Не забудзь пра абяцаннi, дэпутат
Алена КАЗЛОВА
У Магiлёўскай вобласцi на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў прагаласавала 83,3 працэнта насельнiцтва. Пра такую актыўнасць выбаршчыкаў паведамiлi ў Магiлёўскай абласной выбарчай камiсii.
Выбары адбылiся ва ўсiх без выключэння акругах. I, паводле слоў намеснiка старшынi аблвыбаркама Уладзiмiра Беланогава, ужо ў панядзелак ранiцай стала ясна, што поўнасцю сфармiраваны Магiлёўскi абласны Савет дэпутатаў i гарсаветы ў Магiлёве i Бабруйску. Што датычыцца персаналiяў, то афiцыйная iнфармацыя аб абраных дэпутатах з’явiцца сёння. 14 студзеня галасаванне iшло спакойна, без здарэнняў. На ўчастку для галасавання № 41 ў будынку лiцэя Беларуска-Расiйскага ўнiверсiтэта ў Магiлёве датэрмiнова прагаласавала толькi 10 працэнтаў выбаршчыкаў. Старшыня ўчастковай камiсii Ларыса Шульгоўская патлумачыла гэта тым, што на тэрыторыi жыве шмат пенсiянераў, а старыя звычайна любяць урачыстасць — таму iдуць галасаваць менавiта ў дзень выбараў, з абавязковым наведваннем традыцыйных буфета i канцэрта. Яшчэ не было 11 гадзiн, як ля кабiнак з’явiлiся невялiкiя чэргi. Састарэлыя людзi часта просяць прыехаць з урнамi для галасавання дадому: такiх заявак паступiла каля 60. Аднак адна бабуля з гэтага спiсу ўсё ж сама прыйшла на ўчастак. Яна патлумачыла камiсii, што надвор’е палепшылася, адчувае яна сябе нядрэнна, а таму, маўляў, можна i на выбары схадзiць. На суседнiм участку № 42, якi месцiцца ў будынку Магiлёўскага дзяржаўнага музычнага вучылiшча, чакалi наплыву людзей у абедзенны час i рыхтавалiся да канцэрта. Перад выбаршчыкамi тут выступаюць навучэнцы вучылiшча, у тым лiку i стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзiдэнта па падтрымцы таленавiтай моладзi. На тэрыторыi ўчастка ёсць студэнцкiя iнтэрнаты, таму невыпадкова, што датэрмiнова тут прагаласавала каля паловы выбаршчыкаў. Маладыя людзi здавалi сесiю, i звычайна пасля экзаменаў i залiкаў заходзiлi прагаласаваць. У камiсii iх сустракалi жартамi пра студэнтаў i сесiю, а таксама дарылi тэматычныя каляндарыкi, якiя зрабiлi для маладых выбаршчыкаў у Беларуска-Расiйскiм унiверсiтэце. — Я — законапаслухмяная грамадзянка i актыўны выбаршчык, — тлумачыць магiляўчанка Алена Нiкiценка. — I мне падаецца, такi iнстытут, як мясцовыя Саветы дэпутатаў, вельмi патрэбны, каб людзям было да каго звярнуцца са сваiмi надзённымi праблемамi. Я калiсьцi сама была дэпутатам гарсавета, але, думаю, так падаецца, што цяпер у дэпутатаў больш магчымасцяў для працы. Выбарчы ўчастак № 8 размешчаны ў новым сучасным спартыўным комплексе «Алiмпiец». Выбаршчыкi яго — жыхары спальнага раёна, якi называецца «30 гадоў Перамозе». Старшыня камiсii Людмiла Чыкунская добразычлiва тлумачыць жанчыне паважанага ўзросту, якой не спадабалася нешта ў бiяграфii аднаго з кандыдатаў, што гэта яе права — аддаваць за яго голас альбо не. — Я неабыякавы да лёсу краiны, — падкрэслiвае сваё сур’ёзнае стаўленне да выбараў пенсiянер Мiкалай Яцкоў. — Мы ўжо, лiчы, аджылi сваё, але трэба думаць i пра тое, што пакiнем сваiм дзецям i ўнукам. Канешне, карысць ад дэпутатаў мясцовых Саветаў ёсць, але хочацца, каб народныя абраннiкi не забывалi пра тое, што абяцалi нам перад выбарамi. — А я на выбары заўсёды хаджу як на свята, гэта звычка засталася яшчэ з савецкiх часоў, — усмiхаецца Галiна Рыжыкава. — I кожным разам спадзяюся, што жыць будзе лепей. Гэта залежыць не толькi ад дэпутатаў, якiх мы выбiраем, але i ад усiх нас, грамадзян Беларусi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магiлёўскай вобласцi на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў прагаласавала 83,3 працэнта насельнiцтва. Пра такую актыўнасць выбаршчыкаў паведамiлi ў
|
|