Праверка на бяспеку
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
«Забруджаных» проб стала значна менш, аднак пiльнасцi губляць не варта
Лiчыцца, што больш за ўсiх ад наступстваў аварыi на Чарнобыльскай АЭС пацярпелi Гомельшчына, Магiлёўшчына i часткова Брэстчына. Аднак i ў адносна «чыстых» рэгiёнах ёсць тэрыторыi, якiя забруджаны радыенуклiдамi. У Мiнскай вобласцi «плямы» маюць шэраг раёнаў, бадай, адна з самых вялiкiх па тэрыторыi — на Валожыншчыне. Нягледзячы на тое, што пасля чарнобыльскай катастрофы прайшло ўжо больш чым дваццаць гадоў, праблема рэабiлiтацыi пацярпелых тэрыторый застаецца надзвычай актуальнай. У Валожынскiм раёне «пад радыяцыяй» апынулiся больш за 13 тысяч гектараў сельскагаспадарчых палеткаў. Ступень забруджвання розная: «доза» ад 1 да 5 кюры на квадратны кiламетр адзначаецца на 11,8 тыс. га, ад 5 да 10 — на 1,2 тыс. га, ад 10 да 15 — на 35 га. — Забруджаныя ў рознай ступенi ўчасткi ёсць на тэрыторыi 12 гаспадарак раёна (усяго iх 21), — адзначае начальнiк Валожынскага фiлiяла прадпрыемства «Мiнаблхiмiзацыя» Ганна Яфiмчык. — Гэтыя палеткi не выводзiлiся з севазвароту, на iх у асноўным вырошчваюць кармавыя культуры. Бульбу, агароднiну тут не сеюць, зрэдку — збожжавыя. Зразумела, што на забруджаных участках прымяняецца спецыяльная тэхналогiя вырошчвання сельскагаспадарчых культур. На гэтых плошчах уносяцца павышаныя дозы мiнеральных угнаенняў. Справа ў тым, што раслiны ў тым выпадку, калi адчуваецца недахоп угнаенняў, актыўна назапашваюць радыенуклiды. Гэтага трэба пазбегнуць. — А не адбываецца ў такiм разе «перадазiроўка» мiнеральнымi ўгнаеннямi прадукцыi i цi не ўзнiкае праблема, напрыклад, па нiтратах? — Праблем па нiтратах не ўзнiкае, паколькi ўносяцца павышаныя дозы толькi фосфарных i калiйных угнаенняў. Якасць прадукцыi з цягам часу пастаянна павышаецца, гэта пытанне даволi жорстка кантралюецца. Сёлета ў Валожынскiм раёне на забруджаныя сельскагаспадарчыя палеткi было ўнесена 1,2 тысячы тон калiйных i 476,2 тоны фосфарных угнаенняў. Выдаткi адпаведна склалi 252,7 i 646,8 мiльёна рублёў. Акрамя гэтага праводзiцца i вапнаванне палеткаў. Як адзначаюць спецыялiсты, пры нейтралiзацыi павышанай кiслотнасцi глебы i давядзення яе да аптымальнага ўзроўню ў 1,5—2 разы змяншаецца паступленне стронцыю-90 i цэзiю-137 у раслiны. Сёлета на вапнаванне на Валожыншчыне было выдаткавана 256,8 мiльёна рублёў. Пастаўкi ўгнаенняў, як паведамiла Ганна Яфiмчык, адбываюцца своечасова, таму на «праблемных» участках у поўнай ступенi ўдаецца вытрымлiваць неабходную тэхналогiю вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Перыядычна (раз у чатыры гады) робiцца аграхiмiчнае i радыебiялагiчнае абследаванне забруджаных палеткаў. Пасля складаецца спецыяльная «карта», на падставе якой i праводзяцца ахоўныя мерапрыемствы. — За кошт унясення павышаных доз мiнеральных угнаенняў утрыманне радыенуклiдаў у глебе з цягам часу нават змяншаецца, — заўважае заатэхнiк-радыёлаг Валожынскай мiжгаспадарчай аграхiмiчнай лабараторыi Аксана Кураш. — У грамадскiм сектары апошнiм часам не было нестандартных проб прадукцыi, з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню. Спецыялiсты Валожынскага раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii правяраюць усе прадукты харчавання. Сюды можа звярнуцца любы жыхар i патрэбны аналiз прадукцыi яму зробяць абсалютна бясплатна. Адразу пасля аварыi на Чарнобыльскай АЭС, як узгадваюць супрацоўнiкi цэнтра, быў сапраўдны ажыятаж з праверкамi — звярталася вельмi шмат людзей, нават вялiкiя чэргi ўтваралiся. Зараз такой актыўнасцi няма, аднак жыхары рэгулярна прыносяць прадукцыю на кантроль. Здараецца, што адзначаецца павышаны радыяцыйны фон. У асноўным гэта датычыцца «дароў лесу». Напрыклад, сёлета былi дзве пробы з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню ўтрымання радыяцыi. Абодва выпадкi — па грыбах. Аднак раней нестандартных проб было намнога больш — напрыклад, у 2000 годзе 14. — Асноўнай прычынай такой сiтуацыi з’яўляецца тое, што, на мой погляд, людзi сталi больш адукаванымi ў гэтых пытаннях, — лiчыць фельчар-лабарант па радыяцыйнай гiгiене Валожынскага раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii Ганна Калiтнiк. — Лепш яшчэ раз да нас на праверку прадукцыю прынесцi, чым рызыкаваць сваiм здароўем. У залежнасцi ад актыўнасцi (калi яна, напрыклад, невысокая) з грыбоў можна «вывесцi» радыяцыю. Трэба пакласцi iх у ваду, дабавiць солi i варыць 10—15 хвiлiн. Пасля ваду злiць i зрабiць такую аперацыю 3—4 разы. Такiм чынам грыбы стануць практычна чыстыя. Але не ўсе — тыя, што актыўна назапашваюць радыяцыю (махавiкi, маслякi, «курачкi» i iнш.), ужо не выварыш. Пункты праверкi прадукцыi на Валожыншчыне ёсць паўсюль, так што пракантраляваць бяспеку чалавек можа без праблем. Было б жаданне. Далёка не ўсе жыхары разумеюць важнасць праблемы. Асобныя кажуць: «Сабраў грыбы i буду iх есцi, нiчога са мной не здарыцца». Яны рызыкуюць сваiм здароўем, бо радыенуклiды назапашваюцца ў арганiзме. Як заўважае Ганна Калiтнiк, чалавек павiнен правiльна харчавацца i выконваць неабходныя меры перасцярогi. Па-першае, усю садавiну i агароднiну трэба добра прамываць i ачышчаць, каб не было вонкавага забруджвання. Пажадана правяраць усе «дары лесу». Калi ж вы набываеце iх на рынку, то абавязкова неабходна патрабаваць у гандляра даведку аб радыеметрычным кантролi. Iнакш могуць узнiкнуць праблемы. Паводле слоў Ганны Калiтнiк, неаднойчы людзi прыносiлi на праверку ягады, якiя набылi на рынку i забылiся спытаць пра даведку. Здаралася, што «дары лесу» аказвалiся забруджанымi. — Трэба быць надзвычай асцярожнымi, — лiчыць Ганна Калiтнiк. — Кантроль за чысцiнёй прадукцыi, канешне, наладжаны даволi жорсткi, аднак кожны з нас нiколi не павiнен губляць пiльнасцi. Валожынскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Забруджаных» проб стала значна менш, аднак пiльнасцi губляць не варта
|
|