таргавацца. Ва ўсякiм выпадку, за тры капейкi Турава цяпер не паедзе выступаць. А ў нас у хадзьбе такiя спаборнiцтвы праводзяцца, канешне, але рэйтынг у iх нiзкi. Даводзiцца не тое што за тры капейкi, — бясплатна выступаць. — Сястры зайздросцiце ў гэтым плане? Р.Т. — Не зайздрошчу, мы робiм адну справу... А.Т. — ...i казна ў нас агульная. Р.Т. — З падзей мiнулага года вылучу перамогу на Кубку свету. Гэта было для мяне нечаканасцю. Былi моцныя сапернiцы — i кiтаянкi, i расiянкi (тая ж Iванова). З iмi было на самай справе цяжка змагацца. А на чэмпiянат Еўропы я ехала псiхалагiчна расслабленая, яшчэ i сон прыснiўся, што выйграю. А ў наступным годзе сабе i сястры пажадаю найперш, каб было здароўе — будзем трэнiравацца. Хацелася б прафесiйнага росту, не стаяць на месцы. Калi вынiкi, нават высокiя, спыняюцца, няма прагрэсу, гэта дрэнна... А.Т. — Будзем шукаць спосабы павялiчваць вынiкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi Нацыянальны алiмпiйскi камiтэт ушаноўваў лепшых спартсменаў мiнулага года. Узнагароды i падарункi ад НАКа знайшлi герояў мiжнародных спартыўных
|
|